Лунінецкі раённы краязнаўчы музей

Лунінецкі сшытак № 1

Матэрыялы першых Лунінецкіх краязнаўчых чытанняў 25 лістапада 2001 г.

З гісторыі касцёла на Лунінеччыне

Эльжбета Ліберман, настаўніца Палескай СШ

Лунінец знаходзіцца не так далёка ад вельмі важнага асяродка хрысціян-каталікоў – Пінска. Яшчэ ў XVII ст. місіянеры-іезуіты адкрылі першыя каталіцкія парафіі на Піншчыне. Асабліва важная роля належала Езуіцкаму калегіуму як навучальнай установе, дзе можна было вучыць дзяцей не толькі рэлігіі, але і свецкім навукам. З тых далёкіх часоў каталікамі Палесся ўшаноўваюцца асобы высокаадукаваных святароў, аддаўшых свае жыцці за веру. У 50-я гады XVII ст. пачасціліся напады на каталіцкія прыходы Піншчыны і Янава Палескага казакаў Хмяльніцкага. Многія ксяндзы і манахі пакінулі Пінск і ваколіцы.

15 мая 1657 г. у Гарадцы быў забіты святар-езуіт Шымон Мафон, многа яўрэяў, уніятаў, каталікоў. У сядзібе Прыхоцкіх быў схоплены казакамі ксёндз Андрэй Баболя – «самы вялікі шкоднік, які агітуе люд за прыняцце каталіцкай веры сярод праваслаўных» – такая характарыстыка дзейнасці гэтага каталіцкага святара. У кнізе пра мучаніка за веру Андрэя Баболю ксёндз-езуіт Ян Паплатэк піша: «айца Андрэя Баболю казакі збілі нагайкамі, прывязаўшы да плоту, потым выбілі зубы – гэтак хацелі прымусіць прыняць праваслаўную веру. Потым прывязанага між двух коней гналі 4 км да Янава, б’ючы нагайкамі і шаблямі. У Янаве яго сустрэлі абражальнымі крыкамі і зноў білі, адсеклі на руцэ пальцы, калі ён уздымаў рукі, каб засланіцца ад удараў шабляй. У гэты час чакаў на допыты прывязаны да дрэва уніяцкі святар Ян Залескі, але нехта з мясцовых жыхароў дапамог яму збегчы.

Андрэя Баболю завялі ў хлеў і кінулі на драбіны, на якіх звычайна рассякалі тушы жывёл. Прымушаючы адмовіцца ад каталіцкай веры, прыпякалі яго цела агнём, сціскалі галаву дубовымі абручамі, здымалі скуру з далоняў і галавы. Ен жа ўзываўся да святых і прасіў катаў апамятацца. Але яны, яшчэ больш раз’юшаныя ўпартасцю Баболі, выкалалі яму правае вока, здзіралі скуру з плячэй і свежыя раны палівалі расолам, потым адрэзалі нос, вусны і язык. Нарэшце падвесілі пад столлю за ногі і пацяшаліся, як цела корчылася ў канвульсіях».

Так скончыў сваю зямную пілігрымку апостал любові і еднасці Андрэй Баболя, якога ўшаноўваюць каталікі ўсяго Палесся. У 1853 годзе Андрэй Баболя быў беатыфікаваны Папам Піусам IX.

У XVIII ст. у Пінску на замену езуітам з’явіліся місіянеры францішкане. У выніку іх дзейнасці каталіцкая вера больш шырока распаўсюдзілася на Палессі. Быў выбудаваны ў Пінску касцёл – зараз галоўны касцёл-катэдра Ушэсця Найсвяцейшай Марыі Панны. Побач з касцёлам вырас будынак Духоўнай семінарыі, якая пачала рыхтаваць святароў у 1925 годзе. Кожны з вернікаў Палесся ведае імя ксяндза-біскупа Зыгмунта Лазінскага, які вельмі многа зрабіў для выхавання святароў у Пінскай Духоўнай семінарыі. У святарскай і біскупскай паслузе ён вызначаўся мужнасцю, асабліва ў цяжкіх палітычна-рэлігійных сітуацыях. Асаблівай увагі заслугоўваюць дасягненні біскупа Зыгмунта Лазінскага на экуменічным шляху ў адносінах да праваслаўных. Пасля смерці біскупа, ў Вялікую суботу 26 сакавіка 1932 г., у Пінску распачатыя старанні аб яго беатыфікацыі. Але Другая сусветная вайна, нялёгкі для вызнання рэлігіі пасляваенны час затрымалі клопаты аб вынясенні біскупа З. Лазінскага да хвалы алтароў. Дзякуючы клопатам Кардынала Казіміра Свёнтака ў справе беатыфікацыі біскупа З. Лазінскага, 2 красавіка 1993 года Апостальская Сталіса абвясціла Дэкрэт, у якім гаворыцца пра значнасць асобы біскупа З. Лазінскага і яго шматграннай і гераічнай дзейнасці як каталіцкага святара. Да гісторыі касцёла у Лунінцы біскуп З. Лазінскі мае непасрэднае дачыненне.

Каталікі, якія з даўніх часоў жылі ў Лунінцы, належалі да францішканскай парафіі ў Пінску. У1903 годзе стараннямі Яна Кухарскага была збудавана драўляная капліца Ушэсця Маці Божай на каталіцкіх могілках, што існавалі да канца 1960-х гадоў на выездзе з Лунінца ў напрамку Пінска. Гэтая капліца была філіялам парафіяльнага касцёла ў Пінску. У гэтай капліцы, па ўспамінах старэйшых католікаў, былі вельмі прыгожыя скульптурныя выявы святых, анёлаў, херувімаў з чорнага, белага і чырвонага мармуру. У канцы цвінтара знаходзіліся добра дагледжаныя магілы салдат Першай сусветнай вайны розных нацыянальнасцяў, польскіх салдат, загінуўшых у 1919 годзе. Яшчэ доўга за могілкамі можна было бачыць сляды даўніх акопаў. У студзені 1922 года біскуп Зыгмунт Лазінскі засведчыў стварэнне самастойнай парафіі у Лунінцы. Першым яе пробашчам стаў ксёндз Генрых Гумніцкі, канонік Мінскай капітулы. Лунінецкую капліцу праездам наведаў Польскі маршалак Юзаф Пілсудскі і, бачачы яе ўбогасць, пажадаў пробашчу і парафіянам будаваць новы прыгожы касцёл. Пажаданне гэта здзейснілася ў 1931 годзе, дзякуючы складкам вернікаў, дабрачынцаў і дапамозе дзяржавы. Пакуль будаваўся касцёл, набажэнствы адпраўляліся ў чыгуначным будынку. Потым у ім была гімназія, а зараз – шпіталь чыгуначнікаў. Колькасць парафіянаў была каля 1500 асобаў. Да Лунінецкай парафіі належалі каталікі Лунінца, Дзятлавіч, Новага Двара (Купаўцоў).

За год да смерці, у 1931 годзе, біскуп Зыгмунт Лазінскі асвяціў новы будынак касцёла парафіі Святога Юзафа. Касцёл быў кансакраваны 11 ліпеня 1935 года біскупам з Пінска Казімірам Букрабам.

У пачатку 30-х гадоў на Лунінеччыне касцёлы былі ў Мікашэвічах, Лахве, Сінкевічах, Кажан-Гарадку, Луніне.

Больш як 15 святароў працавалі ў Лунінецкім касцёле Святога Юзафа да канчатковага закрыцця яго савецкімі ўладамі ў 1948 г.

Лёсы многіх з іх былі вельмі трагічнымі. Ксёндз Станіслаў Петкевіч быў арыштаваны НКУС і вывезены ў Казахстан, дзе і памёр у 1943 годзе, ксёндз Фабіян Почобут Одляніцкі быў расстраляны немцамі ў Казляковічах каля Пінска ў 1944 г.; ксёндз Станіслаў Сперанскі памёр у канцлагеры Дахау у 1941 г. А ксяндза Мечыслава Багаткевіча расстралялі гестапаўцы 5 сакавіка 1942 г. на поўначы Беларусі пад Баразвэчам. Яго самаахвярнае святарскае служэнне Богу і людзям, і гераічная смерць паслужылі асновай для беатыфікацыі.

З 1948 г. па 1994 г. каталікі Лунінеччыны на набажэнствы ездзілі ў Пінск, у Баранавічы, дзе былі дзеючыя святыні. Першае набажэнства ў нашым раёне пасля так доўгага перапынку адбылося 11 ліпеня 1994 года на Белым возеры, калі быў асвечаны помнік ахвярам фашызму ксяндзом Юзафам Войдам. Ен грамадзянін Польшчы, але ўжо восем гадоў служыць у Ганцавічах і прыязжае кожную нядзелю ў Лунінец.

Тры гады, з 1994 па 1997 гг., набажэнствы ў Лунінцы адпраўляліся на розных прыватных кватэрах, бо будынак касцёла быў заняты Хрысціянамі Веры Евангельскай. Многа намаганняў было затрачана, каб будынак касцёла быў прызнаны ўласнасцю каталікоў парафіі Святога Юзафа. Першая Імша пасля больш чым пяцідзесяцігадовага перапынку адбылася ў будынку Лунінецкага касцёла 13 красавіка 1997 года. Да нас прыязжаюць і пішуць тыя каталікі, хто ў 30-я гады жыў у Лунінцы і ваколіцах, быў ахрышчаны ў нашым касцёле, у каго з Лунінцам звязаны ўспаміны дзяцінства, маладосці. Такім чынам мы пазнаёміліся з Вандай Бялецкай з роду Неміровічаў-Шчытоў, якая жыве ў Варшаве. Два разы ў Лунінец прыязжала Галіна Базылеўская, дачка Эдварда Вашчука, які быў адзначаны Папам Рымскім як фундатар будаўніцтва касцёла ў Лунінцы ў 1930 годзе. Прыязжаў у Лунінец летам 2001 года Рышард Запольскі-Доўнар, бацька і маці якога працавалі настаўнікамі ў 30-я гады на Лунінеччыне. Сам Рышард быў ахрышчаны ў нашым касцёле, зараз з сям’ёю жыве у Мальборку.

Два гады, як кожную вясну ў Лунінец прыязжаюць пілігрымы з Польшчы, члены Таварыства распаўсюджвання ведаў пра Андрэя Баболю. Гэта ў асноўным людзі, звязаныя сваей маладосцю з Лунінцам і яго ваколіцамі.

Паўстагоддзя бязвер’я спустошылі людзей – трэба ўсё пачынаць нанова: аднаўляць будынак святыні і самае галоўнае – аднаўляць жывы касцёл.


Касцёл
Касцёл у Лунінцы. 1930-я гады.

Касцёл. Лунін
Касцёл у Луніне (не захаваўся).

Касцёл. Мікашэвічы. 1930-я гг.
Касцёл у Мікашэвічах.
1930-я гады.

Царква
Царква у Мікашэвічах (у будынку былога касцёла). 1990-я гады.