Заказнікі і помнікі прыроды Лунінеччыны.

Iван Панасюк, Ларыса Панасюк

Пачнeм нашу размову з біялагічнага (журавіннага) заказніка рэспубліканскага значэння:

О человек,
 творение природы!
В волшебный мир
 вокруг себя вглядись
С мольбой к тебе
 Земля, леса и воды:
Остановись,
 Остановись,
  Остановись!

Александр Яковенко

Біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння „Борскі“

Быў утвораны ў 1979 годзе на тэрыторыі 2-х раёнаў Брэсцкай вобласці — Ганцавіцкага і Лунінецкага, агульная плошча якога 2 805 га, з якіх на наш раён прыпадае 1 244 га. Асноўная мэта стварэння — захаванне ў натуральным першапачатковым выглядзе месца, дзе растуць журавіны, захаванне балот верхавога і пераходнага тыпаў і рацыянальнае выкарыстанне ягаднікаў журавін. Тэрыторыя заказніка знаходзіцца на вышыні ў межах 145-150 метраў; ёсць пясчаныя золавыя ўзгоркі. Пераважаюць засфагненыя тарфяна-глеевыя і тарфяна-балотныя глебы. Ёсць невялікі працэнт дзярнова-слабападзолістых і дзярнова-глееватых глебаў. Шырока распаўсюджаны верхавыя балоты, на якіх расце ў асноўным сасняк.

Стан папуляцыі журавін у заказніку здавальняючы. Кожны год вядзецца іх нарыхтоўка. Аб’ёмы нарыхтовак падлічыць складана. Гэта залежыць ад кліматычных умоў: моцныя раннія маразы ці маразы ў час цвіцення, або летнія засухі. У межах заказніка сустракаюцца і дубровы з чарнічнікам альбо арляком у ніжнім ярусе лесу.

Журавіны — ягады вялікай каштоўнасці. Яны з’яўляюцца крыніцай вітамінаў, якая можа даваць чалавеку сілу ў любую пару года. Звычайная прастуда, захворванні страўніка і кішэчніка, малакроўе, цяжкі стан пасля аперацыі. Ва ўсіх гэтых выпадках журавіны могуць стаць добрым дадаткам пры лячэнні хваробы. Аднак журавіны патрэбны не толькі чалавеку. Імі харчуюцца і жыхары лесу — птушкі: глушэц, цецярук, рабчык; а таксама звяры: мышы, куніцы, вавёркі. Для захавання і ўзнаўлення журавін патрэбна, каб 40-50% ураджаю заставалася балоту, а таксама „братам нашым меншым“, жывёлам, такім жа дзецям прыроды, як і мы. Дакладна падлічана, што эканамічна больш выгадна вырошчваць на балотах вітамінную ягаду, чым асушваць балоты.

Летам, асабліва гарачым, на тэрыторыі заказніка складваецца пажаранебяспечнае становішча, што часта прыводзіць да верхавых і нізавых пажараў. Таму не лішнім з’яўляецца палажэнне аб Борскім заказніку, дзе ёсць наступныя пункты забароны:

1. Выпас жывёл, узворванне зямель, паляванне.
2. Псаванне і знішчэнне ўказальнікаў і аб’яў.
3. Усялякія высечкі лесу, акрамя санітарных.
4. Правядзенне меліярацыйных работ, а таксама... “Збор і нарыхтоўка ягад журавін усімі нарыхтоўшчыкамі, грамадзянамі, арганізацыямі можа праводзіцца не раней 20 верасня з дазволу Лунінецкага лясгаса”.

Заказнік „Борскі“ — адзін са старэйшых заказнікаў нашага раёна. Зберажом жа яго для тых, каму прыйдзецца жыць у XXI стагоддзі.

Назад | Далей