Альманах“Лунінецкая муза” № 20

Максім Казун
Голас белых буслоў

Апавяданні

Цудоўны экспанат

Прысвячаю былому старшыні калгаса Мікалаю Іванавічу САМУСІКУ

  Набліжаўся юбілей калгаса. Пяцьдзесят гадоў прайшло, як ён нарадзіўся. Да гэтага свята рыхтаваліся загадзя. Спецыяльна было праведзена праўленне гаспадаркі, дзе кожнаму даручылі канкрэтную справу. У час пасяджэння загадчык мясцовага Дома культуры Сяргей Гайдукевіч прапанаваў адкрыць калгасны музей. Праўленцы зашумелі. Шмат было спрэчак. Адныя — трэба, другія — не. У выніку галасавання прапанова Сяргея была падтрымана. Яму ж і даручылі заняцца зборам экспанатаў. “Дапаможам”, — сказалі праўленцы.  Экспанаты для стварэння музея збіралі дзе толькі можна. Разгон быў вялікі. Бо ў калгасе ажно шэсць вёсак. Вось і ездзілі сюды-туды, наведвалі хаты, выпрошвалі. І людзі ішлі насустрач. Некаторыя даведваліся ад іншых ды самі прыносілі, прапаноўвалі даволі цікавыя, каштоўныя і рэдкія, унікальныя і простыя рэчы. Іх назбіралі вельмі многа. Адвялі памяшканне, дзе ўсе экспанаты знайшлі сваё месца.  Было вырашана адкрыць музей напярэдадні юбілею калгаса, каб людзі змаглі самі ўсё пабачыць ды, можа, дапоўніць экспазіцыю. І гэты момант наступіў. У той дзень надвор’е спрыяла: яркае сонца абагравала зямлю, калыхаў лістоту лёгкі ветрык. Па-святочнаму апранутыя, з усмешкамі на тварах, людзі ішлі, ехалі на цэнтральную сядзібу. Іх было шмат: ветэраны, ганаровыя калгаснікі, перадавікі вытворчасці. Запрасілі гасцей з раёна, іншых гаспадарак. Весела шчабяталі школьнікі. Усім было цікава даведацца, што падрыхтававлі энтузіясты.
  Ганаровую стужачку на адкрыцці музея даверылі разрэзаць першаму старшыні калгаса, у мінулым пастуху, затым брыгадзіру, аграному...  Іван Пятровіч хваляваўся, ідучы ўздоўж экспанатаў. На маршчыністым твары блукала ўсмешка. Усё яму, ветэрану, старэйшаму калгасніку, падабалася: першы плуг, макет фурманкі, свіран, першая конная жняярка, першая малатарня. У музеі знайшлося месца для баявых і працоўных узнагарод калгаснікаў. “Цудоўна, вельмі цудоўна прыдумала моладзь! Вось малайцы дык малайцы!” — падумаў Іван Пятровіч, крочачы далей. І раптам ягоны твар змяніўся, стаў хмурым, сур’ёзным. Перад ім быў прымацаваны стэнд, прысвечаны яму, першаму старшыні калгаса.
  — Ого! Гэта ўжо для маёй персоны лішняе. Навошта ўжо так мяне выстаўляць? І трэба было ж такое прыдумаць! — стаў ушчуваць галоўнага арганізатара Сяргея Гайдукевіча.
  Хлопец толькі паціснуў плячыма ды рукамі развёў:  — Дзе мы яшчэ такога паважанага першага старшыню калгаса знойдзем? У нашай гаспадарцы вы толькі адзін...
  Звычайны стэнд. Са старога, пажоўклага ад часу фотаздымка (і дзе толькі знайшоў яго Сяргей!) глядзіць лупаты хлопец, апрануты ў даматканыя порткі, абуты ў малазнаёмыя сучаснай моладзі лапці. Такім ён упершыню быў абраны старшынёй калгаса. Тады ў раёне гэта была самая вялікая гаспадарка.
  — Нялоўка ўсё-такі, — зноў заладзіў былы старшыня, але Сяргей яго перабіў:
  — Нялоўка, што ў лапцях?  — Скажаш тожа! — не зразумеў іроніі Іван Пятровіч. — У тыя гады хіба я адзін іх насіў? Наадварот, мне падумалася, што нядрэнна было б такі “экспанат” раздабыць ды пад шкло пакласці. Хай моладзь падзівіцца, у чым іх дзяды хадзілі.
  — Праўда, нядрэнна было б, — падтрымаў Сяргей. — Ды вось дзе знайсці лапці ў наш час? Космас. Атам. А тут лапці.
  — Пашукаць, пашукаць трэба.
  — Мы шукалі ўжо, Іван Пятровіч! Я сам усе вёскі аб’ехаў. Думаў, можа, у каго на гарышчы заваляліся, ды дзе там...
  — А хочаш, я дапамагу знайсці? — прапанаваў былы старшыня.
  — Вядома, хачу. А дзе?  — Сакрэт фірмы, як гавораць зараз. Гэта ўжо мая справа. Толькі адна ўмова: калі знайду лапці, ты забярэш са стэнда ўсё лішняе пра мяне. Хай застануцца фотаздымак і лапці. Дамовіліся?  Сяргей згодна кіўнуў галавой. Ён быў проста упэўнены, што нічога ў Івана Пятровіча не атрымаецца.  Прайшоў тыдзень. Неяк пры сустрэчы з Сяргеем былы старшыня таямніча падміргнуў. Маўляў, пайшлі да мяне ў госці. І якое ж было здзіўленне хлопца, калі Іван Пятровіч паставіў на стол новенькія, пахнучыя нечым таямнічым і незнаёмым, лапці!
  — Адкуль?!
  — Я ж гаварыў, сакрэт фірмы! Прымай, цудоўны экспанат!
  Іван Пятровіч не прызнаўся хлопцу, што ліпавае лыка ён дастаў у знаёмага лесніка. Не расказаў, як вымочваў, выварваў у кіпені сваю “здабычу”, рэзаў на роўныя вузкія палоскі, а пазней два вечары запар увіхаўся з качадыкам — жалезнай падкавыркай, зробленай ім жа самім, дзеля гэтага экспаната, у калгаснай кузні. Ён, аказваецца, яшчэ не забыў, як плятуць лапці. Моцная вясковая навука, што і казаць!
  Праз некалькі дзён лапці занялі ганаровае месца ў калгасным музеі.