Дадатак да альманаха “Лунінецкая муза”

Вера Зарэцкая

Зарунела літаратурная ніва...

«Літаратурныя старонкі» гісторыі Лунінеччыны

Якуб Колас (1882 – 1956)

У 1911 годзе пісьменнік выйшаў з Мінскага астрогу з так званым “воўчым білетам”, які забараняў працаваць у дзяржаўных школах. Трэба зразумець мастака слова, як цяжка яму было садзіцца на карак дзядзькі Антося: едакоў і без яго ў хаце хапала. Адпраўляючы Кастуся ў навуку, сям’я спадзявалася, што не толькі ён сам будзе мець надзейны кавалак хлеба, але падтрымае некага з братоў і сясцёр. Якуб Колас, з аднаго боку, прыкладае намаганні і хадайнічае пра пасведчанне аб палітычнай благанадзейнасці, якое адкрывала дарогу ў дзяржаўную школу, што абяцала сціплы, але сталы заробак, з другога боку, пошукі хоць нейкай працы. Выручылі сябры. Былы аднакурснік па Нясвіжскай семінарыі Вінцук Філіповіч, з якім Якуб Колас сядзеў на адной лаўцы, запрасіў да сябе ў Лунінец і ўступіў частку сваіх прыватных урокаў. У гэтым палескім мястэчку Якуб Колас жыў з лістапада 1911 па люты 1912 г. Зразумела, што тут пісьменнік не быў у ізаляцыі. Ён найперш кантактаваў са сваім сябрам Вінцуком Філіповічам і яго сям’ёй. Як высветліў Васіль Туміловіч, жонка лунінецкага настаўніка была дачкой мясцовага святара Мікалая Прорвіча. Яе маці Соф’я Прорвіч была чалавекам адукаваным. Жанчына закончыла, як сведчаць мясцовыя краязнаўцы, Пецярбургскі універсітэт. У Прорвічаў было ў той час яшчэ дзве дарослыя дачкі і сын. Усе атрымалі адукацыю. Якуб Колас ніякіх звестак пра сям’ю Прорвічаў і пра свае кантакты з імі не пакінуў. Апавядаючы Максіму Лужаніну пра сваё жыццё ў Лунінцы, аўтар “Новай зямлі” нічога не расказвае пра далейшыя свае стасункі і з Вінцуком Філіповічам. З пошукаў Генадзя Кісялёва вядома, што былыя сябры сустракаліся ў Мінску ў 1920-х гг.

Лунінец пакінуў дваістае ўражанне ў жыцці і творчасці Якуба Коласа. З аднаго боку, пісьменнік у гэты час перажываў творчы ўздым. Ён шмат і плённа пісаў. На паперу клаліся вершы, апавяданні. Тут была распачата праца над паэмай “Сымон-музыка”. Вершаў было напісана ўсяго некалькі. Дакладна можна назваць “Песню п’янага” (5.01.12 г.) і “Эх, скажы мне, небарача” (28/ІІ, 1912 г.). Апошні верш выяўляе патрыятычныя пачуцці беларускага селяніна і аптымістычны погляд яго на жыццё.

Дык няхай свет хоць трасецца, —
Я тут вырас, я тут згіну,
А разорак тых не кіну,
Дзе мне шчасце не даецца,
Дзе мой смутак, жаль снуецца,
Бо я цвёрда веру ў тое,
Што наш засеў у полі дзікім
Гневам вырасце вялікім
I затопіць усё злое,
Усё няшчасце векавое.
Дакладна можна сказаць, зыходзячы з тэрміну жыцця Якуба Коласа ў Лунінцы, што тут быў напісаны такі класічны твор, як “Нёманаў дар” і яшчэ два апавяданні, у аснове якіх камічныя, а ў першым гучаць нават і драматычныя сітуацыі: “Трывога” і “Недаступны”. Пісаўся ў гэтым палескім мястэчку трэці раздзел паэмы “Новая зямля”.

Асноўным творчым клопатам Якуба Коласа ў Лунінцы была паэма “Сымон-музыка”. Пісаць яе пачаў 22 лістапада і напружана працаваў цэлы месяц. Гэта ратавала ад духоўнага спусташэння. М.Лужаніну Якуб Колас прыгадаў: “Накідаўшы з большага замалёўку, зразумеў, што гэтая работа для мяне будзе стрыжнем. Утрымаюся за яго, — значыць не звар’яцею, не сап’юся, наогул, не пайду на ніз, у падонкі, у паслугачы”. У выніку была напісана першая частка твора. Пра тое, што ўсе духоўныя сілы пісьменніка былі скіраваны на паэму “Сымон-музыка”, сведчыць і такое аўтарскае прызнанне, што ён збіраецца хутка закончыць твор, а рэч будзе дужа вялікая.

Ёсць яшчэ адзін бок творчай працы Якуба Коласа ў Лунінцы. Гэта падрыхтоўка раней напісаных твораў да друку. Як вынікае з ліста Я. Коласа А.А. Грыневічу, у Лунінцы ён дапрацоўваў апавяданне “Тоўстае палена”: “Праз нядзелю вышлю Вам першы расказ у прозе “Тоўстае палена”. Ён яшчэ не скончаны: ўсё не маю часу. Але цяпер вазьмуся за яго.” З гэтага палескага мястэчка пасылаў таксама ўрывак з паэмы “Новая зямля”, смешнае і вясёлае (па вызначэнні аўтара) апавяданне вершам “Як Янка збагацеў”. З Лунінца было адпраўлена А.М. Уласаву напісанае тут апавяданне “Трывога”.

Такая творчая актыўнасць Якуба Коласа, на наш погляд, тлумачыцца двума акалічнасцямі. Трэба мець на ўвазе, што пісьменнік быў незвычайна працавітым чалавекам. Вялікую ролю адыграла і тое, што, адбыўшы тэрмін турэмнага зняволення, пісьменнік быў, нарэшце, вольны, а гэта ўжо само па сабе было шчасцем. З напісаных у Лунінцы твораў вынікае, што мастак слова акцэнтаваў сваю ўвагу на побытавых з’явах, узнімаючы, галоўным чынам, маральныя праблемы, асуджаючы такое сацыяльнае зло, якім было п’янства, неадукаванасць вяскоўцаў.

З другога боку, у Лунінцы пісьменніку жылося нялёгка. Тут ён быў адарваны ад свету, ад літаратурнага і культурнага асяроддзя. Нават газеты і тыя не траплялі ў гэтае мястэчка. Таму пісьменнік так радаваўся лістам, якія прыходзілі сюды ад сяброў. Яшчэ больш даймала безграшоўе. “Заработак дрэнны: маю ўсяго адзін урок, — піша Якуб Колас А.А. Грыневічу. — Можа хіба далей палепшае”. Надзеі, аднак, не спраўдзіліся. А.М. Уласаву пісьменнік паведамляе: “Жыву тут з таго, што займаюся ўрокамі. Дрэнная гэтая работа, і няма з яе ніякай карысці, абы не дома тырчаць. Маю ўрокаў руб. на 25, да і тыя няпэўныя”. Пазней Якуб Колас удакладняў, што вучыў ён тут “дзяцей чыгуначнікаў. Я пачаў рэпеціраваць іх. Плата слабаватая: два руб. на месяц з галавы. Добра, калі галава кемлівая, а ў другую табліцу множання калом не ўваб’еш. Нават у Люсіна плацілі мне на рубель больш. У Філіповічавым пакоі зрабіў я школку. Займалася ў мяне 20 чалавек».

У сваіх успамінах Якуб Колас Вікенція Філіповіча называе “добрай душою”. Падставы для такой ацэнкі, як бачым, былі. Трэба мець на ўвазе, што пасля выхаду пісьменніка з турмы многія да яго ставіліся насцярожана, ды і сам ён адчуваў сябе чалавекам, “выкінутым з жыцця. Дзверы на работу былі замкнуты, падтрымкі няма, кожны агінаецца пры сустрэчы, каб і самому не падпасці пад падазрэнне. Тут я і пачуў, нібыта трапіў у новае кола, нічым не лепшае за астрог”. Калі А.М. Уласаў запрасіў пісьменніка прыехаць у Вільню, той адказаў, што “ў кішэні тонка”, нават папрасіў, каб прыслалі грошы на дарогу і ўдакладніў, што білет каштуе ў адзін канец 3 руб. 64 кап.

Прыгнятаў Якуба Коласа яшчэ адзін клопат. Адразу па выхадзе з турмы пісьменнік стаў атрымліваць позвы для службы ў войску. Выходзіла, што пісьменнік трапляў з агню ды ў полымя. Вызваліцца ад войска можна было адным спосабам — працаваць настаўнікам у казённай школе. Педагогі ад службы ў арміі вызваляліся. Атрымаць пасведчанне пра палітычную благанадзейнасць не ўдавалася. На прашэнні настаўніка-бунтара губернатар напісаў: “Адмовіць”. Трэба было як найхутчэй пакідаць Лунінец, каб не быць забрытым у салдаты. Спачатку Якуб Колас меркаваў гэта зрабіць пасля Вялікадня, аднак падзеі развіваліся такім чынам, што з’ехаў у канцы лютага 1912 г.

У Лунінцы на доме, у якім жылі Якуб Колас і яго сябар Вінцук Філіповіч, дзе клаліся на паперу неўміручыя радкі паэмаў “Сымон-музыка”, “Новая зямля” і іншыя творы, сёння ёсць мемарыяльная дошка, як і на раённым краязнаўчым музеі, дзе існуе адпаведны раздзел экспазіцыі. Яго работнікі падтрымліваюць кантакты з музеем аўтара паэмы “Сымон-музыка” ў Мінску, удзельнічаюць у “Каласавінах”. Па аналогіі і ў раёне праводзяцца “Лунінецкія Каласавіны”. У 1996 г. для ўдзелу ў іх прыязджалі сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч, а таксама ўдава і дачка Данілы Канстанцінавіча. У верасні 2005 г. у Лунінцы ўзведзены помнік народнаму паэту.

Сплыве шмат гадоў, як Якуб Колас пакінуў Лунінец, дзе знайшоў прытулак у цяжкі для сябе час, дзе плённа пісалася, дзе былы сябар Вінцук Філіповіч не даў зняверыцца, падтрымаў, паступіўся сваімі выгодамі і інтарэсамі. Пісьменнік набудзе сусветную вядомасць, ацалее ў жахлівыя 1930-я гг., ззаду застанецца нямецкая навала з яе балючымі народнымі і асабістымі стратамі: без вестак прапаў на фронце сын Юрка, пайшла на той свет любая Марыя Дзмітраўна. У 1947 годзе Якуб Колас зноў апынецца на Лунінеччыне. На гэты раз як кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР па Ленінскай выбарчай акрузе. Пісьменнік выбраўся ў нялёгкую дарогу на Палессе. Ён сустракаўся са сваімі выбаршчыкамі ў Мікашэвічах, Сінкевічах, Сцяблевічах. Свае ўражанні ад паездкі занатаваў у дзённіку “На схіле дзён”. У Мікашэвічах Якуба Коласа віталі дарослыя і дзеці. На сустрэчы з выбаршчыкамі пісьменнік сваё выступленне пачаў так: “Дарагія таварышы! Я прыехаў да вас, каб прынесці вам самую шчырую, самую глыбокую падзяку за тое, што вы вылучылі мяне кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. Я абяцаю быць вашым верным слугою, дапамагаць ва ўсім, апраўдаць ваш давер”. Пісьменнік пазнаёміўся з ваколіцамі мястэчка, наведаў мясцовыя могілкі.

На наступны дзень Якуб Колас накіраваўся на машыне ў Сінкевічы. Настаўніца геаграфіі гэтай школы І.М. Салтыкова прыгадвае, што сустракалі пісьменніка кветкамі — зрэзанай геранню. Быў ён у цёмна-сінім паліто з каракулевым каўнерам і ў каракулевай шапцы. Гэтая настаўніца і вітала свайго дэпутата. Пісьменнік і педагог звярнуўся да вучняў з такімі словамі: “Мне радасна глядзець на маладое пакаленне. Вы — наша будучыня. Любіце Радзіму, жывіце дзеля яе, услаўляйце родную старонку стараннай вучобай — цяпер, а потым не менш стараннай працай”.

Настаўнікі Сінкевіцкай школы прыгадваюць таксама, што Якуб Колас на гэтай сустрэчы абяцаў дапамагчы пабудаваць школу, што абяцанне сваё стрымаў, пра што напісаў у школу. На жаль, ліст Якуба Коласа ў Сінкевічах не захаваўся. Якуба Коласа радавала, што ўсюды яго сустракалі прыветна. Балела сэрца пра Палессе ў час гэтай паездкі, бо вайна пакінула тут свае жахлівыя адмеціны: “Усюды відаць сляды разбурэння, — занатоўвае пісьменнік у дзённіку. — Асабліва разбурана мястэчка Леніна. Яго фактычна няма. Народ абнасіўся, асунуўся, але цвёрда, мужна і свядома ставіцца да жыцця”.

Якуб Колас да дэпутацкіх абавязкаў ставіўся выключна адказна, імкнучыся дапамагчы сваім выбаршчыкам. 22 сакавіка 1948 года на імя П.К. Панамарэнкі ён шле ліст як дэпутат Вярхоўных Саветаў БССР і СССР. Прыводзім яго цалкам. “У Мікашэвіцкім дзіцячым доме (Ленінскі раён Пінскай вобласці) выхоўваецца 100 дзяцей-сірот, бацькі якіх загінулі на франтах Айчыннай вайны. Гэты дзіцячы дом працуе ў кепскіх умовах: размешчаны ён у старых будынках, якія патрабуюць неадкладнага рамонту, лазні зусім няма, для перавозак служыць адзін конь, усё патрэбнае для дзіцячага дома вучні вымушаны прывозіць з Пінска цягніком, на што ідзе шмат часу і сродкаў. Нават шэф дзіцячага дома — Мікашэвіцкі фанерны завод — не дапамагае яму патрэбнаю для рамонту драўнінаю. Прашу вас даць адпаведным установам указанне аб вылучэнні грузавой аўтамашыны для патрэб дзіцячага дома і аб водпуску 30 кубаметраў піламатэрыялаў на рамонт памяшкання. Гэта дапаможа карэнным чынам палепшыць умовы жыцця і выхавання дзяцей. Ліст выхаванцаў дзіцячага дома прыкладаю”.

У маі 1947 года Якуб Колас клапаціўся па скарзе аднаго палешука. Пра гэта пісьменнік піша ў сваім дзённіку “На схіле дня”. Праз месяц быў ужо ў К.В. Кісялёва, старшыні Вярхоўнага Савета БССР, “прасіў ад імя маіх выбаршчыкаў Ленінскага раёна Пінскай вобласці падкінуць ім трохі адзення. Мне таксама радасна, калі ўдаецца штокольвечы зрабіць на карысць людзям”.

На верх старонкі