Заказнікі і помнікі прыроды Лунінеччыны.

Iван Панасюк, Ларыса Панасюк

Геаграфічнае становішча Лунінецкага раёна

*І. Тэрыторыя раёна (на 09.01.2018 г.)

- Плошча раёна 270 815 га.
- Плошча лясгаса 144 920 га.
- Плошча лясоў лясгаса 118 800 га.
- Хмызнякі 3 800 га.
- Плошча без хмызнякоў 114 442 га.
- Плошча паркавых лясоў 3 650 га., пакрытых лесам 3 450 га.
- Плошча паляўнічых угоддзяў 184 800 га.
- Плошча курортнай зоны “Белае возера” 428 га., пакр. лесам 397 га.
- *Плошча прыродаахоўных зон 40 332 га.
- Плошча існуючых балот 15 933 га.
- Плошча асушаных балот (зямель) 77 500 га.
- Плошча ўсіх зямель агракомплексу 93 253 га.
а) з іх пасяўная 40 202 га.
б) з іх пасяўная 2 996 га
- Плошча (агульная), пакрытая вадой (рэкі, азёры, каналы, вадасховішчы, вадаёмы, сажалкі) 6 500 га.

*Увага! “…на ХХІІ сесіі Лунінецкага райсавета зацверджаны новыя межы Лунінецкага раёна (а значыць і змяненне плошчы тэрыторыі заказніка “Сярэдняя Прыпяць”). Цяпер “лінія” будзе ісці па беразе ракі Прыпяць. Землі, якія знаходзяцца за воднай артэрыяй (у пераважнай большасці гэта — забалочаныя участк), адыдуць да суседзяў (Столінскі раён). 22.09.2017г. “Лунінецкія навіны.”

Плошча тэрыторыі Брэсцкай вобласці складае 32,3 тысячы км2. Працягласць тэрыторыі з захаду на ўсход 300 км, з поўначы на поўдзень 166 км.

Лунінецкі раён быў утвораны 15 студзеня 1940 года. Дарэчы, у студзені 2015 года раён адсвяткаваў свой 75-гадовы юбілей. Плошча раёна складае 2,7 тысячы км2. Працягласць тэрыторыі складае з захаду на ўсход — 82 км, з поўдня на поўнач — 66 км. На захадзе раён мяжуе з Пінскім, на поўдні са Столінскім, на поўначы з Ганцавіцкім раёнамі Брэсцкай вобласці, на ўсходзе з Салігорскім раёнам Мінскай вобласці, на паўднёвым усходзе з Жыткавіцкім раёнам Гомельскай вобласці. Тэрыторыя раёна адміністрацыйна падзелена на 11 сельскіх Саветаў і 1 гарадскі — Мікашэвічы.

На 1 студзеня 2018 года ў раёне налічваецца 82 населены пункт. У сельскай мясцовасці пражывае 29 345 жыхароў; у горадзе Мікашэвічы — 12 665; у горадзе Лунінец — 24 816. У цэлым у раёне і гарадах пражывае 66 826 жыхароў. (Дадзеныя Лунінецкага ЦСУ).

Тэрыторыя раёна знаходзіцца ў зоне Беларускага Палесся. Самае высокае месца над узроўнем Балтыйскага мора — 152 метры, самае нізкае — 123 метраў ля р. Случ.

Горад Лунінец знаходзіцца на 52°11' паўночнай шыраты і 26°40' усходняй даўгаты. На тэрыторыі нашага раёна ёсць наступныя карысныя выкапні: граніт, торф, пясок, гліна, сапрапель. Сярэдняя тэмпература ў студзені — -3°С, у ліпені — +18°С. За год у сярэднім выпадае 640 мм ападкаў. Вегетацыйны перыяд — 205 сутак.

Рэкі

Па тэрыторыі нашага раёна працякаюць такія вядомыя рэкі: Прыпяць 761 (62) км, Лань 147 (32) км, Цна 126 (67) км, Случ 197 (27) км, Смердзь 37 (37) км, Бобрык 109 (14) км, Валхва 39 (21) км.
Увага! Першая лічба — даўжыня ўсёй ракі, другая лічба — даўжыня ракі на тэрыторыі Лунінецкага раёна.

Бобрык, якая таксама з’яўляецца левым прытокам Прыпяці, працякае яна ў Ганцавіцкім, Пінскім і Лунінецкім раёнах. Назва зыходзіць, верагодна, ад месца засялення „баброў“. Бобрык з’яўляецца натуральнай мяжой паміж Лунінецкім і Пінскім раёнамі. Выцякае з балоцістай мясцовасці. У 1976 годзе на Бобрыку ў Пінскім раёне створана вадасховішча „Пагост“, плошча — 1,62 км2, глыбіня — 5,4 м, дамба-плаціна — 16,2 км.

Валхва — правы прыток рэчкі Случ, пачынаецца ў Жыткавіцкім раёне, вусце ў 5-і км на паўдневы ўсход ад горада Мікашевічы.

Выдранка (Дудрынка) 12,6 км. — правы прыток рэчкі Смердзь, пачынаецца з возера Вулька (вёска Вулька ІІ), вусце ля вёскі Любачын. Рэчышча Выдранкі ўяўляе сабой канал.

Лань з’яўляецца левым прытокам Прыпяці. Назва мажліва славянскага паходжання, ад слова „лань“ — хутканогі алень, магчымы другі варыянт „liиnas“ — з літоўскага „балота“. Рэчка з ціхай павольнай плынню. Цячэ па тэрыторыях некалькіх раёнаў, у тым ліку і Лунінецкім. Берагі рэчкі — месца ціхага адпачынку, рыбнай лоўлі, яны адкрытыя, тарфяністыя. У 1985 годзе ў нашым раёне быў утвораны біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння „Вусце Лані“.

Люта 20 (20) км — правы прыток Лані, пачынаецца з абваднога канала (у верхнім цячэнні Петрашэўскай канавы) у 9,5 км на паўночны ўсход ад вескі Барсукова, вусце ля вескі Мокрава.

Прыпяць лічыцца самай магутнай ракой у нашым раёне; яна з даўніх часоў суднаходная. У назве ракі ёсць некалькі варыянтаў. У пісьмовых крыніцах да XIX стагоддзя раку часта называлі „Прыпець“, што значыць са стараславянскага як „ніспадаючая“, „пакатая“. Ёсць і другое тлумачэнне, якое вынікае са старажытна-рускага і беларускага тэрміна „прыпечь“, гэта значыць, пясчаны бераг, не пакрыты хмызняком. І, нарэшце, трэцяе тлумачэнне: раку ў старажытнасці называлі „Трыпяць“ — „3х5“, што абазначае — рэчка, маючая 15 прытокаў.

Прыгажуня Прыпяць „нясе свае воды сухадоламу Дняпру“. Плошча водазбора на тэрыторыі Беларусі займае 52,7 тысячы км2. Замярзае Прыпяць амаль адначасова па ўсёй даўжыні ў пачатку снежня ускрываецца ў канцы сакавіка. Таўшчыня лёду ад 15 да 20 см. У рэчцы водзіцца шчупак, галавель, акунь, плотка, гусцера, сом і шмат іншых рыб.

На рэчцы ёсць порты: Пінск, Мазыр, Тураў, Петрыкаў, Нароўля. Ад р. п. Мікашэвічы і да р. Прыпяць пабудаваны суднаходны канал (7 км), па якім прадпрыемства „Граніт“ адпраўляе сваю прадукцыю ў розныя мясціны.

Расказваючы пра рэкі, нельга не ўспомніць аб іх ролі ў жыцці чалавека, пачынаючы з самых даўніх часоў. 3 гісторыі вядома, што старажытныя людзі сяліліся на берагах рэк, азёр. Вада, як і паветра, застаецца адным з трох галоўных кампанентаў існавання чалавека на Зямлі. Рэчка давала і дае чалавеку ваду, рыбу; яна ж з’яўляецца крыніцай зносін паміж гарадамі, народамі, нават дзяржавамі. Прыгажуня Прыпяць заўсёды была і застаецца найлюбімейшым месцам адпачынку не толькі рыбаловаў аматараў, але і многіх жыхароў нашага горада і раёна, людзей, якія з’яўляюцца сапраўднымі сябрамі прыроды. Прыпяць заўсёды вабіць да сябе людзей сваёй непаўторнасцю, хараством ва ўсе поры года. Асабліва прыгожа тут у маі, калі ўсё пачынае квітнець, калі яшчэ да ўзыходу сонца можна паслухаць тысячы салаўіных трэляў. Зачароўвае чалавека прырода Прыпяцкага наваколля, разнастайнасцю расліннага і жывёльнага свету, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай адзінай матухны-прыроды. Непаўторнасць краявідаў нашага краю ўслаўлена многімі паэтамі і пісьменнікамі. Памятаеце, як у Я. Коласа: „Спакойна і павольна, як у зачараваным сне, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну...“

3 гадамі, стагоддзямі адносіны чалавека з прыродай змяніліся, і не на яе карысць. XX стагоддзе нанесла страшэнны ўрон прыродзе нашай планеты. Не пазбеглі гэтага ўздзеяння і рэчкі. Спрамленне іх рэчышчаў змяніла ўмовы існавання многіх відаў раслін і жывёл у поймах, таму, што быў парушаны водны рэжым прылягаючых тэрыторый.

Неабдуманая і хуткасная меліярацыя Лунінецкага Палесся нанесла таксама вялікія страты навакольнаму асяроддзю. На месцах, дзе былі балоты падымаюцца пылавыя буры, знікае вада ў калодзежах навакольных вёсак. Згінулі многія расліны, жывёлы і птушкі.

Другой па даўжыні ракой, якая працякае ў нашым раёне, лічыцца
Случ — левы прыток Прыпяці, працякае па тэрыторыі Слуцкага, Салігорскага, Жыткавіцкага і Лунінецкага раёнаў. Назва ракі ўзята, відавочна, ад стараславянскага слова „лука“ — выгіб, ізлучына, а сёння беларускае слова „злуч“, „злучына“ абазначае злучэнне. У вусце ракі даліна ў верхнім цячэнні зліваецца праз 6 км з далінай Прыпяці. Найвышэйшы ўзровень разводдзя — у канцы сакавіка, сярэдзіне красавіка. У міжрэччы прытокаў маюцца прыгожыя дубровы, якія вабяць да сябе людзей на адпачынак. На берагах таксама раскінуліся маладыя дубровы. Берагі рэчкі з’яўляюцца запаведнымі мясцінамі аматараў рыбнай лоўлі, фотааматараў, а таксама турыстычнага адпачынку. І таму ў 1990 годзе, з мэтай захавання ў першародным стане прыроднага комплексу, тут быў створаны біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння „Нізоўе Случы“, плошча якога складае 3313 гектары. У старажытныя часы людзі спаўлялі па рэчцы плыты, лавілі рыбу, ладзілі славянскія святы. Случ — адна з прыгажэйшых рэчак нашага раёна.

Смердзь з’яўляецца таксама левым прытокам Прыпяці. Паходжанне назвы зыходзіць, відавочна, ад назвы-характарыстыкі „смердзь“ — гэта спецыфічны пах вады. Пачынаецца са зліцця 2 каналаў ля вёскі Чырвоная Воля. Даўжыня рэчкі — 37 км. Пойма высокая, забалочаная, шырынёю 200-300 метраў; шырыня рэчкі ад 5 да 15 метраў. Вадазбор 502 км.

Ёсць і яшчэ адна рака ў нашым раёне – гэта:
Цна адна з некалькіх аднайменных рэчак на тэрыторыі Беларусі. У аснове назвы, відавочна, ляжыць слова „дэсная — правая“. Маецца таксама і другое тлумачэнне: ад стараславянскага слова „тьсьнь — вузкі“. Яна з’яўляецца адной з самых забалочаных рэчак нашага раёна. Берагі і сёння пакрыты хмызнякамі. У Цны пясчаныя берагі толькі на працягу ад в. Дзятлавічы і да в. Дварэц. Даліна да в. Велута і ніжэй в. Кажан-Гарадок не выражана. Самы вялікі ўзровень паводкі — у канцы сакавіка. Плошча водазбора ў Прыпяцкім Палессі — 1130 км. Берагі рэчкі ля вёсак Велута, Дзятлавічы, Дварэц, Цна, Кажан-Гарадок з’яўляюцца любімымі месцамі адпачынку жыхароў. Тут штогод праводзіцца свята Івана Купалы ў ноч з 6 на 7 ліпеня.

У склад меліярацыйнай сеткі раёна ўваходзяць некалькі каналаў:

Валчанскі канал — правы прыток Выдранкі, пачынаецца з меліяратыўнай сістэмы ў 3,5 км на паўднёвы-захад ад вескі Вялікія Чучавічы, вусце знаходзіцца ў 3,5 км на паўднёвы-захад ад вескі Вулька ІІ.

Глухая Лань (галоўны канал) — правы прыток Случы, пачынаецца ў Салігорскім раёне, вусце знаходзіцца ў 2 км на паўночны-захад ад вескі Моршчынавічы.

Заазерскі канал (Заазерская канава) — левы прыток Галоўнага канала, пачынаецца ў Ганцавіцкім раёне, вусце ў 11 км на паўночны-усход ад вескі Красная Воля (за межамі раёна);

Канал Велута — правы прыток Валчанскага канала, пачынаецца ў 4 км на паўночны-ўсход ад вескі Навасёлкі, вусце ў 3,5 км на ўсход ад вескі Велута.

Крынічная канава — правы прыток канавы „Плесы“, пачынаецца ў Ганцавіцкім раёне, вусце ў 7,5 км на паўночны-усход ад вескі Малыя Чучавічы.

Лунінецкі канал (на некаторых картах 30-х гадоў ХХ стагоддзя ён носіў імя знакамітага беларуса, меліяратара генерал-маёра І. І. Жылінскага) — левы прыток Прыпяці, пачынаецца ў 10 км ад вескі Дзятлавічы, вусце знаходзіцца ў 2 км на ўсход ад чыгуначнага маста праз раку Прыпяць.

У районе пабудаваны:

Мікашэвіцкі суднаходны канал, які злучае раку Прыпяць з чыгуначнай станцыяй Сітніца, дзе есць рачны порт — Мікашэвічы, даўжыня яго 7 км. Праходзіць па забалочанай левабярэжнай пойме ракі Прыпяць. Пабудаваны ў 1974-1978 гадах. Яго асноўнае прызначэнне — вываз прадукцыі прадпрыемства „Граніт“.

Сітніцкі канал — левы прыток Прыпяці, пачынаецца ў Жыткавіцкім раёне, вусце знаходзіцца ў 4 км на поўдзень ад вескі Сітніца.

Чэрабасаўскі канал (Чэрабасаўская канава) — сюды ўваходзіць і канава Маёнткавая, даўжыней 20 км, бярэ пачатак у ваколіцах вескі Барсукова, з вусцем на поўдзень вескі Намакрава.

На тэрыторыі раёна ёсць і яшчэ некалькі малых каналаў: Валчанскі, Собельскі і другія.

Назад | Далей