Гарадзішчы
Гарадзішчы Кажан-Гарадка. План

Гарадзішчы
Помнік археалогіі
VI–VII ст.ст. "Паселішча", Кажан-Гарадок

Васіль Туміловіч
Кажан-Гарадок 500-гадовы

Каменны і ранні жалезны век

Частыя знаходкі дробных ашчэпкаў крэменю, што пастаянна можна знайсці ва ўрочышчах Майдан і Загор’е, пераканаўча сведчаць, што яшчэ ў каменным веку тут жылі людзі. Зрэдку знаходзяць тут і кавалкі ляпнога посуду — кераміку; але па рэштках керамікі не заўсёды можна дакладна даціраваць знаходку. Вядома, што ляпная кераміка — посуд, выраблены без прымянення ганчарнага круга,ва ўсходніх славян сустракаецца як у першабытным грамадстве, так і ў Х стагоддзі — у раннім сярэднявеччы.

“Стаянкі эпохі неаліту (позняга каменнага веку, 4500–1800 гадоў да н.э.) добра вядомы даследчыкам на пагорках Загор’е і Пінчукова гара, а таксама каля хутара Бабы, што знаходзіцца на адлегласці 1,5–2,5 км на паўднёвы ўсход ад Кажан-Гарадка...

Каменныя інструменты названай эпохі неаднаразова трапляліся даследчыкам на памянёных пагорках... ў нізіне, што падступае да левага берага р. Цны каля Дрэбска”2.

У перыяд жалезнага веку (VII–IV ст. да н.э.) на Лунінеччыне было шмат паселішчаў, “аб чым сведчаць знаходкі ляпнога посуду мілаградскай і зарубінецкай культур, кавалкі металургічнага жалезнага шлаку, кавальскія вырабы і інш. На ўсходнім ускрайку Кажан-Гарадка ля дарогі на Лахву маюцца два гарадзішчы, размешчаныя блізка адно ад другога”3.

“Ляпная кераміка эпохі жалезнага веку, знойдзеная ва ўрочышчы Відуш-Гара, захоўваецца ў Дзяржаўным археалагічным музеі ў Варшаве”4.

“Археалогія Беларусі” вельмі лаканічна характарызуе знаходкі каменнага веку ў раёне Кажан-Гарадка: “На тэрыторыі Беларусі вядома яшчэ некалькі помнікаў кудлаеўскага тыпу ці кудлаеўскай культуры: Кажан-Гарадок і Беласарока на Прыпяці”5.

Неабходна ўнесці спраўку: кудлаеўская археалагічная культура характэрна для сярэдняга каменнага веку (мезаліту) і была распаўсюджана на поўначы Украіны — поўдні Беларусі. Для яе характэрны “мікралітычныя прылады працы: невялікія адна- і двухпляцовачныя нуклеусы; вастрыі тыпу Каморніца, канцавыя, круглаватыя скрабкі, тронкавыя наканечнікі стрэл, пласціны з затупленым рэтушшу краем, вуглавыя і бакавыя разцы, загатоўкамі для якіх служылі адшчэпы”6.

Другі том “Археалогіі Беларусі”, дзе сабраны матэрыялы аб жалезным веку і раннім сярэднявеччы, дае больш аб’ёмісты матэрыял па археалагічным знаходкам у раёне Кажан-Гарадка.

“На тэрыторыі Беларускага Палесся няма цалкам даследаваных на ўсёй плошчы пражскіх паселішчаў, таму колькасць раскапаных жытлаў пакуль невялікая. Па тры жытлы адкрыты і даследаваны ў Петрыкаве, Востраве, Струзе-1, два — на паселішчы Камень-6 і па аднаму ў Ліплянах і Кажан-Гарадку”7.

“Падквадратнае ў плане жытло памерам 4х3,8 м і глыбінёй катлавана ў мацерыку да 0,5 м даследавана на паселішчы Кажан-Гарадок ...на паўночным беразе Прыпяці. Арыентаванае сценамі па старанах свету. Пясчаная падлога значна паглыблена ў цэнтры. Пабудова загінула пры пажары і па яе перыметру захаваліся рэшткі абпаленых бярвёнаў, месцамі па 2-3 вянцы... У паўночна-усходнім кутку жытла выяўлены развал абпаленых невялікіх камянёў і кавалкаў балотнай руды. Хутчэй за ўсё гэта рэшткі агменя, на якім абагравалася памяшканне, а не печы-каменкі”8.

“Апроч гаршкападобных сасудаў і міскападобных у пражска-карчакскіх комплексах Беларускага Палесся прысутнічаюць у невялікай колькасці маленькія сасудзікі. Знойдзены яны ў Кажан-Гарадку...”9

“Адзінымі экзэмплярамі прадстаўлены цыліндрычныя акруглападобныя прасліцы (Струга-1, Снядзін-2, Кажан-Гарадок)... Вельмі рэдка яны сустракаюцца і на іншых помніках пражскага арэола”10.

“Са слабаабпаленай гліны зроблены так званыя хлябцы — круглаватыя, крыху сплюшчаныя з аднаго ці з абодвух бакоў вырабы. Яны знойдзены на паселішчы Кажан-Гарадок... Іх дыяметр вагаецца ў межах 9-5 см... Выраблены гэтыя не арнаментаваныя, толькі на паверхні аднаго хлябца з Кажан-Гарадка можна назіраць нейкія нерэгулярныя краскі. Падобныя прадметы сустракаюцца і ў іншых рэгіёнах пражскай культуры”11.

“Праводзіўся металаграфічны аналіз ...нажоў з паселішча Кажан-Гарадок. Два нажы выраблены з крычнага жалеза ферытавай структуры, адзін экзэмпляр выкананы з жалезнай нарыхтоўкі, папярэдне апрацаваны спосабам пакетавання з зыходнай сыравіны. Гэты спосаб заснаваны на шматразовай перакоўцы, складванні і зварцы паўфабрыката, ад чаго атрымлівалася шматпалосная структура. Па аналагічнай тэхналогіі, але з сырцовай сталі зроблены яшчэ адзін нож. Знойдзены нож зроблены са сталі, але па тэхналогіі зваркі асобных кавалкаў. Прадметы з якаснымі зварнымі швамі і шматпалоснымі структурамі характэрны не толькі для Кажан-Гарадка, але і для паселішчаў пражскай культуры з тэрыторыі Малдовы, Польшчы, Украіны”12.

Як вядома, пражскай культурай называюць археалагічную культуру раннеславянскіх плямёнаў, якія ў V–VII стагоддзях насялялі тэррыторыю ад Дняпра і возера Ільмень на ўсходзе да рэк Эльбы і Дуная на захадзе і поўдні. Пражская культура выдзелена ў самастойную ў 1940-я гады. Рэчавы матэрыял пражскай культуры вельмі бедны: ён прадстаўлены керамікай, вырабамі з металу, косці і каменю. Пахавальныя помнікі пражскай культуры — грунтавыя могільнікі ці курганы з абрадам трупаспалення — у наваколлях Кажан-Гарадка пакуль не выяўлены.

“Не выключана, што славянскае насельніцтва, якое пакінула помнікі пражскага тыпу на Беларускім Палессі, з’явілася тут у першай палове V ст. нашай эры. На аснове параўнання керамічных комплексаў можна выказаць меркаванне, што ў VI — VII ст. функцыяніравалі паселішчы Снядзін-1, Снядзін-2, Кажан-Гарадок...”13