Дадатак да альманаха “Лунінецкая муза”

Вера Зарэцкая

Зарунела літаратурная ніва...

«Літаратурныя старонкі» гісторыі Лунінеччыны

Мікола Калінковіч (1950 /па пашпарту 1951/ – 1990)

Напэўна, у гісторыі сусветнай літаратуры знойдзецца няшмат пісьменнікаў, якіх бы так ушаноўвалі землякі. Зазначым адразу, што Міколу Калінковічу ў гісторыі беларускай літаратуры належыць сціплае месца. І тым не менш… Яму ўзведзены помнік у Лунінцы, названы вуліцы ў раённым цэнтры і на радзіме пісьменніка ў вёсцы Цна, адчынена мемарыяльная дошка на будынку мясцовай школы, дзе вучыўся аўтар кнігі “Палескія дні Аляксандра Блока”. У раёне праводзіліся, хай і нерэгулярна, шахматныя і футбольныя турніры імя Міколы Калінковіча. Традыцыйнымі сталі літаратурныя дні А.А. Блока і М.М. Калінковіча. Дзіўнае спалучэнне — выдатны рускі паэт і адзін з даследчыкаў і аўтар белетрызаванай кнігі пра службу А.А. Блока на Палессі. А ў 2005 годзе была праведзена першая літаратурна-краязнаўчая навукова-практычная канферэнцыя памяці пісьменніка Мікалая Калінковіча. Па яе выніках была выдадзена кніга “Лунінецкая памяць. Дадатак І” (Мн., 2006). Парадаксальным у гэтым выданні з’яўляецца тое, што сярод яго матэрыялаў няма артыкулаў, прысвечаных аналізу літаратурнай творчасці таго пісьменніка, у гонар якога праведзена канферэнцыя.

Мікола Калінковіч нарадзіўся ў снежні 1950 г. у вёсцы Цна ў сялянскай сям’і. Бацька пісьменніка ў хуткім часе падаўся ў Казахстан. За ім следам рушыла з сынам і маці. Там у г. Усць-Каменягорск Мікола пайшоў у школу. Напэўна, спадзяванні Калінковіча-старэйшага на лепшае жыццё на чужыне не спраўдзіліся, і сям’я вярнулася на Палессе. Тут пісьменнік закончыў Цнянскую васьмігодку. Апошнія тры класы школьнага навучання заканчваў у Лунінцы. Мікола з удзячнасцю ўспамінаў сваіх настаўнікаў-славеснікаў Н.М. Рэзнік, М.Е. Каліўка, гісторыка Л.І. Сіманаву. Зазначым, што і пазней ён быў надзвычай удзячны сваім настаўнікам па жыцці. Гэта стрыжнявая думка, якая праходзіць праз яго аўтабіяграфію, напісаную па просьбе дырэктара Лунінецкага краязнаўчага музея Н.М. Казанковай.

Пасля заканчэння сярэдняй школы была няўдалая спроба паступіць на факультэт журналістыкі БДУ. Вярнуўся на радзіму і падаўся ў настаўнікі. Год да прызыву ў войска працаваў у глыбіннай вёсцы раёна Гаўрыльчыцы, выкладаў замежную мову. Вучні, вяскоўцы палюбілі маладога настаўніка. Ён ім плаціў узаемнасцю. З 1968 года пачаў друкавацца ў раённай лунінецкай газеце.

На 1969 – 1971 гг. прыпадае служба Міколы Калінковіча ў Ленінградскай вайсковай акрузе ў ракетнай часці. З пяром ужо не развітваўся, пасылаў свае матэрыялы ў акружную газету “На страже Родины”. Пасля заканчэння службы ў арміі была спакуса паступіць у Ленінградскі універсітэт, але, цвяроза ўзважыўшы свае шанцы, вярнуўся на радзіму. Другая спроба стаць студэнтам БДУ была ўдалай. Навучанне ва універсітэце (1971 – 1976) спалучаў з працай у “Сельскай газеце”, нават хацеў перайсці ў штат выдання, але ў дэканаце не далі на гэта згоды. Для дыпломнай працы ўзяў тэму, звязаную са службай А.А. Блока на Палессі. Праддыпломную практыку праходзіў у брэсцкай абласной газеце “Заря”. Яго запрашалі сюды на працу, але ён вярнуўся на Лунінеччыну ў раённую газету ў якасці намесніка рэдактара.

У гэты час выступае як публіцыст, крытык, літаратуразнаўца. Актыўна друкуецца ў раённых, абласных, рэспубліканскіх выданнях. Свае публіцыстычныя артыкулы прысвячае гісторыка-рэвалюцыйнай праблематыцы краязнаўчага характару. Мікола Калінковіч пісаў рэцэнзіі на творы В. Быкава, С. Грахоўскага, Н. Мацяш, працягваў працу па асэнсаванні палескіх дзён Блока, распачаў — пра сувязь А.С. Грыбаедава з Берасцейшчынай. Для публікацый нашага земляка гэтай тэматыкі характэрна імкненне выйсці за межы дакумента, факта, а дамысліць, сфантазаваць, як гэта, на думку аўтара, магло быць. Яго працы пра А.А. Блока і А.С. Грыбаедава вызначаюцца белетрыстычнай адметнасцю. Шмат сіл і энергіі Мікола Калінковіч аддаваў адкрыццю краязнаўчага музея ў Лунінцы.

У 1978 г. Мікола Калінковіч пераходзіць на працу ў КДБ. Служыў у Туркменістане. Заняткі літаратурай не спыняў. Яго публікацыі вызначаюцца двухпланавай тэматыкай. Першы мае краязнаўчы характар: “Лунінец” (1981, 1990), “Палескія дні Аляксандра Блока”, “Якуб Колас у Лунінцы”. Другая — гісторыка-рэвалюцыйныя падзеі ў Туркменістане. Пісьменнік з вёскі Цна актыўна выступае ў друку гэтай рэспублікі. Адна за адной у Ашхабадзе выходзяць кнігі беларускага пісьменніка. Паказальна, што ў сваёй большасці Мікола Калінковіч выступае пад псеўданімамі, якія так ці іначай падкрэсліваюць яго сувязь з любай Лунінеччынай: В. Лунин, Н. Лунинецкий, А. Полесский, Н. Цнянский.

У 1983 г. наш зямляк паступае ў аспірантуру вышэйшай школы КДБ і з сям’ёй пераязджае ў Маскву, становіцца членам Саюза пісьменнікаў СССР, аднак сувязі з Беларуссю і Лунінеччынай не губляе: часта наведваецца ў Мінск, дзе рыхтаваліся да выдання і перавыдання яго кнігі. Гэты ж клопат быў у яго і ў Ашхабадзе. Пасля заканчэння аспірантуры быў накіраваны на працу ў Грузію. У 1990 годзе загінуў. Пахаваны ў Лунінцы.

У літаратурна-краязнаўчай спадчыне Міколы Калінковіча адметнае месца належыць працы пра сувязь А.А. Блока з Палессем. Яна была доўгія гады клопатам пісьменніка з Цны. Яшчэ ў час службы ў войску ў газеце “На страже Родины” апублікаваў артыкул “Жизнь обгоняет легенду” пра службу аўтара “Незнаёмкі” на Палессі. Затым было дыпломнае даследаванне і яго абарона, шматлікія артыкулы ў абласным, рэспубліканскім, саюзным друку. У 1985 годзе выйшаў нарыс нашага земляка “Палескія дні Аляксандра Блока”. У адпаведнасці з жанравымі адметнасцямі персанажы кнігі маюць рэальных прататыпаў, якія выступаюць пад сваімі прозвішчамі: А.А. Блок, К.А. Глінка, Н.І. Ідэльсон, А.М. Талстой і інш. У ім апісаны падзеі, якія сапраўды адбываліся і ў якіх прымаў удзел рускі паэт. Разам з тым у працы Міколы Калінковіча выразныя прыкметы даследавання. Ён цытуе лісты, дзённікі паэта, яго жонкі і маці, звяртаецца да архіўных матэрыялаў, да мемуараў, карыстаецца навуковым апаратам, указвае крыніцы, адкуль узяты цытаты.

Кніга “Палескія дні Аляксандра Блока” складаецца з 18 раздзелаў, кожны з якіх мае сваю назву. Дапаўняецца ўступам “Ад аўтара”. А ў канцы змяшчаецца выкарыстаная і працытаваная літаратура. Некаторыя з гэтых раздзелаў з’яўляюцца навуковымі артыкуламі, як, скажам, “Гісторыя аднаго знаёмства”, прысвечанага кантактам А.А. Блока і Уладзіміра Самойлы. Да ліку даследчых пошукаў належаць і апошнія чатыры раздзельчыкі выдання пра саслужбоўцаў паэта па дружніне: Л.І. Катоніна, Н.І. Ідэльсона, К.А. Глінку, Ягорава і інш. Дарэчы, варта адзначыць, што гэтыя апошнія раздзелы парушаюць цэльнасць нарыса, акрэсленага назвай кнігі “Палескія дні Аляксандра Блока”. Пра апошнія дні паэта на Берасцейшчыне гаворыцца ў 14-м раздзеле “Бывай, Палессе…”.

Для кнігі нашага земляка пра сувязь А.А. Блока з Палессем характэрна белетрызацыя, імкненне ўвесці дыялогі рэальных персанажаў, з кім жыццё сутыкала паэта ў 13-й дружыне. Яны выдуманы аўтарам кнігі, хоць у нейкай ступені вынікаюць з пазіцый рэальных асобаў. Варта спаслацца на дыялогі Блока і Талстога, Блока і Катоніна, на гутаркі ў хаце Лемяшэўскіх у Калбах пра будучыню Расіі і інш.

Для літаратурна-краязнаўчых працаў Міколы Калінковіча характэрна імкненне пашырыць межы Лунінеччыны на ўсё Палессе, прыпісаць тое, што не было створана на тэрыторыі сучаснага раёна. Думаецца, што аўтар у некаторых выпадках не здолеў пераадолець мясцовы патрыятызм, заняць аб’ектыўную пазіцыю.

На верх старонкі