Альманах“Лунінецкая муза” № 20

Максім Казун
Голас белых буслоў

Апавяданні

Сэрцу не загадаеш

  Вёска. Магазін. Машына прывезла хлеб з горада. Пакуль латкі разгружалі, людзі тоўпіліся на вуліцы. У чаканні расказвалі адзін аднаму мясцовыя навіны: хто нарадзіўся, хто з кім пасварыўся, хто ажаніўся ці памёр. Розныя навіны. І добрыя, і дрэнныя. Але адна навіна, якую я пачуў, здзівіла: прадаўшчыца Валька Макарава выходзіць замуж. Што Павел Захаранка да яе заляцаўся, у вёсцы ведалі. Але ведалі і іншае: Валька чакае з арміі Мішу Кузьміча.  Суседка Захаранкаў бабка Маруся абуральна гаварыла каля магазіна сяброўкам:  — І што за моладзь пайшла зараз! Года не прайшло, як Мішу на службу ўзялі — і ўсё забылася.  — Успомніце маё слова, жанчынкі. Тут штосьці не так. Зірніце на Вальку. Замуж выходзіць, а сама сумная, быццам сілай яе цягнуць, — выказала сумненне бабка Параска.  — Ды што там глядзець! — гэта ўжо суседка Малання кажа. — Усё і так зразумела. Уздыхае яна па кучараваму свайму, ды толькі разлікі на будучае, відаць, перацягваюць. Павел — мужык моцны, жылісты. У яго паміж пальцаў нічога не працякае. Нездарма на машыне катаецца. Бізнесмен! А Міша? Калі і што яшчэ будзе, а тут усё ўжо гатовенькае.  Я стаю ў баку, слухаю размову жанчын. Бабка Параска згаджаецца:  — Яно, вядома. Дзе Мішы да Паўла! Ды толькі як жа без кахання жыць?  — О-о, галубка, пра каханне загаварыла, — усміхнулася бабка Маруся. — Ну, якое ў цяперашні час каханне? Я вось радыё слухаю. Раней як спявалі? Выпраўляюць дзяўчаты хлопцаў у армію, клянуцца: “Вы служыце, мы вас пачакаем”. А цяпер? Хлопец ідзе ў армію, ледзь не плача, дзяўчыну ўпрошвае. Ты, маўляў, толькі дзве вясны ды дзве зімы пачакай і я вярнуся!..
  Карацей, размоў было нямала. Задуменнасць Валянціны заўважыла і родная маці.  — Што ж ты надумала, дачушка? — пачала ўшчуваць матуля. — Чаму Мішу чакаць не хочаш? Ці пісьмо ад яго дрэннае атрымала? Можа, там іншую знайшоў? А калі і так, калі ты яму на злосць хочаш выйсці замуж, будзеш перажываць потым. Ой, як дрэнна будзе! Чуе маё мацярынскае сэрца: не падабаецца табе Павел.  — Прашу цябе, мама, не лезь у душу, — усхваляваным голасам адказала дачка.  — Ды каму ж, як не маці, душу адкрыць, хто цябе яшчэ зразумее?  Згулялі наспех вяселле. Валянціна перасялілася ў дом Паўла і пасля гэтага пакінула магазін, дзе працавала прадаўшчыцай. Вяскоўцам растлумачыла, маўляў, муж не дазволіў. У нас, сказаў, усяго хапае, а што трэба будзе, толькі скажы, усё дастану.
  Наконт здольнасці дастаць Захаранка не хваліўся — гэта Валянціна ведала дакладна. Як не ведаць, калі ён і саму яе “дастаў”. Скажы хто-небудзь месяц назад, што яна стане жонкай Захаранкі — усміхнулася б. А бачыце, як атрымалася!  Прайшоў месяц. Здаецца, зусім нядаўна Валянціна чакала Мішу, а цяпер вось ходзіць па дывановых дарожках у Захаранкавым доме, а мужанёк з усіх сіл стараецца ўлагодзіць яе. То кофту, то шубу дарагую купіць, то модныя боцікі падарыць. Апранайся, радуйся. Жыві, катайся, як сыр у масле. Але няма таго запалу на яе твары. Ка-лісьці вясёлая, радасная Валя была душой кампаніі, і ўсмешка не сыходзіла з яе вуснаў. Калі кавалер, як яна для сябе ахрысціла мужа, ездзіў на промысел у свае фірмы, да сваіх кліентаў, яна ўпотай даставала фота Мішы. Кавалер вяртаўся вечарам, падазрона глядзеў на жонку:
  — Усё аб ім уздыхаеш? Ну, чым, чым я горш? Галава, праўда, не кучаравая, затое ў галаве сёе-тое ёсць.
  Валянціна не адказвала, а ён абдымаў яе за плечы:
  — Дык перастань, прыгажуня, марыць аб мінулым. Яно не вяртаецца. Трэба думаць аб будучым. Упэўнены, мы з табой яшчэ не так зажывем.  Праз год нарадзілася дзіця, і з клопатамі аб ім да Валянціны вярнулася ўсмешка. Хутчэй пабег час, менш стала думаць аб мінулым. І нават кавалер, які нязграбна схіляўся над калыскай, не здаваўся ёй цяпер такім чужым.  Час лечыць. Сцярпіцца — злюбіцца. Можа, меў рацыю той, хто ўпершыню вымавіў гэтыя словы. Аднак чаму ж збялела, паспешна пайшла ў дом Валянціна, пачуўшы ад суседкі, што вярнуўся з арміі Міша. Чаму, быццам разгубленая, ходзіць па пакоях?
  — Зноў глупства ў галаве! — зліўся, але ветліва гаварыў муж. — Ты не аб ім, аб нашым сыне думай! Які прыгажун расце, увесь на цябе падобны!..
  Хацелася аб ім не думаць, ды не атрымлівалася. А тут яшчэ гэтая сустрэча. Выйшла на вуліцу, ён міма ідзе. Спыніўся, адкрыў веснічкі.  — Добры дзень, Валя. Як жывеш, прыгажуня?
  — Дзякуй, добра.  — Чуў, сына гадуеш?
  — Гадую, — ціхім вінаватым голасам адказала Валя.  Памаўчалі. Ды і аб чым размаўляць?
  — Ну, жадаю шчасця, Валя. І бывай!  Міша акінуў позіркам двор, павярнуўся і пайшоў.  “Чаму бывай?” — хацела спытаць яна, але пытанне было такое цяжкае, што так і засталося ў ёй.  Марудна, ой, як марудна ішоў Міша, быццам перашкаджаў яму ісці яе пільны, уважлівы позірк.  Яшчэ ўздрыгвалі закранутыя ім галінкі ля загарадзі, а суседнія дамы ўжо засланілі, схавалі яго ад вачэй. Быццам нікога і не было. Хіба так яна ўяўляла калісьці гэтую сустрэчу?  А вечарам зноў шумеў мужанёк:
  — Будзе хадзіць — ногі пераламаю!  Аднак Міша хадзіць міма іх дома не збіраўся: узяў сумку, сеў у аўтобус — і застукалі пад ім колы. Паехаў Міша, а боль у душы Валянціны застаўся. Толькі калі займалася сынам, забывала пра боль.  Але ў хвіліны, калі заставалася адна са сваімі думкамі, адчувала боль асабліва востра. Няўжо ўсё жыццё праседзіць у гэтых аздобленых дыванамі сценах, нібы злоўленая птушка ў жалезнай клетцы? Не, вырашыла Валя, трэба на волю, да людзей.
  — Наш сын ужо падрос, мая маці дала згоду наглядаць за ім, а летам аддадзім у дзіцячы сад, — сказала яна мужу. — Я хачу ўладкавацца на работу. Зразумеў?  — Гэта яшчэ навошта? — нахмурыўся Павел. — Табе чагосьці не хапае? Машына ёсць, сама ездзіш. Ды ў нас усяго ўдосталь!
  — Каціся ты на сваёй машыне к чорту! — успыхнула, быццам запалка, Валя. — Я табе не служанка!
  — Ах, вось як ты загаварыла! Забыла, хто цябе выратаваў?
  — Ды лепей... лепей турма, чым усё жыццё з табою. Выратавальнік!..  Неяк пайшла яна ў магазін.
  — Добры дзень, цёця Валя, — павіталася з ёю дзяўчынка.
  — Добры дзень, — адказала Валянціна, не адразу пазнаўшы ў ёй малодшую сястрычку Мішы. — Ганначка! Гэта ты? Як ты вырасла!
  Азірнуўшыся, спытала:
  — А Міша хоць пісьмы шле?  — Шле, вось і нядаўна напісаў.
  — Не ажаніўся яшчэ?  — Кажа, нявесты няма.
  — Ганначка, міленькая, хачу папрасіць цябе. Толькі, галубка, аб гэтым ніхто не павінен ведаць. Прынясі мне канверт з Мішыным адрасам.
  — Вы хочаце яму пісьмо напісаць?
  — Я яшчэ дакладна не ведаю, але мне патрэбен, вельмі патрэбен яго адрас. Буду чакаць цябе.
  Амаль усю ноч Валянціна не спала. А раніцай прыйшла да маці і кажа:
  — Я ад’язджаю, мама.
  — Ты што, дачушка, звар’яцела? — узмахнула маці рукамі. — Будзь разумнай. Выкінь Мішу з галавы. Аб ім раней трэба было думаць. А зараз аб сыне, мужу думай. Ты, Валя, стала нейкая незразумелая. Планы ў цябе нявызначаныя. Быццам лятаеш у паветры. Спусціся на зямлю. У цябе сын.  — Таму і ад’язджаю, што аб сыне думаю. Не хачу, каб ён дрэнным вырас.  — Дурніца ты, дачушка. Сына хочаш пакінуць без бацькі.
  Памаўчалі.  — Да гэтага часу не разумею, што цябе прымусіла за Паўла замуж выйсці?  — Ганьбу хацела схаваць. Недастача ў мяне аказалася ў магазіне. А ён бываў там, яму і раскрыла душу. Ён заспакоіў, маўляў, не хвалюйся, выручу. А потым гаворыць: “Альбо замуж за мяне выходзь, альбо я грошай за цябе не ўнясу”. Я разгубілася. Ды і што мне заставалася рабіць? Мішы так і гэтак не відаць, а пад суд ісці ды ганьбу цярпець...  — Адкуль недастача? — перабіла маці. — І чаму не сказала тады?  — Я і сама да гэтага часу не разумею, як усё атрымалася. Можна сказаць, тады яшчэ мала што ведала. Чаму, пытаешся, не сказала? Ды дзе ж ты, мама, гэтыя грошы ўзяла б? І ўдар табе быў бы які... А замуж пайшла, ну, засмуцілася ты, затое ніхто нічога не даведаўся.
  — Эх, дачушка, дачушка, заблудзілася ты ў жыцці. Мяне пашкадавала! А глядзець, як ты пакутуеш, хіба лёгка?  Маці праводзіла Валянціну да аўтобуса. Дачка ўсміхнулася ёй, сказала, каб не хвалявалася, але ў вачах застылі пытанні, на якія немагчыма было адказаць: “Ці зразумее яе Міша? Ці прыме? Ці даруе?”  Ёй вельмі хацелася верыць, што ўсё цяжкае і горкае яна пакідае тут...

На верх старонкі