Альманах“Лунінецкая муза” № 20

Максім Казун
Голас белых буслоў

Апавяданні

Палявыя рамонкі

  З поля Яніна Міхайлаўна вярнулася стомленая. “Адпачну хвіліначку, — вырашыла яна перад тым, як рабіць уборку ў доме, — з Андрэйкам паразмаўляю”.  Узяла з буфета фотакартку сына, прысела да акна. Калі яна глядзела на здымак, ёй заўсёды здавалася, што перад ёй не глянцавая папера, а сам Андрэйка — вясёлы, добры, з усмешкаю. І з ім яна ціхенечка вяла размову.  — Бач, як ты падрос і ўзмужнеў у арміі. Сапраўдным волатам стаў. Бач, ужо і сяржанцкія палосачкі на пагонах, і нават вусікі адпусціў... Госпадзі, а пайшоў дык зусім хлапчуком. Служыцца як, Андрэйка? Ну, не трэба, не трэба, не кажы — сама бачу, што добра.  Наразмаўляўшыся з сынам, Яніна Міхайлаўна пачала ўборку у доме. Ёй кожная рэч зноў і зноў напамінала аб Андрэю. Глянула ў шафу — убачыла яго святочны касцюм. Сам зарабіў у апошняе лета.  А працаваў у родным калгасе. Грошы заўсёды прыносіў маці. І касцюм, і тэлевізар, і новую сукенку — маці. Ласкава пакратала пінжак, зняла пушынку з рукава.  Потым пачала перастаўляць кніжкі на этажэрцы. Па іх яна ў думках сачыла, як падрастаў яе Андрэй, як станавілася больш дарослымі яго інтарэсы — “Мыйдадзір”, “Дзед Мазай і зайцы”, “Як гартавалася сталь”.  Выцерла Яніна Міхайлаўна пыл з этажэркі. Перавяла погляд на сцяну, дзе кнопкамі прыколаты Ганаровыя граматы Андрэя Пракаповіча. Адна — за ўдарную працу на ўборцы ўраджаю, другая — за выдатныя поспехі ў вучобе і службе. Усміхнулася, перачытваючы іх, а на душы штосьці неспакойна. Чаму, чаму сынуля не прыслаў вестачкі ў гэты дзень?  А дзень сёння незвычайны — пяцьдзесят споўнілася Яніне Міхайлаўне. Заўсёды Андрэй у дзень нараджэння маці прыносіў падарункі: то хустачку, то вязаную кофтачку, то яшчэ што-небудзь. А ў апошні раз падарыў наручны гадзіннік. Прыйшоў разам з сябрамі, усе з букетамі кветак. Колькі радасці было маці! І не падарункі дарагія, а пяшчота, увага.  А сёння нават і паштовачку не прыслаў... Можа, здарылася што-небудзь?  Не змагла больш заставацца ў доме, схапіла вядро, пабегла да студні. Нібы суцяшаючы яе, з-пад дажджлівых хмар вызірнула сонца, зайкамі зайграла ў лужынах. Яніна Міхайлаўна, жмурачыся ад яркага святла, глянула на раку, што цякла побач. Спакойна і павольна нясе свае воды Цна, хаваючыся ў нізкіх пясчаных берагах. Па драўлянаму масту ішоў ваенны з чамаданам у руцэ.  — Андрэйка! Мой сынок!
  Не чуючы ног, пабегла маці насустрач ваеннаму. Як на крылах паляцела, а то і хутчэй. І толькі крокаў за дзесяць пераканалася, што абазналася. Сяржант, так падобны на сына, быў зусім незнаёмы. І ўсё-такі пабегла, абняла яго, заплакала.  — Сыночак, міленькі, родненькі, прабач мяне!
  — Ну за што ж, маці?  І гэтак натуральна само сабой атрымалася, што незнаёмага чалавека назвала яна сынам, а ён яе — маці. Так вадзілася на вайне, калі кожная сталая жанчына была для салдата маці, а кожны праходзіўшы міма парога дома воін — яе сын.
  — А я вас пазнаў, — сказаў сяржант, стрымана ўсміхнуўшыся.
  — Вы Яніна Міхайлаўна Пракаповіч. Праўда?
  — З Андрэйкам служыце? — спытала яна.
  — Так. Ён мне вашу фотакартку паказваў.
  — Што з ім?
  — Нічога, усё ў парадку. На вучэнне паехаў ён, а мне вось водпуск далі. Андрэй папрасіў наведаць вас — мне амаль па дарозе.
  — Божачка, радасць дык якая!
  Праз некаторы час сяржант сядзеў за сталом, а Яніна Міхайлаўна частавала яго... І колькі было размовы! Госця звалі Іванам, ён чымсьці ўсё-такі нагадваў Андрэя.  Схамянуўшыся, сяржант дастаў з чамадана кардонную каробку. Працягнуў яе гаспадыні.  — Гэта Андрэй вам перадаў. Прасіў прабачэння за падарунак сціплы...  Яна расчыніла каробку. У ёй ляжаў букет палявых рамонак. Загорнутыя ў вільготную хусцінку кветкі былі зусім свежыя.
  Дрыжачымі рукамі Яніна Міхайлаўна паднесла іх да твару. Яны пахлі полем і летам.  — Андрэйка прыслаў... Не забыў... І не завялі.  Яна паставіла рамонкі ў вазачку на стол. Праводзіўшы госця, доўга любавалася кветкамі. Ёй здавалася, што сын дзесьці тут, у пакоі, побач, і сэрца яе перапоўнілася шчасцем. Зноў узяла з буфета фотакартку Андрэя і зноў загаварыла з сынам: “Вялікі дзякуй табе, Андрэйка, за кветкі. Ванюшка, твой сябар, свежымі і цэлымі іх прывёз. Дзякуй, сынуля! У мяне сёння сапраўднае свята”.