Заказнікі і помнікі прыроды Лунінеччыны.
Iван Панасюк, Ларыса Панасюк
Невялікі экскурс па старонках „Чырвоных кніг“ Беларусі (1987, 1993, 2004,2005 і 2014, 2015 гг.)
Мы часта захапляемся шэдэўрамі мастацтва, створанымі рукамі і розумам чалавека, аддаем належнае іх творцам. А нярэдка — выказваем шкадаванне, чаму многія з іх зніклі ці знікаюць. Дастаткова прыгадаць дзівосныя палацы Радзівілаў і Сапегаў, іх паркі і паркавыя скульптуры. Схамянуўшыся, чалавек пачынае шукаць старажытныя чарцяжы, малюнкі, спрабуе аднавіць разбуранае. Іншы раз гэтыя спробы вянчаюцца поспехам, хаця, як вядома, будаваць заўсёды складаней, чым разбураць.
Але ж ці не робім мы яшчэ больш жорсткае разбурэнне ў адносінах да таго, што нас акружае, — да прыроды? На Зямлі жыве паўтара мільёна відаў жывёл, паўмільёна відаў раслін. Кожны з іх — па свойму дзівосны і ўнікальны, фантастычны па прыстасаванасці да ўмоў пражывання. І самае крыўднае, што тыя віды флоры і фаўны, якія зніклі нельга аднавіць ні па малюнках, ні па чарцяжах. Від знікае назаўсёды. Чалавек так ніколі i не даведаецца, што згублена разам з ім. Магчыма, гэта быў сродак ад цяжкай хваробы? А можа, від з’яўляўся пачаткам новай культуры, так і не асвоенай чалавекам, невядомай дагэтуль крыніцай натуральных прадуктаў ці сыравіны? А ці было б дрэнным, каб ён проста радаваў чалавека сваёй непаўторнай прыгажосцю і дасканаласцю?
На старонках перыядычных выданняў, кніг, з экранаў тэлевізараў і па радыё мы ўсё часцей чуем устрывожаныя галасы пра цяжкае становішча прыроды на беларускім Палессі, аб знікненні відаў жывёлін і раслін, якія яшчэ 20 гадоў таму былі звыклымі для гэтага рэгіёна. Прыклады? Калі ласка. Хто з нас не ведае гаючых якасцей барсучага тлушчу! Але ж ці часта сёння сустракаюцца норы гэтага бяскрыўднага звярка? Між тым, зусім нядаўна ён не лічыўся рэдкасцю на Палессі. А балотная чарапаха, зялёны дзяцел, рысь, вялікі бугай і многія іншыя жывёлы, птушкі і расліны? Недалёкі той час, калі яны застануцца толькі ў памяці старэйшага пакалення.
Нярэдка на Лунінецкім рынку можна сустрэць людзей, якія заўзята прадаюць грыб-вясёлку. Знаходзяцца і пакупнікі. Прычым і першыя, і другія, не задумваюцца, што прыкладаюць руку да знішчэння грыба, знаходзячагася на стадыі знішчэння. Настаў час весці актыўную барацьбу за выратаванне знікаючых відаў раслін і жывёл. У гэтых памкненнях павінны аб’яднацца як дзяржава, так і кожны яе грамадзянін — чалавек, якому неабыякавы гонар нацыі, лёс прыроды Палесся. Няварта прымаць гэта, як высокія словы. Сярод прычын знікнення шматлікіх відаў фаўны і флоры браканьерства не самае галоўнае зло. Сёння жыццёвую прастору ў раслін і жывёлін адбіраюць высечкі лесу, асушэнне балот, бяздумнае гаспадаранне чалавека, ужыванне моцных хімікатаў, якімі апрацоўваюць палі… А што значыць так званы „фактар патрывожанасці“, які ў незлічонай колькасці змяншае папуляцыі дзікіх жывёл і раслін! Ці задумваюцца аб гэтым адпачываючыя і аматары ягадных і грыбных мясцін, якія на транспарце імкнуцца прабрацца ў самыя аддаленыя, некранутыя куткі лесу, вытоптваюць траву, ствараюць шум, які выганяе дробных звяркоў з норак і патаемных месцаў і астаўляюць пасля сябе кучы смецця з пластыка, шкла, паліэтыленавай плёнкі, якія ж вякамі будуць ляжаць у глебе. Яшчэ не існуюць такія мікробы і бактэрыі, якія могуць іх ператварыць у няшкодны матэрыял… Птушкі, якія будуюць свае гнёзды на зямлі, пакутуюць ад такіх ваяжоў больш за ўсіх. Сёння чалавецтва робіць спробу запаволіць працэсы, выкліканыя так званым антрапагенным уздзеяннем. Чырвоная кніга — адна з такіх спроб. Інвентарызацыя фаўны і флоры дазволіла скласці навукова абгрунтаваны спіс жывёлін і раслін, якія патрабуюць неадкладнай абароны.
У Чырвонай кнізе Рэспублікі Беларусь прадстаўлены 456 відаў раслін і жывёл (210 жывёл і 246 раслін і грыбоў).
У кнізе паведамляецца аб 1046 месцах пражывання рэдкіх відаў жывёл і 230 месцах росту 65 відаў раслін.
У Брэсцкай вобласці налічваецца 238 чырвонакніжнікаў. У нашым раёне налічваецца 56 месаў росту 19 відаў рэдкіх раслін і 48 месаў знаходжання 70 відаў жывёл. У брашуры даецца апісанне 22 прадстаўнікоў жывёльнага свету, 18 прадстаўнікоў расліннага свету і 2 прадстаўнікі „царства“ грыбоў. Гэта віды афіцыйна зарэгістраваныя ў раённай інспекцыі па экалогіі і ахове прыродных рэсурсаў. Аднак уважлівае вывучэнне Чырвонай кнігі Беларусі, выдадзенай у 1993 годзе Акадэміяй Навук Беларусі, дазволіла даведацца, што ўпамінанне Лунінецкага раёна сустракаецца, не ўлічваючы апісаныя віды, яшчэ 24 разы. Гэта азначае, што да апісаных у публікацыі відаў можна дадаць яшчэ 24. Лічым мэтазгодным хаця б назваць іх.
У 1986 годзе, каля вёскі Дрэбск у гнездавы перыяд была заўважана залацістая шчурка, вельмі прыгожая ярка афарбаваная птушка. У пойме Прыпяці абазначана месцазнаходжання качак: шылахвосткі і звычайнага гогаля. Малая чайка ў 1982 годзе назіралася таксама ў пойме Прыпяці ад яе вытокаў да вусця. Месцы пражывання яе ў Лунінецкім раёне — рыбгас Лахва, вусце ракі Цна. У 1976 годзе на старарэччах Прыпяці і рыбгасе Лахва назіраўся малы пагоніч, птушка атраду жураўлінападобных. Арэал распаўсюджання жураўля шэрага, ахоплівае і Лунінецкі раён. Насякомыя — чырвонакніжнікі таксама прадстаўлены ў нашым раёне. Гэта: жужаль менетрые, жужаль фіялетавы, красацел бронзавы (малы), красацел даследчык або красацел чорны, плывунец шырачэнны, лістаед аблямаваны (окаймлённый); мурашка-амазонка — выведзены з “Чырвонай кнігі” Беларусі 4-га выдання 2015 года.
Да вышэй пералічаных жывёл дабавім прадстаўнікоў раслінага свету, месцы росту якіх абазначаны ў межах нашага раёна. Лікападыела заліваемая — належыць да адзелу дзеразовых раслін, лішайнік лабарыя легачная. Ніжэйшыя расліны прадстаўлены водарасцю нітэла грацыёзная. Прадстаўнікі кветкавых, гэта добра вядомы ўсім гарлачык белы з надзвычай прыгожымі снежна-белымі кветкамі, бядрынец вялікі, шпажнік чарапіцавы (гладыёлус), касач сібірскі, асака ценевая, аўсяніца–мурожніца высокая, фіялка багнавая. Нарэшце сярод царства грыбоў не было ў публікацыі звестак пра грыфалу парасонавую, або губу разгалінаваную, месцы росту яе абазначаны ў Лунінецкім раёне.
За 12 год, якія прайшлі з трэцяга да чацвёртага выдання (2004, 2005 гг.), батанікамі і заолагамі краіны праведзены шматлікія інвентарызацыйна-даследчыя работы.
Вельмі цікавай падаецца прадмова да кнігі, асабліва раздзел: “Структура Чырвонай кнігі“ і паняцці, якія ў ёй выкарыстоўваюцца“. Тут дадзены 4 катэгорыі нацыянальнай прыродаахоўнай значнасці, якія цяпер адпавядаюць агульнапрынятым міжнародным катэгорыям.
Згодна з новай сістэмай катэгорый Чырвонага Спісу Міжнароднага саюза аховы прыродных рэсурсаў, кожны від-кандыдат быў ацэнены па новых катэгорыях адбору з вызначэннем ступені рызыкі яго знікнення. Яна адлюстравана спецыяльным значком:
I катэгорыя адпавядае міжнароднай катэгорыі (CR) — крытычна-пагражальныя, якія знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення. Першая катэгорыя ўключае таксоны, якія маюць вельмі малую колькасць або колькасць іх хутка памяншаецца і выратаванне немагчыма без комплексу спецыяльных мер; а таксама таксоны, нацыянальная папуляцыя якіх мае міжнародную значнасць.
II катэгорыя адпавядае міжнароднай (EN) — Знікаючыя, ці пагражальныя, якія знаходзяцца пад крытычнай пагрозай знікнення. Другая катэгорыя ўключае таксоны, якія ў сучасны момант знаходзяцца пад пагрозай знікнення на тэрыторыі краіны, але маюць неспрыяльны міжнародны або еўрапейскі прыродаахоўны статус.
III катэгорыя адпавядае міжнароднай (VU) — уразлівыя, гэтая катэгорыя ўключае таксоны, якія не знаходзяцца пад прамой пагрозай знікнення, але падлягаюць рызыцы вымірання ў перспектыве.
IV катэгорыя адпавядае міжнароднай (NT) — патэнцыяльна ўразлівыя, блізкія да пагражальных, блізкія да першых трох катэгорый. Чацвёртая катэгорыя аб’ядноўвае таксоны, што не належаць да трох папярэдніх, але блізкія да іх з прычыны таго, што маюць неспрыяльныя тэндэнцыі на тэрыторыях, якія знаходзяцца побач, і іх становішча залежыць ад пэўных мер аховы, што ажыццяўляюцца ў іх абарону.
(RE) — знікшыя ў рэгіёне.
Акрамя 4 груп існуе яшчэ 2 ніжэй адзначаныя:
Патрабуюць увагі — (LC), ступень пагрозы цяжка ўстанавіць з-за адсутнасці дастатковай інфармацыі, гэта значыць недастаткова вывучаныя — (DD).
Расліны ў „Чырвоных кнігах“ усіх чатырох выданняў прадстаўлены па схеме:
1. Статус. 2. Сціплае апісанне. 3. Пашырэнне. 4. Месцазнаходжанне. 5. Біялогі. 6. Колькасць. 7. Патэнцыі яе змянення. 8. Асноўныя фактары пагрозы. 9. Меры аховы. 10. Крыніцы інфармацыі.
Акрамя таго, у раздзеле „Дадатак“ ёсць спіс раслін і грыбоў, што патрабуюць прафілактычнай аховы. У ім 193 найменні, якія адносяцца пераважна да катэрыгорый (LC) і (DD).
У другім выданні Чырвонай Кнігі Беларусі на тэрыторыі нашага раёна налічвалася 17 раслін, якія падлягалі ахове: венерын чаравічак, грыб-вясёлка, грыфала кучаравая, званочак персікалісты, зубніца клубняносная, купальнік горны (арніка — у народзе — станаўнік), лілея кучаравая, лабелія Дортмана, напёрстаўка буйнакветная, пылкагалоўнік чырвоны, палушнік азёрны, сальвінія плывучая, сон шыракалісты, тайнік сэрцападобны, чарамша, чароўнік (любка), зялёнакветкавы, гарлачык белы.
У трэцім выданні выдзелены расліны, вынесеныя ў спіс тых, якія падлягаюць прафілактычнай ахове. У нашым раёне дадаліся яшчэ 9 чырванакніжнікаў: аўсяніца-мурожніца высокая (NT), касач сібірскі (NT), крапіва кіеўская (EN), лабарыя лёгачная (VU), лікападыёла заліўная (NT), лепіста брудная (VU), нітэла грацыёзная (VU), фіялка багнавая (NT), шпажнік чарапіцавы (NT).
У пераліку раслін знайшліся і такія, якія энцыклапедыяй не адзначаны ў нашым раёне, але яны перыядычна сустракаюцца ў нас.
Застаецца падзякаваць стваральнікам апошняга чацвёртага выдання (2015 года) 2–ух тамах Чырвонай кнігі Беларусі за іх вялікую і карысную працу, якая вельмі спатрэбіцца пакаленню XXI стагоддзя. Хочацца спадзявацца, што прымаемыя меры па захаванню флоры і фауны прынясуць добры плён прыродзе нашай краіны, дапамогуць захаваць эстэтычнае і прадукцыйнае значэнне прыроды Рэспублікі Беларусь.
Кожны з вас, дарагія чытачы, мае шанец сфатаграфаваць невядомы вам від жывёльнага ці расліннага свету і даслаць фотаздымкі ў НДІ пры Нацыянальнай Акадэміі навук.
Было б добра, каб публiкацыя аб рэдкiх i знiкаючых раслiнах i жывёлах нашага раёна разглядалася як запрашэнне для далейшай работы. Вучнi школ, настаўнiкi бiялогii, прадстаўнiкi грамадскiх маладзёжных арганiзацый, давайце разам будзем вывучаць i зберагаць тое, што мы павiнны аставiць нашчадкам!
З удзячнасцю, настаўнiца СШ №2 г. Лунiнца Л.К. Панасюк
|