Альманах“Лунінецкая муза” № 20

Максім Казун
Голас белых буслоў

Апавяданні

Міг сустрэчы

I

  Еду ў дызель-поездзе. Вагон, у які я зайшоў, перапоўнены. Усюды людзі. Цесната, мітусня, гамонка. Поезд рухаецца, спыняецца, заходзяць і выходзяць пасажыры...
  Прыпынак на вялікай станцыі. Людзі, як патоп, хлынулі да дзвярэй. Вельмі многа маладых. Бачу: прыгожая дзяўчына. Першай уціснулася ў вагон. Назіраю за ёй. Адчувае сябе няёмка. Ёй здаецца, што ўсе глядзяць на яе з маўклівым дакорам за тое, што скарыстала правы хворых, ветэранаў або старых і першай увайшла ў вагон.
  Як растлумачыць усім людзям, што яна вельмі спяшаецца? Яе чакаюць. І чаканне гэтае не падобнае на іншыя. Ці зразумеюць старыя, хворыя людзі, што спазніцца ёй нельга — у сябра, у каханага, асаблівы дзень — дзень нараджэння? Яна старанна аберагае букет дарагіх кветак, што павінны ўпрыгожыць святочны стол. У набітым вагоне кветкам, як і лю-дзям, цесна і душна. І дзяўчына асцярожна сціскае цудоўны букет у паднятай руцэ.
  — Барыня! Давай патрымаю! — пачуўся ззаду мужчынскі хрыплы голас. — У мяне тваім кветкам будзе вельмі добра. Сяджу ж я.
  Дзяўчына маўчала, не павярнулася і не адгукнулася на прапанову. У слове “барыня” ёй пачуўся здзек.
  — Чуеш, грамадзяначка? — прабіўся скрозь гул у вагоне ўсё той жа голас. — Дапамагчы хачу. Не справа так рукі стамляць. Яны ў цябе не каменныя.
  Ён яшчэ нешта гаварыў, але словы яго губляліся ў вагонным шматгалоссі.
  Дзяўчына адчужана маўчала, нават не павярнула галавы. Блізіўся прыпынак, на якім яна павінна была выйсці. Прабіраючыся да выхаду, прапускала ўперад жанчын з дзецьмі і апынулася трошкі адціснутай назад. Цяпер яна міжволі ўбачыла мужчыну, які праявіў да яе ўвагу, хацеў дапамагчы. Пажылы твар зморшчаны, як узаранае поле, з сівой, нібы срэбра, шавялюрай.
  “Падобны на майго дзеда”, — падумала. Паліто расшпілена, а на цёмна-сінім пінжаку — баявыя ўзнагароды. Ён сядзеў другім ад акна. Пратэз, што замяняў згубленую нагу, быў трошкі адстаўлены да сярэдзіны праходу.
  На прыпынку людзі замітусіліся. Дзяўчына таксама заспяшалася да выхаду. І ледзь не зачапілася за пратэз франтавіка.
  — Асцярожна! — прамовіў мужчына.
  Вочы іх сустрэліся. Дзяўчыне было сорамна, і яна адвярнулася.
  — Прабачце мяне, я не хацела, — усхвалявана прашаптала дзяўчына. — Прабачце! — І, палажыўшы букет на калені сівога ветэрана, сказала: — Гэта вам...
  Яна выйшла, а дакладней, выбегла з вагона.

II

  Лёгкі зімовы змрок павольна ахутваў пакрытую снегам зямлю. Вечарэла, запальваліся агні ў хатах, кватэрах і на слупах. Вуліцай ішла маладая, на выгляд амаль падлетак, маці, трымаючы за рукі дзвюх дзяўчынак, як кроплі вады падобных адна на другую. Паліто, спаднічкі, нават боты былі аднолькавымі. Дзеці аб нечым перагаворваліся, і маці радасна нахілялася то да адной, то да другой, штосьці раіла. Ішлі не спяшаючыся. Гледзячы на іх, здавалася, што яны самыя шчаслівыя і радасныя...
  Калі наблізіліся да чарговага ліхтара, які асвятляў свой кавалак вуліцы, увагу маці прыцягнула жанчына, што ішла насустрач. Размінуліся. Але, прайшоўшы некалькі крокаў, жанчыны разам азірнуліся.
  — Вы, напэўна, не пазнаяце мяне, доктар? — спытала маці і, нібыта забыўшыся пра дзяцей, наблізілася да жанчыны. — Я ў вас у другой палаце радзільнага дома ляжала. Роды вельмі цяжкія былі... Блізняткі, вось гэтыя, на свет з’явіліся. Ніхто ўжо не спадзяваўся, што выжыву, што ўсё добра будзе... Дзякуй Богу! А вы мне кроў сваю аддалі. У нас з вамі вельмі рэдкая група. Успомнілі? Усю ноч пад Новы год са мной правазіліся, не закрываючы вачэй. Я буду ўсё жыццё вас памятаць. Дзякуй вам. Вы святая, душэўна чысты чалавек.
  — Дзеці! — звярнулася яна да дзяўчынак. — Пакланіцеся цёці! Гэта самая цудоўная, самая лепшая цёця! Без яе не было б у вас мамы... І вас саміх не было б... — дадала яна і заплакала.
  Жанчына-доктар захвалявалася. Прысеўшы, яна аб нечым спытала адну з дзяўчынак. Другая раўніва паглядзела, потым радасна абняла доктара. Імгненне — і абедзве, зачырванеўшыся, павіслі ў яе на шыі.
  ...Дзве жанчыны і дзве дзяўчынкі, трымаючыся за рукі, ідуць у адзін рад па вуліцы. Прахожыя ўступаюць ім дарогу.