Заказнікі і помнікі прыроды Лунінеччыны.

Iван Панасюк, Ларыса Панасюк

Правілы лясной этыкі

(без правіл якіх нельга адпраўляцца на ўлонне нашай прыроды!)

Дарагія дзеці, як і дарослыя! Першае, на што вы, напэўна, адразу звярнулі ўвагу — хараство навакольнай прыроды. Дзівосныя ландышы, прыгожыя матылькі і стракозы, спеў птушак. Цудоўны свет, багацце колераў, форм, адценняў. Хочам шчыра сказаць вам: радуйцеся, любуйцеся, дыхайце водарам кветак, натуйце запісы ў дзённік, фатаграфуйце, пішыце вершы... Але памятайце пра тое, што вам жа належыць і зберагчы красу прыроды. I хоць вы стаміліся ад розных правілаў за доўгі навучальны год, (а дарослыя ад паўсёдзённасці) прыміце колькі зычлівых правілаў-павучанняў з добрым сэрцам.

Першае. Слухайце цішыню! Не шуміце. Не ўключайце на ўсю моц прыёмнік. Ад вібрацыі паветра не могуць ўзляцець чмялі, пчолы, восы, жукі ды іншыя мошкі. Шум таксама палохае птушак.

Другое. Размаўляйце з кветкамі. I не рвіце іх вялікімі ахапкамі. Іх засталося не так шмат, паспрыяйце іх размнажэнню! Ці ведаеце, напрыклад, што, каб з семечка ландыша вырасла расліна, трэба 7–8 гадоў!

Трэцяе. Лясныя жывёлы, якіх вы сустрэлі, нарадзіліся тут, у лесе. I нельга іх прыручаць, асабліва калі не ведаеш, як іх пасля даглядаць. Лепш парадуйцеся шчаслівай сустрэчы, а свае назіранні запішыце ў дзённік.

Чацвёртае. Калі вы расклалі касцёр у лесе, не пакідайце гэтае месца, пакуль не патушыце кожны вугольчык. У наступны раз прыходзьце сюды зноў, каб не выпальваць траву ці лясную падсцілку. Дарэчы, з аднаго дрэва можна зрабіць мільён запалак, а адна запалка можа спаліць мільён дрэў.

Пятае. Смецце апошнім часам зрабілася ці не самай вялікай пагрозай лесу. Разбітае шкло можа стаць прычынай пажара, а поліэтыленавы мяшэчак, пакуль разбурыцца, праляжыць пасля вас 226 гадоў. Дый папера згніе толькі праз 2–3 гады.

Шостае. У Чырвоную кнігу Беларусі занесены белая лілея, гарлачык белы, вятроўніца лясная, купальніца еўрапейская, гарлачык малы, першацвет высокі, валяр'яна двухдомная, званочак рапунцэль і шмат іншых. Вывучайце іх, каб ахоўваць, — яны на мяжы знікнення.

Сёмае. У лесе сустракаюцца і ядавітыя расліны: блёкат, дурман, цыкута, мудранка, воўчае лыка. Будзьце асцярожныя!

Восьмае. Птушыныя спевы — сапраўдныя канцэрты, за якія мы нічога не плацім. А птушкі яшчэ — і крылатая ахова лесу (дарэчы, садоў і паркаў). Не чапайце птушыныя гнёзды, не разглядайце зблізку птушанят, не парушайце птушыны спакой. Назірайце іх ціха і непрыкметна. I вы ўбачыце куды больш.

Дзявятае. Калі вы аматар калекцый, то павінны ведаць, што з гэтага занятку выключаны насякомыя (сярод іх шмат чырвонакніжных відаў). Лепш прыдбайце фотаапарат — і калекцыя ваша!

Дзясятае. Мурашнікі — адно з упрыгажэнняў лясных харомаў, не кажучы, што лесу не пражыць без мурашак. Не разбурайце мурашнікаў і не дазваляйце рабіць гэта другім! Мурашы з’яўляюцца сапраўднымі санітарамі лесу! Гэтыя правілы-падказкі далёка не поўныя. Аднак іх дастаткова на пачатак, калі з любоўю і ласкай глядзець на прыроду.

Правілы былі сфармуляваны супрацоўнікамі БДПУ імя Максіма Танка Таісай Каленнікавай і Анжэлай Барысевіч і надрукаваны ў аўтарскай газеце Валерыя Дранчука „Белавежская пушча“. № 2(23) 2000 г.

Назад | Далей