Альманах“Лунінецкая муза” № 20

Максім Казун
Голас белых буслоў

Апавяданні

Позняе раскаянне

  Звінела, гуляла вяселле. Музыка ракой лілася на ўсё наваколле. Было і горка, і салодка. А потым для маладых пачалося сямейнае жыццё. Стаўшы мужам, Сяргей пераехаў у хату да жонкі, цешчы і цесця. Хто першы прапанаваў гэта, ні ён сам, ні сваякі зараз і не ўспомняць. Ды і не гэта было галоўнае.
  У сямейных адносінах Сяргей чалавекам быў адказным. Не задавольваўся адной зарплатай, як многія мужыкі, што з цяжкасцямі ўтрымлівалі свае сем’і. Сяргей адпрацуе ў сваёй вёсцы — і едзе з хлопцамі на заробкі ў іншыя месцы. Майстар ён быў вельмі здольны: зваршчык, сантэхнік, слесар. А ў тыя часы людзі будавалі жыллё, і ў хатах многія жадалі правесці ацяпленне. Вось тут Сяргей і яго сябры заўсёды прыходзілі на дапамогу. Работы хапала. А калі ёсць работа, то ёсць і грошы.
  Усё, што зарабляў, нёс дадому. Маладыя хутка абсталяваліся: купілі тэлевізар, халадзільнік, мэблю, пачалі будаваць сваю хату. Калі нарадзілася дачушка, Сяргей стаў працаваць яшчэ больш. Акрылены любоўю да сям’і, дзе панавалі лад і спакой, муж і бацька ўсё паспяваў зрабіць.
  Але, як гавораць у народзе, у “бочцы мёду” цешча стала “лыжкай дзёгцю”.
  — Сяргей, — сказала яна пасля вяселля, - чаму ты не называеш мяне мамай?
  — У мяне ёсць мама. А вы — Ганна Сяргееўна.
  — Не, заві мяне мамай. І Вера будзе тваю маму таксама мамай зваць. Зразумеў?
  — Мама, — слаба запратэставала дачка, — не хоча Сяргей — не настойвай.
  Але Ганна Сяргееўна — жанчына з характарам. Вырашыла, што зяць яе не паважае, больш таго — ганьбіць перад сваякамі. Сяргей стараўся згладзіць “віну”. Калі прыходзілі сваякі, ён абдымаў цешчу за плечы і ласкава ўсім гаварыў: “У мяне залатая цешча! Рыхтуе ежу, як лепшы повар у свеце!” Ганне Сяргееўне пахвала была вельмі прыемная, але яна па-ранейшаму хмурылася, паказвала, што крыўду памятае.
  Наогул, Сяргей быў чалавекам удачлівым. І грошы да яго ішлі, і з людзьмі ладзіў. Але менавіта грошы сталі “чорнай кошкай”, якая прабегла ў іх сям’і.
  Аднойчы вечарам пасля работы разам пілі чай. Сяргей з апетытам уплятаў пірог, спечаны цешчай. І раптам...
  — Дзеці! — сталёвым голасам сказала Ганна Сяргееўна. — Лепш, калі вы абодва будзеце аддаваць заработную плату мне. Зразумелі?!
  Сяргей ледзь не папярхнуўся:
  — Калі я быў халасты, то грошы аддаваў маці. А цяпер у мяне ёсць жонка, хай яна грашыма распараджаецца.
  — Вы траціце грошы ўпустую, - гнула сваю лінію цешча. — А сябры ўвесь час бяруць у цябе, Сяргей, у пазыку. Мабыць, не аддаюць?
  — Што ж, тады мне трэба будзе кожны дзень прасіць у вас: “Дайце на абед!” Так ці не? Я ж і ў магазін хаджу. Ды і наогул, што за мужчына, калі ў яго кішэні пустыя?!
  Вера сядзела, маўчала. Сяргей выйшаў з кухні. Падумаў аб тым, што прыдзіркі становяцца часцейшымі, што лепш бы ім жыць асобна. Але жонка супраціўляецца, не хоча ісці ад сваіх бацькоў. Ён некалькі разоў угаворваў, але Вера не згаджалася. Значыць, трэба было і яму цярпець.
  Між тым скандалы працягваліся. Амаль заўсёды з-за дробязных недарэчнасцей. І аднойчы Сяргей не вытрымаў:
  — Пайду ад вас! — крыкнуў ён цешчы. — Назаўсёды. Вы і дачку сваю душыце дурным характарам — яна нічога сама вырашыць не можа!
  Сяргей склаў асабістыя рэчы ў чамадан. Доўга перажываў, думаў: чаму Вера не паехала з ім? Усё ў іх пачыналася так добра! Ёсць любімая дачка, дом пачалі будаваць. Мабыць, не кахае. Калі б кахала, не трымалася б за сваіх бацькоў. Некалькі разоў Сяргей тэлефанаваў, прыходзіў, сустракаў на вуліцы. Што здарылася з яго жонкай? Чаму яна не хоча яго зразумець?
  Час ішоў, і Сяргей вырашыў па-новаму ўладкоўваць сваё жыццё. Сустрэў жанчыну, ажаніліся. Па месцы работы атрымаў кватэру, набыў туды ўсё неабходнае. Нарадзіўся сын, аб якім бацька клапаціўся гэтак, як і аб першай дачцы. Усё складвалася ў новай сям’і добра.
  Аднак у глыбіні душы Сяргей па-ранейшаму кахаў першую жонку. Яму не забаранілі бачыцца з дачушкай. Ён прыходзіў заўсёды з вялікай сумкай гасцінцаў. Калі былая цешча запрашала паабедаць, згаджаўся. Зла не трымаў, хаця лічыў, што менавіта Ганна Сяргееўна развяла яго са сваёй дачкою. Цяпер яна не злавалася, не рабіла заўваг. І еў ён ужо нармальна, і штаны насіў, як трэба, і носам не шморгаў, і нагамі не шаргаў... Мужык, як мужык.
  Вера замуж больш не выйшла. Аб тым, каб вярнуцца да першай жонкі, Сяргей і не меркаваў: ёсць новая сям’я, новы ўклад жыцця. Але начамі, лежачы з адкрытымі вачыма, ён часта думаў: трэба было быць больш настойлівым, пайсці адразу, пасля вяселля, з дома цешчы. І абвінавачваў сябе ў маладушшы.
  Аднойчы былы зяць, якога цяпер ужо называлі Сяргеем Аляксандравічам, у чарговы раз завітаў да першай сям’і.
  — Праходзь, Сярожа, праходзь. Вера хутка з’явіцца. Пайшла з дачушкай у магазін, - ласкава сказала Ганна Сяргееўна.
  Адчыніла дзверы, запрасіла ў святліцу. Прапанавала прысесці на шырокую канапу. Прысела і сама.
  Яны вялі мірную размову аб палітыцы, аб цэнах, што скачуць хутчэй заработнай платы і пенсіі, аб тым, што ў гэтую зіму многа снегу, што шмат прыходзіцца плаціць за кватэру, а грошай мала. Сяргей адказваў на пытанні, падрабязна распавядаў пра сваю новую сям’ю, сына, работу, што раней не цікавіла яго былую цешчу.
  — Пірог я табе спякла, Сярожа, твой любімы. І малінавы ліст кіпенем заварыла, як табе падабаецца. Давай чайку разам пап’ем, — яшчэ ласкавей запрасіла Ганна Сяргееўна.
  Селі за стол.
  — Ты ўжо прабач мяне, сынок, — раптам заплакала Ганна Сяргееўна. — Што я нарабіла?! Калі б хто-небудзь мяне тады спыніў! Думаеш, мне грошы твае патрэбны былі? Хацелася пакамандаваць.
  Пасля паўзы былы зяць не захацеў працягваць гэтую тэму:
  — Што ж цяпер успамінаць ды варушыць? Усё прайшло. Позна. Мая галава пакрыта сівізной. Але я па-ранейшаму кахаю толькі Веру...