Творчы клуб “Лунінецкая муза”
Праект Вадзіма Жылко

Лунінецкі сшытак № 8

З даследаванняў лунінецкіх краязнаўцаў

Дзіцячы фальклор Лунінеччыны
(па матэрыялах фальклорна-этнаграфічных экспедыцый)

Кацярына Баброўская, студэнтка факультэта народнай культуры БДПУ імя М. Танка

Здаецца, не так даўно і мяне яшчэ гушкалі на руках і спявалі калыханкі, а некаторымі лічылкамі я карыстаюся і па сённяшні час. I зараз пачынаю разумець, што маю свядомасць беларуса, пачуцці любові да бацькоў, сяброўства і чалавечую годнасць — усё гэта выхаваў дзіцячы фальклор.

У ім — багацейшы грамадскі вопыт шматлікіх пакаленняў па выхаванні дзяцей, які ператварыўся ў даступныя для дзіцяці формы: песні, калыханкі, лічылкі, забаўлянкі, гульні. Дзіцячы фальклор суцяшае і забаўляе чалавека ў дзяцінстве, дае самыя простыя веды і паняцці, на якіх потым прарасце мудрасць чалавечай асобы. Дзіцячы фальклор развівае памяць і мышленне, фантазію і творчы патэнцыял чалавека. Значна цяжэй стаць сапраўдным адукаваным і культурным чалавекам, калі ты не быў выхаваны вуснай народнай творчасцю.

Лунінеччына — чысцейшая і найбагацейшая крыніца фальклорнай спадчыны беларусаў. Пачуўшы мясцовую гутарку, адчуваеш на сабе подых старажытнасці. А калі яшчэ пачуеш, як спявае калыханку 80-гадовая бабуля, адразу ж пачынаеш гушкацца ў такт і твае вочы закрываюцца ад дрымоты.

Ой ты, коце-варкоце,
Да дзевачка спаць хочэ.
Ходзе коцік па плотку
У чырвоным чаботку,
Трэба коціка догнаці
I чоботка отобраці.

(Запісана ў 2006 годзе у в. Ракітна ад Вольгі Агееўны Паўловіч, 1930 г.н.)

Калыханкі — найстаражытнейшы песенны жанр, які яшчэ здаўна дапамагаў прызваць сон да дзіцяці і суцешыць яго. Галоўнае ў калыханках — меладычнасць, просты змест і рытм. Гэта добра бачна ў прыкладзе: паўтор аднолькавых па гучанню канчаткаў радкоў (плотку/чаботку, догнаці/отобраці), напеўнасць і даступнасць зместу.

Найчасцей галоўнымі персанажамі калыханак з’яўляюцца кот, куры і гулі. Кот у гаспадарцы — гэта першая хатняя жывёла, якая дапускалася да маленькага. Кот надзяляўся чалавечай душой і меў такое ж права жыць у хаце, як чалавек:

А-а-а, каточак,
Паеў бабчын мядочак.
Сама бабка палізала,
На коціка сказала.
Пайшоў котка плачучы,
За ім бабка скачучы —
Вернісь, котко, не тужы,
Яшчэ з гадок паслужы.

(Запісана ў 2006 годзе ў в. Вічын ад Надзеі Пракопаўны Барысевіч, 1920 ці 1922 г.н.)

Рэдка на Лунінеччыне сустракаецца міфічная асоба бай, мэта якога — прызваць дрымоту, каб дзіця заснула:
Ходзіць бай па сцяне
У чырвоным каптане.
Баіць ці не?
Бабка, бай, бай.

(Запісана ў 2003 годзе ў в. Дрэбск ад Ніны Сямёнаўны Казун, 1946 г.н.)

Сустракаецца таксама і невядомы персанаж з імем Гут, па віне якога здараюцца няшчасці. Ён як бы служыць нарокам для дзяцей, што нельга быць гультаём і абібокам, чалавек павінен добра ведаць справу і плённа працаваць.
А-а-а, Гута.
Німа дома Гута.
Поехаў Гут па дрова –
Загорэлас дуброва.
Прыйшлі дзеўкі тушыці,
Сталі Гута біці.

(Запісана ў 2006 годзе ў в. Вічын ад Надзеі Пракопаўны Барысевіч)

Некаторыя калыханкі Лунінеччыны адрозніваюцца сваім саркастычным схілам.
А-а-а, люлі-люлі,
засні спаць.
Маці адна, а бацькаў пяць.

(Запісана ў 2006 годзе ў в. Ракітна ад Вольгі Агееўны Паўловіч)

Вельмі характэрным для калыханак Лунінецкага раёна лічыцца націск на першым складзе першага слова у радку, затым націск змяняецца ў залежнасці ад рытма і такта. Такт звычайна на 2/4, як пагойдванне калыскі.

Спецыфічнай з’яўляецца і мова. Характэрна гучанне літары “о” не пад націскам і канчаткі “э” незалежна ад роду прадмета:

Ай, люлі-люлі,
Да ўсім дзеточкам дулі,
А мойму дзіцяці малочэ,
Коб спала ўдзень і ўночэ.

(Запісана ў 2003 годзе ў в. Дрэбск ад Ніны Сямёнаўны Казун)

Звычайным як для Лунінеччыны, так і для ўсёй Беларусі, з’яўляецца паўтор радкоў, слоў і гукаў. Ужываюцца словы з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі, а таксама характэрны імправізацыйны павольны напеў.

Недалёка ад калыханак стаяць і песні, звычайна жартоўныя і забаўляльныя. Ім таксама ўласцівыя імправізацыя і рэфрэны. Але ж у песнях больш часта назіраецца лагічнае апавяданне, якое нясе раскрыццё канкрэтнай інфармацыі ў некалькіх словах. Вельмі пашыраны так званыя песні “без канца”, якія можна паўтараць некалькі разоў.

— Дзячэ, дзячэ,
чаго дзіця плачэ?
— Была хлеба крышка,
да ўхапіла мышка.
— А дзе тая мышка?
— Калода забіла.
— А дзе та калода?
— Шыльні поточылі.
— А дзе тые шыльні?
— У моры потонулі.
— А дзе тэе мора?
— Красочкамі заросло.
— А дзе тые красочкі?
— Іх порвалі дзевочкі.
— А дзе тые дзевочкі?
— Іх побралі жэнішкі.
— А дзе тые жэнішкі?
– Поехалі ў дорогу.
— А дзе та дорога?
— У моры потонула.
— А дзе тэе мора? — ...

(Запісана ў 1990 годзе ў в. Кажан-Гарадок ад Надзеі Васільеўны Туміловіч, 1920 г.н.)

Папулярнай на Лунінеччыне з’яўляецца песня пра Камара, які надзяляецца чалавечай душой.
Сядзеў Комар но дубочку,
На зялёному лісточку.
Подняласа шура-бура,
Комарыка з дуба здула.
Упаў Комар і не дышэ,
Ручкой-ножкой не колышэ.
Прыляцелі тут дзве мухі,
Узялі Комара под рукі.
Посадзілі на дубочку,
На зялёному лісточку.

(Запісана ў 1990 годзе ў в. Кажан-Гарадок ад Надзеі Васільеўны Туміловіч. Кожны другі радок паўтараецца)

Своеасаблівымі песенькамі з’яўляюцца забаўлянкі, або пацешкі. Яны пачынаюць суправаджаюць дзіця з першых яго рухаў, з калыскі, калі бацькі суцяшаюць і забаўляюць малых. Выконваюцца яны падчас гульні з пальцамі, ручкамі і ножкамі дзіцяці. Іх прызначэнне — не толькі суцешыць, але і зварушыць маленькага, узбудзіць яго настрой, зрабіць бадзёрым. Менавіта таму яны, у адрозненне ад калыханак, больш хуткія па рытму і не спяваюцца, а прагаворваюцца.

Вельмі характэрнымі персанажамі як на Лунінеччыне, так і на ўсёй Беларусі з’яўляюцца птушкі (сарока, голуб, варона), рэгулярна тут прысутнічае баба, а таксама імя самаго малога. Характэрныя паўторы і ясна акрэслены рытм.

Сядзіць голуб на дубу,
Прыляцела совіца,
голубова сястрыца,
Прыляцела совіца,
голубова сястрыца,
Бяры, Леўка (імя), булаву,
Да бі бабу по лобу,
Няхай баба коціцца,
Да ў балоце топіцца.

(Запісана ў 2004 годзе ў в. Лахва ад Дар’і Рыгораўны Луцук, 1925 г.н.)

Вельмі старажытнымі ў дзіцячым фальклоры з’яўляюцца заклічкі, якім надаецца магічны сэнс. Раней заклічкі былі непасрэдна звязаны з інтарэсамі селяніна-гаспадара, яго клопатам пра дабрабыт. З часам яны перайшлі ў дзіцячы фальклор і сталі выконваць ролю прыгавораў на нейкія дзеянні. На Лунінеччыне часта сустракаюцца звароты да сонца, ураджаю і дажджу.
Дожджык, дожджык, кропаны,
Бабу з поля прожэны.

(Запісана ў 2006 годзе ў г. Лунінец ад Н.А. Пацукевіч, 1936 г.н.)

Перад тым як пачаць гульню, звычайна выбіраецца “вядучы”. Вельмі часта гэта робіцца з дапамогай лічылак — невялічкіх вершаваных твораў. Важную ролю тут адыгрывае рытм, які вызначае правільнасць пераліку. Звычайна змест у такіх творах не зусім лагічны, хутчэй бачны просты падбор слоў, аднолькавых па гучанні. Заканчваецца лічылка націскам на моцную долю. Вельмі каларытныя лічылкі Лунінеччыны, якія могуць закранаць гаспадарку, пералік рэчаў і прыроду.
Ад дуба да дуба,
да белага кораня,
Семушка, плетушка, дуб.

(Запісана ў 2003 годзе ў в. Дрэбск ад Ніны Сямёнаўны Казун)

Пасля таго як быў выбраны “вядучы”, непасрэдна пачынаецца гульня. Яна выбіраецца ў залежнасці ад месца і часу правядзення, колькасці гульцоў, інвентару. Трэба адзначыць, што ў гульнях выяўляецца творчасць і фантазія дзяцей. Напрыклад, тая ж палка з гульні “Курка і біч” ператвараецца ў курку, якая ляціць за агароджу і яе трэба спаймаць; у гульні “Апанас” вядучы ператвараецца ў сляпога лаўца; у гульні “Гнілы гарбуз” усе дзеці разам утвараюць адзіны цэлы круг-гарбуз, і толькі ў аднаго чалавека задача разарваць гэты круг. Такім чынам, дзеці, самі таго не заўважаючы, ператвараюцца ў лаўцоў, “Апанасаў”, гнілыя гарбузы і інш. Гульні развіваюць і фізічную моц дзяцей, іх спрытнасць, хуткасць. Напрыклад, гульня “Клясы”: трэба кінуць камень за галаву на расчэрчанае поле, туды, куды камень пападзе, не скакаць і не пераскокваць.

Дзеці ў гульнях спрабуюць пераймаць тое, што робяць дарослыя. Адны і тыя ж гульні кожны раз адбываюцца па-рознаму. Гэта дазваляе больш глыбока раскрыць прычыны і сувязь тых з’яў, якія малому ўдалося заўважьщь. Так дзіця вучыцца жыццю, пераймае паводзіны і рысы характару бацькоў.

Наша вандроўка на Лунінеччыну адкрыла перад намі не толькі багацце і разнастайнасць народнай творчасці людзей, але і пазнаёміла нас бліжэй з народным жыццём, традыцыямі; паказала праз дзіцячы фальклор клопат пра наступнае пакаленне. I гэта вельмі цікава і карысна, бо мы і самі хутка будзем педагогамі-бацькамі, будзем вучыць нашых дзяцей. I перш за ўсё выхоўваць дзяцей павінны з дапамогай нашага беларускага фальклору.

На верх старонкі