Творчы клуб “Лунінецкая муза”
Праект Вадзіма Жылко

Лунінецкі сшытак № 8

З даследаванняў лунінецкіх краязнаўцаў

У вёсак — стогадовы юбілей

Сцяпан Нефідовіч, краязнаўца, в. Любань

У даўнія часы скрозь на поўнач ад Лахвы, Любані і Мокрава, паміж рэчкамі Смердзь, Марочна, Журавінная, Люта і Лань, шумелі лясы і пушчы, а між імі ляжалі балоты. І здаўна гэтыя землі належалі Кішкам (да 1523 года), потым — Радзівілам (да 1885 года), пазней — Вітгенштэйнам, Чапскім і адносіліся да іхняга маёнтка “Лахва”, які ў канцы XIX стагоддзя купіў немец фон Дэрвіз.

У канцы XIX стагоддзя на паўночных землях гэтага імення геадэзічнай экспедыцыяй І.І. Жылінскага былі меліяраваныя ўсе землі, прылягаючыя да Грычынскіх балот. І ці то пад уздзеяннем сталыпінскай рэформы, ці адчуваючы веянне рэвалюцыі, памешчык фон Дэрвіз у 1906 годзе залажыў 25 тысяч гектараў зямель у Мінскі сялянскі банк. Гэты банк накіраваў у Лахву экспедыцыю зямельных ліквідатараў на чале з вучоным аграномам-меліяратарам Уладзімірам Раманавічам Рыдзігерам. Так званая “балотная гаспадарка” размясцілася спачатку ў Лахве ў самым маёнтку, дзе побач на балотным масіве “Кукуцёлка” (цяпер тут рыбгас “Лахва”) была адкрыта доследная балотная станцыя, а пазней ва ўрочышчы Раі (цяпер каля вёскі Рэдзігерава) — доследны участак. Тут жа працаваў і так званы “ліквідатарскі штаб”, задачай якога было раздрабіць усе банкаўскія землі на хутары і ацаніць кожны хутар па катэгорыі зямлі, бо ад гэтага залежаў кошт участка.

За кожным членам ліквідатарскага штаба — аграномам-каморнікам — быў замацаваны ўчастак ў некалькі кварталаў. Са справаздачы каморніка землеўпарадкавальных камісій Мінскай губерні Веніяміна Папова і губернскага інжынера-землямера Н. Арлова відаць, што такія работы праводзілі В. Барсукоў, С. Жучкоў, Ю. Манасееў, П. Перуноў, А. Фляроў і Р. Чэрабасаў.

У пачатку 1907 года Мінскі зямельны банк, філіял якога быў у Лахве, даў у друку аб’явы аб продажы земляў. Першыя пакупнікі з’явіліся адразу ж, найбольш з Гродзенскай і Валынскай губерняў. Вясной 1907 года тут застукалі сялянскія сякеры, зазвінелі пілы.

З самага пачатку засялення назвы хутароў рэгістраваліся не па назвах урочышчаў, а па носьбітах іх заснавальнікаў, напрыклад: хутары Флярова, хутары Барсукова і г.д.

Масавы прыліў перасяленцаў адбыўся з пачаткам Першай сусветнай вайны. У асноўным гэта былі бежанцы з Брэсцка-Пінскага рэгіёна. Інтэнсіўна расла колькасць насельніцтва і ў часы польскай улады (1920 – 30-я гады).

Шмат трагічных падзей адбылося на тэрыторыі хутароў у час Вялікай Айчыннай вайны. Тэрыторыя знаходзілася ў прыпартызанскай зоне, таму многа людзей загінула пры фашысцкіх аблавах; расстраляны ўсе савецкія актывісты, шмат мужчын не вярнулася з франтоў вайны.

У пасляваенныя гады ўласныя гаспадаркі хутаран аб’ядналіся ў калгасы. З пачатку 1960-х гадоў пачалося масавае ссяленне з хутароў. Населеныя пункты набылі статус вёсак. На тэрыторыі Рэдзігераўскага сельсавета размясціўся калгас “Запаветы Ільіча” (цяпер СВК “Рэдзігераўскі”) — адна з моцных гаспадарак раёна. У склад СВК ўваходзяць вёскі Рэдзігерава, Флярова, Манасеева і Чэрабасава. Перунова, Барсукова і хутар Жучкова ўваходзяць у склад СВК “Новае Палессе” — таксама калісьці перадавога калгаса ў раёне.

Чарнобыльская аварыя і няважны стан сучаснага вясковага жыцця ўнеслі значныя змены ў дэмаграфічнае становішча вёсак. Яны становяцца неперспектыўнымі. Напрыклад, у Барсукове ў 1993 годзе было 352 жыхары, у канцы 2005 — 190, а на пачатак 2007 — 168 чалавек. Крыху лепшы стан ў іншых вёсках, асабліва ў Флярова і Рэдзігерава, дзе ў апошнія гады вядзецца добраўпарадкаванне і пабудавана шмат новых дамоў. Але, на жаль, нават створаны аграгарадок у гэтых вёсках не дае спадзяванняў на далейшы рост насельніцтва.