Заказнікі і помнікі прыроды Лунінеччыны.
Iван Панасюк, Ларыса Панасюк
Пасляслоў’е
Прачытана апошняя старонка даведніка, які знаёміць з раслiнным i жывёльным светам нашага раёна. Гэты спроба расказаць аб той частцы нашай прыроды, якую мы яшчэ можам i павiнны зберагчы. Аўтары выбралі з Чырвонай кнiгi Рэспублiкi Беларусь тыя раслiны i жывёлы, якiя пастаянна знаходзяцца, цi часова з’яўляюцца, альбо знiкаюць на тэрыторыi нашага раёна. Гэта віды, якiя знаходзяцца пад дзяржаўнай аховай. 54 віды чырвонакніжнікаў зарэгістраваны ў нашым раёне. Апошнія 20 гадоў надаецца шмат увагі акаляючаму асяроддзю, тлумачальнай рабоце сярод дзяцей дашкольнага, школьнага ўзросту, моладзі і дарослых. Экалогія стала вельмі важнай прыкладной навукай.
Паміж чалавекам і акаляючым асяроддзем існуе непарыўная ўзаемасувязь і ўзаемазалежнасць. Тэмпература, выпраменьванні, прысутнасць розных рэчываў, а таксама існаванне пэўных відаў жывых арганізмаў — усё гэта аказвае ўплыў на ўмовы існавання здароўя чалавека. Неразумнае ўмяшанне ў натуральныя працэсы ў прыродзе прыводзіць да пагаршэння стану акаляючага асяроддзя і можа прывесці не толькі да гібелі пэўных відаў, але паставіць чалавека пад пагрозу існавання яго на планеце Зямля…
Аўтары брашуры звяртаюцца да вас, паважаныя чытачы: калi вы яшчэ знаходзiцеся пад уплывам прачытанага — падзялiцеся сваiмi думкамi з роднымi, блiзкiмi, сябрамi, раскажыце iм аб прачытаным. Сваiмi дзеяннямi вы пашырыце кола сяброў нашай прыроды. I, канешне ж, самi будучы ў час адпачынку на ўлоннi прыроды, памятайце галоўны запавет — не нашкодзь! У перыяд калi птушкi будуюць свае гнёзды, выседжваюць птушанят, нельга з’яўляцца ў лес на транспартных сродках, уключаць радыё, магнiтафон. У далёкiя часы ў Беларусi iснавала забарона ў такi час нават бiць у царкоўныя званы. I на сённяшнi дзень iснуе „сезон цiшынi“ — з 1 мая па 1 лiпеня, але аб гэтым, шкада, не ўсе ведаюць. У гэты час забараняецца блiзка падыходзiць да птушыных гнёздаў.
Аўтары заклiкаюць чытачоў да сумеснай працы ў справе абароны i захавання ўсяго, што нас акружае. Кожны можа падзялiцца сваiмi назiраннямi за станам нашай прыроды, выказаць свае меркаваннi, прапановы ў гэтай высакароднай справе. Супрацоўнікі нашых газет заўсёды рады размясціць такiя матэрыялы на сваіх старонках.
У чалавека ў сваiм жыццi ёсць тры месцы, дзе ён можа адчуць сябе маленькай пясчынкай, аднак часткай вялiкага Сусвету. Гэтыя месцы — Храм Боскi, могiлкi i наша непаўторная прырода. Тут мы можам задумацца над iснасцю свайго жыцця. Гэта амаль адзiнае, на што можна арыентавацца чалавеку перад будучым, перад Вечнасцю... I нiколi яшчэ прырода не даравала чалавеку ў яго неразумных дзеяннях, кожны з нас гэта добра ведае. Але гэта ўжо тэма iншай размовы.
Жывiце заўжды ў згодзе з прыродай i жыццё ваша будзе радасным і шчаслiвым!
Вось і скончылася наша непрацяглае падарожжа па тэрыторыі Лунінецкага раёна. Нам часта здаецца, што мы ведаем аб сваім краі ўсё, але гэта не так. Шмат чаго яшчэ ёсць невядомага. Кніга „Памяць“ Лунінецкага раёна налічвае больш за 700 старонак. Аднак і пасля яе выхаду друкуюцца матэрыялы аб нашых родных мясцінах, аб знакамітых земляках, новыя гістарычная звесткі. Кніга была выдана больш чым 20 год таму. Пасля яе выдання надрукавана яшчэ 5 кніг працягу з гісторыі нашага раёна. Веру, што аб прыродзе Лунінеччыны будзе таксама напісана яшчэ шмат цікавага.
Мэтай выхаду гэтай брашуры з’яўляецца прыцягненне ўвагі як дзяцей школьнага ўзросту, так і дарослых да прыродаахоўнай дзейнасці; прывіццё любові да ўсяго навакольнага асяроддзя; максімальнае веданне расліннага і жывёльнага свету ў нашым раёне; правіл паводзін ва ўзаемаадносінах з прыродай; выхаванне пачуцця гордасці за сваю малую Радзіму; ахова ўсяго нас акаляючага. Хацелася б закончыць словамі Я. Коласа:
Жыві ж, мой край! Няхай надзея
Гарыць у сэрцы і мацнее,
Што хоць не мы, дык нашы дзеці
Убачаць цэльным цябе ў свеце!
Якуб Колас „Новая зямля“
Настаўнiк-ветэран СШ № 2 г. Лунiнца І.А. Панасюк
З вамі размаўлялі
Панасюк Ларыса Канстанцінаўна. Нарадзілася ў 1945 годзе, у вёсцы Быцень Івацэвіцкага раёна, дзе ў 1963 годзе скончыла 11 класаў мясцовай сярэдняй школы. У 1970 годзе закончыла факультэт “геаграфія-біялогія” Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна. З 1970 па 1980 год працавала настаўніцай геаграфіі ў Вялуцкай СШ Лунінецкага раёна, з 1981 па 1990 працавала настаўніцай біялогіі і выхавальніцай у Лунінецкай школе-інтэрнаце. З 1991 і па 2007 год працавала настаўніцай біялогіі СШ № 2 г. Лунінца. З 2007 года ў заслужаным адпачынку. Ветэран педагагічнай працы. Аўтарка 6-і выданняў прыродаахоўнага напрамку, у тым ліку брашуры „Чырвоны сшытак Лунінецкага раёна“, 2001 год, Пінск.
Панасюк Іван Аляксеевіч. Нарадзіўся ў 1947 годзе, на хутары Лыпкі вёскі Астрамечава Брэсцкага раёна. У 1965 годзе закончыў 11 класаў Астрамечаўскай СШ. З 1965 па 1981 год працаваў у Вялуцкай СШ Лунінецкага раёна ваенруком (служыў у ВМФ) і настаўнікам нямецкай мовы (у 1984 годзе завочна скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моваў, факультэт нямецкай мовы). З 1981 па 1992 год працаваў настаўнікам нямецкай мовы і выхавальнікам у Лунінецкай школе-інтэрнаце. З 1992 года працаваў настаўнікам нямецкай мовы ў Лунінецкай СШ № 2. З 80-х гадоў ХХ стагоддзя займаецца аматарскай прыродаахоўнай дзейнасцю. У Лунінецкай школе-інтэрнаце кіраваў групай вучняў школьнага лясніцтва, у СШ № 2 г. Лунінца кіраваў вучнёўскім гуртком „Юныя сябры прыроды“, які наведвалі вучні 6-8 класаў. Шчыра ўдзячны Ларысе Канстанцінаўне за пастаянную дапамогу ў пытаннях, звязаных з фаўнай і флорай, з геаграфіяй нашага Лунінецкага Палесся. З 2003 года член Грамадскага Таварыства “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Аўтар 18 краязнаўчых зборнікаў, сярод якіх 6 выданняў прыродаахоўнага напрамку.
Р.S. Кнігу просім лічыць запрашэннем да далейшай размовы аб прыродзе нашай малой Радзімы на старонках нашых газет, у навучальных установах і на радыё.
Аўтары-складальнікі І.А. і Л.К. Панасюкі
|