Альманах“Лунінецкая муза” № 20

Максім Казун
Голас белых буслоў

Апавяданні

Добрыя суседзі

  — Сынку, а сынку, уставай. Пара ўжо, сонца высока паднялося. Я ўжо і карову падаіла, загнала на пашу, ужо і малако зборшчыку дзеду Зміцеру аддала. Ужо і сняданак прыгатавала….  Матуля нізка схілілася над галавою хлопчыка. Не хацелася ёй трывожыць сынаў сон, падыйшла да ложка, прысела на ўслончыку. Рукі самі так і пацягнуліся пагушкаць, разбудзіць яго — і не магла.  Аб чым думала жанчына? Што яе турбавала, трывожыла? Каб жыў бацька…, не бегала б цэлы ранак шукаць касцоў. Але хто ж дапаможа, калі ў кожнага сваё, кожны хоча хутчэй свой “лапік” скасіць у добрае надвор’е. ”Сынок мой, — падумала жанчына, — ты і ў школу пабег бы разам з іншымі дзеткамі, а так трэба адрываць”.  Маці зірнула ў вочы сына, а ў іх столькі радасці, замілаванасці, пяшчоты! Сын павярнуўся на бок, сказаў нешта праз сон, і маці замітусілася, ці, можа, яна пачула, як дзядзька Яўхім пачаў касу кляпаць.  — Та-а-ах, тук, та-а-ах, тук! — звонка ў свежым ранішнім паветры раздавалася ў двары дзядзькі Яўхіма.
  — Ой, Божачка, гэта ж і сыну трэба. Папрашу, ужо ж не адмовіць.  Яна хуценька накіравалася да хлеўчука, дастала з-пад страхі касу. Вялікае, крыху пачарнеўшае бацькава кассё даўно не бралася ў мужчынскія рукі. Хоць і паржавелая, але яшчэ добрая каса.   Збегала ў хату, знайшла ў падпечку малаток, збіла касу з касся, закруціла ў хустку і шпарка пайшла да суседа.
  — Любанькі мой Яўхімка, пакляпай ужо заадно касу і майму Рыгорку.
  — Спяшаюся я, машына чакае ўжо. Трэба бацвінне загрузіць на ферму, а потым ехаць на пакос.  — Ну, хоць трохі.… Каб жа пацягнуць можна было, а то іржавай жа не пацягне.… Яўхімка, родненькі,… — яна запнулася, не ведаючы, як можна яшчэ ўпрошваць. Толькі падумала: “А няхай цябе ліха просіць”. І наважылася ісці.  Дзядзьку стала ніякавата. Ён здаўся:
  — Давай, пабачу, што ў цябе за каса….  Яўхім — душэўны чалавек, але любіць, каб яго добра папрасілі. Дзядзька майстар, ого! Ён і шавец, і кравец. Яму больш за шэсцьдзесят, але яшчэ спрытны, да работы здатны. Да пенсіі кавалём працаваў, а цяпер на ферме бычкоў даглядае. У час жніва добраахвотна дапамагае рамонтнікам збожжаўборачных камбайнаў. А як выйдзе Яўхім у час сенакосу на луг — няма яму роўных! Любую работу робіць на “выдатна”. Адкляпае касу — не каса, а брытва.  Дзядзька апошні раз прайшоў малатком па лязу. Пакратаў пазногцем, потым працягнуў Рыгоркавай маці:
  — Бяры, Надзея. Сама касіць будзе.  — Каб жа сама, а то ж дзіця трэба выпраўляць. Вы ж ведаеце, Рыгорка ў мяне адзіны гаспадар. Вось і кручуся, як вавёрка ў коле: ні туды і ні сюды. Адным словам — баба. Што тут казаць. Конь распрогся зімой, ды і то ледзь не замерзла, плачучы каля яго. А тут жа трэба ўмець, абы як не будзеш па вярхах свістаць: людзі засмяюць. Скажуць: “Як жа ты пакасіла — атава ззаду расце”. А ці жаночая гэта справа?  — От, пайду, разбужу сына, няхай ідзе косіць. Дні за тры саб’е, — цяжка ўздыхнула Надзея Рыгораўна.  — Ён у цябе малайчына: і да навукі здатны, і да работы спец! Хоць і без бацькі расце.
  — Шкада яго, дзядзька Яўхім. І выпраўляць не хочацца, але як падумаю, што няма каму…...  — Нічога, Надзея, памаленьку скосіць, — запэўніў дзядзька Яўхім.  Надзея Рыгораўна прыбегла дамоў, пачала будзіць сына: “Рыгорка, уставай, я ўжо і касу знасіла пакляпаць, збірайся, а то паедуць. Хуценька снедай. І глядзі ж, нічога не забудзь, бабку з малатком ды брус захапі, бо я пайду на ферму”.
  ... Машына спынілася, не даязджаючы кіламетра паўтара да дамбы. Далей прыйдзецца ісці пешшу да Макаравай гары — так гаварылі колісь, так гавораць і сёння пра невялікі ўчастак, дзе пасля асушкі балот засталося адзінае дрэва — дуб і невялікі пагорак. Там, ля Макаравай гары, — сенакос.  Мужчыны саскочылі з машыны, агледзеліся, ці не забылі чаго, павольна пайшлі шукаць свае ўчасткі. Хто заходзіў у пасадку выразаць дубцоў на тычкі, каб правільна правесці лінію, хто тут жа знаходзіў участак, кідаў у траву касу, гукаў суседа:
  — Ты, Іван, скамандуеш, дзе паставіць тычку, а я ў канец пабягу!
  Да Яўхіма падыйшоў Рыгорка:
  — Дзядуля, дапамажыце.
  — Зараз, унучак, зараз. Сядзь вунь на тым узгорку, адпачні. Мы з Іванам адтопчам, тады і за тваё прымемся.  Туман паступова адступаў, рассейваўся. Промні сонца, яшчэ не вельмі гарачыя, купаліся ў серабрыстых лісцях бяроз і дубоў, мільярдамі іскрынак блішчэла на атаве раса.  Праз кожныя пяць-шэсць крокаў былі відаць густыя сляды касцоў. Толькі на Рыгоркавай палосцы не было. Не адважваўся адзін правесці лінію, баяўся, каб не збочыць у чужое. Панура сядзіць і чакае, пакуль прыйдзе дзед Яўхім.  ...Бацька трохі навучыў касіць. Гаварыў: “Вучыся, сынок, спатрэбіцца”. Сэрца ў яго было.… А ўсё працаваў, нягледзячы на хваробу. Вайна адняла здароўе яшчэ ў маладосці, калі партызаніў.  Рыгорка глянуў на сонца. Неба было чыстае. Гулка звінелі косы. Пах прывялай травы разносіўся па ўсім лузе. Неўзабаве ля Рыгоркі апынуўся дзед Яўхім:
  — Бяры, Рыгорка, тычку, паставіш у канцы, а затым — на сярэдзіне. Узмах у цябе невялікі, але да вечара ўправішся. А яшчэ, акрамя гэтага, ёсць дзе?  — Здаецца, Павел Кашэль, учотчык, казаў, што пад лесам яшчэ, за буракамі.  — Нічога, касі, а вечарам, можа, я падыйду, дапамагу.
  Рыгорка накіраваўся да сярэдзіны дзялянкі, а дзед Яўхім папраўляў:  — Ад сябе, ад сябе. Яшчэ, яшчэ. Шмат. Трошкі ўлева. От, от, добра. Стаў!   Рыгорка — рухавы, кемлівы хлапчук — слухаўся ўзмаху дзедавай рукі. Ведаў: дзед махае ад сябе, значыць, тычку патрэбна падаць улева, калі да сябе — управа. Усё разумее Рыгорка. Калі, засопшыся, прыбег да дзеда, той сказаў:
  — Прывяжы на апошняй тычцы жменю травы, лепш будзе бачна. Цябе ж у школе вучаць. Як гэта…? Праз дзве кропкі правесці прамую...
  — А можа б, вы?
  — Не бойся, вядзі!  Рыгорка захваляваўся, калі дзед даверыў яму. Але і сусед Іван падбадзёрыў: “Будзь мужчынай!” І хлапчук рашыўся. Стаў насупраць першай тычкі, патаптаўся на месцы, баючыся адыйсці ад яе, яшчэ раз зірнуў на канцавую, наверсе якой убачыў жмут травы, і ўзмахнуў касой.
  — Во, во! Малайчына! — пахваліў дзед Яўхім.  Паволі Рыгорка дайшоў да канца. Вярнуўся назад. Скінуў пінжак. Затым падняў з травы касу, некалькі разоў прайшоў мянтушкай па лязу, выпрастаў плечы.
  — Касі лёгка, не націскай, а то да вечара не дакосіш.
  Рыгорка выконваў усе заўвагі, якія давалі суседзі.  — Шась, шась! — звінела ў пажоўклай атаве хлапчуковая каса. Час ад часу наском касы ён трапляў у купіну.
  — А ты не спяшайся і не махай так, усё роўна хутчэй не будзе, а больш пяткай прыціскай, — павучаў дзед Яўхім.
  — Нешта стала дрэнна касіць, — паскардзіўся Рыгорка.
  — Ану, нясі сюды, мо ўжо насок загнуў, ці ў камень дзе стукнуў.  — Ды не, у камень, здаецца, нідзе не стукаў.
  — Нясі, нясі, я гляну...  Рыгорка падаўся да дзеда Яўхіма.
  — А што ж, кажу я, звярнуў насок і хоча, каб касіла.
  Дзед Яўхім спрытна пачаў наладжваць Рыгоркаву касу. У гэты час на лузе з’явілася маці.   — Як мой касец? Умее? Ці прыстаў, сыночак? Адпачыў бы. Скосіцца як-небудзь... Ліха яе бяры, атаву, — звярталася то да сына, то да Яўхіма пастарэўшая за апошнія гады жанчына. Якое яна там шчасце бачыла, жывучы з Аляксеем! Для сябе мала і стараўся, усё для людзей. Пасля вайны доўгі час хварэў, акрыяўшы, у калгасе працаваў. Мала гадоў пражылі. Хоць бы яшчэ адзін сын быў, а то ж толькі Рыгорка.
  — Да вечара скосіш? А можа, папрасіць, каб мужчыны дапамаглі? — у голасе маці столькі цеплыні і пяшчоты. Ёй шкада сына. Паклаўшы руку на плячо Рыгоркі, прамовіла:  — Дык я клікну мужыкоў?
  — Мы, цётка, і самі прыйдзем дапамагаць, вось толькі яшчэ па адным пракосу пройдземся.
  Рыгоркава маці праслязілася ад шчасця, сарамліва адвёўшы галаву ў бок.
  Неўзабаве мужчыны падыйшлі да хлапчуковай дзялянкі, сталі адзін за адным так, што Рыгорку месца не хапіла.
  — А мне дзе? — разгублена спытаў хлапчук.
  — Ты і так напрацаваўся, хопіць, — сказаў сусед Іван.
  Весела і дружна зазвінелі косы. Яно і зразумела. Добрыя і працавітыя суседзі ніколі не пакінуць у бядзе чалавека. Такі ў вёсцы звычай.  ...Позна вечарам касцы вярталіся дамоў. Стомлены, але задаволены крочыў і Рыгорка.