Беляк Марыя


Сьвята вуліцы

  

Велута

Святы, гульні, звычаі, вольны час, абрады, традыцыі, рамёствы

На працягу многіх стагоддзяў існавання в. Велута яе насельніцтва не толькі цяжка працавала, дабываючы свой “хлеб надзённы”, але і ў доўгія зімнія вечары, у святочныя дні адпачывала. Адпачынак такі быў амаль заўсёды звязаны з каляндарнымі рэлігійнымі і народнымі святамі. Нам вядома, што праваслаўная Свята-Троіцкая царква ў в.Велута была пабудавана ў 1803 г. Далёкія нашы продкі былі людзьмі глыбока веруючымі і адначасова забабоннымі па прычыне сваёй малапісьменнасці, несвядомасці. Для пануючых улад у тыя часы і не вельмі патрэбны былі пісьменныя сяляне. Уладароў больш задавальнялі сяляне несвядомыя, пакорныя, працавітыя — чым і адрозніваліся ва ўсе часы продкі сённяшніх велуцян.

Аднак жа яны былі яшчэ здольнымі і да розных “забаў”. Паколькі пісьменных жыхароў у вёсцы былі адзінкі, то песні, казкі, прымаўкі, прыказкі, байкі перадаваліся ад пакалення да пакалення вусна. І па сённяшні дзень Велута багатая сваёй вуснай народнай творчасцю. У розныя часы жылі тут вядомыя сказальніцы, спявачкі: вось некалькі песень, запісаных са словаў жыхароў Велуты настаўніцай мясцовай школы Хадатчук Ганнай Антонаўнай у лістападзе 2004 г.

Каравайная песня

Каравайночкі п’яны
Усё цесто покралі,
По кішэнях да поховалі,
Кішэні да порваліся,
Мы сорому набраліся.

Тупу-тупу, дзеточкі,
Ростуць сыроежочкі.
Ці сыроежкі браці?
Ці коровай гібаці?

Пыд прыпэчком чотыром легці
Короваю сцерэгці.
Пятому бы і ў залочку,
Што іграе і ў скрыпочку.

Ой, у лузе сонейка заходзіць,
Да дзевочка свекроўку проводзіць,
Да за новы вороцечка заводзіць:
“Едзь-едзь, свекроўка, додому
Ды не заезжай к нікому.”

Запісана са словаў Хрысціны Савічны


Вясельныя песні

Пойду я замуж да до венца,
Калі добрэ будзе, то я там побуду.
А калі не добрэ, то я назад вярнуса.
І к свойму бацюхну ў наймы наймуса.

“Ой — бацюхна кажэ, — она нам не трэба!”
Маці кажэ: “Да нехай побудзе!
Да чого ж не будзе, то она добудзе.
А чого не стане, то она достане.”

Оглядзелась маці,
Шчо чотыры вуглы ў хаці.
А пяты ў запэчку.
Пропіла да маці дочку
На солодкім медочку.

Проспаўшысь, плачэ:
“Дзе ж моё дзіця дзелось,
Шчо ў полі робіло
Дай ў хаце говорыло?”

Запісана са словаў Шмат Паўліны Сцяпанаўны.


***
Набіў манэ татко
Соломяной пужкой,
Я з того бою
Не піла, не ела,
Не піла, не ела,
Недзелю хворэла.
Набіў манэ мужык
Да раменной пугой.
Я з того бою
І піла і ела,
І піла і ела,
І дня не хворэла.

***
Ой, у новым колодзезі
Дзеўка воду брала
Дай у свой край позірала.
Да ці не едзе хто?
Да ці не йдзе хто?
Да ці не едзе мой бацюхно.

Да ці не вазе госцінчыка
Да маленького сырчыка.
Я не рада тому сырчыку,
Як я рада свойму бацюхну.

Запісана са словаў Гардзіевіч Марыі Захараўны


***
Забіралі хлопцаў на войну, войну
Повезлі далёко в чужу сторону.
А бацька забралі окопы копаць.
А сына забралі странцы охраняць.
А той стары бацька окопы копаў,
Здалёка он відзеў, як стралок упаў.

Не паверыў бацько вон своім глазам
Падышоў он блізко — а вон его сын
Пастараўся досок і зробіў гробок,
І горко заплакаў: “Лежы, мой сынок”.

***
Добрэ ісці тому в салдаты,
В кого есць отец і маці
А в манэ, молодца, нету
Маткі і отца,
Только рода сестрыца.

Як пойду я на могілу,
Разбужу свою родзіну:
Устань, бацько, устань, маці,
Сыну сцежку показаці.
Пока бацько і маці ўсталі,
Сына дома не засталі

***
Цячэ рэчанька невялічэнька
Скочу — параскочу.
Ой, отдай манэ, мамочко,
За кого я хочу.

Маці отдавала дай прыказвала
В госцях не бываці,
А як прыйдзеш, моя дочанько,
То выгану с хаты.

Церпела я год, церпела два,
Трэці не сцерпела:
Скінулася я серой зозулею
К роду полецела.

Прылецела я в сад
В сад, дай зелёный.
Села на каліне
Дай стала коваць,
Дай прыказваць до своей родзіны.

Старшы брат стоіць на крылечку
Да ружье заражае,
Пытаецца ў мацеры
“Ці трэба тую зозулю ўбіць?
Што ў саду сядзіць — жалобно пое.”

“Не могу я жыці,
Не позволю, сынку,
Не позволю, любы,
Ту зозулю ўбіці
Може юй же трудно
Як моей дочцэ.
На чужбіне жыці.”

Полем лецела —
Поле кропіла горкімі слёзамі,
А лесом лецела —
Голле ломіла белымі рукамі

***
Кукавала зозуленька
В саду на помосці,
Проехалі тры козакі
До дзевчыны в госці.

Одзін козак сіно вьяжэ,
Другі — коня поіць,
Трэці — стоіць на крылечку,
“Добры вэчор!” — кажэ,
“Добры вэчор, стара маці,
Дай воды напіцца.
Есць у тэбэ дочка красна
Дай мне подзівіцца”.

“Вона в сенях за дзьвярыма —
Ідзі дай напіса.
Моя дочка в хаце на кроваці —
Ідзі падзівіся”.

“Твоя дочка не красіва —
Пойду до вдовіцы,
А в вдовіцы тры светліцы,
Дай все замецены

У твоей дочкі одна светліца,
Дай і та не замецена.

Запісаны са словаў Тарасені Паўла Герасімавіча


* * *

І. “Абрады — сукупнасць агульнапрынятых сімвалічна-знакавых дзеянняў, якія ў канцэнтраваным выглядзе адлюстроўваюць лад жыцця народа, асаблівасці яго гаспадарчай дзейнасці, духоўныя светаўяўленні, рэлігію, мараль, сацыяльную і этнічную псіхалогію; арганічная частка традыцыйна-бытавой культуры.

Большасць беларускіх абрадаў выяўляюць агульнаславянскія вытокі. Як від народнай творчасці суправаджаюцца музыкай, песнямі, танцамі, гульнямі, ігрышчамі, пераапрананнямі, тэатральнымі відовішчамі, святочнымі шэсцямі.

Некаторыя даследчыкі ў асобную групу вылучаюць:

  1. Рэлігійныя абрады (язычніцкія, хрысціянскія і іншыя);
  2. Вытворчыя абрады (земляробчыя і жывёлагадоўчыя), адлюстроўваючыя сезонныя рытмы прыроды, гадавы народны каляндар, таму іх называюць аграрна-каляндарнымі. Яны канцэнтраваліся вакол такіх свят, як Каляды, Юр’я, Троіца, Купалле, Спас, Дажынкі, Багач, Пакрава;
  3. Сямейна-бытавыя абрады — радзіны, вяселле, наваселле, пахаванне, памінкі. Некаторыя святы — Радаўніца, Дзяды, наваселле — спалучалі ў сабе каляндарныя і сямейныя абраднасці;
  4. Грамадскія абрады звязаны са знамянальнымі падзеямі і датамі — свята горада, сяла, юбілей знамянітых дзеячаў, першы ці апошні званок, ушанаванне ветэранаў і г.д.
Кожны з гэтых абрадаў мае свае рытуалы: прычашчэнне, акрапленне, абсыпанне збожжам шляху маладых, паднашэнне хлеба-солі, падзел караваю, зажынка першага снапа, запальванне купальскіх вогнішчаў, хаджэнне з “казой” і шмат другіх рытуалаў.

Цесная сувязь абрадаў з роднай прыродай, вобразамі свайго краю, народнымі звычаямі, духоўнымі запатрабаваннямі надавалі ім асобую сілу і значнасць у народнай педагогіцы, патрыятычным і працоўным выхаванні, перадачы з пакалення ў пакаленне духоўных традыцый сваіх продкаў”.
В.С. Цітоў. “Народная культура Беларусі”, 2004

II. “Звычай — гістарычна ўсталяваны і агульнапрыняты ў пэўным грамадстве або сацыяльна-этнічнай групе спосаб паводзін. Узнік у глыбокай старажытнасці. У яго аснове ляжалі розныя забабоны і абмежаванні, якія ўспрымаліся з дзяцінства і ўзнаўляліся ў новых пакаленнях без абмеркавання і абгрунтавання. Звычай рэгуляваў паводзіны асобы, вызначаў яе месца ў калектыве і характар суадносін з супляменнікамі. У ролі звычаяў маглі выступаць вытворчыя навыкі, абрады, грамадскія святы і іншае”.
В.С. Цітоў. “Народная культура Беларусі”, 2004

ІІІ. “Святы — урачыстыя, знамянальныя дні (нярэдка выхадныя, нерабочыя) у гонар або ў памяць якой-небудзь важнай падзеі, даты, гістарычнай асобы.

Святы бываюць народныя (Каляды, Грамніцы, Масленіца, Гуканне вясны, Саракі, Вялікдзень, Радаўніца, Юр’е, Зялёныя святкі, Сёмуха (Троіца, Купалле, Жніво (Зажынкі, Дажынкі); Спас, Багач, Пакрава, Дзяды, Піліпаўка. Некаторыя народныя святы адзначаюцца (Спас, Дзяды, Мікола) 2 – 3 разы ў год.

Рэлігійнымі святамі называюцца асаблівыя знамянальныя дні, якія адзначаюцца ў памяць важных царкоўных падзей, у гонар святых. Усе рэлігійныя святы падзяляюцца на 12 галоўных і 5 вялікіх. Пасля прыняцця хрысціянства на Беларусі многія царкоўныя святы паступова былі прымеркаваны да старажытных народных свят і адзначаліся ў адны і тыя ж дні. Напрыклад: Каляды — Нараджэнне Хрыстова (7 студзеня); Грамніцы — Стрэчанне Гасподне (15 лютага); Гуканне вясны — Благавешчанне; Купалле — Нараджэнне Іаана Прадцечы (6 – 7 ліпеня).

Акрамя вышэйназваных святаў, ёсць яшчэ і дзяржаўныя...

Святы могуць суправаджацца музыкай, песнямі, танцамі, выкананнем рытуалаў, абрадаў і звычаяў, гульнямі і ўжываннем асобай святочнай ежы, апрананнем спецыяльнай вопраткі (святочныя касцюмы, маскі). У сучасны перыяд многія народныя і рэлігійныя святы афіцыйна прызнаны на дзяржаўным узроўні.”
Э.С. Дубянецкі. “Народная культура Беларусі”, 2004. С. 344—345.

IV. “Традыцыя — устойлівая этнакультурная з’ява (звычай, норма), якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. Жыве і функцыянуе ў натуральным асяроддзі ад 80 – 100 і болей гадоў.

Традыцыя — фенамен культуры, аснова народнай творчасці. Яна заўсёды адыгрывала выключную ролю ў трансляцыі калектыўнага вопыту, акумуляванні і ўзбагачэнні духоўнай спадчыны, самазахаванні, забеспячэнні развіцця народа — этнаса і яго культуры. Нацыянальная культура па сутнасці ў выніку развіцця інтэлектуальных сіл, узаемаўзбагачэння мясцовых і рэлігійных традыцый, творчых стасункаў традыцыйнай (народнай) і прафесійнай культуры”.
В.С. Цітоў. “Народная культура Беларусі”, 2004

* * *

Прадстаўляю слова былой вучаніцы, сёння настаўніцы роднай мовы і літаратуры Ніне Сідараўне Наварыч (Каховіч). Дарэчы, яе муж — былы аднакласнік Міхаіл Касьянавіч Наварыч — сёння брыгадзір СВК “Велута”. У іх цудоўная сям’я: 5 сыноў і адна дачка. Дарэчы, 3 сыны закончылі родную школу з медалямі. Чацвёра закончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы, дачка вучыцца ў Мінскім дзяржаўным універсітэце. Сыны ўсе сямейныя. Таму аповяд пра абрад “Вяселле” Ніна Сідараўна піша са свайго вопыту.

“Сярод сямейных абрадаў самым багатым па зместу, выкананню, афармленню з’яўляецца вясельны абрад. Вяселле ўвабрала ў сябе і песні, і танцы, элементы драматычнай гульні. Яркім і самабытным з’яўляецца вясельны абрад нашай вёскі Велута. Можна выдзеліць асноўныя тыпы вялуцкага вяселля.

1. Сватанне

Хлопец паведамляе сваім бацькам аб намеры ажаніцца з пэўнай дзяўчынай. Бацькі вечарам ідуць сватаць дзяўчыну. Яны павінны ўмець паказаць жаніха з найлепшага боку (разумны, прыгожы, працавіты, удалы паляўнічы — пусціў стралу, а гэта страла ляціць, а мы за ёй ідзём, і вось у ваш домік-церамок уляцела. А ў гэтым церамочку ды кунічка жыве, а гэта ж не куніца, а дзяўчына-красунька, а ці ж рада ты нам, сватам, то выйдзі, хлебу нашаму пакланіся, ды на покуць нясі, і нас на ганаровае месца пасадзі. Калі прыходзяць да згоды, сваты дамаўляюцца аб часе запоін.

Заржалі коні ў зялёнай дуброве,
Да почуў бацько, да ў новай каморы.
Ой чуйце ж, людзі, ой не говорыце,
Гэто к мойму дзіцятку
Да сватонькі едуць.
2. Запоіны

Пасля сватання ў хаце нявесты праходзяць запоіны. Дзяўчыну “запіваюць” да роду жаніха. Запоіны прызначаюць на нядзелю. Жаніх з бацькамі і бліжэйшымі сваякамі (чалавек 12, а жаніх — трынаццаты) ідуць да нявесты. Калі заходзяць у хату, то моцна стукаюць кійком, каб маладая пачула і за печ не схавалася. З боку маладога нясуць гарэлку на ўсіх гасцей, а маці маладога нясе свой гасцінец для нявесты (каб нявеста на другі дзень вяселля апранула гэтую сукенку). Маладая першая выходзіць к жаніху, каб у будучым першай у жыцці верхаводзіць мужам. Для ўсіх гасцей падае руку і вітаецца, але на далоні — вышыта насоўка, каб ведалі, што маладая жадае належыць іх роду, што руплівая, ночы не спала, палатно ткала, наметкі вышывала і дарагіх гасцей чакала. Госці рассаджваюцца за сталы дубовыя і добра падрыхтаваныя. Самыя ганаровыя месцы адводзяцца бацькам жаніха і тым, хто прыйшоў сватаць нявесту.

У час запоін пяюць песні, якія адносяцца да гэтага моманту. Вось такія песні жартоўнага характару:

Прыбірася рыба к гату, да пусці сваце ў хату,
Ручанькі погрэці, да маладое поглядзеці.
Ці хароша, ці нараджана,
На пасадзе ды пасаджана.
Пасаджана под вокенцом,
Накрыта полоценцам,
Пасаджана под поліцай,
Да накрыта рукавіцой.
Што гэто за сватове, шчо сілою на двор едзе.
Яблычкамі в окенца шыбаючы,
Дзевочцы под вокеночко,
Хоць шыбайце, не шыбайце,
Я не на вашым полі,
Да ў бацьковой коморы.

Жарка, жарка каліна ў лузе.
Да жарчэй дачка ў бацькі
Па вуліцы хадзіла, па двару хадзіла.
За стол села, як ружа спела.
Каля яе дружачкі ў тры рады поселі,
Зашчабяталі, як ластавочкі.

Поўнае поле галочок,
Да прыляцеў туды шулячок,
Вон тые галочкі разогнаў,
Одну галочку вон собе ўзяў,
Да просіла галочка ў шулячка,
Пусці м’ан’е шулячок до галочок,
Да не пушчу галочка, не пушчу,
Да по полю пер’ечко распушчу.

Поўная святліца дзевочок,
А туды прыйшло дзецінко,
Вон тые дзевочкі разогнаў,
Одную дзевочку собе вон узяў,
Просілася дзевонька ў дзяцінка,
Пусці м’ане дзяцінко до дзевочок.
Не пушчу дзевонька, не пушчу,
По плечам косочкі распушчу.

Не сядзіце, сваточкі, а пеце гарэлку,
Да запівайце нашу дзеўку.
Хай вона, молодая, хлопцоў не зводзіць,
Хай до яе хлопчыкі не ходзяць,
Хай воны золотые вороты не ломяць,
Бо гэтыя зломяць, а другіх не зробяць.

Усе дзевонькі ў краскі ідуць,
А я молодая з красок іду.
Я думала, шчо на сяле граюць,
Аж воны м’ане запіваюць.
Мёд, віно на стол носяць,
Да мойго бацька хорошэ просяць,
Да мой бацюхно жалослівы,
Дзе стане, там заплачэ,
А дзе і сядзе, то обольецца,
Да мое дзіця не в’эрнецца.

Ой да ў хаце, чотыры вуглы,
А пяты да ў запечку,
Да пропіў бацько дочку,
На солодкім мядочку.
Напіўшыс’а скачэ, а проспаўшыса плачэ,
Што няма дочкі мое.

Ой сваце, сваце, давай нам Марусю,
Да пускай нас до хаты,
Бо мы тут забавіліса,
Да коні вороные застояліс’а.

Перад тым, як разысціся дадому, гасцей маладога перавязваюць наміткамі, ручнікамі. Яны на талерку з жытам кладуць грошы (значыць, плоцяць нявесце за яе руплівую працу, што прала, ткала, на сонцы бяліла, на ветры сушыла.

Акрамя гэтага, нявеста дае бацькам жаніха бутэльку з зернем жыта, касніком чырвоным навязана. Гэта сімвал таго, што нявеста аддае ім сваю долю. Пасля яе распіваюць пры нараджэнні першага дзіцяці. Жыта рассыпаюць у сябе па двары, каб у двор прыйшоў дабрабыт і шчасце.

Вяселле прызначаюць праз тры тыдні пасля запоін, у залежнасці ад таго, як паспеюць падрыхтаваца.

Напярэдадні вяселля пякуць каравай.

3. Выпечка караваю

На вяселле пякуць два караваі: адзін у нявесты, другі ў жаніха. Каравай выпякаецца ў форме сонца, круглы. Абрад выпечкі абодвух караваяў аднолькавы. За якасць каравая адказвае хрышчоная маці, якую называюць старэйшай каравайніцай. Пякуць яшчэ і шышкі для ўсіх каравайніц, каб абвясціць, што вяселле пачынаецца.

Маладой каравай адрозніваўся тым, што пяклі з цеста касу, а па краях кветкамі ўпрыгожвалі.

Каравайнічкі, косу спляціце,
Да каравай упрыгожце,
Да красоту нашай маладой побачце.
Для каравая падрыхтоўвалі месца: века з-пад дзяжы, на века лажылі сена, медную манету (5 ці 3 капеек), сыпалі жменю жыта, засцілалі вышытым ручніком, а потым ставілі каравай.
Да высокіе стогі на дворэ,
Шчэй вышэй коровай на столе,
Высоко сонейко высоко,
Занесом коровай далёко,
Дай поставімо на жыто
Дай жэ ім, Божа, прожыці,
Дай поставім на сено,
Дай жэ ім, Божа, як і всім.
Побач з караваем у маладой стаіць масла, а ў маладога мёд, у насоўцы свечкі, дзве шышкі і месячык невялічкі.
Ой, гібніце, гібніце і кветочкі кладзіце,
Да по краях мёд да масло,
У сярэдзіну долю, шчасце.
Яшчэ каравай дзяўчыне падвязвалі чырвонай і ружай стужкай.
Удача, удача, як коровай удаўс’а,
У чырвоную стужку ўбраўс’а,
Каб каханне шчырае було,
А ў ружу — ружую стужку,
Каб добранька доля була.
Даб’ажыць зайчык — райчык,
Нясе ў зубах каснік ружы,
Нашчо той коснік ружы,
Коровай уповіці, ды шчасцем — долей надзяліці.
Свечкі для таго, каб маладых павіваць, маслам валасы (пасмачку маладога і маладой) змазваюць, мёдам сплятаюць, свечкамі падпальваюць, а месячык разам з нашытай наміткай па часавой стрэлцы абкружваюць голавы маладых тры разы са словамі:

– Дай Божа нашым маладым усякую долю пазнаці: і салёвую, і вадзяную, і хлебавую.

Свахі спяваюць:

Ой свато, свато,
Гораць нашы свечкі рано-рано,
Рано-рано гораць,
Каб молодых месячыком освяціць,
Дай долечкою, шчасцейком одарыць.
Каравай жаніха:
А нашаму маладому
Да вяровачку спляціце
Да дубовымі лісточкамі аздобіце,
Да сэрцанькі ўзлучыце.
Яшчэ ўстаўлялі пяць галінак ельца, упрыгожвалі кветкамі.
Старшая коровайніца короваю ўбірала,
Убірайся короваю то ў елец зялёны,
То ў чырвоныя кветкі, каб любіліся дзеткі.
Працуючы, каравайніцы ўвесь час пяюць песні, надаюць усяму святочнае, незвычайнае адценне.

4. Блаславенне старэйшай каравайніцы

Прашу слыхаці, шчо буду казаці.
Ці е ў гэтай хаце бацько і маці,
Благословіце свойму дзіцяці
Коровай росшчыняці (тры разы).
Бацькі адказваюць: Бог благослоўляе.
А ў суботоньку на нядзельку гадзіну
Дай собралася ўся Ганночкі родзіна.
Прынеслі воны сорок яек на коровай,
Прынеслі воны мукі бочку на коровай.
Хвалімся богу, шчо в’алік будзе наш коровай
Спусціс’а Божа з неба, ты ж нам цяпер трэба.
Сядзь собе на покуці, будзь нам на помочы.

А ў саду голле вісіць, сам Бог коровай месіць,
Водзіцу подлівае і мучыцу подсыпае.

Прыйшла к нам да охотнічка,
Сем дзел да работнічка.
Мы ж яе не просілі, а мы ж самі зам’асілі.

Іча, іча коровай іча,
Коровайнічок клічэ.
Дзе ж воны да подзеліс’а.
Шчо на мане сподзеліса.

А ў нашай коровайнічкі, вышываныя рукаўнічкі
Поглядзіце хлопцы ў вышываной сорочцы.

Корованічкі п’яны,
Усе цесто покралі,
По кішэням похавалі.
Кішэні подраліс’а,
Да воны ж сорому набраліс’а.

Коровайночкі-душкі, позычце подушкі.
Под прып’ачком легчы, короваю сцярэгчы.
Под прып’ачком чатыром легчы,
Короваю сцярэгчы, пятому на прып’ачку
Шчо іграе на скрыпочцы.

Тупу, тупу коло дзежочкі,
Растуць сыроежочкі,
Ці сыроежкі браці,
Ці короваю гібаці.

Каравай выпякаецца. Каравайніцы мыюць рукі, ваду нясуць і выліваюць пад вішню.
Коровайнічкі ручкі мылі
Да ў садочок воду носілі,
Вішэньку полівалі,
Шчобы вішанькі плодзіліс’а,
Молодые нашы да любіліс’а.
Калі наступае час даставаць каравай з печы, то з’яўляюцца абавязкова ўсе каравайніцы.
Вынімайце коровай
Да з поб’алёнае п’эчы,
Да нясіце коровай
До бацьковой клуні,
Да постаўце коровай
На бацьковом жыце,
Судзі Божа дзецям жыці.
Пасля вынасу каравая ўсе садзяцца за сталы. Спяваюць песні, толькі не каравайныя. Каравайныя песні можна спяваць толькі пры выпечцы і ўпрыгожванні каравая і нідзе болей.

5. Першы дзень вяселля

У жаніха і нявесты часцей на вяселле запрашаюць бацькі. Вяселле пачынаецца ў жаніха і нявесты асобна. Да жаніха яго род збіраецца крыху раней, чым да нявесты яе род, таму што ў нявесты вяселле не пачынаецца, пакуль не прыйдзе жаніх. У жаніха з ліку гасцей едуць хрышчоны бацька з хлебам і бутылкай гарэлкі, павязанай чырвонай стужкай на запоінах. Старэйшы сват з гарэлкай (для таго, каб по чарачцы выпіваць, калі будуць дарыць).

Другі сват нясе каравай, свахі (сёстры, стрыечныя сёстры, цёткі), дружына (абавязкова нежанатыя сябры жаніха).

Усе госці жаніха спачатку садзяцца за сталы. Бацькі маладога бласлаўляюць вяселле (старэйшая сваха чытае малітву: ”Ойча наш...”, бласлаўленне такое ж, як пры выпечцы каравая).

Хрышчоны бацька бярэ хлеб, потым бярэ за руку жаніха і абводзіць яго тры разы па ходу Сонца вакол стала, за якім яны сядзелі. Следам за жаніхом абходзяць стол і дружкі. У такім парадку яны выходзяць на вуліцу, дзе іх чакаюць машыны. Жаніха ў машыну саджае хрышчоны бацька.

У гэты час бацькі жаніха абходзяць тры разы машыны (маці абсыпае жытам, бацька нясе хлеб з соллю на ручніку).

Сваты ад’язджаюць (усе павінны ўступаць дарогу), яны нікуды не зварочваюць, а едуць прама да нявесты. Усю дарогу пяюць песні.

Маці сына выправажала
Да навукаю навучала:
Не пі сынку першое чаркі,
Ліні коню на грывоньку,
Шчоб грывонька да колом узышла
Шчоб Марусенька сама прыйшла.

Да сыпце пшаніцу ў новыя корыта,
Да корміце коней у в’алікую дорогу.
У той дорозе да трое ворот,
У першыя вороты да месячык свеціць
У другіе вороты да сонейко грэе
У трэція вороты да Іванко едзе.
Месячык свеціць, відненько будзе,
Да сонейко грэе, цёпленько будзе,
Да Іванко едзе, васелейко будзе.

Да сваты хаты да не ведалі
У хлявы коні да заехалі.
З коровой повіталіс’а
У свінні хаты да пыталіся.
Ой, поехало да возоў сватой
Да на чужы двор.
Да выйдзі, чэшчанька, да познай зяценька
Ой, ці вон твой шчо ў чорным кожушку.
Чорны кожушок да не яго
Да ў суседа позычыў свойго.

Мы думалі, шчо сваты ехалі,
А воны да п’ашком ішлі,
Жаніха да ў м’ашку няслі
Ногі торчалі, а собакі брахалі.
Да ўехаў Іваночко ў цесцеў двор,
Стукнуў чоботком об порог.
Да стукнуў чоботком пытае:
Ці ж моя тут Марусенька, ці нямае
Ці ж з другімі хлопцамі не гуляе?

Бацькі нявесты запрашаюць сватоў у хату: «Прашу сватоў, да ў хату, садзіцеся на лавы сосновые, да за столы дубовые».

Першым у хату заходзіць хрышчоны бацька. За ім — жаніх і ўсе астатнія. Іх адразу ўсаджваюць за сталы, жаніха садзяць паміж сваіх, дружкі жаніха выкупляюць нявесту і ўсіх яе дружак. Нявеста ў гэты час хаваецца, каб яе не ўкралі без выкупу. Але хоча першая ўбачыць яго, каб верхаводзіць ім. Пасля таго, як дружкі выкупілі дружак, брат маладое вядзе яе да жаніха, сядзіцца яму на калені і просіць грошы за сястру. Таргуюцца да трох разоў. Маладую выкупляюць старэйшыя сваты. Падружкі нявесты прымацоўваюць на грудзі дружкам кветкі, а самая старэйшая дружка (сведка) прышпільвае жаніху. Жаніх і дружкі ходзяць з кветкамі вяселле.

6. Нявесту апранаюць

Нявеста сядае на дзяжу, якая пакрыта аўчынай (каб у нявесты было столькі багацця, колькі шэрсці на гэтай аўчыне).

Убірае, прыхарошвае нявесту звычайна адна здольная дзяўчына, ад яе патрабуецца ўменне хораша прычасаць, падмаляваць нявесту, апрануць ёй фату. У яе многа добраахвотных памочніц, таму нявесту апранаюць даволі хутка. Увесь час гучаць песні, якія пяюць усе, хто знаходзіцца ў доме. Сама нявеста не пяе, але ўсе песні адрасаваны ёй:

Ой зялёнаю ружа блізко к плоту стояла
Да росою прыпала,
Да Марусенька ту росу брала
Да росою ўмывалася,
К веньчанню выбіралас’а
Ой выбірайс’а, да не чайса,
Там цябе поп обжыдае,
Цэркоўку одмыкае,
Свечкі запальвае,
Свечкі ясенькіе для цябе молодзенькое.

Расплелі косу Марусенькі
Давайце плёты да яе матулі,
Няхай вона раскрые і к сэрцу прытуліць.

Ой плёты, плёты да мойго дзіцяці
Было за шчо купіці,
Ба не было кому носісі.
Даць сястрыцы, ці повезлі до завніцы.
Зносіць сястрыца, да ў Бога попросіць,
А зовіца зносіць, да ў Бога не попросіць.

Не тужыце, дзеўкі, по мне,
Астаюцца краскі мое.
Рвіце краскі, шчо суботанькі,
Успомінайце шчо роботанькі.
Рвіце краскі шчо нядзелькі,
Успомінайце шчо гадзінонькі.
Рвіце краскі до понядзелка,
Успомінайце, шчо была дзеўка.
Прынесі, матко, масла,
Я твое коровы пасла
От росы до росы,
Да помазаць маслом косы.

Да станьце, дзевочкі, ў тры радочкі,
Да ідзі, маценько, познаваці доньку,
На плячы коса развіваецца,
А на белым лічыку слёза разліваецца.

7. Нявесту “дараць”

Спачатку дараць бацька, маці, потым усе астатнія. Старэйшы маршалак аб’яўляе, хто дарыць: «Пане староста, пане постаронні, шчо я буду казаць, молодых дарыць бацько, сто рублей золотых покладае, нашую молодую запомогае, дзякуй за такія дары.

Дарыць маці своямі полотна, ночы не спала, прала, ткала, на Сонцы бяліла, на ветры сушыла, дочку свою запомогае. Яшчэ жытом, жыткою, веком доўгім, здороўем моцным, што б любіліс’а, плодзіліс’а, і нас, бацькоў не забываліса».

Кожны пры дарэнні жадаў маладым шчасця, сямейнага дабрабыту.

Пры дарэнні нявесты пяюць песні:

Ой дарыце, мое цётухны, дарыце,
Да воламі, ды коровамі,
Да чорнымі, ды овечкамі,
Да белымі, ды гусочкамі,
Да тонкімі наматочкамі.

Хто будзе даром дарыць, дароваць,
Той будзе по дзве чарочкі выпіваць.
А хто не будзе даром дарыць дароваць,
Той будзе за вугламі поглядаць.

Ой ты, моя матуля,
Да я ў цябе одна,
Набівай куфар да до дна,
Шчо б векі подымаліс’а,
Шчо б людзі дзівоваліс’а.

Як падарылі маладую, свахі выкупляюць падушкі, пасцель, куфар маладой. Усё прыданае нявесты едзе разам з ёй у той жа дзень.

Маладыя едуць да хаты маладога. Збіраючыся дахаты, сваты пяюць:

Дадому, сватове, дадому,
Поелі конікі салому,
Да яшчэ і грачаную мякіну,
Да пад плотам крапіву.

Церабіце дорожэньку да доўгага броду,
Каб пілі коні воду,
Да напіўшыся іржуць,
Што хорошу молоду в’азуць.

Сяброўкі нявесты, сваякі пяюць ёй развітальныя песні:
Выграбай, матко, жар, жар,
Будзе тобе доченькі жаль, жаль.
Выграбай, матко, попел,
Мы твою, донечку ўхопім.
Ухопім да ручэнькамі,
Пов’азом конічэнькамі.
У песнях нявеста развітваецца з бацькамі, якія будуць сумаваць па сваёй дачаньцы.
Ой не плач, маценько, як я поеду,
Да будзеш плакаці, колі сядзеш есці.
Да моя месцінка будзе пустоваць
Будзе мая ложачка,
За сталом сухая ляжаці,
Будзе мая, маценько, по мне плакаці.
Да розганяйс’а маці, по в’алікой хаце,
То ў кут, то ў запечок,
Головою об прыпечок.

Родная, маценько, провожай,
Да не забаўляй,
Бо цяпер ночка цёмна,
Да дорожка няпэўна.
Тую дорожку короціць трэба,
Той сямейцы наровіць трэба,
Да старому і малому,
І тому шчо ў колыбелі,
І на белой посцелі.

З сабой нявеста вязе хлеб, талерку з жытам, на якую ёй дарылі грошы, лыжкі, чаркі, з якіх пілі маладыя. Жыта, каб пасыпаць у доме жаніха. Калі нявесту пасадзілі на воз, дружкі пытаюцца ў яе:

Марусечка, дзе ключы?

Яна адказвае:
На гары ў аўсе!

Каб выйшлі замуж за мною ўсе.

Бацькі нявесты абходзяць вазы з хлебам-соллю, абсыпаюць жытам.

Па дарозе свахі спяваюць:

Да полетушча пташочка,
Полеці да поп’эрод нас,
Прынясі да повесточку
Сын в’азе да н’явесточку,
Высокую, як ялінку,
Чырвоную, як журавінку.
8. Нявесту вязуць да хаты жаніха.

Пад’язжаючы да хаты, спяваюць, праслаўляючы нявесту:

Поглядзі маці ў вокэнцэ,
На дворэ месячык і сонцэ.
Ясны месячык, сынок твой,
А ясное сонейко: нявестка твоя,
Да прыв’азла дзве долі ў подолі,
Трэцяе шчасцейко на рукаве,
Каб быў прыплодочок у хляве.

Богатырочка едзе,
Сем воз добра в’азе.
Да на восьмым сама едзе,
А за ёю, за молодою,
Едзе товар чарадою
Той товар рогаты
Да яе бацько богаты.

Прывёз сын да баярочку,
Паставіў каля ганочку,
А сам пайшоў у хаточку,
Просіць свае маценькі.
Прымі, матко, мою баярочку,
Што стоіць каля ганочку,
Вельмі ж да вона работнічка,
Работнічка Піліпаўнае ночы,
По свою напрадае,
Пятроўного дзянька по сем коп нажынае.

Не хваліс’а, мое дзецятко,
Я ж чула цераз людзей,
Вельмі ж вона гультаечка,
Піліпаўнае ночы не злазіць з п’эчы,
Пятроўного дзянька не вылазіць з цянька.

Каля хаты жаніха маладых сустракаюць бацькі жаніха і іншыя сваякі.

Маці жаніха трымае хлеб з соллю і карэц з мёдам, бацька віно і чарку. Убачыўшы маці, свахі пяюць песні каля ганка:

Што ж гэто за зелле чырвон’э,
Насенне посеяла маленькое,
Да выросло в’алікэ,
Шчо ж гэто за дзіцятко,
Да шчо ж за розумное,
На двор з’язджало,
Добром сыпнуло,
Да з воза стало,
Да на колькі ўпало.
Чужую чужаніцу
Да мамою назвало.
Маладыя кланяюцца бацькам жаніха тры разы. Маці, трымаючы хлеб, тры разы хрысціць іх і гаворыць: “Дай, Божа, нашым дзеткам долечку ўсякую познаці: і хлебовую, і солевую, і водзяную, здороўечка моцного, лёсу шчаслівого, веку доўгого”.

Бацька дае маладым па чарцы віна, а маці па лыжцы мёду. Віно не дапіваюць, а льюць цераз галаву высока, каб шчасцейко было, каб на вяселлі была “горка”, а ў жыцці “салодка”. Потым частуюць усю дружыну, пакуль мёд з рук маці не выкрадзе старэйшы дружок.

Бацькі з хлебам ідуць першыя, — за імі маладыя. На парозе ляжыць кажух, далей маладыя праходзяць па белым палатне ў хату. Нявеста наперад сыпле тры разы жыта, а на брыль печы ложыць грошы і дзве шышкі (грошы для сястрычкі жаніха, каб яна была ёй першая дарадчыца, а шышкі ў знак таго, што яна ўжо ў іх сям’і).

Бацькі запрашаюць усіх за сталы. Гасцей, якія прыехалі за маладой, усаджваюць на ганаровае месца. Першую чарку выпіваюць маладыя з бацькамі жаніха і хрышчонай маці нявесты, якая цяпер суправаджае нявесту.

Свякроў нявестку перапівае, перапівае і віншуе:

Будзь ты, нявехна, умна-разумна,
Умна — разумна ды шчасліва,
Да папусці долю па майму полю,
А прыдолечку — па застоллю.
А здароўечко — па маю сям’іцу,
Каб мая ніва жыта радзіла,
Каб мая сям’іца здарова хадзіла.
Пасля гэтага выпіваюць усе, чуюцца крыкі “горка”, спяваюць песні, потым танцы.

9. Маладога “дараць”

Першыя дараць бацькі. Бласлаўляюць маладых: “Жытлом — век пражыць у згодзе, павазе, узаемаразуменні, жыткю — здороўем моцным, веком доўгім, долей шчаслівой, каб вялося, каб былося — і нас на старасць, бацькоў сваіх, не цураліся”.

Нявеста дарыць падарункі бацькам, блізкім родным.

10. Нявесту распранаюць

Праз некаторы час да нявесты падыходзіць гарманіст, пытае ў людзей дазволу “пакрывала зняць”. Знімае пакрывала ў нявесты і кідае яго маці жаніха. Злавіўшы пакрывала, жанчыны накрываюць ім сабе галовы і скачуць, спяваюць:

Дзякуй Богу, сына ажаніла,
Да нявесткі дачакала.
Да не буду хлеба м’асіці,
Да не буду хату м’асці.
Да буду парадачак вясці.
Дай, Божа, ляльку
То я буду за няньку.
Маці жаніха знімае з галавы нявесткі фату. Тут звычайна падбягае дзяўчына, каб фату адразу надзелі ёй, тады яна хутка выйдзе замуж. А нявесце на галаву завязваюць хустку. Нявестка пераапранаецца.

Жаніх і сват едуць за прыданымі.

“Прыданы” — гэта родзічы нявесты, якія ідуць у дом жаніха праведаць нявесту. Хрышчоны бацька нявесты нясе з сабой буханку хлеба, гасцінцы бацькі яе, а іншыя нясуць ручнікі, абрусы, посцілкі, адным словам, усё, што зроблена рукамі нявесты, каб госці ўхвалілі маладую, што яна не толькі прыгожая, але і багатая.

Прыданы па дароге спяваюць:

Ехалі мы грэбляю, кабылою сухарэбраю,
Ехалі дай заблудзіліся, да за п’энь зачапіліс’а.
У хлеў дай заехалі, з коровамі повіталіс’а.
У свінкі хаты попыталіс’а.
А ці гэто дом тое сяло,
Шчо нашу молоду ўзяло —
Высокую, як ялінку, прыгожу, як калінку.
Каля ганка прыданы песняй кліча маладую, якая не мае права выйсці да родзічаў:
Выйдзі, Марусечка, з хаты
Прыехала маці адведаць дзіцяці.
Прывезла іголку да маточак шоўку.
Вось табе, дзіцятко, вышываці.
Няма колі вышываці мне, матко,
Трэба тоўкці, молоціць,
Свіням м’ашаць, корове есці даваці,
Свякроўка старая, да зовіца малая.

Ой, у новым колодзезі
Дзеўка воду брала,
Дай у свой край позірала:
Да ці едзе хто,
Да ці ідзе хто,
Да ці едзе мой бацюхно,
Да ці в’азе госцінчыка,
Да маленького сырчыка.
Я не рада тому сырчыку,
Як я рада свойму бацюхну.

Бацька жаніха запрашае прыданых ў хату. Але заходзяць у першую чаргу тыя, хто будзе развешваць па сценах ручнікі, занавескі на вокны. Нявеста не сустракае сваіх блізкіх, а наадварот, хаваецца ад іх. Прыданы пяюць такія ж песні, якія спявалі родзічы жаніха ў доме нявесты, просячы гарэлкі, хвалячы гаспадароў.

А нявеста ўсё не выходзіць. Тады пытаюцца ў песні:

Да дзе наша гадаванае
Мілае, да каханае,
Шчо з намі не вітаецца,
У нас здороўя не пытаецца?
Уваходзіць нявеста, кланяецца бацькам, потым усім іншым:
Пазнай, маці, дачку,
Учора была ў вяночку,
Учора была ў зялёным,
А цяпер жа ў бялёным.
Прыданы спявае песню, дзе просіць родзічаў жаніха клапаціцца аб нявесце:
Ой, сваточкі да голубочкі,
Просім Вас, коб не было нашаму дзіцяці,
Ганьбы ў Вас.
Коб не стояла цёмнай ночкою под окном,
Коб не ўцірала дробных слёзок рукавом,
Коб не была да клунечка за хатку,
Коб не была да суседочка за матку,
А свахі адказваюць:
Будзе ей клунечка за хатку.
Будзе ей суседочка за матку.

Ой, прыехало два браценькі ў прыданне,
Дай попросілі ў своей сястрыцы снядання.
Дай жа нам наша сястрыца паснедаць,
Не мушу, мае браценькі, даці есці, не мушу.
Бо замыкана свякроўкова комора,
Бо я яшчэ ў чыстым полі не была,
Буйного жыта не жала.
Выходзячы з хаты, прыданы спяваюць:
Часала Марусечка белы лён,
Выганяла прыданы з хаты вон,
— Ідзіце, прыданы, з хаты вон,
Бо я буду часаці белы лён.
Па дароге дамоў госці маладой спяваюць песню:
У нас на вяселлі
Да ходзілі на застоллі,
Ходзілі, гукаючы,
Да вяселля шукаючы.

Госці ідуць дамоў. Нявеста застаецца ў доме жаніха.

Госці (або пірагі)

У госці да бацькоў нявесты ідуць толькі самыя блізкія сваякі жаніха разам з маладымі ў першую нядзелю пасля вяселля. Нявеста да гэтага дня не мае права бываць у сваіх бацькоў, нават калі ёй вельмі патрэбна.

Маладая нясе пірог, малады бутэльку гарэлкі, аддаюць гэта ўсё таму, каго па дарозе першага сустрэнуць. Калі жаночага полу — то нарадзіцца першая дзяўчынка, а калі мужчынскага — то першы будзе хлопчык.

Гасцей частуюць. Маладыя вяртаюцца дамоў разам з гасцямі. Свахі абменьваюцца падарункамі.

Спецыяльных “гасцінных” песень няма, звычайна пяюць песні аб жаночай долі ў чужым краі, у чужым родзе. Героямі гэтых песень часта з’яўляюцца брат і яго сястра:

— Сястра наша, сястра,
Чаго пастарэла?
Пастарэла мяне,
Чужа староначка,
Бедна галованька.
Цячэ рэчанька, невялічанька,
Скочу, пераскочу,
Ой, аддай м’ане, моя матонька,
За кого я хочу.
Як аддавала, вона прыказвала
У госцях не бываці,
А як прыйдзеш ты, родна доченька,
Той выгану з хаты.
Цярпела я год, цярпела другі,
Трэці не сцярпела,
Зробілас’а я шэрою зязюленькой,
У госці полецела.
Поле ляцела, поле кропіла,
Дробнымі слёзамі,
Лесом ляцела, голле ламала,
Белымі рукамі.
Прыляцела ў сад, сад зялёненькі,
Стала куковаці,
Выйшоў старшы брат,
Да на ганочок,
Ружжо заражаці.
— Дозволь маценько, дозволь родненька,
Ту з’азюльку ўбіці,
Бо вона куе, жалю надае,
Нельга перажыці.
— Ой, не дозволю я, сынку, родненькі,
— Ту з’озульку ўбіці,
— Бо твоя сестра на чужыне жыве
— Да ёй трудно жыці.
Жанчыны лічаць, што “госці” патрэбны для таго, каб маладую ўвесці ў круг жанчын, якія будуць ёй сяброўкамі.

Так заканчваецца абрад вяселля!”

* * *

P.S. Для Ніны Сідараўны Наварыч кожны дзень пачынаецца раным-рана. Яна — звычайная жанчына, якіх у Велуце дзесяткі. Гэтак жа, як і іншыя, спяшаецца ўправіць гаспадарку, прыгатаваць снеданне, адправіць на работу мужа, у школу — дзяцей. Ад астатніх яна адрозніваецца тым, што апошніх у яе шасцёра: пяцёра сыноў і дачушка. У вёсцы жартуюць, што Ніна Сідараўна працягвае традыцыі сваёй маці, якая таксама выгадавала шасцёра дзяцей. Як бы там ні было, а мнагадзетнай сям’і зайздросцяць многія. Добрымі, уважлівымі, чулымі растуць дзеці ў Ніны Сідараўны і Міхаіла Касьянавіча. Старэйшыя — Віталь і Сяргей — пасля заканчэння інстытута маюць ужо ўласны кавалак хлеба. На пятым курсе лесатэхнічнай акадэміі вучыцца Алег. Туды ж паступіў сёлета Дзмітрый.

З бацькам, маці і бабуляй засталіся адзінаццацікласнік Міхаіл і пяцікласніца Іна. Як і старэйшыя, яны звычныя да любой сялянскай работы, ва ўсім стараюцца дапамагаць бацькам. Ладны кавалак дамашніх клопатаў дагэтуль на плячах Вольгі Пятроўны Наварыч — бабулі. Але ж яна не скардзіцца, радуючыся ўзаемаразуменню, павазе і шчасцю, якія пануюць у сям’і сына. А работа па дому — што ж, яе таксама некаму рабіць трэба. Тым больш, што нявестка нярэдка затрымліваецца ў школе.

Так, Ніна Сідараўна працуе настаўніцай. Школа стала для яе незаменным кавалачкам жыцця. Зусім юнай прыйшла яна сюды на пасаду піянерважатай. Ды так і засталася ў калектыве настаўнікаў, якія некалі вучылі і яе. Пазней закончыла завочна педагагічны інстытут і стала выкладаць родную мову і літаратуру. Семнаццаць год адпрацавала яна настаўніцай, дваццаць восем — агульны стаж у школе. Амаль кожны з яе выпускаў так ці інакш блізкі сям’і Наварычаў: з гэтым вучыўся нехта з сыноў, гэтых вучыла сама. Як ніхто, ведае яна іх звычкі, угадвае сакрэты. А як жа інакш, калі ў самой дома такія ж гарэзлівыя непаседы, калі кожнага са сваіх выхаванцаў яна ведае не проста ў твар, а дакладна раскажа, у якой сям’і расце, хто бацька. За гэта і паважаюць настаўніцу.

У тым, што маці і бацька — узор жыццёвых паводзін для сваіх дзяцей, Ніна Сідараўна пераканалася не толькі на ўласным вопыце. Таму заўсёды стараецца быць цярплівай, стрыманай і мудрай. А дзеці — і ўласныя, і чужыя — плацяць ёй шчырасцю і павагай.

Маці не сумуе, што сыны абралі іншы, чым у яе мужа, шлях у жыцці. Цяжкі сёння настаўніцкі хлеб, ды і мужава брыгадзірства не дужа вялікі прыбытак у сям’ю прыносіць. Да таго ж, у старэйшых з дзяцінства яскрава адчувалася цяга да тэхнікі. Так што няхай топчуць уласную сцяжынку ў жыцці. Іншая справа Іна. Дачка, гэтак жа, як мама, стараецца разважліва і лагодна ставіцца да жыцця. Яна пакуль малая, але Ніна Сідараўна марыць, што настане час, калі яна, адкінуўшы сумненні, зробіць правільны выбар.

А пакуль штораз па заведзенаму з даўніх часін распарадку пачынаецца і заканчваецца кожны новы дзень у сям’і Наварычаў. Вялікая і дружная сям’я не загадвае, што прынясе ён з сабою, цвёрда верачы, што заўтра будзе больш шчодрым на добрыя падзеі, больш светлым і радасным.

Т. Пятрова

На верх старонкі