Дадатак да альманаха “Лунінецкая муза”

Вера Зарэцкая

Зарунела літаратурная ніва...

«Літаратурныя старонкі» гісторыі Лунінеччыны

Іван Калянковіч (1947 – 1996)

Вёска Цна дала літаратуры двух даследчыкаў мастацкага слова, крытыкаў Івана Калянковіча і Міколу Калінковіча. Дзяцінства першага прайшло ў роднай вёсцы. Дзесяцігодку юнак заканчваў у Кажан-Гарадку. Тут праляцелі шчаслівыя школьныя гады, тут нарадзілася цікавасць да літаратуры. Гэта і прывяло юнака з Лунінеччыны на філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытута (1963 – 1968). Тут сялянскі хлопец трапіў у цікавае студэнцкае асяроддзе. Імкненне пісаць падтрымліваў пісьменнік, загадчык кафедры беларускай літаратуры У.А. Калеснік. У Івана Калянковіча творчы патэнцыял пакуль што выяўляўся толькі ў працах на конкурс навуковых студэнцкіх даследаванняў, дзе яны высока адзначаліся.

Пасля заканчэння Брэсцкага педінстытута вярнуўся на радзіму і да прызыву ў войска настаўнічаў у Ракітнянскай школе. Пасля завяршэння службы ў арміі на працягу пяці гадоў (1970 – 1975) працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры і намеснікам дырэктара Любанскай сярэдняй школы ў сваім раёне. На гэты час прыпадае яго выхад у друк. На адной з канферэнцыяў у сталіцы (1973 г.) яму прапанавалі паступіць у аспірантуру на аддзяленне завочнага навучання пры Мінскім педінстытуце. Для даследавання была акрэслена тэма па прозе Платона Галавача. На той час творчасць гэтага грамадска-палітычнага дзеяча і пісьменніка не была прадметам спецыяльнага вывучэння. Пасля рэпрэсій 1930-х гг. імя Платона Галавача толькі вярталася ў літаратуру. Усе публікацыі Івана Калянковіча часу навучання ў аспірантуры былі звязаны з ідэйна-стылёвымі адметнасцямі прозы аўтара рамана “Спалох на загонах”.

У 1975 годзе Іван Калянковіч быў абраны па конкурсе на пасаду старшага выкладчыка кафедры беларускай літаратуры Брэсцкага педінстытута і на дзесяць гадоў звязаў сваю дзейнасць з роднай альма-матар. Творчая актыўнасць Івана Калянковіча знізілася ў сувязі з распрацоўкай курсаў, якія яму былі даручаны кафедрай, і з завяршэннем працы над дысертацыяй, якую паспяхова абараніў. У 1980 г. за даследаванне “Творчасць Платона Галавача: Жанрава-стылёвыя асаблівасці” маладому даследчыку беларускай літаратуры была прысуджана вучоная ступень кандыдата філалагічных навук.

У наступнае дзесяццігоддзе Іван Калянковіч вывучаў сучасную вясковую прозу, выступаў як крытык, не абыходзіў сваёй увагай творчасць пісьменнікаў-землякоў, краязнаўчыя выданні, пісаў артыкулы для энцыклапедычнага даведніка “Янка Купала”.

Апошнія гады свайго жыцця крытык і даследчык з Цны працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў школах Брэсцкага раёна. У той самы час з’яўляўся сумяшчальнікам на кафедры беларусазнаўства Брэсцкага універсітэта, увайшоў у склад аўтарскага калектыву па напісанні падручнікаў па беларускай літаратуры пад кіраўніцтвам В.Я. Ляшук для сярэдняй агульнаадукацыйнай школы. У падручніку “Беларуская літаратура” для Х класа (Мн., 1997) змешчаны яго раздзельчыкі “Літаратура 60 – 70 гг. ХІХ ст.” і “Літаратура 80 – 90 гг. ХІХ ст.”. Гэта былі апошнія публікацыі Івана Калянковіча. На жаль, ён іх не ўбачыў. У гэтым падручніку яго імя значыцца ўжо ў чорнай рамцы.

На верх старонкі