Васіль Туміловіч
Кажан-Гарадок 500-гадовы

Уладальнікі і арандатары Кажан-Гарадка

Першае пісьмовая згадка аб уладальніках Кажан-Гарадка адносіцца да 1493 года. Тады “Гарадзец”, сяло маёнтка Лахва, было ўласнасцю Пятра Янавіча Мантыгірдавіча. Мантыгірдавічы — дзяржаўныя дзеячы і буйнейшыя землеўладальнікі Вялікага Княства Літоўскага ў XIV – XV ст. У час заключэння Гарадзельскай уніі браты Мантыгірдавічы прынялі герб “Вадвіч”. Уладальнік Кажан-Гарадка Пётр Мантыгірдавіч (па мянушцы “Белы”, каля 1440–1499) займаў высокія ўрадавыя пасады: намеснік браслаўскі, маршалак надворны ў 1480–82; староста луцкі, маршалак валынскі ў 1487; ваявода трокскі і кашталян земскі з 1491 г. Пасада ваяводы трокскага давала Пятру Мантыгірдавічу знаходзіцца ў “пярэдняй лаве” — бліжэйшым акружэнні Вялікага князя. У складзе дэлегацыі ВКЛ Пётр Янавіч Мантыгірдавіч некалькі разоў наведваў Маскву.

Пётр Мантыгірдавіч быцў уладальнікам “Іўя і Лоска, Дубровы і Нядэзска ў Заслаўскім княстве, Шацка і Цітвы ў Менскім павеце, Лахвы на Палессі, Алыкі на Валыні; у 1492 г. атрымаў Нясвіж”19. Акрамя Лахвы і Кажан-Гарадка, на Лунінеччыне яму належалі Вічын, Кормуж, Малая Лахаўка, Мокрава...

Яго адзіны сын Ян загінуў у бітве з маскоўскім войскам на Ведрашы ў 1500 г., пасля чаго ўсе маёнткі адышлі да дачкі Соф’і, жонкі Станіслава Кішкі.

* * *
Новымі ўладальнікамі Кажан-Гарадка сталі Кішкі: гэта адбылося не раней 1500 года. Гістарычныя крыніцы захавалі нямала звестак аб гэтым знакамітым магнацкім родзе ў XV ст.: у 1493 г. яны валодалі Сінкевічамі, Сітніцай, Цною...

Час быў неспакойны: XVI ст. — перыяд амаль бесперапынных войнаў супраць крымчакоў, Масковіі, час распаўсюджання асветніцкіх ідэй, рэфармацыі і контррэфармацыі, барацьбы паміж рэлігійнымі ідэалогіямі за манаполію ў сферы місіянерства. Гэта быў час, калі на зруйнаваных войнамі землях Беларусі шырыўся новы тып гаспадаркі — фальварак.

“На працягу XVI ст. Вялікае Княства Літоўскае абараняла сваю незалежнасць і багацце ад набегаў крымчакоў, якіх зведала 45 за першую палову гэтага стагоддзя. Але галоўны вораг Беларуска-Літоўскага гаспадарства ў гэты час паўстаў на ўсходзе. З канца XVI ст. маскоўская дзяржава прыпісвае сабе ролю спадкаемцы Кіева, а пасля жаніцьбы Івана ІІІ на дачцэ апошняга візантыйскага імператара, спадкаемы Візантыі — галавою ўсіх праваслаўных храсціян Усходняй Еўропы. Гэта з’явілася прычынай для аб’яўлення ўсходнеславянскіх зямель ВКЛ сваёй вотчынай і адкрытай агрэсіі супраць заходняга суседа.

Першая палова XVI ст. была запоўнена войнамі паміж Вялікімі Княствамі Маскоўскім і Літоўскім. Баявыя дзеянні вяліся ў 1500-03, 1506-08, 1512-22, 1534-37 гадах. З аднаго і другога боку былі і перамогі і паражэнні. Масква інспірыравала ўнутраныя канфлікты ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве. Варта прыгадаць хаця б мяцеж Міхаіла Глінскага 1508 г. Уся захопніцкая палітыка Масковіі адбывалася пад ідэалагічным заклікам абароны праваслаўя”20.

Нарэшце, 25-гадовая Лівонская (Інфлянцкая) вайна 1558-1583 гадоў, распачатая на беларускіх землях Масковіяй, вымусіла пайсці ВКЛ на зліццё з Польшчай у адну дзяржаву — Рэч Паспалітую: гэта адбылося ў выніку заключэння Люблінскай уніі 1569 года.

Можа, Кажан-Гарадку і пашанцавала: на працягу ўсяго крывавага XVI ст. сяло належала прадстаўнікам толькі аднаго роду — Кішкам.

“У 1588 г. сяло Гарадзец — уласнасць Яна Кішкі”21. Аб гэтым уладальніку вядома наступнае. “Кішка Ян Станіслававіч (каля 1540 — 26.07.1592) дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Вучыўся у Базелі (1563); з 1564 г. у Цюрыху, Рыме, Неапалі, Балоні. З 1569 г. — крайчы ВКЛ; з 1579 г. падчашы ВКЛ і стараста жмудскі, з 1588 г. кашталян віленскі, з 1589 г. ваявода брэсцкі, дзяржаўца быстрыцкі і цівун эйрагольскі. У 1580 г., у час Лівонскай вайны, удзельнічаў у паходзе Стэфана Баторыя на Вялікія Лукі. У сваіх маёнтках пашыраў арыянства. Заснаваў арыянскую друкарню ў Іўі, друкарню ў Венграве (1570), Лоскую друкарню. На арыянскіх сінодах у Лоску (1578, 1581), Любчы (1582) выступаў супраць леварадыкальнай плыні ў арыянскім руху. На сеймах 1589 г. выступаў у абарону верацярпімасці. Аўтар некалькіх рэлігійных трактатаў”22.

Аб другім уладальніку Кажан-Гарадка з таго ж магнацкага роду, Мікалаю Станіслававічу Кішцы, звестак захавалася менш. Год нараджэння невядомы, а памёр гэты магнат 31.05.1644 г.

У 1603-05 гг. Кажан-Гарадок — сяло Наваградскага павета, уласнасць Станіслава Станіслававіча Кішкі, які за 11 тыс. коп грошаў заклаў яго Юрыю Самсону Падбярэзскаму, брацлаўскаму маршалку.

У 1613 г. Кажан-Гарадок — двор, цэнтр маёнтка-воласці (мястэчкі і сёлы Бастынь, Бродніца, Велута, Вічын, Дварэц, Дрэпская Даліна, Кормыж, Ракітна, Цна, Язвінкі і інш) — уласнасць Мікалая Станіславіча Кішкі, які прадаў гэты маёнтак Юрыю Самсону Падбярэзскаму.

* * *
Трэцім магнацкім родам, які валодаў Кажан-Гарадком пасля Мантыгірдавічаў і Кішкаў былі Падбярэзскія. Юры Самсон Падбярэзскі купіў гэты маёнтак у 1613 годзе.

Падбярэзскія валодалі Кажан-Гарадком нядоўга — каля 30 гадоў. Іх гаспадаранне было працягам той жа рэлігійнай палітыкі, якую распачалі ў мястэчку іх папярэднікі — Кішкі. Юры Падбярэзскі быў прыхільнікам пратэстанцкіх ідэй. Яго справу працягвала Даратэя Падбярэзская (з дому Завіша): клопатамі гэтай памешчыцы ў 1635 г. быў збудаваны ў Кажан-Гарадку кальвінісцкі храм.

Хаця распаўсюджанне пратэстанцкіх антыкаталіцкіх настрояў у Кажан-Гарадку мела ўжо 150-гадовы вопыт (з часоў Яна Станіслававіча Кішкі), з’яўленне тут кальвінісцкага храма тоіць у сабе нямала загадак: чаму абраны для будоўлі Кажан-Гарадок? Хто складаў ядро абшчыны? Як і калі спыніла сваё існаванне гэтая пратэстанцкая парафія?

* * *
Магчыма, чацвёртымі ўладальнікамі Кажан-Гарадка сталі магнаты Тарнаўскія. Год, у які Тарнаўскія пачалі валодаць Кажан-Гарадком, дакладна не вядомы. У 1645 г. уладальнік Кажан-Гарадка граф Тарнаўскі быў абраны паслом на варшаўскі сейм.

У падпарадкаванні графа быў “Кажан-Гарадоцкі стараста Ігнатовіч”, які ў адсутнасць гаспадара шырока карыстаўся паўнамоцтвамі па вядзенню гаспадарчых спраў.

У наступным, 1646 г. сярод службовых асоб маёнтка мы сустракаем новае імя: гэта Марк Давыдавіч, арандатар “городка названаго кожангородецкого”, які пісаў скаргу ў пінскі гарадскі суд.

Праз год, у 1647 г., “дзяржаўцам Кажан-Гарадка” быў нехта Факенда, мешчанін віленскі. Факенда ўпэўнена адчуваў за сабою “шырокую спіну” гаспадара: у 1647 г. названы дзяржаўца ўзначаліў “атрад баяр і людзей службовых”, якія вынішчылі ўраджай на палях дзяцелавіцкага праваслаўнага манастыра.

Невядома ў якіх гадах, але маёнткам валодалі і Устрыцкія (кароткая згадка аб гэтым ёсць у “Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі”)23.

Цікава, што перад упадзеннем ракі Цны у Прыпяць ёсць возера Устрыцко, якое на зямельным плане 1883 года мае контуры правільна ачэрчанай лацінскай літары S. Няўжо такую дасканалую форму стварыла прырода?

Трэба дадаць, што фанетычнае супадзенне паміж назваю возера і прозвішчам яго ўладальніка яшчэ не доказ таго, што памешчык назваў згаданае возера ў свой гонар. І усё ж загадка тут ёсць, і яна застаецца неразгаданаю...

* * *
Памешчыкі Шчытты — шостыя і апошнія ўладальнікі Кажан-Гарадка.

Некаторыя звесткі аб гэтым родзе і яго ўладаннях прыводзяцца ў кнізе Р.Афтаназы “Гісторыя рэзідэнцый на былых ускраінах Рэчы Паспалітай”, што выйшла на польскай мове ў 1992 годзе:

“У пачатку XVIII ст. ад Антона Устрыцкага, кашталяна саноцкага, маёмасць перайшла да Кшыштофа Бенедыкта Шчытта, кашталяна смаленскага, памершага ў 1729 г. ...Ён стаў пачынальнікам родавай лініі, названай з тых часоў Кажан-Гарадоцкаю, або кашталянскаю. Наступным уласнікам Кажан-Гарадка быў другі сын Кшыштофа Бенедыкта, Ян Шчытт, кашталян мінскі, жанаты на Людвіцы Пацавай; потым, аж да 1939 г. у яго прамой лініі патомкі — мужчыны. Шчытты гербу Ястрабец ужывалі прозвішча Неміровічы. У свой час шырока на Літве і ў Кароне мелі шмат родзічаў, мелі агулам 136 маёнткаў, сябравалі з найпершымі фаміліямі ў краі. Адным з найвялікшых быў уласна ключ Кажан-Гарадоцкі, налічваў у свой час 22816 дзесяцін зямель і лясоў. Падбярэзскія пакінулі памятку ў Кажан-Гарадку фундацыяй кальвінісцкага збору ў першай палове XVII ст., Шчытты на тым месцы будуюць там на сто гадоў пазней каталіцкі касцёл...

Першыя паны ў Кажан-Гарадку з роду Шчыттоў-Неміровічаў выбудавалі каля палавіны XVIII ст. узорны, поўнасцю або часткова, паверх дваровай забудовы, ці драўляны палац, аб якім, на жаль, нічога невядома, акрамя як тое, што згарэў ён каля паловы XIX ст. у часы Кшыштофа Шчытта, сына Юзэфа, маршалка давыд-гарадоцкага і Тэклі з князёў Друцкіх-Любецкіх, сястры міністра.

Агонь быццам бы падклаў лакей.

Ад выбуху Другой сусветнай вайны захавалася, аднак, у Кажан-Гарадку, вытрыманая ў барокавым стылі брама ўяздная першазбудаванага двара, што была надзвычай цікавым прыкладам драўлянай архітэктуры, што паўстала пад уплывам мураваных узораў. Надбудова сярэдняй часткі брамы абапіралася на двух магутных апорах, зложаных з чатырох вертыкальна ўстаноўленых бэлек, абшаляваных вакол гарызантальна дошкамі з накладзенымі на іх парамі пілястраў. Надбудова ўяўляла тып шырокага фрызу з трыгліфамі і класічным аздабленнем. Цэласць замыкала паўкруглая дуга, увянчаная вазонам. Знізу дугі змешчаны авальны шчыт з гербам фундатараў. Па баках уяздной брамы стаялі меншыя слупы, квадратныя у сячэнні, на якіх навешаны веснічкі для пешых. Крайнія слупы, як і сярэднія, звязаны ў адну цэласць, увянчаны высокім абеліскам.

Калі той барочны двор згарэў, Кшыштоф Шчытт выбудаваў новы, таксама драўляны, прыблізна па восі старога, але з другога боку ўяздной брамы, гэта значыць пасярод даўняга дзядзінца. Новая аднапавярховая сядзіба стаяла на высокай падмуроўцы, мела паверхі ў сярэдняй частцы і порцік на чатырох мураваных калонах, крытая гонтавым дахам. Мела характар тыповага польскага двара ХІХ ст. Дом той, можа, з’явіўся ўзорам для рэзідэнцыі Друцкіх-Любецкіх у Луніне, з якімі фундатар яго быў у блізкім крэўным радстве.

Унутры мелася каля 20 пакояў, абітых пераважна тапэтамі, з дубовымі паркетнымі падлогамі, кафлянымі печамі і адзіным ка-мінам, што знаходзіўся ў сталовым пакоі, абкладзеным боазэрыяй. Новы дом меў стылістычнае аснашчэнне, што дэманстравала каштоўныя творы мастацтва, напэўна часткова ўратаваных з пажару старога дома. Нямала, аднак, з тых прадметаў было сабрана, напэўна, Кшыштофам Шчыттом, чалавекам адукаваным, дзіўнай фантазіі, але і культурным. Як вынікае з вельмі скупых данясенняў, у абедзеннай зале стаяў вялічэзны разны буфет і крэслы, абітыя скураю з высокімі спінкамі. Як асаблівасць адзначаны агромністы глобус з карэльскай бярозы, які раскрываўся, у якім захоўвалася сталовае серабро. Сцены ўпрыгожвалі сямейныя партрэты, многія з іх з XVIII ст з намаляванымі асобамі ў напудраных парыках. У салоне ўстаноўлена мэбля з чырвонага дрэва, а таксама сакратэрыкі з медальёнамі ды інтарсіяй. У сервантах трымалі фарфор сеўрскі, саксонскі і карэцкі, калекцыя якога была добра вядома і цанілася ў акрузе. На каміне і сакратэрах звярталі ўвагу на сябе старынныя гадзіннікі. У некаторых пакоях вісела старая зброя англійская, французская. Да сямейных памятак належылі: пояс слуцкі, тканы двухбакова, старая карабеля з багатаю рукаяткаю, кінжал усходні з сярэбранаю рукаяткаю, усеянаю бірузою, а ў канцы — табакеркі па шамбэляне Кшыштофу і маршалку Юзэфу Шчыттах, з якіх адна аздоблена была мініяцюраю з выяваю Станіслава Аўгуста, другая выразаная са слановай касці, з чорнаю і залатою эмаллю. У стылёвым афармленні былі і другія пакоі, як кабінет гаспадара дома і спальні.

Аб існаванні бібліятэкі ў Кажан-Гарадку нічога не вядома. Знаходзіўся там, аднак, у часы Кшыштофа Шчытта сямейны архіў з наданнямі каралеўскімі і сямейная карэспандэнцыя мінулых вякоў. Былі таксама і другія цікавыя паперы, як афішы тэатральныя памятных прадстаўленняў, пастаўленыя дваровымі шчыттоўскімі акторамі, напрыклад, твор “Дворык пры гасцінцу”, сыграны ў дзень імянін Юзэфы з гербу Бутлераў шамбаляванай Кшыштофай Шчыттовай у яе маёнтку пасагавым Вяльбутаў. Калекцыя твораў мастацтва мусіла быць значнай пры жыцці Кшыштофа Шчытта. Пасля яго смерці пароўну ўсё дабро і мноства сямейных памятак падзелена паміж трох сыноў памершага...

Кажан-Гарадок з фальваркамі Цна і Дрэбск атрымаў пры падзеле меншы сын Кшыштофа, Ісціслаў; сярэдняму, Казімежу дастаўся суседні маёнтак Дварэц з фальваркамі Вулька і Тэрэсін; старэйшаму, Юзэфу - Новы Двор і фальваркі Язвінкі разам з Любажэрдзем... Па смерці Ісціслава Шчытта Кажан-Гарадок атрымаў яго малодшы сын Казімеж з адукацыяй лекара-псіхіятра, які пастаянна жыў у Варшаве. Маёнткам адміністраваў надалей яго старэйшы брат Кшыштоф, прыродазнаўца, пасол Сейма Рэчы Паспалітай, да якога перайшло дабро бяздзетнага дзядзькі па бацькоўскай лініі Казімежа, Дварэц.

Казімеж Шчытт, спартсмен, аставіўшы траіх дзяцей: Анну, Яна і Кшыштофа, апошніх уладальнікаў, у час мінулай вайны загінуў у Катыні, а Кшыштоф, які не быў жанаты, памёр у глыбіні Расіі. У час Першай сусветнай вайны ў 1917 г. новы двор быў спалены. У міжваенным прамежку Кшыштоф Шчытт адбудаваў у трэці раз двор, які загінуў у полымі 1940 г.”24

Польскі гісторык Раман Афтаназы адзначае, што ў Дварцы, дзе жылі нашчадкі ўладальнікаў Кажан-Гарадка, захоўваліся некаторыя прадметы даўніны, што паходзілі з Кажан-Гарадоцкай рэзідэнцыі. Так, у Дварцы да 1914 года было “некалькі памятак і твораў мастацтва, што паходзілі з Кажан-Гарадка, у тым ліку стары невялічкі музычны інструмент з драўлянаю клавіятураю і арфаю пасярэдзіне. У стаячай збоку двара невялічкай каплічцы вісеў абраз Маткі Боскай з цёмным тварам, з Дзіцяткам Езусам на руцэ і анёламі, змешчаны ў разным трыпціху. Фон абразу быў шыты цалкам з даўняга паўстанцкага сцяга. Абраз той, што быў ва ўласнасці сям’і Шчыттоў некалькі соцень гадоў, раней знаходзіўся ў Кажан-Гарадку”25.

Малюнак адбудаванага пасля першага пажару Кажан-Гарадоцкага памешчыцкага двара меў у сваіх зборах Мечыслаў Яловецкі, што жыў у Лондане. Польскі гісторык Р. Афтаназы намагаўся атрымаць адбітак гэтага малюнка, каб выкарыстаць як ілюстрацыю да свае кнігі, але яму было адмоўлена. Падобным чынам паступіла адшуканая пасля смерці бацькі ў Іспаніі яго дачка. Другія ж родзічы Шчыттоў шчыра дзяліліся інфармацыяй аб сваіх продках.

Многа цікавага аб адным з прадстаўнікоў роду Шчыттоў распавядае Гжэгож Рэнкоўскі ў кнізе “Чары Палесся”: “Найбольш вядомы са Шчыттоў у Кажан-Гарадку быў, несумненна, маршалак давыд-гарадоцкі Кшыштоф Шчытт, сябра Зыгмунта Красіньскага, слынны з разнастайных дзівацтваў і экстраваганцый. Так, на падставе аповесцяў сямейных піша аб ім Зофія Стульгінска у кніжцы “Грушкі на вярбе”: ... Кшыштоф Шчытт ваяжнічаў з маладосці па заграніцы, наведаў Рым. Было тое летам, і Папа знаходзіўся ў сваёй летняй рэзідэнцыі. Кшыштоф асядлаў асла, адзеты ў шаты эпохі Хрыста і трымаў вялікі пальмавы ліст у далоні, рушыў на спатканне папскага “орчака”. Выклікала тое, вядома, вялікі скандал. Удачлівы лёгкадумны паніч пазбегнуў турмы толькі дзякуючы заступ-ніцтву маючага шырокія сувязі Красіньскага, але мусіў тут жа пакінуць Рым. Мінула некалькі гадоў, поўных прыгод і падарожжаў, пакуль Кшыштоф Шчытт з’явіўся зноў у Рыме. На гэты раз яму ўдалося дабіцца аўдыенцыі ў Папы. Калі згодна з устаноўленым цэрыманіялам Кшыштаф меў пацалаваць папскую пантофлю з рэліквітамі, укусіў Папу за палец нагі. “Калі Папеж ёсць святы, не павінна яму ад гэтага балець”, — смяяўся пазней Кшыштоф, апавядаючы аб сваім учынку. У гэтым выпадку нават Красіньскаму не ўдалося абараніць нахабніка, і Шчытт павандраваў за краты. З замку св. Анёла ледзь выкупіў яго праз пару гадоў адміністратар яго палескіх маёнткаў, прадаўшы аднаго з іх. Калі пасля доўгай адсутнасці Кшыштоф Шчытт вярнуўся нечакана да бацькоўскага Кажан-Гарадка, знайшоў палац без прыгожай мэблі, дываноў, партрэтаў, серабра і фарфору. Спусташэнне тое ўчыніла яго ўласная сястра княгіня Друцкая-Любецкая, вывезшы ўсё да свайго маёнтку ў Лунін. Назаўтра, па вяртанню Кшыштофа, у Луніне адбываўся вялікі баль, на які з’ехалася “околичная” шляхта. Аркестр іграў ведэнскі вальс, а вясёлае таварыства бавілася ва ўсю, калі праз асветлены agirno двор заехала некалькі драбіністых вазоў і Кшыштоф Шчытт конна, у фраку, у чорным вячэрнім плашчы, у белых пальчатках, саскочыўшы з каня, крыкнуў на лакеяў. І, паразпіхаўшы перапалоханых слуг, не здымаючы з галавы трохвуголкі, са шпагаю ва ўрукавічанай далоні, пакрочыў праз бальную залу. Узнік перапалолх, музыкі заігралі ў паў-такту. Не звяртаючы ні на каго ні малейшай увагі, Кшыштоф абходзіў салоны на чале грамады сваіх лакеяў, пачаргова паказваючы шпіцрутэнам на ўсю забраную з Кажан-Гарадка мэблю, абразы, люстры і дываны, а світа ўкладвала і зносіла ўсё тое на падрыхтаваныя перад дваром вазы.

Па заканчэнню брухлівай маладосці Кшыштоф Шчытт, нарэшце, паспакайнеў і ажаніўся. Пасля нараджэння шостага дзіцяці сказаў жонцы: “Досыць ужо гэтага, пані дабрадзейка” — і перабраўся з палаца ў двухпавярховы домік, які загадаў выбудаваць сабе ў парку. Домік той з награмаджэннем антычнасці быў занадта незвычайны: не меў міжпавярховых лесвіц, так што гасцям, якіх Кшыштоф меў у пашане, трэба было дабірацца на першы ярус па спушчанай вяровачнай лесвіцы. Адтуль толькі ўнутранымі сходамі апускаліся на партэр або паднімаліся на паверх вышэй.

...На мяжы сваіх зямель з царскімі дзяржаўнымі землямі Шчытт загадаў паставіць слупы з надпісам з аднаго боку “дзяржава Шчыттоўская”, а з другога “дзяржава Расійская”, на што падкупленая царская адміністрацыя глядзела скрозь пальцы...

У час будаўніцтва чыгункі інжынеры прапанавалі багатым пінскім яўрэям, што за адпаведную суму грошай вузлавою станцыяй можна будзе зрабіць Пінск, што несумненна спрыяла б купецкім інтарэсам. Яўрэі, аднак, не згадзіліся, бо прыйшлі да высновы, што чыгуначны вузел так ці інакш будзе ў Пінску, а не ў нейкім нічога не значным Лунінцы. Для чаго ж ім выкідаць грошы на вецер? Поўнасцю наадварот паступіў уладальнік кажан-гарадоцкага маёнтка, вядомы нам з экстраваганцый Кшыштоф Шчытт. Даведаўшыся, што лінія Баранавічы - Сарны мае праходзіць праз яго землі, даў царскім урадаўцам “на лапу” непамерна вялізную суму — 10 тыс. рублёў золатам, абы толькі чыгунка яго абмінула. Распачыналіся ўжо земляныя работы (будаваліся фрагменты насыпу, што захаваліся ў даліне Прыпяці пад Кажан-Гарадком), трасу некалькі змянілі, што пазбавіла Кажан-Гарадок магчымасці развіцця, а самога Шчытта - значных кампенсацый, якія мог бы атрымаць за землі, занятыя пад чыгунку. У выніку чыгуначны вузел, заснавалі нечакана ў Лунінцы, які з вёскі ў хуткім часе стаў мястэчкам, а пазней — звычайным горадам”26.

Нядаўна ўдалося адшукаць некалькі даведак, выдадзеных прыгонным Кажан-Гарадоцкай эканоміяй у 1847-55 гг. Дакументы цікавыя не так зместам, як геральдычнымі сімваламі, змешчанымі на пячатках эканоміі.

Першы з дакументаў даціраваны 1847 г. і завераны круглаю пячаткаю, па кругу якой надпіс на польскай мове “Пячаць эканоміі Кажангарадзецкай”. На пячатцы малюнак перакрыжаваных лаўровай і пальмавай галінак, перавязаных стужкаю; над імі — нацягнуты лук з прыкладзенаю стралою. Яшчэ вышэй — дзве рыбкі; завяршаецца геральдычная кампазіцыя выяваю кажана, лятучай мышы. “Кажан-Гарадок” (назва вёскі) і “кажан” (назва жывёліны) схіляюць да спакуслівай думкі: ці не паходзіць назва мястэчка ад назвы аднаіменнай жывой істоты?

У аўтара гэтых радкоў адказ на ўзнікшае пытанне катэгарычна адмоўны: мы маем тут справу з выпадковым супадзеннем аднолькавых па гучанню але розных па сэнсу слоў і са спробаю “даступна растлумачыць” паходжанне назвы мястэчка.

Другі дакумент (1848 г.) завераны ўжо іншаю пячаткаю, якая мае надпіс на рускай мове: “Эканоміи Кожангородецкой помещика Щитта”. На пячатцы — геральдычны нарманскі шчыт з выяваю падковы; унутры падковы — крыж. Вянчае гербавы шчыт карона, над якою — птушка з падковаю ў дзюбе.

І, нарэшце, трэці дакумент (1855 г.) з выяваю яшчэ адной пячаткі. Калі дакладней, то гэта не зусім пячатка, гэта адбітак герба: на ім няма ніякіх надпісаў (пячатка ж абавязкова павінна мець надпіс!) герб змешчаны на шчыце авальнай формы: у геральдыцы такі шчыт называецца італьянскім. Важна адзначыць, што італьянскі геральдычны шчыт у XVIII ст. працягваў выкарыстоўвацца пераважна духоўнымі асобамі і рэлігійнымі установамі Еўропы ў якасці асновы для гербаў.

У цэнтры авальнага адбітка на згаданым дакуменце — нарманскі геральдычны шчыт на фоне перакрыжаваных шпаг і сцягоў — сімволіка ўжо ваенная, папулярная ў XVIII — пач. ХІХ ст. (Згадаем выявы на рускіх манетах пачатку XVIII ст.; напалеонаўскія войны і стыль “ампір” у Еўропе).

Згаданы вышэй нарманскі геральдычны шчыт увянчаны каронаю, над ёю птушка, працятая стралою. У тэксце дакумента, што завершаны гэтай “пячаццю” сказана, што дакумент завераны “экономической печатью” маёнтка. Звяртаюць на сябе ўвагу дзве асаблівасці згаданага дакумента: завераная папера не была прадназначана для высокіх інстанцый — так званай “пячаццю” завяралася паперка для мясцовай царквы; і яшчэ: на гербавым нарманскім шчыце не праглядваюцца ніякія сімвалы, яны як бы знарок сцёртыя.

Ясна адно: гэта не “экономическая печать” Шчыттоў (знешнія контуры характэрны для рэлігійнай установы, сімволіка геральдычных выяў — ваенная...). Каму ж належала гэтая пячатка раней? Чаму на ёй няма ніякіх надпісаў? Гэтыя пытанні застаюцца без адказаў...

Ян і Людвіка Шчытты многа клапаціліся аб збудаванні цэркваў у сваіх уладаннях: у 1750 г. памешчык Шчытт, які арандаваў Бастынь, пабудаваў там царкву ў імя св. Вялікапакутніцы Параскевы. Па апісанню 1864 г. зверх штатнага жалавання прытчу “за памінанне сваякоў Кажан-Гарадоцкага памешчыка Іосіфа Шчытта” штогод выдзялялася 36 рублёў серабром.

Ян Шчытт на свае сродкі пабудаваў царкву і ў Вічыне (1756 г.), храмавым святам гэтай парафіі было свята Святой Тройцы.

Нарэшце, у 1759 годзе гэты памешчык пабудаваў царкву і ў Язвінках.

Усяго, па няпоўных падліках, Ян Шчытт з жонкаю збудаваў тры цэрквы толькі на тэрыторыі цяперашняга Лунінецкага раёна! Можна ўпэўнена сказаць, што больш шчодрых мецэнатаў XVIII ст., чым Ян і Людвіка Шчытты, Лунінеччына не ведае!

А царкву ў Кажан-Гарадку будаваў ужо іх унук Юзэф з жонкаю Тэкляю.

Як сцвярджае ўраджэнка Лунінеччыны, а цяпер жыхарка Варшавы Ванда Бялецкая, адна з нашчадкаў роду Шчыттоў (дарэчы, доктар навук, арнітолаг), яе продкі Шчытты былі ў даўніну уніятамі, а потым сталі католікамі.

А вось мясцовае паданне лічыць, што знішчаная ў хрушчоўскія часы каталіцкая святыня — гэта былы кальвінісцкі храм XVII ст., збудаваны з надзвычай трывалага матэрыялу — скандынаўскай сасны. Але гэтае паданне з ліку легенд: у лясны край ніхто не павёз бы драўніну са Скандынавіі, лягчэй было б навазіць камянёў ды цэглы. Толькі мясцовыя жыхары запэўніваюць, што структура драўніны ў згаданым збудаванні вельмі ж незвычайная, што некалькі тых бярвёнаў зберагліся ў сцяне калгаснага склада...

Пасля адмены прыгоннага права (1861 г.) памешчыкам прыйшлося падзяліцца зямельнымі ўладаннямі са сваімі сялянамі. Прыбавілася клопатаў і дзяржаве: адзін з такіх клопатаў — абучэнне вялікай арміі землямераў, якія павінны былі складаць дакладныя зямельныя планы, пазначыўшы якія землі каму належаць. У архіве захаваўся наступны картаграфічны матэрыял па зямельным угоддзям Кажан-Гарадка (усе матэрыялы на рускай мове):

а) “План зямельных угоддзяў м. Кажан-Гарадка, 1900 год“;27

б) “План лесанасаджэнняў памешчыка Шчытта Кажан-Гарадоцкай воласці, 1892 год“;28

в) “План выкупляемых сялянамі ўгоддзяў Кажан-Гарадка, 1867 год“;29

г) “План угоддзяў м. Кажан-Гарадка, 1883 год.”30

На момант складання “Плана ўгоддзяў... 1883 г.” не ўсе землі паміж памешчыкам і сялянамі былі канчаткова размежаваны. Згодна з гэтым планам:

— “У бясспрэчным карыстанні сялян”: 1) р. Цна з залівамі і прорваю і воз. Крывае; 2) р. Пясчаніца з прорваю; 3) прытокі воз. Ратова; 4) пад р. Прыпяццю і 1/2 яе; 5) рэчка Свінарыйка; 6) пад 1/2 р. Свінарыйкі; 7) пад 1/2 р. Прыпяці ў ур. Яліновы грыўкі, Корчыкі, Чурылаў бераг, Сеймы, Місцюкова і Папоўшчына; 8) вяршыня возера Старога; 9) ур. Перасух; 10) ур. Корчыкі; 11) ур. Чурылаў бераг; 12) ур. Сеймы; 13) ур. Місцюкова; 14) ур. Папоўшчына; 15) ур. Зелянкоўскі грудок і Грузка; 16) ур. Ворлы; 17) ур. Адаміха; 18) ур. Барысава калена; 19) ур. Бродаўскае;

— “У бясспрэчным карыстанні памешчыка”: 20) ур. Баброўня, млын, запруда; 21) пад 1/2 р. Прыпяці ур. Ратова; 22) зат. Прыкопак; 23) воз. Сычова з Загробаю; 24) пад 1/2 р. Свінарыйкі; 25) пад 1/2 р. Прыпяці ур. Чурылаў бераг; 26) воз. Адаміха;

— “У спрэчным карыстанні памешчыка”: 27) воз. Кунішчэво; 28) воз. Грыцкова ямка; 29) воз. Жабкі; 30) воз. Дрыстуха; 31) воз. Рабінаўка; 32) воз. Дзякова загроба, круглая, доўгая і Сажаўкі; 35) воз. Устрыцке; 36) зат. Глушыца; 37) ур. Міхалькова загроба; 38) воз. Папоўшчына; 39) воз. Сычово; 40) воз. Стара з ур. Перасух, Бродаўскае воз., Прыколіцка, Барысава калена і Сеймы;

Па плану 1883 г. зямельныя ўгоддзі паміж уладальнікамі былі распісаны вельмі недакладна. Так, воз. Сычово значыцца “у бясспрэчным карыстанні памешчыка” і адначасова — “у спрэчным карыстанні памешчыка”. Воз. Адаміха — “у бясспрэчным карыстанні сялян” і адначасова — “у бясспрэчным карыстанні памешчыка”...

Вынікі такога “раздзелу” зямель не прымусілі сябе доўга чакаць: паміж памешчыкам і сялянамі пачалася судовая цяжба 1886 г., якой папярэднічалі два сялянскія бунты (адпаведна 1847 і 1857 гадоў).

Канчаткова зямельныя ўгоддзі паміж памешчыкам і сялянамі Кажан-Гарадка былі размежаваны згодна з “Планам зямельных угоддзяў 1900 г.”

...Да 1970-80 гадоў прастаяў у Кажан-Гарадку вадзяны млын, абсталяванне для якога выпісаў у свой час з Варшавы памешчык Шчытт.

Вадзяны млын бездакорна служыў не менш сотні гадоў, працаваў без ляскату, змазкі, амаль не адчувалася вібрацыя. Сакрэт вадзяной машыны быў у тым, што калёсы зубчатай перадачы мелі не металічныя зубы, а ...драўляныя, з сухіх клінкоў цвёрдай драўніны. Ад змочвання вадою драўлянае зуб’е калёс размакала і таму вельмі моцна трымалася ў бронзавых вобадах-абоймах. Акрамя таго, драўляная зубчатая перадача не магла ржавець, не стварала металічнага грукату і вібрацыі, змазвалася вадою, што прадухіляла небяспеку загарання. Адыходамі нафтапрадуктаў або дзёгцем змазваліся толькі адзіная чарвячная перадача і бронзавыя ўтулкі чатырох калёс. Усе механізмы былі вельмі простымі ў абслугоўванні. Будынак млына быў знесены ў 1970-х гадах, а ў 1980-х невядомым вандалам была выцягнута з ракі вадзяная машына. Так было знішчана гэтае цудоўнае, эканамічна і экалагічна выгаднае прадпрыемства, тварэнне розуму і рук невядомых вынаходнікаў, што было збудавана ў мястэчку дбайным гаспадаром — памешчыкам Шчыттом.

На верх старонкі



Пячатакі

Пячатакі

Пячатакі

Адбіткі пячатак Кажан-Гарадоцкай эканоміі памешчыка Шчыта
(з дакументаў 1847 – 55 гадоў).