Васіль Туміловіч
Кажан-Гарадок 500-гадовы

Драматычны лёс польскага насельніцтва

У 1493 годзе — пры першым летапісным прыгадванні аб Кажан-Гарадку - значыцца, што валодаў «Гарадцом» Пётр Янавіч Мантыгірдавіч. Хутчэй за ўсё, ён быў католікам па веравызнанню. Складаней вызначыць, калі ў Кажан-Гарадку пасяліліся продкі сучасных этнічных палякаў і калі была збудавана тут першая каталіцкая святыня.

Звычайна, католік-памешчык меў у сваім маёнтку калі не касцёл, то хаця б капліцу: ксёндз не перахрысціць і не прыме да споведзі, нават не пераступіць парог дома таго памешчыка, які не мае ў сваіх уладаннях каталіцкага храма і не клапоціцца аб яго ўтрыманні.

У 1756 г. уладальнікі Кажан-Гарадка Ян Шчытт і яго жонка Людвіка — каталікі па веравызнанню — мясцовай уніяцкай парафіі надаюць багаты фундуш69.

У XIX ст., калі рускія ўлады разграмілі унію і вярнулі кажан-гарадоцкіх уніятаў у праваслаўе, Шчытты спрабушь вярнуць зафундаваныя землі, бо дарылі іх не праваслаўным, а уніятам. Незадоўга да адмены прыгоннага права памешчык адабраў частку падораных зямель — царкоўны агарод. І хаця фундуш 1756 г. даваў уніяцкаму святару права «малоць па 20 корцаў70 усякае збажыны бясплатна», гэтае права было пазней праваслаўнымі страчана, бо Шчытт здаў млын у арэнду, а арандатар бясплатна малоць не быў абавязаны.

Каталіцкая абшчына Кажан-Гарадка ў XIX ст. была невялікая: як сведчаць дакументы той пары, у 1842 годзе ў мястэчку жыў памешчык “Хрыстафор Юзэфаў Шчытт, халасты, рыма-каталіцкага веравызнання. Сялян у яго... рымлян абодвух полаў 115.

У згаданым дакуменце называецца і колькасць уніятаў, якіх налічвалася ў 9,4 разы больш, чым католікаў (лічбы прыводзяцца не па ўсіх уладаннях Шчытта, а толькі па Кажан-Гарадку. — В.Т).

Нават у 1919-39 гадах, калі Кажан-Гарадок знаходзіўся ў межах адноўленай Польскай дзяржавы, а ў мястэчку аселі шматлікія прадстаўнікі гміннай улады — і тады каталіцкая абшчына была малою, а таму касцёл лічыўся прыпісным. Набажэнствы з-за малой колькасці парафіян праводзіліся толькі 1 раз у месяц. Палякі-католікі жылі ў тыя гады ў асноўным па вул. Лахаўскай, дзе называлі іх чамусьці Саноцкімі — відаць, згодна з самым распаўсюджаным прозвішчам, бо толькі на адной вул. Лахаўскай Саноцкіх было да 6 хат, а яшчэ на вул. Чабатарцы жылі Саноцкія....

Найбольш цяжкія выпрабаванні на долю польскага насельніцтва Кажан-Гарадка выпалі пасля 17 верасня 1939 года — з прыходам Савецкай улады ў Заходнюю Беларусь. На Беларусі, занятай «братнім» Савецкім Саюзам, адразу пачалося вынішчэнне эліты грамадства: польскай адміністрацыі, работнікаў лясной аховы, інтэлігенцыі, заможных гаспадароў, асаднікаў...

Расказваюць, што арандатар-паляк, навучаны сумным вопытам тых, хто перажыў Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 года, з прыходам савецкіх «вызваліцеляў» кінуў маёнтак і ўцёк у цэнтральную Польшчу, акупіраваную немцамі, тым і выратаваў сваё жыццё. Выбар зрабіў: пад акупацыяй германскіх нацыстаў яму было спакойней, чым пад “народнай” уладай “братняй” Расіі. Ва ўсялякім разе, ён выратаваў сям’ю і сябе ад непазбежнай турмы і высылкі ў Сібір.

Пачатыя рэпрэсіі спыніла толькі ўварванне на нашы землі другога ворага — германскіх фашыстаў. І ўцалелыя ад савецкіх рэпрэсій палякі, як патрыятычная нацыя, уключыліся у барацьбу супраць гітлераўскіх нацыстаў, дзейнічаючы ў шарэнгах Арміі Краёвай, што падпарадкоўвалася эміграцыйнаму польскаму ўраду ў Лондане.

Вядомы польскі даследчык Чэслаў Голуб аб дзейнасці Арміі Краёвай на Беларусі, у тым ліку і каля Кажан-Гарадка, паведамляе наступнае: ”Арганізацыяй, сгворанай на пачатку 1940 г., якая дзейнічала да ліпеня 1944 г., быў Саюз Узброенай Барацьбы (СУБ), перайменаваны ў лютым у Армію Краёву (АК)...

У гэты час была арганізавана падуладная камендатуры ў Беластоку тэрыторыя Палесся пад кодавай назвай «Грыбы», да якой, акрамя акругоў Беластоцкага і Пінскага, падлягала таксама Навагрудская акруга.

Камендантам Палескай акругі СУБ быў маёр «Кузьма» — Аляксандр Габіняк. А пасля яго смерці (у час спробы яго арышту ў 1940 г.) гэтую функцыю (да арышту ў чэрвені 1941 г.) выконваў паручнік «Рыбак» — Ксаверы Сасіноўскі.

Ужо ў перыяд нямецкай акупацыі чарговымі камендантамі Палескай акругі былі падпалкоўнік «Адам» — Францішак Фаікс — да снежня 1942 г., затым падпалкоўнік “Жук» — Станіслаў Добрскі — да канца красавіка 1944 г. Пасля яго на гэтую функцыю быў прызначаны маёр “”Тшаска» - Генрых Краеўскі...

Камендантам СУБ (АК) Лунінецкай акругі пад кодавай назвай Лава быў паручнік запасу «Вярус» — Вітошыньскі (імя невядома; арыштаваны гестапа ў 1944 г. і знік). А яго намеснікам, адначасова выконваючы абавязкі кватэрмайстра, «Марыянна» — падпаручнік Уладыслаў Чая. Шэфам сувязі была “Сам” — Уладыслава Міхальска, а шэфам Кідыву (Кіраўніцтва дыверсіямі) — паручнік Урублеўскі. Не ўдалося ўстанавіць, хто быў шэфам разведкі ў наваколлі Лунінецкай акругі — паведамленні, дасылаемыя ў камендатуру акругі, былі падпісаныя псеўданімам “Картач”. Паведамленні змяшчалі дакладныя дадзеныя адносна чыгуначнага вайсковага транспарту... Належыць дапусціць, што член АК Бараноўскі, працуючы на станцыі перакладчыкам, быў блізкім супрацоўнікам “Картача” (Імя Бараноўскага невядома. Арыштаваны ў 1944 годзе НКУС. Далейшы лёс невядомы).

Вясною 1942 года на тэрыторыі раёна былі арганізаваны дзве раённыя камендатуры: у Лахве (камендант Юзэф Вернікоўскі, намеснік Антоні Мізікоўскі) і ў Кажан-Гарадку (камендант Балеслаў Хількевіч)...”

Вядома, што згодна з інструкцыяй, якая выходзіла ад лонданскага эміграцыйнага ўрада, агенты польскай Арміі Краёвай, якая падпольна дзейнічала на Беларусі, павінны былі уладкоўвацца на службу да немцаў, каб атрымліваць разведінфармацыю і змагацца супраць германскага фашызму. Адзін з жыхароў Кажан-Гарадка, паляк Шыманскі, таксама пайшоў на службу да немцаў, толькі невядома, што штурхнула яго на гэты крок: шчырыя пачуцці да «новага парадку» ці жаданне ўвайсці ў давер да акупантаў, каб адпомсціць за сваю радзіму. Што сталася далей з Шыманскім — успамінае жыхар Ракітна Сцяпан Караваевіч: «Ведаў я палячка Шыманскага з Кажан-Гарадка; быў ён там намеснікам начальніка паліцыі, здаецца. Але ў той вёсцы прабыў ён мала: перавялі ў Лунінец на такую ж пасаду. Шыманскі не сумняваўся, што немцы прайграюць вайну і збіраўся ўцякці ў партызаны. Забраў кулямёт, прыхапіў паболей зброі, нават каўбасы набраў. Праваднікі павялі яго да партызан. Тыя ж задушылі Шыманскага...»

Пасля заканчэння вайны СССР і ПНР устанавілі паміж сабою новую граніцу, што выклікала, адпаведна, міграцыю насельніцтва: палякі, раскіданыя па тэрыторыі Заходняй Беларусі, атрымалі права выехаць у этнічную Польшчу. Амаль усе яны і выехалі з Кажан-Гарадка.

Разам з польскімі католікамі спрабаваў эмігрыраваць у Польшчу і праваслаўны паляшук Яўген Дамашэвіч. Здавалася, у гэтым няма нічога дзіўнага, бо фармальнае права на выезд атрымліваў кожны, «хто лічыў сябе палякам». Але Дамашэвіч дапусціў памылку: перад афармленнем дакументаў сказаў, што пры польскай уладзе лепш было жыць і спакойней, чым пры рускіх. У выніку ён тут жа быў арыштаваны і замест выезду на Захад атрымаў турэмнае зняволенне па артыкулу «антысавецкая агітацыя і прапаганда» — 5 гадоў турмы.

Пасля вымушанага выезду каталіцкага насельніцтва ў Польшчу старэнькі касцёл у Кажан-Гарадку застаўся «безгаспадарчаю» пабудоваю і быў разабраны мясцовымі камуністамі. Для разбурэння святыні, якая перажыла нямала войнаў, мясцовыя ўлады прыкрыліся “законнаю падставаю»: два чалавекі, Хількевіч і Марковіч, «от имени советских трудящихся» далі ў сельсавет падпіску аб згодзе на знос бажніцы. Па словах аднаго з тых, хто разбіраў касцёл, ніякай пісьмовай дакументацыі ў будынку ўжо не было.

Бярвенні з разабранай святыні перавезлі і скарысталі для будаўніцтва калгаснага склада. Потым склад разабралі і прадалі бедняку — перасяленцу з Украіны. Той збудаваў хату, але доўга не жыў у вёсцы — вярнуўся на радзіму.

На жаль, фотаздымкаў касцёлу не захавалася.