Творчы клуб “Лунінецкая муза”

Астралогія нашых продкаў

Як толькi чалавек стаў мыслячай iстотай на Зямлi, ён пачаў цiкавiцца Сонцам, месяцам, зорным небам.

Удасканальваўся чалавек, разумнеў — пашыраўся i яго кругагляд: iшло супастаўленне змен прыроды i змен пораў года, заўважалася змена квадраў Месяца, звязвалася нябесная механiка з уздзеяннем на рост i ўраджай розных сельскагаспадарчых культур, з`явiлася багата прыкмет, як бiялагiчных, так i метэаралагiчных, шмат якiх дайшло да нашага часу. У народных масах вылучалiся асобы, якiя па зорным небе i нябеснай механiцы маглi прадказаць нейкую важную падзею цi нават лёс чалавека.

У наш час астралогiя ўзнята на навуковую аснову, складаюцца шматлiкiя гараскопы, якiя з`яўляюцца на старонках газет i часопiсаў. Многiя сучасныя вучоныя з упэўненасцю сцвярджаюць, што астралогiя, якая вывучае ўзаемасувязь бiялагiчных рытмаў прыроды i грамадства, можа быць карыснай ў паўсядзённым жыццi кожнага чалавека.

Мы вымяраем рытмы нашага жыцця па гадзiннiку. Ён дапамагае планаваць дзень, своечасова вырашаць праблемы. А для астролагаў цыферблат — гэта неба. Дванаццаць знакаў задыяка — дванаццаць лiчбаў на гэтым цыферблаце, а планеты, Сонца i Месяц — стрэлкi, што адлiчваюць касмiчныя рытмы.

Яшчэ ў старажытнасцi тагачасныя астролагi гэтыя дванаццаць сузор`яў назвалi iмёнамi (у большасцi назвамi жывёл) i ўстанавiлi, якой пары года адпавядае кожнае сузор`е. Нашы ж даўнiя продкi, а гэта, вядома, вяскоўцы, ведаць не ведалi нейкiх там Скарпiёнаў, Стральцоў, Казярогаў i г.д., але назiраючы за зорным небам, далi назвы зорам i нябесным свяцiлам. Гэтыя назвы зусiм адрознiваюцца ад сучасных астранамiчных. Яшчэ ў 50-х гадах мiнулага стагоддзя людзi сталага ўзросту ў нашых мясцiнах Вялiкую Мядзведзiцу называлi Возам. Казалi: «З восенi Воз стаiць на калёсах, ён поўны дабра, сабранага з палёў i агародаў, а вясной Воз перавёрнуты дагары калёсамi — дабро з`едзена». Вялiкая Мядзведзiца i сапраўды асеннiм вечарам размешчана над гарызонтам у паўночнай частцы небасхiлу, а вясной — ва ўсходняй частцы, высока над лiнiяй гарызонту i ў перавернутым выглядзе. Коўш гэтага сузор`я мае змяшчэнне i на працягу сутак. Па месцазнаходжаннi зорак Воза даўней нашы продкi вызначалi час на працягу ночы.

Палярную зорку называлi Паўночнай. Па ёй у бясхмарнае надвор`е людзi, знаходзячыся ў дарозе, трымалi арыенцiр, вызначалi напрамкi свету.

Гэтаксама арыенцiрам з`яўлялася Пташыная Дарога. У бязмесячную ноч па ўсяму небу з поўначы на поўдзень пралягае бледная святлiвая паласа — гэта скопiшча некалькiх тысяч далёкiх зорак, якое старажытныя грэкi называлi Млечным Шляхам з-за падабенства да паласы разлiтага малака. Нашы ж продкi далi назву Пташыная Дарога, бо лiчылi, што вясной i восенню птушыныя выраi па ёй трымаюць кiрунак у час мiграцыi.

Вядома, што i чумакi, рухаючыся абозам у начны час, арыентавалiся па Паўночнай зорцы i па Пташынай Дарозе, таму iмi яна была празвана — Чумацкi Шлях. На Украiне i зараз афiцыйна такую назву мае гэта светлая зорная паласа.

Раней нашы продкi ў начную пару па нябесных свяцiлах умелi вызначаць не толькi кiрунак, але i час. Зiмой — па Месяцы: у залежнасцi ад фазы, па вышынi яго размяшчэння на небе. Вызначэнне часу вялося i па з`яўленнi на небе ранiшняй i вячэрняй зорачак. Але большасць сялян кiравалiся месцазнахождваннем на небасхiле сузор`я Сiта. У 12 гадзiн ночы сузор`е знаходзiцца на ўсходзе, а ў 5 гадзiн — на поўднi. Звычайна ў такi час жанчыны ўставалi, каб прасцi нiткi. Але асноўнай меркай часу былi не гадзiны, а паняццi «рана» або «позна». Летам жа асноўным гадзiннiкам у вяскоўцаў было Сонца: ад дасвецця да ўсходу сонца, дзень, ад захаду да змяркання. Апагеем дня быў арыенцiр: поўдзень — той час, калi можна пераступiць свой цень.

Сонца разглядалася нашымi продкамi i як сiмвалiчны цэнтр Сусвету, i як нябеснае свяцiла — крынiца цяпла i святла. «Сонца — святое, на яго не можна паказваць пальцам, а ўсiмi пальцамi рукi», — вучылi малых старэйшыя. Яно — першае боства старажытных славян. Яму прысвечана шмат песень, яго бралi за аснову ва ўзоры ручнiкоў, святочнай вопраткi, укладанак.

Сонца ратавала людзей ад хваробаў i ўсякага зла. Як абарона ад зла на франтонах сялянскiх хатак ладзiлi яго выяву.

У гонар сакральных момантаў — павароту сонца на зiму цi на лета — спрадвек нашы продкi, як i ўсе славяне, спраўлялi i спраўляюць святы Купала i Каляда — язычнiцкiх святых, якiя рэгулююць рух зямнога часу.

Аб кульце Сонца ў нашых мясцiнах сведчыць такi абрад: сяляне, падняўшыся з пасцелi, чыталi ранiшнюю малiтву, якая пачынаецца словамi: «Госпаду Богу памалюся, яснаму сонцу пакланюся»...

Яшчэ сотню гадоў таму быў звычай: калi народзiцца ў сям`i хлопчык, то бацька выноciў наванароджанага з хаты i «прадстаўляў» яго сонцу, а калi нараджалася дзяўчынка — выносiла мацi. З якой мэтай? — цяпер невядома.

А хаваюць памерлых i сёння пасля апоўдня i абавязкова да заходу сонца.

Пасля захаду сонца не можна было рашчыняць цеста для выпечкi хлеба. Забаранялася ў вячэрнi час купацца ў вадзе.

Дванаццацічленнага задыяка, якi мы ведаем цяпер (Авен, Рак, Блiзняты i г.д.), у нашых продкаў не было. У iх былi iншыя назвы сузор`яў i планет. Ды i слова «планета» не iснавала. Але падобнае да яго было — «планiда», якое асацыiравалася з паняццем «лёс», але больш — няўдачны. Пра нешчаслiвых людзей казалi: «Такая яго планiда». Адмоўную адзнаку мела гэтае слова i пры парушэннi ў людзей памяцi цi паводзiн. Казалi: «Нейкая планiда найшла на яго».

Да нашых часоў у мове захаваўся выраз: «Нарадзiцца пад шчаслiвай зоркай». Ён пайшоў са старажытнасцi, калi жрацы вызначалi, якая зорка знаходзiцца ў зенiце ў момант нараджэння дзiцяцi, i, ведаючы яе астралагiчныя характарыстыкi, прадказвалi жыццё чалавека. Калi зорка мела спрыяльныя дадзеныя, гаварылi, што чалавек нарадзiўся пад шчаслiвай зоркай.

Асобным месцам на небе лiчыўся Рай. Туды, па меркаваннi людзей, адляталi бязгрэшныя душы, у тым накiрунку адляталi птушкi, ратуючыся ад холаду — у Вырай. Рай — на небе, а Вырай — пад небам. I тое i другое, лiчылi нашы прашчуры, знаходзiцца на поўднi, дзе вечнае святло, яркае сонца. У хрысцiянскi перыяд з`явiлася догма аб iмкненнi ў рай, а для таго трэба было пражыць зямное жыццё з верай у Бога, прытрымлiваючыся ўciх вядомых бiблейскiх запаведзяў.

На жаль, з даўнiх астралагiчных поглядаў i ведаў да нашых дзён амаль нiчога не дайшло. Усё выйшла з моды. Час навеяў новыя погляды на жыццё, зусiм аддаленае ад народнай астралогii.

У значна большым аб`ёме з ранейшых часоў дайшла да нас метэаралагiчная астралогiя — гэта вызначэнне надвор`я па становiшчу Сонца, Месяца, зорак, а таксама iх уздзеянне на чалавека, на раслiнны свет, на прыродныя з`явы i г.д.

На працягу тысячагоддзяў нашы продкi дапытлiва сачылi за з`явамi прыроды, запамiналi iх паслядоўнасць i назапасiлi вялiзны вопыт, што дазваляе ўстанавiць сувязь мiж гэтымi з`явамi. Найбольш адкрыццяў зроблена пра ўдзеянне Месяца на раслiны, на чалавека i нават на планету Зямля.

Мы цяпер ведаем, што блiзасць да Зямлi i значныя памеры Месяца маюць прыкметнае ўздзеянне на нашу планету. Пад уплывам сiлы прыцягнення ўзнiкаюць марскiя прылiвы i адлiвы. Калi Месяц знаходзiцца ў фазе, якая расце, то ў гэты час не толькi ўздымаюцца ўгору вада Сусветнага акiяна i газы зямной атмасферы, а i сокi дрэў у ствалавыя часткi, актывiзуюцца сокi раслiн. Парушаецца i стан балансу вады ў чалавеку. Нашы продкi гэтага яўна не ведалi. Затое заўважалi, што ў час поўнага Месяца ў людзей узмацняецца раздражальнасць, абвастраюцца псiхiчныя захворваннi, узнiкае шмат сварак, адбываецца большасць самагубстваў, здарэнняў.

Спрадвек людзi бачылi, што Месяц (а ён у народзе ўспрымаецца не як спадарожнiк Зямлi, а як свяцiла) пастаянна вiдазмяняецца. Спачатку ў выглядзе вузенькага сярпочка ўпершыню паказваецца на захадзе — яго празвалi «маладзiк»; з кожным вечарам ён «расце», паўнее i робiцца круглым — «поўня»; потым змяншаецца i даходзiць да выгляду вузенькага акрайчыка, паказваецца на ўсходзе перад самым свiтанкам — гэта «стары». Самым непрыкметным з`яўляецца перыяд адсутнасцi Месяца на небе, так званы «ветах», а ў нашых мясцiнах некаторыя называюць — «цямнец». Змены Месяца дзеляцца на 4 фазы — квадры. Народ заўважыў, што кожная квадра мае свае асаблiвасцi ўздзеяння на людзей i на раслiны. Таму iснуе багата народных прыкмет цi нават прымхаў i забабонаў, што дапамагаюць нам у жыццi або вучаць нас жыць.

Заўважана, калi Месяц з маладзiка пачаў паўнець, усе сокi ў раслiне бурна падымаюцца ўверх, ад каранёў да верхавiны. У гэты перыяд карнявая сiстэма развiваецца слаба, а надземным часткам уласцiвы буйны рост: сцябло, лiсцi i плады налiваюцца жыццёвымi сокамi. Таму выгадна садзiць, сеяць усе надземныя раслiны: збожжавыя, бабовыя, капусту, агуркi, зяленiва. Пры поўным Месяцы лiсце, плады i кветкi максiмальна напаўняюцца сокамi. Гэта найлепшы час для збору лекавых траў, ягад, пладоў. Пры ўбываннi Месяца жыццёвыя сокi iдуць ад наземнай часткi раслiны да карэння, узмацняючы iх i знiжаючы жыццядзейнасць сцеблаў, лiсцяў, кветак. Каранi ў гэты час дужыя, больш устойлiвыя да хвароб. Гэта найлепшы час для сяўбы карняплодаў. У перыяд, калi Месяц старэе, рэкамендуецца закладаць на сховiшча бульбу, цыбулю.

У наш час шмат хто прытрымлiваецца жыццёва важных парад, што перададзены нам у спадчыну ад продкаў.

Дрэвы, прышчэпленыя ў маладзiк, добра прымаюцца.

Каб квашаная капуста добра захоўвалася i была хрусткай, яе лепш шаткаваць у мужчынскi дзень тыдня на першай квадры.

Кабана бiць i сала салiць рэкамендуецца на растучы Месяц: вяселле, радзiны, хрысцiны, уваходзiны; у такi ж перыяд распачыналi будаўнiцтва хаты, хлява. Гэтыя ж мерапрыемствы праводзiлi i ў поўню. Казалi: «Робiм у поўню — усяго будзе поўна».

Першы вянец новага зруба рабiлi пад поўню. А вось лес нарыхтоўвалi на збыта.

Адмоўную ролю iграе «чорны месяц», iнакш кажучы, перыяд, калi яго не бачна на небе. Лiчылася, што чалавек, якi нарадзiўся ў цёмны перыяд, будзе нешчаслiвым або недаўгавечным. У такi час нiколi не вадзiлi карову на злучку, не саджалi i не сеялi, бо, напрыклад, у збожжавых каласы будуць пустымi. А бульбу — наадварот, лiчылася садзiць спрыяльна.

У перыяд «чорнага месяца» рэкамендуецца рабiць абрэзку дрэў, пасынкаваць памiдоры, палоць градкi. Гэты перыяд спрыяльны на знiшчэнне бародавак, лiшаёў. А вось шэптам-замовам лягчэй паддавалiся зубны і галаўны боль у маладзiк. А аперацыi хiрургаў пераносяцца пацыентамi лягчэй, з меншым болем i лепш рубцуюцца раны на збыта.

Нашы продкi, назiраючы за Месяцам, навучылiся рабiць прагнозы аб стане надвор`я на кароткi, а iншы раз i больш доўгi перыяд. I асноўнай фазай для такога вызначэння з`яўляецца маладзiк. Найперш ад маладзiка чакалi атмасферных змен: або пагоды пасля дажджоў, або дажджоў пасля працяглага сухога надвор`я. Былi перакананы: калi змянялася фаза Месяца, а надвор`е заставалася нязменным, то яно захаваецца такiм жа яшчэ да канца квадры.

Назiралi за сярпочкам маладога Месяца ў першы дзень яго з`яўлення на небе: калi ражкi закруглены ўнутр — да дажджу, ражкi распраўлены — на пагоду.

Вялiкi, ясны Месяц летам прадказвае цёплае ўстойлiвае надвор`е, а зiмой — вялiкi мароз.

Iснуе шмат прадказанняў надвор`я, што не звязаны са свяцiламi, а прагназуюцца па нiзкiх слаях атмасферы. Напрыклад: калi вакол месяца ўтварыўся цьмяны круг, дык заўтра будзе моцны мароз. Месяц зацягнуты цьмянай дымкай — на працяглую непагадзь. Калi сонца ўздымаецца ў тумане — днём будзе цiха i цёпла. Ноччу неба ўсыпана яркiмi зоркамi — заўтра будзе ясны марозны дзень.

Нашы продкi — а гэта сяляне, яны ж хлебаробы i жывёлаводы, пчаляры i рыбакi, дрывасекi i касцы — спрадвек цiкавiлiся таямнiчасцю надвор`я, каб больш рацыянальна спланаваць свой наступны працоўны дзень, каб прыстасавацца да пагодных ўмоў, беспамылкова ўзяць патрэбныя рэчы, iнвентар, адзенне, а часам i ўратаваць ураджай ад наступстваў непагоды. Таму абставiны прымушалi быць i метэаролагамi, i фенолагамi. I шмат людзей здольны былi прыкмячаць незвычайнае ў прыродзе па паводзiнах птушак, жывёл i ў першую чаргу па стане неба. А вось зрабiць доўгатэрмiновы прагноз на паўгода цi год мог далёка не кожны. Цiкава тое, што такiя прадказаннi прымяркоўвалi да нейкiх хрысцiянскiх або народных святаў цi прысвяткаў.

Калi ў калядны вечар i ноччу на небе шмат зорак — летам будзе шмат грыбоў (г.зн. лета будзе даждлiвае). Зорная ноч на Вадохрышча — на ўраджай ягад (будзе цёплая вясна). На польскiя Каляды зорна i мароз трашчыць, дык на нашы снег заплюшчыць, калi ж польскiя плюшчаць, то нашы трашчаць.

Зорнае Ражаство — да ўраджаю зерневых i гароху. Калi Пакровы супадуць з маладзiком — зiма будзе цёплай, а калi выпадуць на поўню цi збыта — чакай лютых маразоў. На Аўдоццю (1 сакавiка) яркае сонца — усё лета прыгожае.

Імкненне ладзiць сувязь з небам i нябеснымi сiламi — спрадвечная мара чалавека. Звярталiся да Бога i неба ў цяжкiя часы, у часы бяды i гора. Iшлi да знахараў i лекараў, верачы, што ў тых ёсць сувязь са звышнатуральнымi сiламi. I тыя шапталi, звяртаючыся да Бога, Божай Мацi i да святых, а iншы раз i да касмiчных аб`ектаў. Так у замовах: «Сонцам асвячуся, месяцам агаражуся, зоркамi засыплюся i нiкога i нiякай балезнi я не баюся» (абярэг ад хваробы); «…Прачыстай Матцы пакланюсь i ўсiм нябесным апосталам, кiеўскiм i пячэрскiм, сонцу краснаму, месячыку яснаму… (замова ад хваробаў); «Маладзiк малады, у цябе рог залаты, табе на святло, мне на дабро, табе свяцiць уночы, а мне, каб не балелi вочы»; «Сонцам асвяцiся, месяцам агарадзiўся, урокаў не пужайся, ведзьме не паддавайся» (на выган каровы).

Замовы — гэта энергетычны пасыл у прастору, i механiка неба спрацоўвае i дапамагае людзям. Замовы прайшлi праз шматвяковую прастору часу, праз сiта iнквiзiцый i савецкага атэiзму, але асталiся ў дзеяннi, бо яны не пустыя словы, а станоўча энергетычныя, дапамагаюць людзям або нават ратуюць. I зараз у вясковым асяродку у кожным населеным пункце знойдзеш асоб, якiя займаюцца замаўленнем, шаптаннем. I людзi шэпчуцца, бо дапамагае.

Нашы продкi былi людзьмi неадукаванымi, але мудрымi. Доказ таму — мiфы, паданнi, казкi, што дайшлi да нас з дахрысцiянскага перыяду, значна раней апярэдзiлi сучасную навуку. Фантазiя ўзабрацца на Месяц, размаўляць з iм, паляцець да зор, умяшацца ў дзеянне ветру, Сонца здзяйсняецца нашымi пакаленнямi.

Яшчэ ў першай палове мiнулага стагоддзя ў народнай традыцыi нашых землякоў у арнаментах, што ўпрыгожвалi святочныя кофтачкi, кашулi, камiзэлькi, рытуальныя ручнiкi i паясы, у выглядзе сiмвалiчных ўзораў i малюнкаў сярод крыжыкаў, ромбаў, палосак, елачак, раслiн былi «закадзiраваны» сонца i зоркi. Аўтары тых вышыванак разбiралiся ў сiмвалах. Вопратка цi iншыя аксесуары з такiмi ўзорамi выкарыстоўвалiся ў пэўных рытуалах, што, як лiчылася, садзейнiчала ладу i поспеху iх носьбiтаў.

У наш час вышываныя ўборы можна ўбачыць толькi ва ўдзельнiкаў творчых мастацкiх калектываў. Але яны аздоблены для красы, дзе элементы народнай сiмволiкi ніякага рытуальнага значэння не маюць.

Век тэхнiчнага прагрэсу, тэле- i радыёвяшчання, сучаснай дзяржаўнай iдэалогii, адрозненай ад народнай культуры, усяго за паўстагоддзя прытупiў цiкавасць да самабытнай беларускай астралагiчнай традыцыi i вынiшчыў усе тысячагадовыя набыткi ў вобласцi народнай астралогii, не даўшы нашчадкам нiчога ўзамен.

Сцяпан Нефiдовiч (“Лунінецкі сшытак №12”, 2012 год)