Лунінецкі раённы краязнаўчы музей

Лунінецкі сшытак № 5

З даследванняў лунінецкіх краязнаўцаў

«Люблю цыгана Яна...»

Сцяпан Нефідовіч, в. Любань
Сталася так, што ў апошнія гады наш народ цыганоў недалюблівае: за іх вобраз жыцця і за паводзіны. А я іх люблю і шаную, бо гэта народ, хоць і нешматлікі і разрознены на дробныя групы, але праз многія стагоддзі пранёс свае традыцыі, культуру. І ў адрозненне ад беларусаў, якія за кароткія дзесяцігоддзі амаль вынішчылі сваю мову, цыганы, прайшоўшы праз розныя выпрабаванні, збераглі яе ў першасным стане.

З гісторыі вядома, што карані цыганоў цягнуцца ад племені ведангаў, што жылі калісьці на паўночным захадзе Індыі. Вучоныя даследчыкі лічаць, што яны пакінулі тыя мясціны у VI-X стагоддзях, паколькі ў той час у Індыі пачаў устанаўлівацца рабаўладальніцкі лад, фарміраванне якога патрабавала ад усіх жыхароў дзяржавы аседласці і падпарадкаванасці ўладам. Імкненне зберагчы свой вобраз жыцця ляжала, відаць, у аснове рашэння ведангаў пакінуць радзіму.

У пачатку XIV стагоддзя цыганы з'явіліся ў Грэцыі, у 1416 годзе — у Чэхіі, крыху пазней - у Польшчы, а ў пачатку 1501 года — у Вялікім княстве Літоўскім. Тут іх пачалі называць цыганамі (прыйшло з грэчаскага «ацынгане», што адзначае «прадказальнікі»). Іх жа саманазва — «рома».

У адрозненне ад таго, што ў многіх краінах Заходняй Еўропы цыганы былі аб'яўлены па-за законам, а ў Германіі нават было ўстаноўлена права на іх вынішчэнне, у ВКЛ у пачатку 1500-х гадоў князем Аляксандрам Казіміравічам быў нададзены статус прызнання на пражыванне цыганоў у Белай Русі.

Ва ўсе ранейшыя часы да цыганоў беларусы адносіліся прыхільна, дружалюбна: сведчаннем таму з'яўляюцца факты, што вяскоўцы кожны год пускалі на зімоўку цыганскія сем'і ў свае хаты.

Нягледзячы на тое, што цыганы вечна вялі качэўны вобраз жыцця, іх колькасць паступова расла. Па перапісу 1897 года на тэрыторыі Беларусі жыло 3238 цыганоў, у 1958 годзе — 4662, у 1989 — 10760. Зараз у Беларусі прыкладна 12 тысяч цыганоў. Беларускія рома — людзі аседлыя, праваслаўнай веры. Большасць з іх — карабейнікі, камерсанты.

Многім з нас вядомы песні цыганоў і пра цыганоў. Шмат якія з іх сталі папулярнымі. А ў цыганскім асяродку жывуць і песні, і мода, і мова, пранесеныя праз вякі, праз нягоды.

На тэрыторыі нашага раёна цыганскіх абшчын няма (бліжэйшыя — у Жыткавічах і Давыд-Гарадку). Але іншы раз завітаюць у нашы вёскі, пройдуць ад хаты да хаты, гамонячы між сабой на сваёй мове, пранесенай праз стагоддзі. І ўспамінаюцца словы прарокаў: «Народ, які беражэ сваю мову, будзе жыць вечна».