| ВелутаНадзеі і трывогі ветэранаўБылы механізатар Васіль Канстанцінавіч Каховіч ужо 13 год на пенсіі. Добра памятае той час, калі асноўнай цяглавай сілай у калгасе быў конь, а кошт аднаго працадня вымяраўся 200 грамамі збожжа. Ён, вясковы хлопец, таксама пачынаў свой працоўны шлях конюхам. Пасля вайсковай службы, якая праходзіла на берагах Фінскага заліва роўна тры гады і тры месяцы, юнак ненадоўга падаўся ў Люшчанскі лесапункт. А неўзабаве выкарыстаў прапанову калгаса пайсці на курсы трактарыстаў пры Лунінецкай сельгастэхніцы. З таго часу кожны год для механізатара быў падзелены на два розныя па працягласці, але аднолькава напружаныя перыяды: летам — на камбайне, у астатнія месяцы — на трактары. 27 сезонаў адпрацаваў ён на жніве. І на яшчэ бескабінным СК-3, і на сучаснай збожжаўборачнай тэхніцы нязменна атрымліваў высокія намалоты. Быў лідэрам і на іншых работах, адным з першых у гаспадарцы апрабоўваў новыя, эфектыўныя тэхналогіі. Так, на ўборцы бульбы пачалі разам з напарнікам выкарыстоўваць так званыя валкаўтваральнікі, што давала за адзін праход уборачнага агрэгата падбіраць клубні не на двух, як звычайна, а на чатырох радках. На раённых урачыстасцях перадавому механізатару давяралі ўзнімаць Сцяг славы. Шматгадовая праца ветэрана адзначана ордэнам “Знак Пашаны”, ганаровымі знакамі, бронзавым медалём ВДНГ СССР. Зараз працоўную эстафету бацькі працягвае адзін з сыноў — Сяргей, які па выніках сёлетняга жніва заняў другое месца ў гаспадарцы. На пенсіі ўжо Адам Міхайлавіч Клімчук. За яго плячамі таксама багаты механізатарскі вопыт работы, спачатку — у леспрамгасе і меліярацыйных арганізацыях, а 20 апошніх год — у калгасе. Правёў 16 уборачных сезонаў. Сёлета ўпершыню працаваў на жніве ў сямейным экіпажы — разам з сынам Эдуардам, якому спадзяецца перадаць свае навыкі і майстэрства. Зараз механізатар падвозіць на ферму кармы. Аб адносінах да справы сведчаць незнарок выказаныя ў гутарцы словы: “Селянін сам не паесць, пакуль жывёла някормленая”. Трывожыць ветэранаў будучыня калгасаў, непакоіць пытанне: чаму, працуючы на зямлі ад цямна да цямна, калгаснік застаецца ледзь не самым бедным у грамадстве? І дадаюць пры гэтым, што толькі ад дзяржавы залежыць, каб людзі, якія краіну кормяць, мелі дастойны заробак і ўзровень жыцця.
|
|