Дадатак да альманаха “Лунінецкая муза”

Васіль Туміловіч

Кажан-Гарадок 500-гадовы

Гістарычныя даследванні

Аб аўтары і яго кнізе

Васіль Мікалаевіч Туміловіч нарадзіўся ў 1953 годзе ў вёсцы Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна. Скончыў Ленінградскую духоўную семінарыю (1980), гістарычны факультэт Магілёўскага універсітэта (2000). Цяпер жыве і працуе ў Камянецкім раёне. Удзельнік рэспубліканскіх і міжнародных гістарычных і краязнаўчых канферэнцый. Аўтар кніг «Возрождение забытого имени. Жизнь и деятельность Софии Прорвич (1860 – ок. 1937), православной писательницы» (Лунинец, 2001), «Нарысы даціроўкі манет» (Лунінец, 2001), «Тапаніміка Кажан-Гарадка і яго зямель» (Лунінец, 2001), «З фальклорных крыніц Кажан-Гарадка» (Брэст, 2003). У 2004 годзе у Мінску быў выдадзены зборнік твораў С. Прорвіч «Любили отцы наши Бога», дзе В. Туміловіч выступіў ў якасці складальніка, аўтара прадмовы і каментарыяў. Артыкулы Васіля Мікалаевіча друкаваліся ў зборніках дакладаў Свята-Ефрасіннеўскіх чытанняў і канферэнцый краязнаўчага таварыства «Загароддзе», у альманаху «Магілёўская даўніна» і выдаваемых у Лунінцы па матэрыялах традыцыйных раённых краязнаўчых чытанняў «Лунінецкіх сшытках», а таксама у абласных і раённых газетах.

Доўгі час, здавалася б, асноўнай тэмай даследванняў В. Туміловіча была біяграфія пазабытай пісьменніцы-зямлячкі С. Прорвіч, якую давялося аднаўляць літаральна крок за крокам. Але паралельна ўсе гэтыя гады шла нястомная праца над стварэннем гісторыі старажытнага і славутага ў сярэднявеччы мястэчка Кажан-Гарадок. Першымі «камянямі» у падмурак задуманай кнігі ляглі ўжо згаданыя брашуры па тапаніміцы і фальклоры. Частка раздзелаў кнігі, якую чытач трымае ў руках, спачатку друкавалася ў выглядзе газетных артыкулаў ці дакладаў на канферэнцыях. І вось настаў час абагульніць, падсумаваць зробленае. Што атрымалася? Адчуваецца шчырае імкненне аўтара ахапіць як мага паўней гісторыю сваёй «малой радзімы», не пазбягаючы ні светлых, ні, на жаль, даволі шматлікіх цёмных старонак нашага мінулага. Можа, хтосьці палічыць занадта палемічна завостранымі некаторыя раздзелы кнігі... Але ж без ведання ўсяго таго, што адбывалася з нашым народам ў мінулыя часы (памятаеце паэтычнае: «Одна неправда нам в убыток»), ці зможам зладзіць сабе годную будучыню?

У заключным слове згаданы жыхар Кажан-Гарадка І. Д. Ленінец, які некалі стварыў грунтоўную гісторыю мястэчка, але праца якога загінула. Даследванне В. М. Туміловіча, варта спадзявацца, чакае больш шчаслівае будучае.

Вадзім Жылко, гісторык, г. Лунінец