Цыркуляр

Цыркуляр польскага камандавання ад 30.11.1919 аб наданні польскай і беларускай мовам роўнага статуса на тэрыторыі 3-га раёна Пінскага павета.

Васіль Туміловіч
Кажан-Гарадок 500-гадовы

Кажан-Гарадок паміж Кастрычніцкай рэвалюцыяй і пачаткам Савецка-Польскай вайны (Х 1917 – VII 1919 гг.)

Галоўнае, чаго чакаў селянін ад звяржэння расійскага самаўладдзя — гэта магчымасць атрымаць зямлю. Зямля корміць, дае прыбытак — і тады можна будзе працаваць толькі на сябе, пазбавіцца эксплуатацыі.

Бальшавіцкія лозунгі аб міры і зямлі абнадзейвалі, што пакончыўшы з Мікалаем II, Часовым урадам, рэвалюцыйныя ўлады змогуць вырашыць гэтыя набалелыя пытанні. Пасля Кастрычніка астатак 1917 года так і завяршыўся ў гэтых марных чаканнях.

У пачатку 1918 года, у лютым, пачынаецца наступленне немцаў: толькі на чацвёрты год вайны іх войскі з’яўляюцца і ў Кажан-Гарадку. Увесь 1918 год на Лунінеччыне знаходяцца і падтрымліваемыя немцамі войскі Украінскай Рады — гайдамакі, а таксама пятлюраўцы.

Цікавая дэталь канца Першай сусветнай вайны: ні нямецкая, ні руская армія ўжо не праяўлялі асаблівага жадання ваяваць паміж сабою, бо ў абодвух варагуючых арміях улада належыла не толькі афіцэрам, але і салдацкім камітэтам. На Лунінеччыне знаходзіліся і рэвалюцыйныя атрады рускіх бальшавікоў, і немцы. Замест таго, каб ваяваць паміж сабою, рускія і нямецкія салдацкія камітэты дамаўляюцца аб тым, што “германская дывізія, размеркаваная ад Калінкавіч да Лунінца ўключна, прыступае да неадкладнага эвакуіравання сваіх часцей.., прычым эвакуацыя павінна закончыцца не пазней 7 студзеня 1919 года... З 12 гадзін ночы 8 студзеня дазваляецца перавозка чырвонаармейцаў і паўстанцкіх войск па ўсіх напрамках праз Лунінец.»49

У канцы студзеня 1919 года апошнія нямецкія эшалоны прайшлі праз Лунінец на захад, але гэтую тэрыторыю не думалі пакідаць гайдамакі Украінскай Рады і пятлюраўцы. З захаду сюды рыхтаваліся ўварвацца польскія войскі, якім немцы дазволілі заняць Брэст.

25 лютага 1919 года ў Кажан-Гарадок быў пераведзены з Пінска 2-гі Палескі полк бальшавікоў, а штаб яго размясціўся на ст. Лахва. У палку была вельмі нізкая дысцыпліна: байцы займаліся рабаваннем насельніцтва, п’янствам, крадзяжамі. Камандаванне, пераканаўшыся, што ў Пінску больш рабаваць няма чаго, перавяло гэты полк у Кажан-Гарадок. Толькі бальшавіцкае войска прабыло тут нядоўга, бо ў сярэдзіне лета ў Кажан-Гарадок прыйшла польская ўлада.

А пакуль палякі рыхтаваліся да наступлення, урад Леніна вырашыў стварыць паміж Польшчаю і Савецкай Расіяй буферную марыянетачную дзяржаву, якая б прыняла на сябе удар Польшчы і тым самым выратавала б Савецкую Расію.

У лютым 1919 г. бальшавікі, аб’яднаўшы БССР з Літоўскай ССР, стварылі “ССРБ і Л” (Рэспубліку ЛітБел). Ва ўрадзе гэтай псеўдабеларускай дзяржавы не было ніводнаго беларуса, ні адзін дзяржаўны акт не выйшаў на беларускай мове. За кароткі перыяд існавання ЛітБел дзяржаўныя ўстановы не былі забяспечаны нават штампамі і пячаткамі з указаннем назвы гэтай дзяржавы. Землі ЛітБел павінны былі прыняць удар Польшчы, ратуючы Расію.

У першай дэкадзе ліпеня 1919 г. у Кажан-Гарадку дзейнічаў літбелаўскі валасны выканаўчы камітэт на чале з З. Івашкевічам. Валвыканкам карыстаўся круглай дарэвалюцыйнай пячаткай з надпісам «Кожанъ-Городокская Вол. Земская Управа Минск. г.”

ЛітБел, як вядома, праіснавала толькі паўгода: ужо ў ліпені 1919 г. польскія войскі ўзялі Лунінец, баі з бальшавікамі прайшлі каля рэк Цна, Смердзь. 13 ліпеня польскія войскі былі ўжо на берагах Лані.

З’явіліся польскія войскі і ў Кажан-Гарадку; «палякі аднавілі Волянскія масты цераз Прыпяць, атрымалі ў раёне Кажан-Гарадка падмацаванне (пяхотны полк і батарэю з 6 гармат)”50.

“Циркулярное распоряжение начальника довудства войск польских» ад 18 лістапада 1919 г. сведчыць, што ў Пінскім павеце ваенныя ўлады пайшлі на незвычайны палітычны крок, абвясціўшы, што «пасведчанні аб памершых, як і аб вянчанні і хрышчэнні могуць выдавацца толькі на польскай або беларускай мовах». Значыць, беларуская мова атрымала шанц стаць на Палессі адной з дзяржаўных моў Польскай Рэспублікі. На жаль, гэтыя надзеі не спраўдзіліся.

Значная частка сялян-палешукоў, верагодна, лічыла, што польскае наступленне — нешта накшталт чарговага «польскага мяцяжу», інакш як растлумачыць такое вось непаразуменне.

У канцы 1919 года праваслаўныя Кажан-Гарадка паскардзіліся ў епархіяльны Мінск на польскіх ваенных, якія занялі ў Кажан-Гарадку “прыпісную царкву”. Адразу трэба адзначыць, што “прыпісная царква” — гэта запушчаная каталіцкая капліца (так значыцца ў праваслаўных інвентарах і “візітах” пачатку XIX ст.), і польскія салдаты пачалі выкарыстоўваць яе для сваіх рэлігійных патрэб — і то толькі часова. Паведамленне аб захопе “праваслаўнай” прыпісной царквы (!) у Мінску ўспрынялі ўсур’ёз, хаця ў Кажан-Гарадку ніякіх прыпісных цэркваў не існавала. Мінскі Епархіяльны Савет накіроўвае у Кажан-Гарадок пісьмовы адказ з пазнакаю “Тэрмінова” і просіць у прычта неадкладна “паведаміць... імёны і прозвішчы афіцэраў для ўзбуджэння супраць іх судовай справы за самавольны захоп царквы”. Відаць, і кіраўніцтва Мінскай епархіі верыла, што польскіх ваенных можна будзе аддаць пад суд як нейкіх мяцежнікаў ці бандытаў.

Але з фактам з’яўлення на карце Еўропы новай дзяржавы — Польскай Рэспублікі — прыйшлося змірыцца, як і з захопам гэтай краінай заходнебеларускіх зямель.

Восенню 1919 года Кажан-Гарадоцкая гміна ўжо карысталася польскімі штампам і пячаткаю; выконвалі свае абавязкі вуйт і сакратар гміны.