Заказнікі і помнікі прыроды Лунінеччыны.

Iван Панасюк, Ларыса Панасюк

Лясы нашага раёна

Люблю цябе, мой край Палескі,
Я сэрцам да цябе прырос…
Найпрыгажэйшыя пралескі
І найсмачнейшы сок бяроз.
Тут наймілейшыя світанкі
Ля любай Прыпяці-ракі,
Калі ў хмарах спазаранку
Ляцяць у вырай жаўрукі…

Аляксандр Хаўдзееў, настаўнік геаграфіі СШ № 2. г. Лунінец

Тэрыторыя нашага раёна, як і ўсёй Беларусі, пакрыта лясамі. Плошча тэрыторыі Лунінецкага раёна 270 815 га. Плошча лясоў Лунінецкага лясгаса складае 145045 га, гэта складае больш за 53,5 % ад плошчы тэрыторыі раёна. Плошча лясгаса пакрытая лесам 118242 га, з якіх пакрыта хмызняком 3800 га, без хмызнякоў — 114443 га. Лясгас на сёняшні дзень мае ў сваім складзе 16 лясніцтваў і 1 лесагадавальнік у Лунінскім лясніцтве, які размешчаны на плошчы 15 га. Пасадкі леса ў 2016 годзе — 226 га.

Прыродная расліннасць раёна належыць да Бугска-Палескай геабатанічнай акругі. Нашы лясы адносяцца да падзоны шырокалісцёва-хваёвых. Асноўнымі дрэвамі з’яўляюцца: сасна, елка, вольха, бяроза, асіна. Ёсць таксама нешматлікія дубровы, гэта ў асноўным Мікашэвіцкае лясніцтва, на тэрыторыі былога ўжо заказніка „Нізоўе Случы“, які сёння разам з заказнікамі „Вусце Лані“ і „Ястрабель“ увайшоў у склад новага заказніка рэспубліканскага значэння “Сярэдняя Прыпяць”, плошча якога 25108 га.

Лес быў і застаецца нашым самым вялікім багаццем, таму яго вынішчэнне выклікае змяненне клімату, воднага рэжыму, мяняецца склад глебы. На 01.01.2016 года на тэрыторыі Лунінецкага лясгаса лес па дрэвах размяркоўваецца ў наступным парадку: сасна — 46354 га; бяроза — 34263 га; вольха чорная — 20616 га; дуб — 8115 га; елка — 2294 га; асіна — 970 га; граб — 227 га; ясень — 125 га; клён — 49 га; лістоўніца — 18 га; ліпа — 5 га і карэльская бяроза — 2 га. Любое неабдуманае ўздзеянне на прыроду выклікае ланцуг разнастайных і часта непрадказальных наступстваў: зніжэнне грунтовых вод, абмяленне рэчак, засухі, высыханне глебы, ветравыя эрозіі. Воды ападкаў, талыя воды ўсмоктваюцца ў лесе падсцілкай — мохам, старым апалым лісцем, перагноем. Такім чынам, глеба лесу паступова насычаецца вадой. Пасля вада паступова сцякае па ваданосных пластах глебы пад ухілы, у азёры, балоты, рэкі. Лес падтрымлівае пэўны ўзровень грунтовых вод, таму засуха для раслін, поля не такая страшная, нават пры адсутнасці дажджоў. Калі ж вада, не затрымліваецца подсцілкай, каранямі, то, струменьчыкамі сцякаючы па схіле, змывае верхні пласт глебы. Маленькія струменьчыкі зліваюцца ў большыя і ўсё мацней разбураюць глебу. На ёй з’яўляюцца барозны, вымоіны, а знесены верхні слой разам з вадой трапляе ў рэкі. У вусцях рэк, дзе цячэнне запавольваецца, часцінкі глебы асядаюць на дно, вусце мялее, пашыраецца, што прыводзіць да забалочвання. Больш жорсткімі становяцца засухі, зніжаецца ўраджайнасць.

На тэрыторыі лясгаса размяшчаюцца яшчэ тры заказнікі: „Борскі“ — батанічны (журавінны) і „Лунінскі“ у наваколлі возера Белага, а таксама новы водна-балотны заказнік „Велута“, які пачаў функцыянаваць з кастрычніка 2016 года.

Лес пастаўляе чалавеку драўніну для гаспадарчага выкарыстання і ацяплення. Драўніна выкарыстоўваецца не толькі нашым дрэваапрацоўчым камбінатам, але часткова ідзе на экспарт у такія краіны, як Аўстрыя, Галандыя, Германія, Венгрыя, Данія, Латвія, Літва, Расія, Румынія, Польшча і Швейцарыя.

Нашы лясы з’яўляюцца месцам збору грыбоў і ягад, што тут растуць. Гэта чарніцы, журавіны, маліна, ажыны, брусніцы і іншыя. Шкада толькі, што пасля Чарнобыльскай трагедыі ўжываць дары прыроды можна не з любой тэрыторыі лесу. Кожнае лета жыхароў раёна інфармуюць аб месцах, прыгодных для гэтай мэты.

Лес — гэта дом, у якім жывуць розныя птушкі і жывёлы, без якіх ён быў бы мёртвым. Больш чым 50 прадстаўнікоў расліннага і жывёльнага свету, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, знаходзяцца на тэрыторыі нашага раёна. У гэтую брашуру не ўвайшлі многія рэдкія прадстаўнікі жывёльнага і расліннага свету нашага раёна: цецярук, рабчык, глушэц, курапатка, сокал-сапсан, i многiя прадстаўнiкi раслiн, яны ў нас сустракаюцца ў невялiкай колькасцi перыядычна.

Вось некаторыя дадзеныя аб жывёльным свеце на тэрыторыі нашага раёна ад спецыяліста Лунінецкага лясгаса, на 01.02.2017 года па зімовых уліках: лось — 80. Косуля — 270. Бобр — 163. Цецярук — 78. Глушэц — не ўлічаны. Енаатавідная сабака — 30. Лісіца — 65. Кабан — 4. Норка — 65. Заяц русак — 190. Заяц бяляк — 0. Воўк — 1.

Некалькі слоў для дапытлівых з жыцця самай працавітай істоты ў лесе — мураша, форміка руфа, альбо чырвона-буры лясны мураш. Аб карысці мурашоў лясных напісаны сотні кніг. Адзін прыклад з кнігі „Мурашкі“ І. Халіфмана, раздзел „Лясныя былі“:

„...серыю назіранняў давялося правесці з улікам гэтых заўваг. У многіх тысяч фуражыраў, якія спяшаліся са здабычай у мурашнік, усю здабычу метадычна адбіралі і перадавалі спецыялістам па сістэматыцы, якія вызначалі від, да якога адносіцца адабранае ў мураў’ёў насякомае. Вось вынік аднаго з пратаколаў: 4500 ложнавусеніц сасновага пільшчыка, 3500 вусеніц сасновай соўкі, 500 кукалак і 7200 вусеніц дубовай ліставерткі. І гэта ўлоў толькі за 1 дзень! А напад арды з 500-600 шкоднікаў не для кожнага дрэва можа прайсці безвынікова.

Цяпер прымем да ўвагі, што насельнікі адного мурашніка займаюцца паляваннем на плошчы прыкладна ад 0,2 да 0,5 га. Колькі будзе выратавана дрэў, падлічыць не цяжка. Такая здольнасць мурашоў бясконца цэнная. І таму разбураць мурашнік — усё роўна што пакінуць у лесе міну замаруджанага дзеяння! Рана ці позна яна спрацуе і рэшткі зруйнаванага мурашніка будуць акружаны цёмнымі шкілетамі дрэваў, што гінуць. І наадварот, кварталы лесу, дзе дастаткова поўных сіл мурашнікаў, непрыступны для насякомых-шкоднікаў.“

Ніколі не парушайце заклапочанасць гэтых цудоўных працавітых істот!

Нашы лясы выкарыстоўваюцца „Беларускім Таварыствам Паляўнічых і Рыбаловаў (БТПР)“. У размове з начальнікам таварыства Аляксандрам Васільевічам Грыневічам было вызначана, што сабой уяўляе сёння паляўнічая таварыства, у якое ўваходзіць 11 паляўнічых гаспадарак з плошчай 184800 га На 01.01.2016 года ў раёне было 1100 паляўнічых, дзейнасць якіх строга кантралюецца адпаведнымі службамі. Дарэчы, „Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў“ у Лунінецкім раёне налічвае 4 егера, якія не толькі змагаюцца з браканьерамі, але і вядуць улік жывёльнага свету.

Вось некалькі прыкладаў за зімовы ўлік жывёльнага свету (снежань 2016 студень 2017). На тэрыторыі паляўнічай гаспадаркі Лунінецкага раёна было: 317 ласёў. Пасля адстрэлу засталося 10 дзікіх кабаноў. Казуль 908. Упершыню, у часы падкормак, у адным з урочышчаў неаднаразова былі заўважаны ля кармушак некалькі статкаў аленяў, лікам каля 105 галоў. Зайцоў — 58. Баброў — 716. глушцоў — 90. Цецерукоў — 600. Ваўкоў — 6. Куніц — 45. Лісіц — 65; янотавідных сабак — не ўлічаны.

У нашых лясах растуць у абмежаванай колькасці дрэвы-інтрадуцыенты, такія, як дуб чырвоны — Мікашэвічы, сасна Веймутава — Навасёлкаўскае лясніцтва. Лес — гэта асноўная часцінка прыроды, без якой чалавек жыць не змог бы, як без паветра, вады і сонца. Наша галоўная задача — гэта ахова “зялёнай фабрыкі”.

Назад | Далей