Васіль Туміловіч Кажан-Гарадок 500-гадовыАд ледавіка да каменнага векуПясчаныя горы, што падступаюць з поўдня да Кажан-Гарадка, безумоўна, ледавіковага паходжання. Гэтыя горы (найбольш высокія ў раёне хутара Бабы), працягнуліся паралельна леваму берагу Прыпяці, аддзяляючы Кажан-Гарадок ад балоцістага масіву прыпяцкіх сенакосаў. Згаданыя пясчаныя горы, пачынаючыся дзесьці ў раёне Пінска (носяць у той мясцовасці назву Валы), працягнуліся ў бок Кажан-Гарадка, падступаючы да згаданай вёскі каля ўрочышчаў Чурылово і Мосьцечна. У вёсцы вяршыні пясчаных гор асабліва моцна разбураны, але ў раёне Майдана — на вул. Рачной — захаваўся высокі пясчаны вал. Працягам гэтых жа гор з’яўляецца ўзгорак, дзе збудавана царква, Цвінтар, урочышча Пяскі (цяпер — частка вуліцы Гімбатава), узгоркі ўрочышча Посічы, узвышшы пры хрысціянскіх і двух яўрэйскіх могілках, пясчаныя валы ў лесе на поўдзень ад урочышчаў Катовы лес і Бонда, асобна стаячая Марэньская гара, а таксама ўзвышшы Горкі і Загор’е. На ўсходзе, пры выхадзе з вёскі, гэтыя пясчаныя горы працягнуліся ва ўрочышча Пэрэвейская, каля балота Пажар і далей — у бок Гарбахі (пясчаных “гарбоў” на лахвенскіх землях). Неабходна дадаць, што самая высокая вяршыня Загор’я носіць назву Відуш-гара1; Відушавымі горамі называюць і пясчаны вал па вул. Рачной — самыя высокія кропкі геаграфічнага рэльефу ва ўсёй акрузе. Вынікамі “работы” ледавіка з’яўляюцца і нанесеныя россыпы жалезнай руды. Балотную жалезную руду можна знайсці паміж пясчанымі ўзгоркамі ў нізіне, што працягнулася прыкладна на кіламетр з поўначы на поўдзень пры падэшве ўсходняй ускраіны Марэньскай гары. Тарфяны слой, што паўсюдна пакрывае палескую нізіну, не вельмі глыбокі ў раёне Кажан-Гарадка. Землі ў асноўным пясчаныя, неўрадлівыя, мясцовасць больш прыгодная для пасялення старажытных паляўнічых, а не земляробаў. Практычна адсутнічаюць адлажэнні гліны — надзвычай неабходнай сыравіны для вырабу посуду. У акрузе Кажан-Гарадка не знойдзеш россыпаў нават дробных камянёў, так неабходных для вырабаў прылад працы ў перыяд каменнага веку. І калі ў каменным веку тут жылі людзі, то ім жыццёва неабходна было займацца абменным гандлем з насельнікамі тых тэрыторый, дзе можна было атрымаць неабходную сыравіну для вырабаў прылад працы з крэменю, гліны, а пазней — і з металаў.
|