Альманах“Лунінецкая муза” № 20

Максім Казун
Голас белых буслоў

Апавяданні

Спадарожнікі

  У купэ поезда напрамкам Мінск — Брэст, куды я толькі што зайшоў, ужо сядзелі дзве пасажыркі: дзяўчынка-падлетак і жанчына сярэдніх гадоў. Дзяўчынка, развітаўшыся з гаварлівай чарнявай маладзіцай, якая праводзіла яе, з гордасцю паведаміла:
  — Выхавальніца наша. Сапраўды прыгожая? А я вось у Брэст еду. У мінулым годзе мы ўсёй групай там былі на экскурсіі. Пазнаёмілася з добрай жанчынай. А зараз вось яна мяне ў госці запрасіла.  Поезд рухаўся. Потым спыняўся. Людзі выходзілі і заходзілі. На адным з прыпынкаў маю ўвагу прыцягнула сямейная пара з малым, гадоў каля трох, хлапчуком. У вагоне было вельмі горача. Лета выдалася спякотнае, сонца смаліла бязлітасна. Дзіця капрызнічала. Бацька цярпліва супакойваў яго. А маці скардзілася:  — Ехаць далёка, наперадзе перасадка. Зараз бы паспаць. Дык ці дасць жа гэтае дзіця?  На прыпынку мужчына ўзяў хлопчыка на рукі і выйшаў з купэ. Жонка, з палёгкай уздыхнуўшы, прылегла. Праз некаторы час, вярнуўшыся, бацька пасадзіў сына на верхнюю паліцу, даў яму цацкі. Сам узяў кнігу і пачаў чытаць. Але хутка размераны перастук колаў і лёгкае пагойдванне вагона нагнала на яго сон. Паклаўшы галаву на столік, мужчына задрамаў. І раптам цішыню прарэзаў дзіцячы плач. Разбуджаная гэтым крыкам, усхапілася маці. Пабачыла, што сына трымае на руках жанчына.
  — Што тут адбылося? — з прэтэнзіяй звярнулася маці да яе.
  — Баюся, што зрабіла хлопчыку балюча... — дрыжачым голасам, блытаючыся, растлумачыла суседка па купэ.
  — А хто вас прасіў? Хапаеце, як папала.
  — Ды як вы можаце? — заступілася дзяўчынка-падлетак. — Калі б не яна, то...
  — А ты што не ў сваю справу лезеш? Малая яшчэ. Выгадавалі ж бацькі некаму падарунак! — злосна выкрыкнула жанчына.
  — А ў мяне іх няма. Я з дзіцячага дома! — абурана адказала дзяўчынка.
  — Яно і бачна. Біць не было каму.
  ...У Лунінцы поезд спыніўся, стаяў каля паўгадзіны. Муж і жонка, склаўшы свае рэчы, выйшлі, не развітаўшыся. Праз некалькі хвілін дзяўчынка выбегла за імі. Дагнаўшы, выпаліла:  — Здаецца, вы нешта забылі.  Мужчына вярнуўся, агледзеў купэ. І, нічога не заўважыўшы, моўчкі накіраваўся да выхаду. У дзвярах стаяла дзяўчынка. Яны сустрэліся позіркамі. Адвёўшы вочы першым, звярнуўся да жанчыны:  — Я не падзякаваў вам, прабачце. Проста не паспеў. Калі б не вы... Падумаць страшна. А табе, дзяўчо, трэба было б навучыцца весці сябе з дарослымі, — напаследак, нібы ўкалоўшы, кінуў мужчына. Павярнуўся і хутка пайшоў з вагона.
  Нібы тоненькая кветачка, стаяла каля акна дзяўчынка. Суседка паклала ёй руку на плячо.  — Ну што ты? Ён жа не са злосці.
  — Магчыма, і не са злосці, — уздыхнула яна. — Проста, відаць, ён такі бесхарактарны.
  — Ты такая маладая. Усё так тонка адчуваеш. Адкуль жа ты ведаеш, які ён, гэты незнаёмы спадарожнік?
  — А вось і ведаю. Яшчэ як ведаю! Так заўсёды гаварыла мне мама пра майго бацьку.
  — Ты помніш сваю матулю?  — Канешне, яна ж толькі тры гады як памерла. А вось бацькі ў мяне няма ўжо даўно. Я была тады зусім маленькая. Ды вось, зараз я вам пакажу, — пашукаўшы ў сумцы, дастала невялічкі, зацёрты фотаздымак. На ім было трое розных людзей. Худая, хваравітага выгляду, жанчына і мужчына, які трымаў на руках дзяўчынку з вялікім бантам у валасах.  — Гэта я. Толькі тады мне было тры гады. Вось як зараз іх сыночку. Хіба можна пазнаць мяне ў той, што на фотаздымку?..
  Жанчына слухала і не слухала. Думкі і позірк яе былі скіраваны на мужчыну, у якім без цяжкасці пазнала нядаўняга спадарожніка. Да адпраўлення поезда заставаліся лічаныя хвіліны, калі яна хутка выбегла з вагона. Каля кіёска ўбачыла таго, каго шукала. Той глянуў на жанчыну і спытаў, кісла ўсміхнуўшыся:
  — Зноў забыў што-небудзь?
  — Так, сапраўды забыў. Вы сваю родную дачку забылі. Тут яна, ідзіце і паглядзіце.
  Поезд павольна пачаў рухацца. Дзяўчынка кінулася да акна. Побач з ёй стала жанчына. Разам яны глядзелі на перон, які аддаляўся. У самую апошнюю хвіліну за акном паказаўся разгублены твар мужчыны. Ён бег і выкрыкваў толькі адно слова: “Адрас! Адрас!”
  Жанчына маланкаю схапіла газету, якая ляжала на стале. Хутка напісала некалькі слоў і, скамячыўшы яе, выкінула ў акно. Мужчына хацеў падхапіць яе, але яго дагнала жонка. Нахмурыўшы брыво, крыкнула нешта. Ён, нібы трапіўшы на перашкоду, спыніўся. Млява ўзмахнуў рукой услед цягніку і пайшоў назад з жонкай.
  Аб чым ён думаў у той момант? Ці закранула яго душу навіна?..