Альманах“Лунінецкая муза” № 20

Максім Казун
Голас белых буслоў

Апавяданні

Горкі паварот

  Скажу адразу, што ў вёсцы сакрэтаў няма. Ды і адкуль яны могуць узяцца, калі тут усё навідавоку, сусед суседа добра ведае. Вяскоўцы жывуць агульным клопатам — калектыўным. І не магла не выклікаць абмеркавання такая навіна, што Фёдаравы Іван Васільевіч і Любоў Яфімаўна прадаюць уласны дом, які самі пабудавалі.
  Як кажуць у народзе: дом пабудаваць — жыццё уладкаваць.
  Пасля вайны цяжка давалася будоўля. Тэхнікі амаль што не было. Прыходзілася лес вазіць на лесапілку падводаю. Ды і наогул, хто будаваў дом, той ведае, як гэта складана — даставаць будматэрыялы. Але, як цяжка ні давялося, Фёдаравы “паставілі” сваю хароміну.  Дом быў прыгожы: высокі падмурак, сцены з бруса абшыты вагонкай, дах пакрыты бляхаю. “Лялька, а не хата”, — гаварылі суседзі. І такі дом прадаюць?! Жыццё паклалі, а зараз збываюць. Едуць да адзінага сына жыць у Брэст. І чаго гэта яны надумалі на старасць гадоў памяняць вёску на горад?! Розныя думкі выказвалі людзі...  З любоўю і павагай адносіліся ў вёсцы да Фёдаравых. Тыя сумленна працавалі да пенсіі: ён — механізатарам у калгасе, яна — на ніве асветы. Сапраўдныя гаспадары на сваім падворку і цудоўныя суседзі. Усё ў іх было да ладу, усюды парадак, як у хаце, так і ў гаспадарцы. А які дагледжаны сад і агарод! Што там толькі ні расло!  І вось цяпер устрывожыліся аднавяскоўцы. Тое, што сын Фёдаравых вельмі любіў вазіць у горад торбу са шчодрымі бацькоўскімі падарункамі, усе ведалі. А вось такой сыноўняй шчодрасці, як запрашэнне бацькам пераехаць у горад, ад яго не чакалі. Гэта было навіной. Дайшла такая вестачка да родзічаў Фёдаравых у Азярніцы. Прыехалі яны, каб зразумець старых, а тыя ў адказ:
  — Мы ж, дарагія, да роднага сына едзем, да роднага сына!  Некаторая затрымка выйшла з продажам дома. Але раптам прыехаў сын і адразу пакупніка знайшоў, і ў цане дамовіліся. Дом быў сапраўды дабротны і прыгожы, прасторны і светлы. Для сябе, а не на продаж будавалі. Спадзяваліся, што сын з малой радзімай не развітаецца, але той не захацеў застацца, паехаў у горад шчасця шукаць.  ...Праводзіць Фёдаравых прыйшлі многія аднавяскоўцы. Кожнаму хацелася ім добрае слова на развітанне сказаць. Але сыну ўжо надакучыла чакаць:
  — Продкі, хопіць нюні разводзіць. Паехалі!  Акінулі старыя апошнім позіркам суседзяў, родную вёску, прададзеную сваю ўжо хату і паехалі. Вяскоўцы доўга яшчэ махалі ім рукамі.
  Цяжка, ой, як цяжка было прывыкаць да рытму гарадскога жыцця, да рознагалосіцы вялікага горада, да натоўпу людзей, якія ўсе некуды бягуць! І бяссонніца пачалася, і апетыт прапаў.  Ішлі дзянькі за дзянькамі. Сын і нявестка раніцай, хутка паснедаўшы, спяшаліся на работу, унукі — у школу. А Іван Васільевіч і Любоў Яфімаўна, уладкаваўшы нескладаныя дамашнія справы, садзіліся на шырокую канапу і пачыналі ўспамінаць родную вёску. Цёплыя і радасныя то былі ўспаміны.
  А тым часам жыццё цякло сваім патокам. Любоў Яфімаўна дакарала свайго мужа, што ён першы паддаўся такой спакусе.
  — Горад яму трэба быў, — кпіла яна.
  А Іван Васільевіч, апусціўшы галаву, толькі маўчаў. Ён лічыў, што не вінаваты, і дакараў жонку. Але хутка праляцелі лета, восень, затым зіма. І Фёдаравы пачалі паціху прывыкаць. Змірыліся са сваім лёсам.  Быў вечар. Сын прыйшоў з работы трошкі выпіўшы. Сеў на канапу і без усялякай прадмовы заявіў:  — Бацькі, а бацькі, думаў, што самі здагадаецеся, а вы ні гу-гу. Дык раскашэльвайцеся на зялёненькія! Мая машына старая, зламаная, зношаная. Шчыра кажучы, няма на чым ездзіць. Хіба гэта машына — “Жыгуль”, браў жа яго з рук! Хочацца купіць аўтамабіль больш прыстойны.
  — Ах, — толькі і змог вымавіць бацька.  — А вы мне не ахкайце, — пачуў у адказ. — Сумленне патрэбна мець. Сумленне!  Як гром з яснага неба, уразілі старых словы сына. Яны з радасцю дапамаглі б купіць машыну, толькі навошта ён адразу так стаў іх абражаць? За што?
  З гэтага дня ў камфартабельнай кватэры стала невыносна. Маўчала нявестка, сталі не заўважаць дзядулю з бабуляй унукі. А сын штораз патрабаваў сваё:  — Ці грошы на бочку, ці выбірайцеся з маёй кватэры! Куркулі няшчасныя!  Усю ноч праплакала Любоў Яфімаўна, а Іван Васільевіч сядзеў на кухні, смаліў цыгарэту за цыгарэтай каля расчыненай фортачкі...  На золку сабралі яны клуначкі і падаліся на вакзал. Узялі білеты і прыехалі ў родную вёску, дзе ў садах даспявалі восеньскія яблыкі і грушы. Кінуліся да прададзенага дома, а ён агароджаны ўжо новым плотам, блакітныя некалі аканіцы перафарбаваныя ў цёмны колер. На браме шыльдачка: “У двары злы сабака!” Чужы дом, чужы!  Са слязьмі на вачах прасілі старыя новага гаспадара прадаць ім назад дом, але ён адказаў:  — Трэба было раней думаць.  Добра, што недалёка ад вёскі прадавалася старая закінутая хатка. Купілі яе Фёдаравы. І вельмі напакутавалі б яны з рамонтам, палівам, калі б не добрыя людзі, якія дапамаглі прыкупіць дроў, падзяліліся будматэрыяламі. А суседзі — хто малака прынясе, хто шматок сала, хто свежаніны перадасць.
  І ўсё ж цяжка ў гэты час старым, ой, як цяжка! Прыходзяць да іх людзі, наведваюць, цікавяцца, як жывуць. А тыя чакаюць сына. Тады, напэўна, растлумачыцца і згладзіцца непаразуменне, з-за якога сын стаў лічыць бацькоў сваімі ворагамі.  Але сын не едзе. Значыць, не адчувае таго, з якім горкім смуткам глядзяць маці і бацька з вокнаў старой хаты на высокі, прасторны дом, які будавалі сваімі рукамі, у якім шмат гадоў пражылі ў радасці і згодзе...