Заказнікі і помнікі прыроды Лунінеччыны.

Iван Панасюк, Ларыса Панасюк

Ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння „Сярэдняя Прыпяць“

Для большасці нашых чытачоў назва гэтага заказніка даўно вядомая. Ён размясціўся на тэрыторыі трох раёнаў Брэстчыны: Пінскага, Лунінецкага, Столінскага і Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

На тэрыторыі нашага раёна ён размясціўся на месцы трох былых заказнікаў: „Нізоўе Случы“, „Вусце Лані“ і „Ястрабель“. Сумарная плошча іх складала 6 177 га. Сёння заказнік размяшчаецца на тэрыторыі нашага раёна, плошчаю роўнаю 25 108 га, гэта амаль у 3 разы больш, чым да 13 ліпеня 1999 года. Заказнік распаўсюджваецца не толькі на саму раку, але ахоплівае і прылягаючыя да поймы ракі Прыпяць тэрыторыі. Утвораны ён з мэтай захавання ўнікальнай пойменнай экасістэмы ракі Прыпяць з комплексамі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Pэспублікі Беларусь. Сёння яго поўная назва — рэспубліканскі ландшафтны заказнік „Сярэдняя Прыпяць“. Плошча тэрыторыі ўсяго заказніка займае 90447 га., 68% плошчы пакрыты расліннасцю. Прычым, гэта самыя распаўсюджаныя дрэвы і кустарнікі, такія як чорнаальшаннік, аднак 29% плошчы занята дубровамі, 12% беразняком. Пясчаныя грывы пакрыты сасняком, і, як супрацьлегласць, — 8% балот. А ўсё разам — гэта адзіны жывы арганізм, які забяспечвае пэўны гідралагічны і кліматычны баланс.

Балоты захаваліся на тэрыторыі больш, чым тэрыторыя 2-x Ліхтэнштэйнаў. Балоты тут існавалі тысячагоддзямі і, верагодна, добра, што мы не паспелі іх цалкам асушыць. Катастрофа была б немінучай. Аднак 20% вадазбору рэк ужо асушана. На долю верхавых балот адносіцца толькі 2% тэрыторыі; 20% забалочанай тэрыторыі парасло хмызняком, у асноўным, вярбой.

Галоўнай ландшафтна-фларыстычнай славутасцю заказніка з’яўляюцца пойменныя дубровы, якія прымыкаюць да Случы і Прыпяці. Гэтыя віды дуброў у наш час захаваліся ў вельмі рэдкіх месцах. Лічыцца, што лепшмі пойменнымі дубровамі Еўропы якраз і з’яўляюцца дубровы ў пойме ракі Прыпяць і ў рэчышчавых зонах яе прытокаў. Тут знаходзіцца 80% усіх пойменных дуброў Беларусі.

Сярод раслін спецыялісты зарэгістравалі 1112 відаў так званых сасудзістых раслін, 57 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу рэспублікі Беларусь (трэць ад усёй колькасці ахоўваемых дзяржавай раслін). Сярод іх тут растуць гарлачык белы, расянка, сальвінія плаваючая. Адзначана больш чым 250 відаў птушак, якія гняздзяцца тут, 10 відаў кулікоў; абарыгенная папуляцыя бабра і лася; высокая колькасць норкі, выдры, андатры. Спецыялісты лічаць, што вясной праз сярэдняе цячэнне перамяшчаецца не менш як 50 тысяч гусей, 30 тысяч свіягаў. Тут гняздзіцца вяртлявая чаратоўка, якая ў Еўропе ўжо знікла наогул. У 1996 годзе тут быў выяўляны янот-паласкун, а ў 1997 — гняздо арлана-белахвоста. Водзіцца вялікая колькаць беласпінных і сярэдніх стракатых дзятлаў. Гняздзяцца чорныя буслы, кулік-сарока, белая лазараўка, беркут, белая чапля, змеяед, падворлік, вялікі і малы бугай, скапа, філін і шмат іншых птушак.

Звычайнай рыбай у гэтым рэгіёне з’яўляецца сом, шчупак, плотка, вокунь, гусцера і шмат іншай.

Стварэнне заказніка „Сярэдняя Прыпяць“ дазваляе сёння захаваць генафонд расліннага і жывёльнага свету Прыпяцкага Палесся, натуральны гідралагічны рэжым вярхоўя Прыпяці. Заказнік „Сярэдняя Прыпяць“, як і заказнікі „Званец“, „Альманскія балоты“, „Спораўскі“, „Коска“, „Котра“, „Ельня“ і „Асвейскі“ мае статус водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння (Рамсарскія водна-балотныя ўгоддзі). У Беларусі захаваліся ўнікальныя, эталонныя для Еўропы прыродныя экасістэмы. Есць яшчэ шмат дзікіх жывел, раслін, грыбоў, лекавых раслін і рыб.

З мэтай захавання ўсяго гэтага прыроднага багацця ў студзені 2003 года была створана “Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь”. Яна ўпаўнаважана ажыццяўляць кантроль за рацыянальным выкарыстаннем жывельнага і расліннага свету нашай рэспублікі, прызвана паставіць дзейсны заслон у галіне прыродакарыстання, карыстання і аховы паверхнасных вод, расліннага і жывельнага свету, а таксама парушэння норм экалагічнай бяспекі. Інспекцыя назірае за парадкам у паляўнічых і рыбалоўных угоддзях — на рэках, азёрах, у лясах, спрыяе захаванню біялагічнай разнастайнасці рэсурсаў жывёльнага і расліннага свету Рэспублікі Беларусь. Яна надзелена вялікімі паўнамоцтвамі, цесна супрацоўнічая з грамадскімі прыродаахоўнымі арганізацыямі, а таксама з мясцовым насельніцтвам.

У нашым раёне таксама ёсць такая інспекцыя. Яе поўная назва гучыць наступным чынам: „Мікашэвічская міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь“. Першым яе начальнікам быў Анатоль Дзмітрыевіч Маркевіч. Чытаючы раённы друк, размаўляючы з Анатолем Дзмітрыевічам прыйшоў да высновы, што нават за такі кароткі тэрмін інспекцыя вельмі эфектыўна працавала, як працуе и сёння.

Улічваючы міжнародны статус заказніка “Сярэдняя Прыпяць” у 2005 годзе пры Лунінецкім райвыканкаме было створана „Дзяржаўнае прыродаахоўнае ведамства „Заказнікі рэспубліканскага значэння „Сярэдняя Прыпяць“ і „Лунінскі“. Гэтае ведамства ўжо некалькі гадоў запар узначальвае Мардухай В.В. Супрацоўнікі 3 прыродаахоўных ведамстваў, акрамя сваёй непасрэднай работы, праводзяць тлумачальную работу з вучнямі школ гарадоў Лунінца і Мікашэвічы, а таксама другіх школ раёна, 2 гімназій, з навучэнцамі каледжаў, інфармуюць насельніцтва аб ролі і значэнні прыродаахоўных тэрыторый, ўсяго расліннага і жывельнага свету ў жыцці чалавека. Гэта нарысы і артыкулы ў мясцовым друку, выступленні па раённым радыё, выданне кніг і брашур аб прыродзе Лунінетчыны, падрабязны збор матэрыялаў і апісанне фаўны і флоры заказнікаў, выяўленне чырвонакніжнікаў на тэрыторыях заказнікаў і безумоўна кантроль за выкананнем „Правілаў паводзін у заказніках „Сярэдняя Прыпяць“ і „Лунінскі“. У 2006 годзе была надрукавана невялікім накладам карысная брашура, а ў 2007 годзе былі змешчаны ў друку артыкулы прысвечаныя возеру Белае, жамчужаны нашага краю, а таксама ролі лесу. Аўтарам з’яўлялася Марына Чарнавокая, былы спецыяліст 1 катэгорыі ДПУ „Заказнікі рэспубліканскага значэння „Сярэдняя Прыпяць“ і „Лунінскі“. Вельмі хацелася б, каб аматары нашай роднай лунінецкай прыроды мелі відэафільмы аб нашых заказніках, рэках, азёрах, лясах і навогул аб усей прыродзе Лунінеччыны. Неабходнасць наспела.

Пастановай Савета Міністраў на тэрыторыі рэспубліканскага заказніка “Сярэдняя Прыпяць” забараняецца:

— правядзенне работ, звязаных са змяненнем натуральнага ландшафту і існуючага гідралагічнага, акрамя работ, звязаных з рэканструкцыяй і выкарыстаннем дзеючых меліярацыйных сістэм і аб’ектаў супрацьпавадкавай аховы;
— парушэнне глебавага покрыва; выпальванне сухой расліннасці; вогненная ачыстка лесасек;
— водаскід неачышчаных альбо недастаткова ачышчаных сцёкавых вод, прамысловых адыходаў;
— расчыстка воднай і прыбярэжнай расліннасці;
— разбіўка турыстычных лагераў; развядзенне вогнішчаў, стаянка і мыццё аўтамабіляў у месцах, не вызначаных для гэтых мэт; рух механізаванага транспарту па-за дарогамі, акрамя машын, што выконваюць сельскагаспадарчыя і лесагаспадарчыя работы;
— суцэльныя і паступовыя высечкі галоўнага карыстання ў сасняках, дубровах, ельніках і грабніках, выпас дамашніх жывёл у месцах, не выдзеленых для гэтай мэты.

Аднак запланавана выдзяленне месцаў пад сенажаці, пашы для жывёл, месцы рыбалоўства і палявання, але пры гэтым забаронены ўсялякія новыя меліярацыйныя работы і ворыва.

Якім быць новаму заказніку ў будучым, залежыць ад кожнага з нас. Спадзяюся, што сёння ўсе ўсвядомілі, што без прыроды, без чыстага паветра, без чыстай вады чалавеку не выжыць.

Назад | Далей