Лунінецкі раённы краязнаўчы музей

Лунінецкі сшытак № 2

Матэрыялы другіх Лунінецкіх краязнаўчых чытанняў 7 снежня 2002 г.

Гаспадарчыя і сацыяльна-бытавыя матывы ў калядках Кажан-Гарадка

Васіль Туміловіч, гісторык

Тэкст уяўляе сабою перапрацаваны даклад «Обзор Рождественских колядок Белорусского Полесья», які рыхтаваўся для «X Калядных Чытанняў», што прайшлі ў Маскве ў студзені 2002 г. У сувязі з тым, што аўтар, які быў у складзе дэлегацыі ад Віцебска-Аршанскае епархіі, адмовіўся ад удзелу ў згаданай міжнароднай навуковай канферэнцыі, а падрыхтаваны тэкст дакладу нідзе не публікаваўся, апошні і быў заяўлены на II Лунінецкія краязнаўчыя чытанні.

Агульнавядома, што пінскае Палессе з`яўляецца унікальным з пункту гледжання этнографаў рэгіёнам, дзе захаваўся багаты фальклор і, у прыватнасці, калядкі, якія складаюць неад`емную частку песеннага рэпертуару народна-рэлігійнай творчасці. Але вядома і другое: калядкі маюць дахрысціянскае, язычніцкае (як цяпер часцей называюць — паганскае) паходжанне, а з прыходам хрысціянства на славянскія землі гэтыя народныя творы напоўніліся часткова і хрысціянскім зместам.

Можна прывесці шэраг калядак, у якіх, праслаўляючы свята Нараджэння Хрыста, аб Самым Хрысце амаль нічога (а то і зусім) не гаворыцца, бо ў такой калядцы гаворка ідзе аб пажаданні добрага ураджаю і здароўя, аб поспеху на паляванні, аб сямейным дабрабыце і г.д. У якасці прыклада можна прывесці фрагменты такіх калядак, запісаных мною ў в. Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна. Тэкст падаецца на палескім дыялекце беларускай мовы — гаворцы мясцовага насельніцтва:

... да поедомо на полёванье,
Сьвяты вэчор.
Да уполюём чотыры бобрэ,
Сьвяты вэчор.
Чотыры бобрэ, а п`яту куньку,
Сьвяты вэчор.
А п`яту куньку — матцы на шубку,
Сьвяты вэчор.
Некалькі незвычайнымі якасцямі надзелена Божая Маці ў наступнай калядцы, дзе Прачыстая выступае ў якасці заступніцы пчалярства і ўладкавальніцы шлюбных адносін:
... Шчо ў небі гудзе?
Прэчыстая йдзе,
Сьвяты вэчор.
Прэчыстая йдзе,
Пчолонькі вэдзе,
Сьвяты вэчор.
Пчолонькі вэдзе, да й розсылае,
Сьвяты вэчор.
Леціце, пчолкі, у цёмные леса,
Сьвяты вэчор.
У цёмные леса, у новые вулья,
Сьвяты вэчор.
У новые вулья, дзе большая сем`я,
Сьвяты вэчор.
Мэды сыціці, сыноў жэніці,
Сьвяты вэчор.
Сьвечы качаці, дочок замуж даваці...
Ёсць калядкі, у якіх сілы прыроды і нябесныя свяцілы выступаюць у якасці адушоўленых асобаў; напрыклад:
Ой похваліўса ясны месячык,
Радуйса земля, Сын-Бог родзіўса.
Ой як я ўзыйду ў ночы-поўночы,
Радуйса земля, Сын-Бог родзіўса...
А вось калядка, у якой няма ні слова аб Хрысце, ні слова аб Яго Нараджэнні: спевам такой калядкі віншавалі са святам Калядаў маці, у якой сына забралі ў рэкруты1:
Ой чэрэз поле да дорожэньку,
Ой да стояла там да сторожэнька.
Ішла тудою старая маці,
Старая маці свойго сына шукаці.
У той жа час варта адзначыць, што асноўная маса калядак цалкам прыведзена народнымі складальнікамі у поўную адпаведнасць з канонамі Ўсходняй Царквы, а іх выкананне ў храмах у час калядных свят мае на Беларусі шматвекавую традыцыю.

Можна адзначыць таксама, што звычай калядавання ўпэўнена адыходзіць у мінулае: старажытныя калядныя песні знаюць толькі нямногія старажылы, а моладзь далёка ад пераймання і засваення песенных традыцый старэйшага пакалення; наступленне сучаснай эстрады адкінула далёка на задні план старажытны рэпертуар нашых продкаў.

Да калядак заўсёды было і захавалася дваістае стаўленне: з аднаго боку — іх цэняць як культурную спадчыну і багацейшы даследчыцкі матэрыял; з другога боку — калі ў калядцы выявяцца рэшткі язычніцтва, то ніхто і ніколі не дапусціць выканання ў храме такога спеву.

Вывучэнне калядак — справа не толькі этнографаў: у калядках — багацейшы даследчыцкі матэрыял і для царкоўных гісторыкаў, і для багасловаў. Так, вывучаючы калядкі, можна прасачыць, як ішла «прыцірка» двух светаўспрыманняў — язычніцкага і хрысціянскага, як народнае разуменне паступова вызвалялася ад язычніцкіх уяўленняў аб мнагабостве і прыйшло к усведамленню Адзінага Бога.

Аб тым, што духавенства вельмі часта адносілася да калядак негатыўна, не безпадстаўна бачыўшы ў іх злёгку трансфармаваны хрысціянствам язычніцкі змест, мы ўжо згадвалі. У гады дзяржаўнага атэізму чыноўнікі ад савецкай ідэалогіі яшчэ больш жорстка адносіліся і да калядак, і да абраду калядавання: камсамольскія патрулі вылаўлівалі калядуючую моладзь — каляднікаў — а ўлады на месцах прымянялі да апошніх усе меры дысцыплінарнага ўздзеяння — аж да выключэння з камсамола, партыі ці навучальнай установы. Адназначна негатыўным было стаўленне да калядак і ў асяроддзі пратэстанцкіх адэптаў: тут калядкі лічыліся безумоўна язычніцкімі спевамі. Але ўсё ж калядкі захаваліся ў памяці народа. Іх жывучасць, іх сіла — перш за ўсё — у глыбінных народных каранях, у прывязанасці захавальнікаў фальклора к памяці і звычаям продкаў.

1) У 1793 г. у Расіі ўстаноўлены тэрмін рэкруцкай службы 25 гадоў. У тым жа годзе Лунінеччына акупіравана рускімі войскамі (вынік II падзелу Рэчы Паспалітай). Калядка аб долі рэкрута магла ўзнікнуць не раней 1793 г. Час - не язычніцкі, але і ў гэтай калядцы аб Хрысце - ні слова!

На верх старонкі