Альманах“Лунінецкая муза” № 20

Максім Казун
Голас белых буслоў

Апавяданні

Нявеста салдата

  Падымаючы шэры пыл, аўтамашына імчала па роўнай, як лінейка, дарозе. Паабапал то тут, то там стаялі поўныя хараства таполі, бярозы. Дарога была хоць і пыльная, але добра наезджаная — машына ішла хутка і лёгка. Не даязджаючы да паварота, шафёр сцішыў ход, прытармазіў.
  — Эй, салдат, — крыкнуў хрыплым, стомленым голасам шафёр. — Вось твой Вічын, як на далоні.
  — Колькі з мяне? — спытаў Мікола, саскокваючы на зямлю.  — Аб чым размова? — усміхнуўся з прыгожым, як у дзяўчыны, тварам шафёр. — На вяселлі разлічымся. Цёплае прывітанне нявесце...
  Машына паехала далей. “Дзівак нейкі, — падумаў Мікола. — Прывітанне нявесце...”
  Хлопец выйшаў на палявую сцяжынку і пад летнім спякотным сонцам шпарка пакрочыў да вёскі. Лёгкі ветрык асвяжаў твар, ахутваў з ног да галавы. Пахла полем і кветкамі — усім тым знаёмым, цёплым і дарагім, што ён любіў з дзяцінства.   У дарозе добра думалася. Мікола успамінаў да драбніц знаёмства з Валяй.  Ад Вічына да Дварца — рукой падаць. Мікола ведаў вёску Дварэц як свае пяць пальцаў: там закончыў дзесяцігодку, меў шмат сяброў, не раз гуляў з імі ў футбол, валейбол. Зрэдку юнак хадзіў на танцы ў Дварэцкі сельскі Дом культуры — там было многа моладзі. Адпачывалі весела і цікава.  Валю Мікола сустракаў часта, калі яна хадзіла ў школу. Яна была маладзейшая за яго. Мікола вучыўся ў тэхнікуме, да дому прыязджаў толькі на зімовыя і летнія канікулы.  У тое лета Валя толькі што закончыла дзесяцігодку, збіралася паступаць у педінстытут. Мікола ўбачыў яе на танцах, калі яна размаўляла з хлопцамі. Няспынна гаварыла штосьці і так разумна на ўсіх глядзела. Вясёлая, у блакітнай сукенцы, з прыгожымі валасамі.  У суботні, той памятны вечар Мікола танцаваў толькі з Валяй, не адпускаў ад сябе ні на крок. Дзяўчына яму падабалася. Пасля танцаў праводзіў дахаты, размаўляў з ёю, нават упершыню пацалаваў у шчаку. Мікола адчуваў, што таксама падабаецца Валі, падабаецца сваім вясёлым характарам, цікавай гутаркай.  У хуткім часе Міколу праводзілі на службу ў армію...
  “Здаецца, гэта было зусім нядаўна, але ўжо прайшоў год”, — думаў Мікола. Ён прыехаў дамоў у кароткатэрміновы водпуск.  Валя ўвесь час яму пісала цёплыя і пяшчотныя пісьмы. І нязменна падпісвала: “Твая нявеста”. “Дзівачка дзяўчына, пэўна, начыталася кніжак”, — з усмешкай думаў Мікола.
  Маці неяк напісала, што за Валяй аграном увіхаецца. Але Мікола не верыў. Нездарма ж ад яе прыходзілі такія шчырыя пісьмы...  Успомнілася яму чамусьці размова з Валінай малодшай сястрой Кацяй. Калі Міколу праводзілі на службу, Каця сказала:
  — Мікола, чуеш, Мікола. Хачу спытаць у цябе.
  — Аб чым, Кацярынка?  — А салдат заўсёды нявесты чакаюць?
  — Чакаюць, чакаюць, Кацька, — пачырванеў Мікола...
  ...Вось і родная вуліца.  — Добры дзень, Мікалай Віктаравіч, на пабыўку з’явіўся? — перад салдатам была бабуля Дар’я, злосны вораг вясковых хлапчукоў-футбалістаў. — Сапраўдным мужчынам стаў, прыгожы, узмужнелы. Чуеш музыку? У Каўшовых вяселле. Выдалі Валю за агранома.
  Мікола уздрыгнуў, схамянуўся.  “Хлусіш, бабуля”, — захацелася крыкнуць, але голас не слухаўся. Мікола пайшоў, потым пабег. У грудзях пякло, быццам з’еў перцу. І непатрэбныя словы ціснуліся ў грудзях, прасіліся на паверхню. “Я ўсё скажу ёй, кіну пісьмы”, — крычаў у душы адзін голас. “Вазьмі сябе ў рукі”, — раіў другі.  Перад Валінай хатай весяліліся людзі. Убачыўшы салдата, яны расступіліся. На паўслове сціхла песня. З’явіўся з добра накрытым падносам лепшы ў вёсцы тамада — дзядзька Васіль.  — Мікола?!
  Узбуджаны Мікола падыйшоў да стала. Затым сказаў:  — Дзядзька Васіль! Чаму ж госці ў цябе прыціхлі? Хіба ж можна так парадам камандаваць? Наліце, калі ласка, і мне шклянку віна.
  — Пачастуем, Мікалай Віктаравіч, — адказаў тамада.
  Мікола акінуў позіркам гасцей. Ціха прамовіў:
  — Я зазірнуў сюды, каб павіншаваць Валянціну... Пажадаць ёй шчасця...
  Затым хутка выпіў віно і крыкнуў:
  — Горка!..  І, крута павярнуўшыся, выйшаў на вуліцу і пакрочыў да сваёй хаты. Ён не пачуў, як зноў зазвінелі песні на вяселлі, не заўважыў, што следам за ім бегла Каця і нешта гаварыла, гаварыла.  Нарэшце да яго свядомасці дайшлі Каціны словы:
  — Коля, гэта я табе ўвесь час пісала. Чуеш, гэта я цябе чакала.
  Мікола спыніўся. Здзіўлена азірнуўся. Перад ім стаяла прыгожая, з блакітнымі вачыма, Каця. Яго нявеста.