Альманах“Лунінецкая муза” № 20

Максім Казун
Голас белых буслоў

Апавяданні

Шпулька

  Нават да гэтага часу не магу забыць размову з чалавекам, які адкрыў мне сваю душу, выказаў свой боль. Пяць гадоў прайшло, як ён вырваўся з алкагольнага палону і не хоча, каб яго лёс паўтарыў нехта з маладых бацькоў, якія пакуль не задумваюцца аб адказнасці перад сям’ёй і дзецьмі.
  — Вось мой анёл-ахоўнік, — паказаў ён на пяцігадовую дзяўчынку. А дзяўчынка была ўся падобная на свайго тату.
  — Страшна падумаць зараз, што з-за маёй слабасці да спіртнога ў мяне не магло быць маёй любімай Волечкі.  Расказ гэтага чалавека, а дакладней, споведзь, я запісаў амаль даслоўна і прапаную ўвазе чытачоў.  Рабочы дзень закончыўся. Усе з завода спяшаюцца дамоў. Мы ж, як звычайна, крочым да магазіна. Наперадзе сухапары Шпулька, за ім Сідаравіч і я.
  — Чаго адстаеш? — крыкнуў, не пазіраючы ў мой бок, Шпулька. — Хутчэй!
  І сам пашыбаваў яшчэ шпарчэй. Сідаравіч ледзь-ледзь паспяваў за ім.  Нябачнай нітачкай былі звязаныя яны — сябар з сябрам. Мяняліся вакол людзі, а яны так і крочылі па жыцці ўдвух. Высокі, трошкі сутулаваты, жылісты Шпулька і маленькі сухарэбры Сідаравіч. У іхнюю кампанію я прыстаў, трэба сказаць, выпадкова, калі пачаў працаваць у адным з аддзелаў завода. Работа ў іх была няцяжкая — у асноўным займаліся прафілактыкай абсталявання. Час агляду і рамонту не нарміраваўся. Заробак па тых часінах быў добры. Майстар, як правіла, назначаў на працу нас утрох, бо ведаў, што выканаем хутка і якасна любую справу і яго не падвядзем.  У першы тыдзень знаёмства аднеквацца ад выпіўкі было неяк няёмка. Ды і Іванавіч (так паважна звалі Шпульку) сказаў:
  — Ведаеш што, ты не любіш рабочы клас, раз аднекваешся. Ці грошай шкада? Давай, я заплачу за цябе. Ну, што?
  Памятаю, Сідаравіч здзекліва ўсміхнуўся. Грошы ў мяне былі (Маруся мая ніколі раней не лічыла, колькі бяру з сабой. Жылі мы ў дастатку). Дзень за днём, шклянка за шклянкаю — усё гэта для мяне неяк непрыкметна стала звычайнай справай. Першай забіла трывогу жонка.  — Федзя, ты б кінуў піць. П’янка да дабра не давядзе, — сказала яна аднойчы, як адрэзала, і пайшла да суседкі. Ды і сын-пяцікласнік Віця пачаў пазбягаць мяне.  Так атрымалася, што тыдзень мы не прыкладваліся на рабоце да чаркі. Справа была перад зарплатай.  Шпулька хадзіў злы, усё мацярыў Сідаравіча. Той угодліва прыслужваў (мяне Шпулька не чапаў).  Я супакоіўся. Супакоілася і Маруся. Аднак у дзень зарплаты крыху каўтануў і прыйшоў дамоў вясёлым. Аддаў грошы жонцы ўсе да капейкі, стараўся яе супакоіць, жартаваў. Але яна паглядзела на мяне з такім дакорам, з такім кіслым тварам, што я нават спалохаўся. Паспрабаваў зноў яе супакоіць, але яна заплакала і моўчкі пайшла на кухню.  “Усё. Закругляюся! Больш не буду піць, — падумаў тады. — Сапраўды, гарэлка да дабра не давядзе”.  Падумаць то падумаў, але слова сваё не стрымаў. На другі дзень, дзесьці за паўгадзіны да абеду, Сідаравіч дастаў з гаспадарчай сумкі акуратна загорнутую ў паперу паўлітэрку. Шпулька прыязна ўсміхнуўся. Тут жа, ля станка, мы яе і “раздавілі”. Адзіная думка мільганула тады ў мяне: да вечара хмель пройдзе, а ў магазін я больш не пайду. Маруся нічога і не заўважыць. І ўсё ж першым пабег пасля змены за бутэлькай.  — Малайчына! — пахваліў Шпулька. — Вось гэта сапраўды па-нашаму.  Не памятаю, як дабраўся тады дахаты. Не памятаю, што гаварыла жонка, мабыць, нічога не казала. Той дзень стаў пераломным у нашых адносінах: сталі мы з Марусяй быццам чужымі. Спрабаваў я яшчэ некалькі разоў “завязаць”, але нічога ў мяне з гэтага не атрымалася. Ненавідзеў сябе ў хвіліны праяснення, а яшчэ больш — Шпульку. Заматаў, зацуголіў ён мяне здорава, як тую нітку намотваюць на шпульку і ўжо нікуды не вырвешся. Ну і прозвішча — Шпулька. Рэдкае. Яно ж дакладна адпавядала сутнасці гэтага чалавека. На выгляд яму можна было даць і сорак, і пяцьдзесят, а то і больш гадоў. Сухі, худы — адны косці ды скура. Піў стограмоўку адным глытком. Коўць — і пабегла ў страўнік. Піў, не закусваючы. Шклянка — і цыгарэта ў зубы. Зноў шклянка — і зноў цыгарэта. І, што дзіўна, як бы не п’янеў, заўсёды быў на нагах.  Аднойчы вечарам да мяне падсела жонка і кажа:  — Не будзе ў нас з табою, Фёдар, Волечкі. Прапіў ты нашу мару. Ці можна ад цябе, такога, дзяцей нарадзіць? Вядома ж, не.
  І так горка заплакала, што сіл маіх цярпець не было. Мы ўжо даўно вырашылі, што нам патрэбна другое дзіця. Віця падрастаў, і нам вельмі хацелася дзяўчынку (памочніцу маці). Нават імя ўжо ёй загадзя далі — Вольга. Але ўсё адкладвалі — вось кватэру добраўпарадкаваную атрымаем, тады ўжо... Атрымалі, закупілі мэблю, іншыя рэчы. І раптам такое — не бываць нашай Волечкі...  Гэтая думка цяпер пастаянна непакоіла маю галаву. І нават трымалася за яе — а як жа, ёсць прычына напіцца. Бутэлька вельмі моцна засмактала мяне. Шпулька поўнасцю завалодаў мною, я ператварыўся ў Сідаравіча, паслухмянага Шпульцы.
  Цяпер грошы на абеды мне жонка выдавала сама. Заначкі, якія я рабіў (ад зарплаты хаваў сотню- другую), хутка траціліся. На бутэльку ішлі абедзенныя грошы.  Дамоў прыходзіў альбо раўнадушны да ўсяго, альбо злосны.  Моўчкі шукаў што-небудзь перакусіць. Еў і адразу клаўся спаць, а сярод ночы ўставаў, многа піў вады ці чаю, што-небудзь жаваў. Сон ужо не ішоў — так і валяўся, разбіты, да ранку на канапе. З гімнам усхапваўся і клыпаў на работу. Маруся больш не рыхтавала мне снедання. Так ішлі гады за гадамі.  Аварыя, якая адбылася з канвеерам у галоўным цэху, здарылася па нашай віне. Але Шпулька сказаў, каб мы маўчалі: зламанае абсталяванне можна аднесці на кошт завода-пастаўшчыка, маўляў, яно было няякасным. У той дзень, добра памятаю, некалькі разоў падыходзіў да нас галоўны інжынер завода, прасіў хутчэй ліквідаваць аварыю. Абяцаў прэміраваць. Працавалі да дзевяці вечара, але лінію запусцілі. Шэсць гадзін прастаяў канвеер, дзесяткі людзей хадзілі без справы. Падыходзілі да нас, пыталіся, ці хутка запусцім.  — Пасля такой напружанай работы можна было б і выпіць, — сказаў Шпулька і падміргнуў мне.  Я яшчэ тады падумаў: можна дык можна, а дзе ж узяць? Магазіны зачыненыя. Але Сідаравіч ужо дастаў з шафы дзве бутэлькі віна. Тут жа, у душавой, і выпілі. Аказалася, пакуль я вазіўся з канвеерам, рамантаваў абсталяванне, Шпулька даў грошы, а Сідаравіч збегаў у магазін...  З кожным днём на душы станавілася ўсё цяжэй і цяжэй. Лавіў сябе на словах, што пастаянна думаю, як бы выпіць. Пілі ўсё: і гарэлку, і віно, і самагонку. Пілі моўчкі, моўчкі і разыходзіліся.  Аднойчы прыслалі да нас практыканта з ПТВ. Шпулька і яго прывучыў да віна. Славік, так звалі яго, вельмі любіў браць пры- клад са Шпулькі. Спачатку закусваў бутэрбродам, а потым выпіваў шклянку адным глытком і, як Шпулька, закурваў цыгарэту, гэтак жа, як ён, смактаў акурак. Але хутка хмялеў. Камандаваў заўсёды Шпулька: больш дзвюх шклянак Славіку не дазваляў. Сідаравіч згодна ківаў галавой.  Аднойчы вечарам сяджу я дома. Гляджу перадачы па тэлевізары. Чую, як жонка на кухні кажа сыну:  — Ты б пагаварыў, Віцёк, з татам. Хутка зусім сап’ецца.
  — Не хачу, мама, гаварыць з апойкам, — адказвае сын.  Абразіўся я тады! Каб паказаць, што я яшчэ гаспадар, выйшаў на кухню і закрычаў:  — Хто гэта апоек? Бацька?!  — Ты! — цвёрда сказаў Віктар, падняўшыся з-за стала. І тут я заўважыў, што сын ужо вышэй мяне на цэлую галаву. Перада мною стаяў моцны хлопец, гатовы пастаяць за сябе.  Ноч дрэнна спаў. Балела сэрца, смактала пад лыжачкай. Раніцай пайшоў на работу, як звычайна, не паснедаўшы. Працавалі моўчкі. Гэтак жа моўчкі вечарам распілі пару бутэлек і разыйшліся.  Дамоў вяртацца не хацелася. Там ніхто мяне ўжо не любіць. Па меншай меры, так тады здавалася. За гэтыя гады і не заўважыў, як вырас сын, як схуднела і асунулася Маруся. За што мяне цяпер было любіць? Колькі ўжо гадоў у госці да сяброў з жонкай не хадзіў, кніг у рукі не браў! З сынам не займаўся, не цікавіўся, як вучыцца. Спытай, у якім ён класе — адразу і не скумекаю, ці то ў дзесятым, ці то ў адзінаццатым. У душы адна пустата. А ў галаве толькі п’янка. І сапраўды, прадаў я, прамяняў усё святое на гарэлку, на Шпульку. Дзень за днём мацнела нянавісць да такога быццам бы сябрука. Яго прысутнасць раздражняла, нас аб’ядноўвала только адно — бутэлька. І ўсё ж парваць з ім не мог, хаця і спрабаваў. Раніцай гавару сабе: сёння ў магазін не пайду! Аднак калі змена заканчваецца, зноўку ўтрох клыпаем па знаёмай дарожцы. Як жа сябе праклінаў! Але каб парваць...  Неяк цёплым летнім вечарам, калі сонца павольна хавалася за небасхіл, мы выйшлі з прахадной і, як звычайна, накіраваліся да магазіна. Настрой быў дрэнны, хацелася хутчэй выпіць, забыцца. Я ішоў апошнім.  Адразу за паваротам вуліцы знаходзілася калонка. Каля яе жанчына набірала ў вёдры ваду, а побач стаяла дзяўчынка гадоў трох-чатырох, беленькая, з яснымі блакітнымі вачыма. “Вось такая ўжо магла быць у нас Волечка”, — падумалася раптам мне.
  — Чаго спыніўся? — прыкрыкнуў на мяне Шпулька. — Пайшлі!  Я сапраўды замарудзіў крок: залюбаваўся дзяўчынкай. Яна была, як лялька, у гэтай прыгожай белай сукенцы, з вялікім чырвоным бантам на галаве.
  Ад крыку Шпулькі яна ўстрапянулася, а потым, як бы гуляючы, раскінула рукі і, усміхаючыся, сказала:
  — Не пушчу, дзядзька!  З аднаго боку — калонка, з другога — плот, а паміж намі — з раскінутымі рукамі дзяўчынка. Убачыўшы маю збянтэжанасць, яна ўзрадавалася:
  — Стой, нельга туды!  Я спыніўся. Нешта імгненна перавярнулася ў душы. Цягні мяне ў той міг на вяроўцы Шпулька, я, напэўна б, адбіваўся, упіраўся і ні за што б не пайшоў за ім. Ясныя думкі мільганулі ў галаве: “Не, Шпулька, за табою я больш не пайду!”
  Ужо дзяўчынка апусціла рукі, а я ўсё стаяў. Шпулька азірнуўся яшчэ раз. Спыніўся і Сідаравіч.  — Не па дарозе нам, — цвёрда сказаў я. — Мне цяпер у другі бок.  Шпулька злосна вылаяўся і хутка пакрочыў усцяж вуліцы, за ім патэпаў яго верны сябар Сідаравіч. На душы ў мяне ўпершыню за многія гады стала лёгка, у вачах светла, у галаве думкі былі радасныя і цвярозыя.  Выздараўленне маё ішло вельмі марудна, як муха, што паўзла па смале. Узнагарода за праяўленую волю — вяртанне павагі сына і кахання Марусі. Ну і, нарэшце, Волечка. Добра, што хоць яна нічога не ведае. Толькі б была здаровая!

На верх старонкі