Заказнікі і помнікі прыроды Лунінеччыны.

Iван Панасюк, Ларыса Панасюк

Азёры

У нашым раёне ёсць 3 возеры: Белае, Чорнае, Вулька-ІІ и Свяцкае.

Возера Белае займае плошчу 22 гектары, даўжыня 0,6 км, шырыня 0,4 км, максімальная глыбіня 10 метраў. Схілы пакрытыя лясамі, берагі пясчаныя. У возеры растуць некаторыя віды раслін з Чырвонай кнігі Беларусі, гэта палушнік азёрны, лабелія Дортмана. Возера з’яўляецца жаданым месцам адпачынку жыхароў горада і раёна. Вада тут крыштальна чыстая. На беразе знаходзяцца будынкі для летняга адпачынку дзяцей Лунінецкага раёна. Летам і восенню на прылягаючых тэрыторыях расце шмат розных ягад і грыбоў. Наваколле возера, плошчаю 9 400 гектараў, лічыцца біялагічным заказнікам рэспубліканскага значэння, які сёння называецца „Лунінскі“.

Возера Чорнае размешчана паблізу ад Белага. Плошча яго складае 31 гектар, знаходзіцца ў басейне р. Цна, недалёка ад в. Бастынь. Даўжыня 0,68 км, шырыня 0,6 км. Берагі вельмі забалочаныя. Для гаспадарак раёна Чорнае возера з’яўляецца вялікім скарбам, так як можа быць крыніцай прыроднага ўгнаення — сапрапеля.

Возера Вулькаўскае-II. Да пачатку меліярацыі, у 70-я гады ХХ стагоддзя, яно папаўнялася вадой Валчанскага канала. Плошча паверхні возера роўная 19 га, глыбіня ад 3 да 5 метраў. Возера з’яўляецца месцам адпачынку мясцовых жыхароў. Знаходзіцца недалёка ад вёскі. Мясцовыя жыхары называюць яго часам возера „Паяра“ ад першых складоў двух прозвішчаў мясцовых жыхароў „Паўловіч і Яраховіч“, якія жылі на беразе возера ў ранейшыя часы.

Вадасховішчы

Са школьнага падручніка вядома, што рэкі і азёры Палесся ў нязначнай ступені выкарыстоўваюцца чалавекам у яго гаспадарчай дзейнасці. Для рэгулявання ўвільгатнення палёў, захавання воднага балансу ствараюцца штучныя басейны вады — вадасховішчы. У нашым раёне яны ёсць таксама. Адно з самых буйных вадасховішчаў „Велута“, плошча якога 760,2 га; максімальны аб’ём вады можа быць роўны 30,9 млн. м3. Работы працягваліся з 1978 па 1982 год. Тып вадасховішча — наліўны. Есць помпавая станцыя. Вадасховішча выкарыстоўваецца ў сельскагаспадарчых мэтах, для ўвільгатнення 20,5 тысяч га зямель Валчанскай сістэмы, а таксама для накаплення павадкавай вады ракі Цна; для папярэджвання затаплення сельскагаспадарчых угоддзяў. Вось ужо на працягу 35 год вадасховішча „Велута“ добрасумленна выконвае сваю пачэсную місію. Акрамя таго, яно з’яўляецца адным з „філіялаў“ рыбгаса „Лахва“. Вадасховішча акальцавана дамбай-плацінай, даўжыня якой 10,4 км. У прылягаючых лясах водзяцца дзікі, лісіцы, зайцы, казулі, куніцы, ёсць гнездаванні рэдкіх птушак. Ранняй вясной чуваць такаванне цецерукоў, часамі вадасховішча наведваюць лебедзі, пралётныя гусі і качкі, сустракаюцца белыя цаплі. Прыемна тут праводзіць вольны час з фотаапаратам, дзе заўсёды можна знайсці непаўторны кадр. З кастрычніка 2016 года частка балот і ляснога масіва Навасёлкаўскага лясніцтва набылі статус водна-балотнага заказніка мясцовага значэння „Велута“.

Другім, па велічыні, вадасховішчам ў раёне з’яўляецца „Собельскае“, плошча якога 269,1 га, аб’ём вадзянога люстра роўны 14,2 млн. м3. Сярэдняя глыбіня 4,90 м, даўжыня дамбы 6,96 км. Было пабудавана ў 1987 годзе. Галоўнае прызначэнне — сезоннае рэгуляванне сцёку Грычынскага канала з мэтай выкарыстання яго для меліяравання зямель гаспадаркамі „Міжлескае“, „Вулькаўскі світанак“, а таксама рэгуляванне воднага балансу Чэрабасаўскай асушальнай сістэмы на плошчы 14 286 га.

Два гэтыя вадасховішчы знаходзяцца сёння ў падпарадкаванні Лунінецкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм, работнікі якога нясуць адказнасць за прафесіянальнае выкарыстанне і абслугоўванне ўсіх меліярацыйньіх сістэм, злучаных з вадаёмамі. Дарэчы, гэтаму буйному прадпрыемству ў 2009 годзе споўнілася 50 гадоў. Сёння яно абслугоўвае і падтрымлівае ў належным стане меліярацыйныя збудаванні: каналы, дамбы, помпавыя станцыі, калектары і іншыя на плошчы больш за 78 200 га.

Балоты

Палессе з даўніх часоў лічылася краем непраходных балот і лясоў. Большая частка сучаснай тэрыторыі раёна была занята балотамі. Мясцовыя жыхары спрадвеку змагаліся з дрыгвой, адваёўваючы невялікія кавалкі для хлебаробства. Самай вялікай марай палешукоў было асушэнне балот. Капалі канавы ўручную. І толькі ў сярэдзіне XIX стагоддзя на Палессі пачаліся значныя работы па асушэнню балот. Відавочна, гэта было звязана, у першую чаргу, з пабудовай у 1884 годзе праз тэрыторыю Палесся чыгункі. Першыя спробы асушыць частку Палескіх балот былі зроблены экспедыцыяй геадэзіста генерала І. І. Жылінскага. У 1903 годзе ў часопісе „Ніва“ было напісана, што „...сетка асушальных каналаў заняла 2,5 мільёна дзесяцін зямлі, 100 000 дзесяцін былі ператвораны ў ворыва“. У справаздачным „Нарысе работ Заходняй экспедыцыі па асушэнню балот“ (1873-1888) ўзгадваюцца і нашы мясціны: Грычын, Прыпяць, Лунінец, Кажан-Гарадок, Лахва, Дзятлавічы. У гэтыя ж часы паглыбляўся Лунінецкі канал “...ад р. Прыпяць да в. Лунінец, працягам больш 9 вёрст. Асушальныя работы праводзіліся паблізу Дзятлавіч, Бастыні, Велуты, Навасёлак, Чучавіч, у басейнах рэчак Смердзь і Цна, у маёнтку Бастынь было пракладзена 59 вёрст асушальных каналаў. Гэтыя работы садзейнічалі асушэнню ўсходняй часткі ўрочышча „Грычын“. Была поўнасцю асушана дарога з в. Велута ў в. Навасёлкі і Чучавічы. На працягу ўсіх год работы экспедыцыі штодзённа вялося назіранне за ўзроўнем вод у асушаемых раёнах. У 1898 годзе былі адкрыты 13 вадамерных пастоў: Дзятлавічы, Кажан-Гарадок, в. Цна, Лахва, Любачын, Гаўрыльчыцы. Да 1895 года асноўныя мелірацыйныя работы на Палессі былі закончаны. 3 гэтага часу і да 1911 года на асушаных сістэмах дзяржаўныя арганіцыі і сельскія абшчыны займаліся ў асноўным рамонтам гідратэхнічных збудаванняў, паглыбленнем, замерамі і назіраннямі на асушальных каналах.

Пачынаючы з 1912 года, на тэрыторыі нашага раёна была адкрыта першая ў Расійскай імперыі балотная станцыя — так званая балотная гаспадарка, якая размясцілася ў цэнтры Палескай нізіны ў так званым балотным масіве Кукуцёлка, недалёка ад в. Лахва (у наш час рыбгас „Лахва“). Адным з арганізатараў гэтай першай доследнай балотнай базы на Палессі быў вучоны, аграном У. Р. Рыдзігер, упершыню прыехаўшы сюды ў 1906 годзе, ён працаваў у Лахве да 1915 года. Яго імя сёння ўвекавечана ў назве вёскі нашага раёна, як і імя яшчэ аднаго славутага батаніка-балотазнаўца А. Ф. Флярова. Далейшай меліярацыі на тэрыторыі нашага раёна перашкодзіла Першая Сусветная вайна.

3 1915 па 1927 год меліярацыйныя работы не праводзіліся. У гэты час толькі рамантаваліся існуючыя каналы. Але ў канцы 20-х гадоў на тэрыторыю нашага раёна, на якой ужо ўладарыла Польшча, прыязджала спецыяльная камісія Лігі Нацый, якая хацела на месцы азнаёміцца з вядомымі ў Еўропе Грычынскімі балотамі. Вялася гаворка аб асушэнні 15 000 км2 балот. Аднак гаворка так і засталася гаворкай. Адзінае, што было зроблена за польскім часам, дык гэта тое, што была завершана падрыхтоўка тапаграфічнай карты балот Палесся. 3 1930 па 1939 год ніякіх асушальных работ не праводзілася. Што яшчэ больш-менш значнага было зроблена пры Польшы, дык гэта шырокая сістэма метэастанцый і гідралагічных пастоў, на тэрыторыі нашага раёна іх было 20.

У 1941 годзе пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая зноў адкінула амаль на 25 год асушэнне балот Палесся. Толькі ў канцы 60-х гадоў ХІХ стагоддзя на тэрыторыі нашага раёна пачалася шырокамаштабная меліярацыя, якая працягвалася да канца 80-х. Амаль больш чым за 20 год актыўнай меліярацыі на тэрыторыі нашага раёна было меліяравана 78 200 гектараў балот. На сённяшні дзень у нас засталося 40 000 гектараў балот. 3 пачатку 70-х і да сённяшняга часу ў раёне дзейнічае некалькі буйнейшых меліяраваных сістэм: „Валчанская“, „Ракітнянская“, „Хваецкае“, „Чэрабасава I, II, ІІІ“, „Сваха“. Увесь аграпрамысловы комплекс раёна карыстаецца вынікамі „вялікай меліярацыі“ другой палавіны XX стагоддзя. Ён налічвае сёння больш чым 109 000 гектараў зямлі, з якіх 78 200 га меліяраваныя, гэта амаль 71 % усіх зямель.

У наш час засталіся найбольш значныя балотныя масівы: Грычын, Кіявец (па мясцоваму — Кіянска(э) П. І.), Зялён(а)э, Ліпскае, Хольча.

Галоўным прадпрыемствам па падтрыманню ўсіх меліяраваных зямель, збудаванняў, помпавых станцый, мастоў, дамб, каналаў, дарог з’яўляецца
Лунінецкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Гэта вялікая гаспадарка, якая складаецца з 4-х эксплуатацыйных участкаў і вялікага машынна-трактарнага парку. Галоўнай задачай дзяржаўнага прадпрыемства меліяраваных сістэм з’яўляецца ўкараненне навейшых распрацовак па ачыстцы каналаў, павышэнне прафесіянальнага майстэрства працаўнікоў, камп’ютарызацыя кіруючай працы і ўсяго водагаспадарчага комплексу. Дбайныя адносіны да зямлі, вады, балот сёння — гэта чыстае харчаванне, здароўе наша і нашых дзяцей заўтра. Узаемаадносіны чалавека і прыроды патрабуюць разумнага падыходу. Гэта адзіны ланцужок у коле жыцця! Мэтазгоднасць асушэння ў такіх маштабах і магчымасці сучаснага землекарыстання тарфянікаў — тэма асобная і патрабуе ўважлівага навуковага вывучэння.

Гісторыя прадрыемства пачынаецца са студзеня 1959 года. Гэта была невялікая па колькасці арганізацыя, якая налічвала каля 20 супрацоўнікаў. З цягам часу яна павялічвалася і ўжо ў 60-я гады, калі пачалося другое „вялікае“ асушэнне палескіх балот, трэба было абслугоўваць вялікія плошчы на 42 аб’ектах, у 44 гаспадарках Лунінецкага і Столінскага раёнаў. Колькасць працуючых на меліяратыўных сетках у 70-я гады дасягнула больш 300 чалавек, якія абслугоўвалі 75854 га асушаных зямель, каналаў, дамбаў. З 1976 года на абслугоўванні Упраўлення асушальных сістэм засталіся толькі меліяратыўныя сістэмы на 33 аб’ектах тэрыторыі Лунінецкага раёна. Амаль 40 год аўтарытэтным кіраўніком гэтага прадпрыемства з’яўляецца Віктар Аляксеевіч Клімовіч.

У інжынерны комплекс меліяратыўных сістэм у апошнія гады ўваходзяць больш за 3,5 тысяч км адкрытых і каля 7 тысяч км закрытых асушальных сетак, каля 900 воданапорных і больш як 700 пераездных гідратэхнічных збудаванняў, каля 300 ахоўных дамбаў і каля 1 000 км эксплуатацыйных дарог, пабудаваных на 77,5 тысячах га асушаных зямель. Дружны калектыў працаўнікоў гэтага вялікага прадпрыемства спраўляецца са сваімі задачамі, не гледзячы на сучасныя эканамічныя цяжкасці. Усяму калектыву нам застаецца толькі падзякаваць за іх працу і пажадаць у будучыні — так трымаць!..

Назад | Далей