Музей

Лунінецкі раённы краязнаўчы музей

Лунінецкі сшытак № 1

Матэрыялы першых Лунінецкіх краязнаўчых чытанняў 25 лістапада 2001 г.

Першы крок

25 лістапада 2001 г. у Лунінецкім раённым краязнаўчым музеі адбыліся першыя Лунінецкія краязнаўчыя чытанні. Яны мелі статус раённых і, па задуме арганізатараў, сталі першай спробай сіл мясцовых гісторыкаў і краязнаўцаў у правядзенні аналагічных канферэнцый. Чытанні адкрыла прывітальным словам дырэктар музея Святлана Гарда. Акрамя дакладаў, прайшла дыскусія па пытаннях далейшага вывучэння гісторыі Лунінеччыны. Дапамогу ў арганізацыі чытанняў і выданні прапануемага чытачу зборніка дакладаў аказаў музею творчы інтэлектуальны клуб “Муза”.

Вадзім Жылко, укладальнік зборніка

Здабыткі лунінецкіх краязнаўцаў

Як вядома, музейныя ўстановы па самой сваёй сутнасці павінны зберагаць і вывучаць матэрыяльныя і духоўныя помнікі мінулага. Вылучаючы сярод накірункаў іх працы стварэнне экспазіцый і арганізацыю выстаў, правядзенне экскурсій і лекцый, асветніцкую работу шляхам разнастайных мерапрыемстваў, не варта забываць і аб навукова-даследчыцкай працы.

Трэба адзначыць, што Лунінецкі раённы краязнаўчы музей са свайго заснавання ў 1978 г. вядзе навукова-краязнаўчую работу. Вынікі пошукаў і даследаванняў былі ўвасоблены ў экспазіцыі, якая існавала ў 1986–97 гг., шматлікіх выставах, у артыкулах на старонках перыядычнага друку, кансультацыях і лекцыях. Скарыстаны яны і пры распрацоўцы новай пастаяннай экспазіцыі. Наладжаны трывалыя сувязі з мясцовымі краязнаўцамі, са стваральнікамі грамадскіх музеяў раёна, падтрымліваюцца кантакты з навуковымі і музейнымі ўстановамі рэспублікі.

Прыгадаем некаторыя моманты навукова-доследнай работы музея за апошнія гады. У 1994 г. яго супрацоўнікі прынялі ўдзел у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Праблемы захавання матэрыяльнай і духоўнай культуры Палесся” ў г. Сарны (Украіна) – у выніковым зборніку змешчаны даклад В. Жылко “Аб некаторых аспектах нацыянальнага самаўсведамлення палешукоў”. У 1999 годзе ў Пінску і Іванаве адбылася міжнародная канферэнцыя “Палессе – скрыжаванне культур і часу”. Сумесна з беларускімі і польскімі навуковымі ўстановамі яе ладзіла Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства “Загароддзе”, сябрамі якога стаў шэраг лунінецкіх краязнаўцаў. У зборніку “Загароддзе-2” былі змешчаны даклады Л. Коласава “Кароткі нарыс гісторыі развіцця пошты на Лунінеччыне і Піншчыне”, В. Туміловіча “Палессе ў жыцці і творчасці Сафіі Прорвіч”, а ў дакладзе В. Жылко “Краязнаўства ў Лунінецкім раёне” былі падсумаваны дадзеныя аб мясцовых даследчыках і накірунках іх працы. Лунінецкі краязнавец В. Туміловіч у 1998–2000 г. прымаў удзел у V-VII Свята-Еўфрасіннеўскіх чытаннях у Мінску з дакладамі аб пісьменніцы С. Прорвіч і рэнесансных з’явах заходнебеларускай праваслаўнай літаратуры. Яго даклад “Жыццё і творчасць праваслаўнай пісьменніцы С. Прорвіч” змешчаны ў зборніку матэрыялаў V чытанняў, а даследаванне “Вяртанне забытага імя С. Прорвіч” – у выданні “Магілёўская даўніна” (1998 г.).

У 2001 г. у Мінску на міжнароднай канферэнцыі “22 чэрвеня 1941 г. – пачатак савецка-германскай вайны: стан і праблемы ў беларускай і замежнай гістарыяграфіі” быў зроблены даклад В. Жылко і В. Туміловіча “Лунінеччына паміж адступленнем савецкіх войск і нямецкай акупацыяй: крызіс улады і пачатак калабаранцкіх настрояў.” У гэтым жа годзе на міжнароднай канферэнцыі па захаванню гістарычных паркаў і ландшафтаў “Палацава – паркавае мастацтва Брэстчыны” зроблены даклады В. Жылко “Гістарычныя ландшафты Лунінца ў сваім развіцці” і В. Туміловіча “Фарміраванне і сучасны стан гістарычнага ландшафту Кажан-Гарадка”. У мінскім часопісе “Падарожнік” №1 за 2001 г. змешчаны артыкул В. Жылко, В. Юнгава і А. Нямчэня “З мінулага Мікашэвіч”.

Музей дапамог у выданні ў 2001 годзе брашур В. Туміловіча “Возрождение забытого имени. Жизнь и деятельность Софии Прорвич…” і “Тапаніміка Кажан-Гарадка і яго зямель”. Хочацца спадзявацца, што гэта першы крок у выдавецкай дзейнасці музея, якая дазволіць увасобіць на старонках кніг яшчэ многія даследаванні краязнаўцаў Лунінеччыны.

Першыя Лунінецкія краязнаўчыя чытанні, мяркуем, стануць пачаткам добрай традыцыі, выйдуць у будучым з раённага на рэспубліканскі ўзровень. Падставы для гэтага ёсць.