Васіль Туміловіч
Кажан-Гарадок 500-гадовы

Гістарычная даведка

Кажан-Гарадок — вёска ў Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці.

Размешчана на беразе р. Цны ў 4 км ад упадзення апошняй у р. Прыпяць.

Летапісная гісторыя Кажан-Гарадка пачынаецца ў 1493 годзе, але археалагічныя раскопкі паказалі, што тут існавала паселішча яшчэ ў V–VI ст. н.э.

У 1665 годзе мястэчка было спалена атрадам рускіх войск, а насельніцтва знішчана.

У 1793 годзе гзтыя землі адабраны ад Рэчы Паспалітай Расіяй. У ХІХ ст. Кажан-Гарадок вядомы як мястэчка, цэнтр воласці Пінскага уезда Мінскай губерні.

У 1919–39 г.г. Кажан-Гарадок — у складзе ІІ Рэчы Паспалітай.

У лістападзе 1920 г. тут знаходзіўся штаб генерала Станіслава Булак-Балаховіча.

У час германскай акупацыі (1941–44г.г.) вёска адносілася да Лахвенскай гміны Лунінецкай раённай управы Пінскай акругі рэйхскамісарыята “Украіна”. 3 верасня 1942 г. на ўскраіне вёскі былі растраляны вязні яўрэйскага гета — звыш 930 чалавек.

Пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі (26.04.1986) мясцовасць была забруджана радыёнуклідамі (зона забруджанасці ад 1 да 5 кюры/км2). З дапамогаю замежных дабрачынных арганізацый кажан-гарадоцкія школьнікі выязджалі на аздараўленне з радыяцыйнай тэрыторыі ў шэраг еўрапейскіх краін: Германію, Італію, Ірландыю...

У 1997 годзе ў Кажан-Гарадку налічвалася 1968 жыхароў, 702 двары, у 2004 — 1988 жыхароў, 698 двароў.

Большасць працуючых занята ў аграфірме-калгасе “Маяк” — 434 чалавек, у калгасе-камбінаце “Крыніца” — 252 (1999 г.)

Натуральны прырост насельніцтва фактычна спыніўся.

Дзейнічаюць сярэдняя школа (разлічана на 220 вучняў), Дом культуры, бібліятэка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, КБА, праваслаўная Свята-Мікалаеўская царква.