Лунінецкі раённы краязнаўчы музей

Лунінецкі сшытак № 6

З даследванняў лунінецкіх краязнаўцаў

Па “гарачых слядах”

Людзі творчыя не заўсёды падпарадкоўваюцца нейкаму «графіку» ці «рэгламенту», што пацвярджае і чарговы выпуск «Лунінецкага сшытка». Паколькі ў апошні час лунінецкія краязнаўцы прадаставілі складальнікам зборніка досыць шмат цікавых матэрыялаў, стваральнікі выдання вырашылі адыйсці ад звыклага прынцыпу: «Адзін год — адзін сшытак».

Сапраўды, папярэдні, пяты выпуск «Лунінецкага сшытка» быў выдадзены ў студзені 2006 года. Цяперашні выходзіць у маі, а паміж імі быў яшчэ і спецыяльны выпуск, прысвечаны семінару «Грамадскае выхаванне праз краязнаўства» — яго правялі на базе Лунінецкага ліцэя 20 студзеня 2006 года сумесна з педагогамі навукоўцы Белдзяржпедуніверсітэта імя М. Танка, РГА «Таварыства беларускай школы» і Лунінецкага раённага музея. Аб мерапрыемстве распавялі абедзве лунінецкія газеты, а таксама «Краязнаўчая газета» №13 за красавік 2006 года.

У красавіку ў БДПУ імя М. Танка прайшла навукова-практычная канферэнцыя, на якой лунінецкімі аўтарамі (выкладчыкам ліцэя Нінай Трэгубавай і гісторыкам Вадзімам Жылко) удзельнікам была прапанавана праграма курса «Лунінеччыназнаўства». Застаецца спадзявацца, што пасля публікацыі і зацвярджэння гэтага курса ён будзе выкладацца ў навучальных установах Лунінеччыны.

А пакуль прапануем аматарам гісторыі і прыроды лунінецкага краю чарговыя творчыя здабыткі мясцовых краязнаўцаў.

Вадзім Жылко, укладальнік зборніка

Чумакі ў нашых мясцінах

Сцяпан Нефідовіч, краязнавец, в. Любань
Людміла Хмялеўская, г. Лунінец

На працягу апошняга стагоддзя адбыўся значны прагрэс ва ўсіх галінах чалавечай дзейнасці: у навуцы і тэхніцы, у сельскай гаспадарцы і культурнай сферы. Але разам з тым зніклі або дажываюць свой век шматлікія рамёствы, адышлі ў нябыт спрадвечныя промыслы і заняткі. Такі лёс напаткаў і чумацтва.

Упершыню чумацкі промысел з’явіўся на Украіне у XV стагоддзі. Чумакі — гэта сацыяльная група насельніцтва, напачатку пераважна збяднелыя сяляне, якія наймаліся вазіць соль з Крыма, Дона ці з Закарпацця. Паступова промысел шырыўся, ператвараўся у гандаль, дзе акрамя солі, з поўдня везлі сушаную і салёную рыбу. Туды ж, на поўдзень, — сала, скуры, мёд, смалу, бярозавы дзёгаць.

Пазней на Украіне чумацтвам пачалі займацца казакі. У часы казацтва гэты занятак перакінуўся і на Беларусь. Промысел стаў масавым. Росквіт яго прыпадае на XVIII — першую палову XIX стст. Чумацтвам займаліся і прыгонныя сяляне. Прычым, памешчыкі лёгка адпускалі сваіх прыгонных чумакаваць, паколькі промысел быў даходным, а эта было выгадна і гаспадарам.

У XIX ст. чумацтва ператварылася ў важную галіну гандлю і транспарціроўкі. Чумакі таго часу — накшталт цяперашніх шофераў-дальнабойшчыкаў. Асартымент тавараў пашырыўся. На нашых кірмашах можна было купіць прывезеныя здалёк колы, вёдры, кухонны посуд, тытунь, віна, тканіну і інш. У неўраджайныя гады вёўся бойкі гандаль хлебам, зернем.

* * *
Паходжанне назвы “чумак” звязваюць з даўнім словам “чум” — вялікі скураны мех, які не прамакаў у час дажджу. Перавозкі солі вяліся і ў шчыльных драўляных скрынях, але найбольш у чумах. Маюцца звесткі, што зімой соль перавозілі ў вялізных начоўках, што мацаваліся на санях.

Ехалі найчасцей летам, удзень у спякоту пасвілі коней, а ноччу руха-ліся. Зімой ехалі больш рэдка, бо трэба было з сабой везці корм коням, мерзнуць на марозе і шукаць начлег або плаціць за пастаялыя двары, а таму гандаль станавіўся менш даходным. На Украіне перавозку солі здзейснялі валамі, а ў нас, на Палессі, і наогул у Беларусі — коньмі, запрэжанымі ў вазы або ў доўгія (двухконныя) мажы.

Звычайна маладыя мужчыны ці хлопцы, пасеяўшы вясной агарод, сабіралі грошы ў вяскоўцаў і гуртом адпраўляліся ў Крым. Звычайна за некалькі дзён да ад’езду чумакоў у далёкую і часта небяспечную дарогу заказваўся спецыяльны малебен. Таксама бытаваў звычай, каб маладыя дзяўчаты дарылі на развітанне сваім каханым хлопцам вышыты платок, які сведчыў аб тым, што з гэтага часу яны былі заручанымі.

Шлях чумакоў быў нялёгкім: часта нападалі крымскія татары, гайдамакі, розныя банды. Гэта прымушала гандляроў аб’ядноўвацца ў вялікія калектывы, каб мець магчымасць адбівацца ад ворагаў. Таму, як правіла, адпраўляючыся ў шлях, чумакі бралі з сабой зброю і пры неабходнасці абараняліся, робячы з вазоў ці мажаў кругавую абарону. Спыняючыся на адпачынак, рабілі кругавы стан. Атрад звычайна ўзначальваў атаман.

У пік сезону на дарогах Украіны быў настолькі вялікі рух, што яны грымелі ад вазоў. Такія дарогі называлі чумацкімі шляхамі. Ноччу арыенцір ішоў па Млечным шляху. На Украіне гэтае зорнае скапленне і зараз называюць Чумацкім шляхам. У нашых мясцінах Млечны шлях носіць назву Пташыня дарога, мо таму, што па ёй птушкі бяруць кірунак, калі ляцяць у вырай ці з выраю.

Шырока і доўга Пташыня дарога,
Ой рана, рана, Пташыня дарога.
Пташыня дарога вядзе да Бога.
Ой рана, рана, вядзе да Бога.
* * *
Праз нашы мясціны пралягалі два вядомыя нам гандлёвыя шляхі (яны ж і чумацкія): з Кажан-Гарадка цераз Прыпяць на Арлы і з Лахвы праз Лахаўку цераз Прыпяць у Давыд-Гарадок.

У дзённікавых запісах сакратара канцылярыі Міхаіла Казіміра Радзі-віла (Рыбанькі) ад 18 ліпеня 1752 года запісана, што чакаюцца вялікія ловы рыбы, каб адправіць у Нясвіж, а чумацкі абоз пакуль не з’явіўся, прыйдзецца соль закупіць у давыд-гарадоцкіх.

І яшчэ адзін з запісаў, зроблены у 1782 годзе, сведчыць, што з Лахвы ў Нясвіж адпраўлены абоз з соллю. Гэта ўжо пры Каралю Станіславу Радзівілу. Можа, і тая соль, якой пасыпаў дарогу Радзівіл Пане Каханку, каб улетку ездзіць на санях, транспарціравалася праз нашы мясціны?

У беларускіх архівах няма зладжаных дадзеных аб чумацкім промысле. Маюцца толькі разрозненыя опісы-інвентары некаторых маёнткаў і сякія-такія дакументы, з якіх вынікае, які даход мелі гаспадаркі ад уносаў і ўзносаў, што плацілі чумакі сваім гаспадарам.

Ёсць і такія звесткі, што некаторыя чумакі, разбагацеўшы, выкуплівалі сваёй сям’і вольную — свабоду ад памешчыцкай залежнасці, а пасля адмены прыгоннага права многія чумакі выкупілі зямлю ў збяднелых сялян і памешчыкаў. Сёй-той нават заняўся купецкай справай.

З развіццём чыгуначнага транспарту, чумацкі промысел ужо не вытрымліваў канкурэнцыю. Прывезеная па чыгунцы соль ды і іншыя тавары сталі больш таннымі. Была яшчэ адна прычына, якая паўдзейнічала на спыненне чумацтва: хуткае засяленне стэпаў у раёнах чумацкіх шляхоў і расшырэнне там пасяўных плошчаў пазбаўляла чумакоў танных пашаў. У канцы XIX ст. чумакі спынілі свой промысел.

* * *
Гістарычных звестак пра жыццё чумакоў у гады існавання чумацтва ў нас, на Палессі, вельмі мала. Затое ад продкаў засталася немалая фальклорная спадчына. У народных чумацкіх песнях і аповядах, у баладах і прыказках шырока адлюстроўваецца ўсё жыццё: нялёгкая праца чумакоў, іх побыт у час працяглага адрыву ад дому і дома, жыццёвыя праблемы, узаемаадносіны з арцеллю і з сям’ёй.

Клопаты пачыналіся з дарогі.

Чумак рана уставае,
Сваіх хлопцаў пабуджае:
— Уставайма, хлопцы, ўранку,
Едзьма ў дальнюю старонку.
Ехаць у тую “дальнюю старонку” найбольш вымагала бедната: “ані солі ні драбочка, ані хлеба ні кусочка”, а таксама:
Ой, тым жа я чумакую,
Што мне так ладней жыці:
На пашчыну не хадзіці,
Падушнага не плаціці.
Кожны чумак не толькі імкнуўся да свабоды, але і марыў разбагацець, ды не заўсёды імкненні і мары збываліся: часта ў дарозе здараліся няшчасці ці аграбленні, і вяртаўся чумак дадому “з батужкам у руках, за плячамі тарбіна, яшчэ й латана свіціна — дачумакаваўся!” Горшыя вынікі — татарскі палон.
Ой, з-за рэчкі, з-за ракі
Выходзілі чумакі,
Яны коней распрагалі,
Без апаскі спаць лягалі.
Скуль узялася арда
І пабіла чумака,
Ой,пабіла, пасякла
І у палон заняла.
Большасць песень — пра хваробу, смерць і пахаванне чумака на чужыне.
Паспяшыла таварыства да крутога яру,
Выкапала маладому глыбокую яму,
Таварышы маладыя — усе людзі гожы,
Збудавалі маладому ды труну з рагожы.
* * *
Высыпалі чумаку
Высоку магілу,
Пасадзілі чумаку
Чырвону каліну.
Бедна ці заможна жылі чумакі — у фальклоры паказана дваяка. У прыказках, напрыклад: “Дажыліся чумакі, што ні хлеба, ні мукі”, “Мужык плача, а чумак скача”. У песнях — гэтаксама:
... Таго зажурыўся — без долі ўрадзіўся.
Увесь век у дарозе марна леты трачу,
Ні жонкі, ні дзетак ніколі не бачу.
Цёмна мая хата, чорна ў маім полі,
А дзеці без бацькі — галодны і голы.
У будзень і ў свята адно толькі знаю:
У далёку дарогу вечна паспяшаю.
(“Чумача, чумача, чаго зажурыўся?”)

За чумаком гора жыці,
Нечым баршчу закрышыці,
Няма хлеба ні крышынкі,
А на двары — ні шарсцінкі...
(“Ой, мілыя суседанькі”)

Але маецца некалькі песень, у якіх сцвярджаецца, што чумакі — дзелавыя, а то і заможныя.
На людскую справу
І на пагаворку
Шчэ раз у Крым ісхаджу,
Поўны вазы солі,
Поўны мажы рыбы
Я дамоў прывязу.
(“Ох і не сцяліся, зялёны барвінку”)

... Па-над ляхам макі цвітуць.
То не макі — чумакі,
Вязуць рыбу-судакі,
Па тры вазы вязуць солі,
І яшчэ усяго даволі...
(“Ой не журыся, саколенька”)

З песень вынікае, што ў чумацкім асяроддзі рэзка асуджалася п’янства. П’яніцы пазбаўляліся права займацца промыслам. Але з гэтай заганай змагацца было цяжка, і яна насуперак усяму існавала. Цяга да віна ці гарэлкі гаспадара — гэта станавілася і сямейнай праблемай.
— Ой п’е чумак, п’е,
ў яго грошы е.
А за ім, за ім
старэнькая маці
горкі слёзы лье:
— Ой, сыночак мой,
дзеціна мая,
ой пакінь, пакінь
гарэлачку піці,
бо й прап’еш каня.
“Шынок чумака губіць,” — бытавала прымаўка ў даўнейшыя часы.

Горш, калі чумак напіваўся ў дарозе, дзе, бывала, прапіваў не толькі ўсе грошы, але і валоў у прыдачу, што прыводзіла да горкага фінішу.

У большасці сваёй чумакі былі людзі дружныя. Дружба яднала іх. Мацавала, бо ў далёкай дарозе выжыць можна было толькі згуртаваным калектывам. Чумацкі промысел гуртаваў разам нашых чумакоў, выхадцаў з сялянскага асяроддзя, і ўкраінскіх, а таксама казакоў. Вядома, што запарожцы суправаджалі чумацкія атрады (валкі), абараняючы іх ад нападаў, зімой давалі начлег у сваіх хатах. А таму многія чумацкія песні пераклікаюцца з казацкімі.

Нашы палескія песні аднолькавы з украінскімі: тыя ж матывы, вобразы, метафары, параўнанні. Амаль усе гэтыя песні меладычныя, цягучыя, у той жа час сумныя, як і само чумацкае жыццё.

* * *
Мінулі стагоддзі. Знікла чумацтва. А з ім канулі ў Лету, як усё аджыўшае, непатрэбнае ў нашы дні, і балады, і легенды, і песні пра чумакоў. І толькі, як рэха таго промыслу, у нас на Лунінеччыне існуюць прозвішчы ды вясковыя мянушкі — Чумак.

На верх старонкі


Фотаэцюд
Фотаэцюд Яны Паўлюкавец «Сагрэць неба і душу...» (Лунінецкая царква)

Удзельнікі сустрэчы ў Мікашэвіцкай гімназіі імя Ул.Нядзведскага з народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам (у цэнтры), паэтам і сцэнарыстам Уладзімірам Марозам (другі злева). Сустрэча адбылася 11 красавіка 2006 года

Некаторыя з выданняў апошняга часу, прысвечаных Лунінеччыне