Дадатак да альманаха “Лунінецкая муза”

Вера Зарэцкая

Зарунела літаратурная ніва...

«Літаратурныя старонкі» гісторыі Лунінеччыны

Мікола Ільючык (1966)

У апошнія гады ўсё больш і больш творцаў пішуць вершы, лірычны герой якіх спавядае хрысціянскія ідэалы як адзін з галоўных агульначалавечых духоўных набыткаў. Гэтыя пісьменнікі звязваюць маральнае ўдасканаленне грамадства, матэрыяльны дабрабыт народа, лёс Айчыны з Богам, яго помысламі. Гэта даўняя традыцыя беларускай літаратуры. Многія яе прадстаўнікі былі святарамі, духоўнікамі: Кірыла Тураўскі, Іпацій Пацей, Казімір Сваяк і многія, многія іншыя. Пратэстанцкую царкву на Лунінеччыне прадстаўляе і Мікола Ільючык. Ён нарадзіўся ў вёсцы Багданаўка ў вялікай сялянскай сям’і. Закончыў мясцовую школу.

Пасля атрымання атэстата аб сярэдняй адукацыі былі ў Міколы Ільючыка гады навучання ў Беларускай сельгасакадэміі, праца інжынерам калгаса “Гігант”, а з 1995 г. пісьменнік з Багданаўкі ўзначальвае аварыйна-выратавальны пост у Лунінецкім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. У сям’і Міколы Ільючыка гадуецца трое сыноў, двое малодшанькіх — блізняты. Ён аматар падарожжаў, бываў за мяжой, але аддае перавагу наведванню з сям’ёй выдатных мясцінаў Беларусі. Як майстар фатаграфавання, удзельнічае ў мясцовых і рэспубліканскіх конкурсах. А яшчэ наш зямляк любіць песню, спявае і піша музыку на свае вершы. Мінчукі запісалі яго кампакт-дыск “Мелодыя душы”. Хрысціянскія ідэалы аўтара зборніка “Шматкроп’е кропель” выявілася ў тым, што ён выступіў ініцыятарам узвядзення помніка забітым габрэям у роднай вёсцы, якіх па нейкіх прычынах абмінула “Памяць” Лунінецкага раёна. На жаль, грамадскасць не падтрымала ініцыятыву пратэстанцкага святара. І тады ён на ўласныя сродкі ўстанавіў помнік габрэям-землякам, забітым немцамі.

Цяга да літаратурнай творчасці ў Міколы Ільючыка выявілася ў дзіцячыя гады. Па-сур’ёзнаму звярнуўся да напісання вершаў і прозы з пачатку бягучага стагоддзя, займаўся таксама перакладамі з рускай і ўкраінскай моваў для беларускай дыяспары ў Амерыцы. На сёння ў набытку творцы зборнікі “Дзе жыве душа” (Лунінец, 2004), “Шматкроп’е кропель” (Мінск, 2006), “Роспач і надзея” (Лунінец, 2007). Першыя два выданні змяшчаюць вершы, апошняе — прозу. Жыццёвае крэда герояў твораў Міколы Ільючыка выражана ў яго радках:

Перад Госпадам трэба мець страх,
Жыць у праўдзе, быць шчырым і годным,
Мець вагу ў Ягоных вачах
І да спраў толькі добрых быць спорым.
Лірычнае “я” паэта жыве багатым шматмерным жыццём і выяўляецца як вернік, як сын свайго краю і Беларусі, як сем’янін, як чалавек свайго часу. У сваіх стасунках з людзьмі і прыродай ён кіруецца Божымі запаветамі. На яго думку, толькі вера ў Госпада пазбаўляе чалавека тугі, адчаю, вяртае раўнавагу, аптымізм, здольнасць бачыць хараство наваколля і наталяцца ім (“Дождж”, “Каляндар”, “Толькі з Хрыстом знаходзім адказы…”, “Да свята жніва” і інш.).

Лірычны герой вершаў Міколы Ільючыка — сын свайго краю і радзімы. Для яго родная вёска Багданаўка — найпрыгажэйшае месца ў свеце. У параўнанні радзімы і чужыны аўтар аддае перавагу першай. Знітаванасць лірычнага суб’екта з Беларуссю паэт перадае праз персаніфікацыю. Ён нават пасля смерці выявіцца ў родных краявідах:

Брыльянцістай расой
Упаду раніцой на траву,
Спорым летнім дажджом
Абуджу наваколле
І прыгожаю краскай
На полі тваім зацвіту.
Лірычнае “я” паэта хвалюе праблема сяброўства, сям’і, любові і вернасці каханай (“Трэба сёння”, “Галубы”, “Я прыду да цябе” і інш.). У ліку вершаў гэтай праблематыкі асабліва хвалююць тыя, што прысвечаны маме. Як балюча-шчымліва Мікола Ільючык, шчыры вернік, святар, гаворыць пра страту самага дарагога на зямлі чалавека, пра маміны ўрокі, пра яе бязмерную дабрыню:
Мне будзе цяжка навучыцца жыць
У гэтым свеце неспакойным,
У якім ты побач перастала быць.
Няма тваіх вачэй і рук стамлёных,
Ні добрых словаў, ні парад,
Малітв да Бога незлічоных,
З якімі я перамагаў.
Як многа і як хораша і арыгінальна сказана апошнім працытаваным радком.

Паказваючы вызначальную ролю Бога ў жыцці людзей, Мікола Ільючык пратэстуе супраць інертнасці, пасіўнасці чалавека. Ён павінен імкнуцца рабіць дабро, наталяцца прыгажосцю свету, супрацьстаяць нягодам, быць здольным дараваць чужыя грахі, а Гасподзь падтрымае гэтыя намаганні кожнага (“Разбурэнне царквы”, “На зламаных крылах”, “Сябру” і інш.).

Святарская дзейнасць наклала адбітак на творы Міколы Ільючыка. Многія з іх не пазбаўлены дыдактызму, часам занадта расцягнутыя. Скажам, магла б атрымацца цудоўная мініяцюра “Дарыце кветкі”, каб аўтар яе закончыў сказам: “Вось яна — дзівосная сіла кветкі і мужчынскай увагі”. Пісьменніку неабходна працаваць над мовай сваіх вершаў, пазбягаць русізмаў, удасканальваць культуру паэтычнага радка, дабівацца дакладнасці, свежасці і арыгінальнасці мастацкага вобраза. Гэта, аднак, усяго прыватныя заўвагі.

На верх старонкі