Альманах“Лунінецкая муза” № 20

Максім Казун
Голас белых буслоў

Апавяданні

Сцяпаныч

  — Значыць, спецыяльнасці няма? — памочнік начальніка па кадрах і быту яшчэ раз уважліва прачытаў маю заяву, падумаў, штосьці напісаў на ёй і сур’ёзна паглядзеў на мяне. — Возьмем. Пойдзеш на пілараму. Звольніўся там адзін. Больш нічога прапанаваць не магу — усе месцы заняты.
  Майстар-будаўнік, чалавек малады, амаль мой аднагодак, растлумачыў, чым я буду займацца, прачытаў інструкцыю па тэхніцы бяспекі.  Крочым да доўгага, напэўна, даўно пабудаванага, бо ўжо пачарнелага, драўлянага пакгаўза. Уздоўж сцяны — акуратныя штабялі дошак, брусоў. Трохі далей ляжаць у кучах гарбылі, дровы. Прыемна пахне жывіцай, нейкім незнаёмым мне водарам. У сярэдзіне цэха піларамы падлога была мяккая ад пілавіння, нагадвала дыван.  Ля піларамнага механізма, уважліва сочачы за распілоўкай, стаяў рабочы, шчодра ўбелены драўляным пылам. Ён здаўся мне чалавекам дабрадушным, лагодным, простым, з тых, каму ўсё роўна з кім мець справу.  Майстар падыйшоў да яго, крануў за плячо:
  — Чуеш, Сцяпаныч, напарніка новага табе прывёў. Малады памочнік. Уводзь у курс справы.
  Калі майстар пайшоў, Сцяпаныч шчыра і адкрыта агледзеў мяне ўсяго: з ног да галавы. Маўляў, паглядзім, што ты за чалавек, на што здольны. Корпаючыся ў пілараме, спытаў:  — Халасцяк? Жанаты?
  Я ледзь не рассмяяўся:
  — А якія вам больш падабаюцца, цікава ведаць?
  — Халасцякі — верхагляды. Ад іх толку мала. Заробак ім не патрэбен, пыльную работу не любяць. Ды і працуюць так — шаляй-валяй. Абы дзень да вечара. Мой, кажа, дэвіз: еш — пацей, працуй — мёрзні.
  Пілы расправіліся з бервяном, канец яго саскочыў з рабрыстага валіка на цялежку, устаноўленую на рэйках. Піларамшчык з веданнем справы хутка вызваліў другі канец ад зажымаў.
  — Падыходзь, не саромейся.
  Калі дошкі склалі ў штабель, Сцяпаныч выключыў пілараму, каб зручней было весці размову.  — Як зваць будзе?
  — Сяргей.
  — На пілараму сам прасіўся, ці?..
  — Накіравалі. Спецыяльнасці няма.
  Сцяпаныч памаўчаў, нават зніякавеў:  — Дажыў. Піларамшчык — ужо не прафесія. А калісьці ў пашане хадзілі... Адукаваныя ўсе сталі. Колькі класаў у цябе?
  — Дзесяцігодку закончыў.  — У-у-у, дзесяцігодку! Першы ты ў мяне з дзесяцігодкай. Ну, калі прыйшоў, будзем працаваць. Пайшлі бярвенні качаць на эстакаду. Работа гэтая не складаная, але патрабуе волатаўскай сілы.  Працавалі мы звычайна моўчкі. Сцяпаныч іншы раз даваў указанні ці, калі рабіў я нешта не так, коратка, па-бацькоўску павучаў, паказваў:
  — Вось як трэба.  “Замярзаць” нам не даводзілася. Да канца працоўнага дня я стамляўся так, што хацелася ўпасці на цёплае пілавінне і не падымацца. А для старога, вопытнага піларамшчыка быццам і не было цэлага васьмігадзіннага дня, быццам бы ён толькі добра выспаўся. Працаваў, не спяшаючыся, а атрымлівалася ўсё вельмі хутка. Калі трэба было замяніць пілы ці паставіць іх па другому замеру, затрачваў на гэта хвіліну-другую. Усё гарэла ў яго руках. Работа выконвалася хутка і якасна. А я, устанаўліваючы пілы, вазіўся разоў у дзесяць даўжэй. Трэба было многаму вучыцца.  Калі заканчваўся працоўны дзень, Сцяпаныч звычайна гаварыў:  — Яшчэ вось гэты кругляк распілуем, няхай будаўнікам будзе больш матэрыялу.  Час ішоў, я прывыкаў, набіраў свой асабісты, хоць і маленькі, але ўжо вопыт. Аднойчы, калі мы дапілоўвалі апошняе бервяно, заглянуў да нас у пілараму майстар. Павітаўшыся з кожным за руку, сказаў:  — Зноў паўтары нормы! Малайцы! На Дошку гонару трэба, за двух клапаціцца буду.  Звычайна, закончыўшы работу, я кідаў рукавіцы і ішоў дамоў. А Сцяпаныч браў у рукі венік ці рыдлёўку, замятаў вакол піларамы, выграбаў з-пад яе пілавінне. У той жа дзень я сам схапіў рыдлёўку і пачаў выграбаць пілавінне, кару. Затым разам са Сцяпанычам змазваў падшыпнікі асноўных вузлоў. Дамоў упершыню ішлі разам. Спачатку доўга маўчалі, потым я сказаў:
  — Дык мы ж можам і больш даць.
  — Чаго больш? — як бы не зразумеў мяне Сцяпаныч.
  — Больш распілаваць лесу.
  — Можам. Але нельга.  — Як гэта? — здзівіўся я.
  — А так. Расцэнкі перагледзяць. Куб танней зробяць. Зразумеў?
  — Ну і няхай. Усё роўна не менш заробім. А справа выйграе. Ды і нельга інакш. Чулі, што майстар сказаў?
  Сцяпаныч прыпыніўся, глянуў на мяне з хітрынкаю ў вачах.  — Ты, брат, аказваецца, вытворчасць правільна разумееш, — раптам весела сказаў ён. — А я ўсё палохаўся, думаў, падцісну яшчэ, плюне хлопец, пойдзе шукаць работу лягчэй. Выйшла наадварот...  Так мы працавалі год. Нашы фотаздымкі на Дошцы гонару пажоўклі ад часу. А са старэнькай піларамы выціснулі ўсё і нават больш, чым усё, на што яна была здольная. Паставілі новы электрарухавік, замянілі некалькі вузлоў, адрэгулявалі падачу. Нават пілы сталі вастрыць загадзя. Дзве нормы аказаліся мяжой нашых магчымасцей. Як ужо ні стараліся, што ні рабілі, а больш даць ніяк не маглі. Стала сумна працаваць. Бо ведалі, што будаўнікам патрэбен матэрыял, які ішоў на рамонт і будаўніцтва кватэр. Ды і ў душы я быў рамантык. Таму ў думках падбіраў сабе новую прафесію.  Аднойчы ў час абедзеннага перапынку, калі мы выключылі агрэгат, Сцяпаныч затрымаў мяне:  — Чуеш, Сяргей, пагутарыць трэба з табой. Паабедаем разам: жонка нам на дваіх тут прыгатавала.  Я паціснуў плячыма: маўляў, мне ўсё роўна. А ў самога разгарэлася цікавасць: што там надумаў стары? Селі абедаць, а ён не спяшаўся выкладваць свае думкі, еў павольна.
  — Ну дык што? — не вытрымаў я, парушыўшы маўчанне.
  — Не падганяй, ну і гарачы, — незадаволена буркнуў Сцяпаныч. Аднак размову пачаў:  — Ведаеш, Сяргей, прывык да цябе. Спрацаваліся, сталі сябрамі, хоць розныя па ўзросту. Ды і справу на трывалыя ногі паставілі. Ты да працы ахвочы. Люблю я гэта. І шкада з табою развітвацца, але трэба.  — Што ж гэта вы... звальняцца будзеце? — у здзіўленні спытаў я.  — Ды не аб сабе гавару. Сам падумай: хлопец ты кемлівы, дзесяцігодку маеш за плячыма. Ну, папрацаваў, набіў мазалі на гэтай пілараме і хопіць з цябе. Такая складаная мудрасць — бярвенні пілаваць. Не, браток, трэба табе прафесію сапраўдную займець. Адпаведна адукацыі. А то ўвесь смак да сапраўднай справы пілавіннем заваліш. Слухай. Занесла мяне ўчора ў аддзел кадраў, трэба было некалькі сваіх пытанняў вырашыць. Бачу, на сцяне — аб’ява. Так, маўляў, і так, арганізоўваюцца курсы — на маляра можна вывучыцца, тынкоўшчыка, сталяра-чырванадрэўшчыка. Сталяр-чырвана-дрэўшчык! Зразумеў? Вось гэтая прафесія для цябе. Тут табе і адукацыя, і гэтай, як яе, рамантыкі, творчасці ды выдумкі хапае. А ты, я бачу, у душы мастак, стваральнік. Рукі ў цябе залатыя.
  Толькі зараз зразумеў я, што Сцяпаныч больш, чым я, за мяне па-бацькоўску хвалюецца, перажывае, думае. Да горла падкаціўся горкі камяк.  — Сцяпаныч, а ці не спазніўся я? Магчыма, там ужо набралі групу сталяроў-чырванадрэўшчыкаў, ды, як мне здаецца, гэтая прафесія патрабуе здольнасцей.  — Сяргей, а хіба ў цябе здольнасцей няма? Сам жа паказваў неяк свае гравюры. А наконт таго, што ўжо набралі, не хвалюйся. Тваё прозвішча ў спісу першым стаіць. Аднак усё-такі сёння патрэбна табе зайсці ў аддзел кадраў і даць згоду.
  Што я мог адказаць Сцяпанычу? Чым мог яго аддзякаваць? Ды і ведаў, ён не падзякі патрабуе. Проста па-бацькоўску за мяне клапоціцца.
  Цяпер я сталяр-чырванадрэўшчык трэцяга разраду. Мне сталі давяраць нават складаныя заданні. У першыя дні часта наведваў Сцяпаныча, дзяліўся навінамі, цікавіўся яго справамі. Потым нам павялічылі і ўскладнілі заданне, і адлучацца наогул не стала часу.  Аднойчы (гэта было перад абедам) з’явіўся перада мной сам Сцяпаныч. Калі я зняў акуляры-засцерагальнікі, нават не адразу паверыў, што гэта ён. Узрадаваўся, вядома. Аказалася, Сцяпаныч прывёз у наш цэх драўляныя брускі для сталярных вырабаў.
  — Піларама, разумееш, зламалася, вось часова грузчыкам паставілі.  Сцяпаныч гаварыў, а сам усё паглядаў то на мяне, то на станкі, то на мае рукі. Увесь нейкі быў заклапочаны.
  — Чуеш, Сяргей, а я змог бы? Як ты думаеш?
  — Паспрабуйце, Сцяпаныч.  Я паставіў новую загатоўку, растлумачыў, што трэба рабіць. Сцяпаныч паспрабаваў, і тут жа мы адразу праверылі загатоўку: рэз быў касы, чвэрць выбрана глыбока і няроўна.  — Не змагу, відаць, рукі ў мяне ўжо не тыя, — расчараваўся ён.
  І тут мяне натхніла:
  — Чуеце, Сцяпаныч, а чаму б і вам не стаць сталяром, не абавязкова чырванадрэўшчыкам, га? Тэорыю дапамагу засвоіць, практыкавацца ў мяне будзеце, га?  — Ты пачакай, пачакай, — узяў ён мяне за рукаў. — Які з мяне сталяр? У мяне ўжо і рукі не гнуцца так, як у цябе. Напрыклад, зраблю раму, а там шчыліны — людзі засмяюць. Нічога не будзе. Я не згодзен.  — Дапамагу я вам. Вось пабачыце, добра атрымаецца.
  — Ды не, Сяргей. Памяркуй сам. На пілараме я ўжо больш за дваццаць гадоў працую. Хто лепей мяне гэтую справу ведае? Я там гаспадар. А без гаспадара і дом сірата. Прыслалі мне тут аднаго штрафніка — былога манцёра пуці. Упарты такі. Але пакрысе здаецца. Паўтары нормы сталі даваць. А пайду я — спыніцца справа. Не, брат, не змагу я так зрабіць. Не па-рабочаму будзе. Сумленне не дазволіць. Усюды гаспадар патрэбен.
  Сцяпаныч працягнуў мне сваю шурпатую, маршчыністую далоню і павярнуўся, каб пайсці, але, успомніўшы нешта, спыніўся:
  — Чуеш, Сяргей, учора прачытаў у газеце аб’яву, што праводзіцца набор у тэхнікум па будаўнічых спецыяльнасцях. Добрая справа, падумай...