Велута

“Гаспадар прыватнага прадпрыемства”

Сяргей нарадзіўся ў вёсцы Велута і быў малодшым у мнагадзетнай сям’і. Калі ён вучыўся ў дзевятым класе, памерла маці, а неўзабаве і бацька. Хоць і былі ў Сяргея браты і сёстры, але яны ўжо мелі сем’і і ў іх хапала свайго клопату. У прынцыпе, хлопцу давялося падымацца на ногі самастойна. Найперш ён закончыў на “выдатна” вучылішча механізацыі, а затым Пінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум. Дзяржава дапамагала — выплачвала пенсію, але калі падчас канікулаў Сяргей зарабляў у калгасе нейкія грошы, то яны вылічваліся з пенсіі. Але справа не ў гэтым. Адносіны да сіраты таксама неадназначнымі былі. Многія аднагодкі глядзелі на хлопца зверху, хоць, магчыма, і шкадавалі. Што датыччыцца педагогаў, кіраўнікоў, з якімі давялося сустракацца Сяргею, то ён ім вельмі ўдзячны. Хлопца заўсёды падтрамлівалі, спачувалі і разумелі. Але яму хацелася ўпэўненасці, стабільнасці і ўладкаванасці — у 18 гадоў Сяргей Хлуд ажаніўся.

Толькі вось адкуль у яго ўзяліся грошы, каб купіць тры камбайны “Ніва”, два трактары і КУП “Барок”? І хоць тэхніка, канешне, не з каневеера, але сума набралася немалая.

— Давялося працаваць у Маскве пяць гадоў — узводзіў там катэджы, нагледзеўся ўсяго. Масква шуміць і гуляе, а ў правінцыі адзін жах. Вось пабудавалі аднойчы катэдж, а калі наступіў час разлічвацца, то гаспадар і слухаць не захацеў. Што рабіць? Дзе шукаць праўду? Ты там на паўлегальным становішчы, а гаспадар катэджа пры ўладзе.

І хоць беларусы не такія дружныя, як азербайджанцы ці армяне, але ў Маскве яны мяне вельмі падтрымалі. Прапанавалі нават застацца, але маё сэрца было на Беларусі, у роднай Велуце...

Калі Сяргей прыехаў у родную вёску, многія раілі ўкласці грошы ў гандаль, і тое, што вырашыў звязацца з сельскай гаспадаркай, не падтрымалі.

— Але не мог я гандляваць, не ляжыць душа да гэтага. Вось тэхніка — іншая справа, — гаворыць Сяргей..

Сёння ў яго, акрамя КУПа, яшчэ і 50 гектараў зямлі — 20 “слабай”, а 30 больш-менш прыдатнай. Спецыялізацыя — збожжавыя і бульба.

А як спраўляецца былы КУП, а цяпер ужо прыватнае прадпрыемства, з аказаннем паслуг насельніцтву?

— Многія праблемы, якія “віселі” на сельсавеце, цяпер адпалі. Напрыклад, абмалот збожжа, транспартныя паслугі, узворванне зямлі, пасадка бульбы і г.д. Цяпер я менш займаюся гэтымі праблемамі, — гаворыць старшыня сельсавета.

Бываюць і пакрыўджаныя, асабліва падчас жніва. Кожны ж хоча, каб першым зжалі яго надзел, але тут бярэ верх прагматызм. Камбайн не будзеш пераганяць з канца ў канец, вось і прыходзіцца змірыцца і чакаць сваёй чаргі.

Цэны на паслугі ў Хлуда прымальныя, бо дужа іх не паднімеш – канкурэнты паслугі перахопяць. Ды і вакол свае, знаёмыя з дзяцінства людзі. Калі часам старая пусціць слязу: “Ах, сыночак мой, у хаце і рубельчыка няма, усю пенсію дачушка забрала...”, то даводзіцца і маўчаць.

У прынцыпе прадпрыемства працуе зладжана, дае прыбытак, і справа тут, напэўна, не толькі ў наяўнасці тэхнікі. Зроблены рамонт будынкаў і абсталявання, штат з 11 чалавек скараціўся да 4, і разам зтым аб’ём паслуг вырас. Праблем з палівам і запчасткамі няма. І ўсё было б добра, калі б не адзін факт — даймае Сяргея Фёдаравіча пастаяннае афармленне дакументаў. У раёне ўсё праходзіць нармальна, а вось на ўзроўні вобласці ўзнікае цяганіна.

У цэлым з паслугамі несельніцтву ў Бастынскім сельсавеце ўсё наладжана, але Сяргей Хлуд думае іх пашырыць. Збіраецца неўзабаве купіць млын, наладзіць вытворчасць помнікаў і г.д.

“Мясцовае самакіраванне” № 2 (10) 18.01.2005 г. Сымон Свістуновіч, фота аўтара.