Лунінецкі раённы краязнаўчы музей

Лунінецкі сшытак № 7

З даследаванняў лунінецкіх краязнаўцаў

Асаблівасці гаворак Лунінеччыны

Сцяпан Нефідовіч, краязнаўца

Дыялектная мова — мова народная. Яна асноўваецца на мясцовых гаворках і, групуючыся па зонах, адрозніваецца адна ад другой некаторымі фанетычнымі, лексічнымі, сінтаксічнымі і стылістычнымі асаблівасцямі.

Дыялектная мова — спрадвечная, існуе з самага зародку нашага грамадства; яна — як жывы арганізм: развівалася грамадства — развівалася і мова. На працягу тысячагоддзяў мяняліся гістарычныя ўмовы, мяняўся лад жыцця людзей, а таксама дэмаграфічны стан — суадносна змяняўся і папаўняўся і народны лексікон.

Развіццё мовы залежала і ад геаграфічнага палажэння. Прыклад таму — гаворкі Лунінеччыны. Раён размешчаны ў зоне моўнага падзелу, дзе значна выражаны тры тыпы дыялектаў: заходне-палескі — пінская гаворка (вёскі Лобча, Дубаўка, Багданаўка); цэнтральная — слуцкая (вёска Лугі); цэнтральна-палеская — тураўская (астатнія вёскі раёна). Да заходне-палескай гаворкі трэба адносіць і ўсе населеныя пункты Рэдзігераўскага сельсавета, а таксама Перунова і Барсукова, паколькі жыхары гэтых вёсак — людзі, што ў 1907-1914 гадах перасяліліся з Брэсцка-Пінскага рэгіёна.

Можна меркаваць, што мова нашых продкаў фарміравалася на ранняй стадыі існавання славянскіх плямён, саюзаў, княстваў. Блізасць пражывання людзей да цэнтраў, зносіны заходніх вёсак з Пінскам, паўночных з Клецкам і Слуцкам, а цэнтральных і ўсходніх з Туравам з цягам часу выпрацавалі моўны каларыт. Мова фарміравался на працягу некалькіх соцень гадоў, бытавала, а дакладней, жыла аж да сярэдзіны ХХ стагоддзя.

Мінулае стагоддзе — перыяд росту цывілізацыі, якая парушыла, потым разбурыла ўсю аснову дыялектнай мовы. Асабліва разбуральны працэс прайшоў у ходзе ўвядзення адукацыі, радыё- і тэлевяшчання, пасялення ў гарады і вёскі ў савецкі час людзей шматлікіх нацыянальнасцей. Мясцовадыялектную мову ў асноўным змяніла “мешанка” — так званая “трасянка”. Горад загаварыў па-руску, ды і ў вёсцы маладое пакаленне ўсё часцей карыстаецца рускай мовай. Хоць на самой справе мала хто валодае чыстай рускай мовай, і ў выніку атрымліваецца “трасянка”. Ды і многія людзі старэйшага пакалення, імкнучыся “акультурыць” сваю мову, мясцовадыялектную гаворку замянілі “мешанкай”. Вось выраз: “Моя дочка поехала в Лунінец. Рэшыла купить рыбёнку бруки и кое-что из обуви”.

Але ўсё-такі ва ўжытку большасці сталых сельскіх жыхароў пераважае народная мова. Прыблізна ў 75% Лунінеччыны бытуе цэнтральна-палескі дыялект. Гэтак, як і ў нас, размаўляюць жыхары Жыткавіцкага, Лельчыцкага, значнай часткі Петрыкаўскага раёна, Давыд-Гарадоцкай зоны Столінскага раёна — а гэта рэгіён, шіто прылягае да Турава, колішняй сталіцы княства.

У кожным з названых раёнаў у гаворцы ёсць свае моўныя зоны, між якімі існуюць некаторыя малазначныя адрозненні ў вымаўленні канчаткаў ці ў лексіцы. У нас — таксама. Напрыклад, у Азярніцы кажуць: “Мі пасом корові”, у Любані — “Мы пасом коровы”, а ў Мокраве — “Му пасом корову”. У вёсках усходняй Лунінеччыны (на ўсход ад Лахвы) кажуць картопля, ва ўсіх астатніх жа вёсках — бульба; у “палевікоў” (цэнтральныя вёскі раёна) кажуць сматна, у іншых — смачна. Іншы раз маюцца цікавыя адпаведнікі адных і тых жа слоў. У Мокраве — певень, у Лахаўцы — певэнь, а ў Язвінках зусім па-іншаму — кабан. Або холодзец — юха — ногі; племянік — братаніч — небож.

У гаворцы жыхароў Лунінеччыны можна пачуць адны і тыя ж словы ў скарочанай або разгорнутай форме. Напрыклад: е — есьцеха; там, тут — тама, тута — тамака, тутака.

Трапна заўважыў адрозненне гаворак жыхароў Кажан-Гарадка і вёсак Дрэбск, Ракітна, Цна ў артыкуле “Аб некаторых асаблівасцях мясцовых гаворак...” краязнаўца Васіль Туміловіч (“Лунінецкі сшытак” №3 – 4, г. Лунінец, 2005).

На моўнай аснове іншы раз жыхары адной вёскі дражняць жыхароў суседняй. Так лахаўчане разыгрываюць макраўцоў: “Лана реве, реве, а вечкі бекаюць, бекаюць”, а людзі блізляжачых да Лугоў вёсак называюць лужан “штокаламі”, бо ў іх ужытку гучыць беларускае “што”.

Па прычыне таго, што наша тэрыторыя трапляла пад розныя акупацыі ці ў нейкія саюзы, у лексіконе прыжыліся словы-замежнікі, — такія, як: шчо, вон (укр.); хвайно (яўр.); ровар, огер (польск.) корысць, стыдно, жыр, вална, случай, судзьба, скоро, порціць, цьвет, совэсць (рус.) і шмат іншых.

У аснове сваёй і лексіка, і моўныя асаблівасці вёсак Лунінеччыны падобныя. Да нашага часу добра збераглася дыялектная мова ў жыхароў Лахаўкі. Для гэтай гаворкі характэрны наступныя асаблівасці:

1. Характэрныя для палескіх гаворак закрытыя е, о: лес, лесьнік, пець, двор, тхор.

2. Саканне — цвёрдасць суфікса -ся ў розных дзеяслоўных формах: наеўса, обуласа, напіліса, купаемса, засьмейса.

3. Ужыванне сінтэтычнай формы будучага часу, утворанай у выніку зліцця дзеясловаў мець, буду (быць) з інфінітывам спрагальнага дзеяслова ў адзіночным і множным ліках: заўтрэ прыедомо; як маціму час, то прыеду; іцімэце пашком; воны думацімуць, шчо...

4. Поўнае парушэнне правілаў такіх асноў беларускай арфаэпіі, як аканне і яканне ва ўсіх ненаціскных (слабых) пазіцыях (замест іх — оканне і еканне): у пачатку слоў — об’явіць, отобраць, осьмеліцца; у сярэдзіне — вадро, вароўка, багу, валікі, пасок, Хвадора; у канцы — мало, вухо, молодого, мамочко, Іванко.

5. У некаторых пазіцыях замест -е (jэ) вымаўляецца -э: рубэль, карабэль, рэвэ, сэрцэ, добрэ, мэд, у кошэле.

6. У форме меснага склону адзіночнага ліку ў назоўніках мужчынскага і жаночага роду з асновай на шыпячыя і -р ужываецца канчатак -э: у дзежэ, на пачэ, на мажэ, на дворэ, у кошэ.

7. Прыметнікі ніякага роду і лічэбнік “адно” ў спалучэнні з назоўнікамі ніякага роду маюць канчатак -э: молодэ(эе) целя, добрэ(эе) дзіця, однэ место, однэ окно, чорнэ і белэ.

8. Ужыванне сцягнутых формаў прыметнікаў, дзеепрыметнікаў, займеннікаў, лічэбнікаў: пожарна команда, хороша сорочка, нова хустка, багуча вода, гэту міску, восьму часьць.

9. Замест прыставак а-, аб-, ад- ужыванне о-, об-, од-: обгородзіць, ожэніць, отрэзаць, одбіць, оббегаць.

10. Наяўнасць канчатка -а ў назоўным склоне множнага ліку назоўнікаў ніякага роду: ведра, колена, целята, гнезда, рэбра.

Гэтаксама канчатак -а маюць зборныя назоўнікі: ворота, дрова; назоўнікі, што маюць толькі множны лік: ножніца, дзьвера, могліца; якія абазначаюць назвы населеных пунктаў: Сінкевіча, Мікашэвіча, Сімогошча; назоўнікі, што абазначаюць назвы маладых істот: поросята, целята, гусенята.

11. Ярка выражаны асіміляцыйны мяккі зычны ў спалучэннях дзьв, дзьм; зьв, зьдз, зьм, зьн; сьв, сьл, сьц; цьв, цьм: мадзьведзь, дзьве, дзьмэ; зьвер, зьдзівіць, зьмей, зьнік; сьвітае, сьліна, сьцежка; цьвет, цьма.

12. Вымаўленне у замест ы: муло, помуўса, забуўса, вупіў, вусадок, вуйшоў, бук.

13. На месцы падаўжэння зычных захавалася стараславянскае спалучэнне з j: васелье, насенье, полозье (полозjэ); з’яўленне j пасля губных перад -а: п’яць (пjац’), м’якко, м’ясо, в’яне, клоч’е, п’ята, сем’я; маюцца выпадкі выпадання зычнага в і з’яўлення на яго месцы j: чар’як, з’язаць, с’ято (с’jато).

14. Назоўнікі мужчынскага роду адзіночнага ліку ў вінавальным склоне ўжываюцца, як ў родным: зрэзалі дуба, нарысоваць дома, зробіў воза.

15. Пашырана ўжыванне суфікса -ін- са значэннем адзінкавасці таго, што ўсведамляецца і абазначаецца лексічна як збор, сукупнасць, аб’яднанне, мноства і г.д. пэўных прадметаў: бобіна — адно зерне бобу; буквіна — адна літара; волосіна, соломіна, цыбуліна, лісьціна, клубнічына і г.д.

16. Вымаўленне прыстаўкі пара- замест пера- і прыназоўніка парад замест перад: парайшоў, параехаў; парад намі, парада мною.

17. Да апошняга часу ўжываецца звальная форма, інакш кажучы, форма стараславянскага клічнага склону: мамо, тато, Ганно, Мане, Ево, Оле, братко. Такая форма сустракаецца ў шмат якіх казках, песнях, прыказках Лунінеччыны. Напрыклад: “Куды ідзеш, воўчэ”; “Коце-браце, выручай”; “Згадай мэне, мамко, хоць раз у недзелю”; “Доню моя, доню, як тобе жывэцца?”; “Успомні, бобрэ, як улетку добрэ”.

Гэтай формай неаднаразова карысталіся беларускія пісьменнікі: “Палюбуйся ім, саколе” (Я. Колас); “Украіна, цвеце любы” (Я. Купала); “Мой дружа, Данбас” (М. Лужанін). Гэтакай формай гаворкі насычана мова палешукоў “Палескай хронікі” Івана Мележа.

* * *

Асаблівасць гаворкі Лахаўкі ў значнай ступені адпавядаюць асаблівасцям гаворак большасці вёсак Лунінеччыны. У адрозненне ад нармаванай літаратурнай мовы наша мясцовадыялектная — своеасаблівая: грубая, непрыемная на слых. Але народная ёсць народная. Вякамі яна існавала на Палессі, была важным сродкам зносінаў, жывіла нашых продкаў духоўна, з’яўлялася крыніцай вуснай народнай творчасці і, калі нават ёй наканавана знікнуць у тлуме сучаснай цывілізацыі, павінна застацца важным сродкам для даследванняў дыялектолагаў, лінгвістаў і фалькларыстаў.

На верх старонкі