Велута

Простая вясковая дзяўчына

“Вера Касьянаўна Арэхва — майстар машыннага даення калгаса “Зара” Лунінецкага раёна — кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР па Лунінецкай сельскай выбарчай акрузе № 187.

Раніца. У вокнах сям-там запальваліся электрычныя лямпачкі, калі Вера ўжо крочыла знаёмай сцежкай да жывёлагадоўчай фермы. Невялічкі марозік. Паветра крыштальна-чыстае. Павольна падаў на зямлю снег. “Позняй выдалася сёлета зіма, — падумала пра сябе Вера, — даўно такой не было.” І тут жа другая думка закралася ў душу: “А што, калі кармоў малавата будзе на стойлавы перыяд? Не павінна, выдаткоўваем жа рацыянальна...”

І вось мы гутарым з ёю, простай вясковай дзяўчынай, імя якой Вера. Сціпла апранутая, усхваляваная, з прыемным адкрытым тварам, вясёлымі іскрынкамі ў вачах. На просьбу расказаць пра сябе Вера коратка адказала: “Здаецца, яшчэ нядаўна закончыла школу, а вось ужо шэсць гадоў працую ў жывёлагадоўлі. Працую, як і ўсе, стараюся не адставаць ад сябровак...”.

Увогуле Вера Касьянаўна Арэхва з кагорты тых людзей, цяжкасці якім заўсёды пад сілу. І азіраючыся на пройдзены самастойны шлях, нельга сказаць, што ўсё спачатку ў яе ішло гладка. Быў час, калі на малочнатаварную ферму ў вёсцы Навасёлкі многія ішлі працаваць з неахвотай, бо шмат было нязручнасцей, цяжкасцей. Калі прапанавалі Веры ісці працаваць на гэтую ферму, яна не задумваючыся адказала: “Згодна”.

І паляцелі дзень за днём. Ад тых першых самастойных дзён работы засталіся адны толькі ўспаміны. Калектыў выдаўся дружны, працавіты. Калі адна з даярак не паспявала зрабіць тое ці іншае, на дапамогу прыходзілі ўсе. Вельмі ж прыйшлася даспадобы старэйшым даяркам гэтая рухавая маладзенькая дзяўчына.

Вось і зараз Вера Касьянаўна Арэхва задае тон у сацыялістычным спаборніцтве, дабіваецца добрых вынікаў па надою малака. На цэнтральнай сядзібе гаспадаркі зараз, як і часта, развіваецца сцяг Славы, які ўзняты ў гонар майстра машыннага даення. На спецыяльнай шыльдачцы паведамляецца, што Вера Касьянаўна Арэхва за мінулы месяц выканала план па надою малака ў сярэднім ад каровы больш як на 200 працэнтаў, надаіла за год амаль на 200 кілаграмаў малака больш, чым у сярэднім па калгасу.

Шмат цёплых слоў давялося пачуць у калгасе “Зара” аб Веры Касьянаўне Арэхва. Яна тут лічыцца адным з лепшых работнікаў жывёлагадоўлі, актыўным удзельнікам грамадскага жыцця роднай гаспадаркі. Яна заўсёды там, дзе трэба дапамагчы і словам, і справай, там, дзе пачынаецца пярэдні край барацьбы.

Вера Арэхва — дастойны кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР”.

Р. Жук, газета “Ленінскі шлях”

Вера Касьянаўна Арэхва

“Майстар машыннага даення кароў калгаса “Зара” Лунінецкага раёна — кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР па Лунінецкай сельскай выбарчай акрузе №187.

Вера Касьянаўна Арэхва нарадзілася ў 1956 годзе ў вёсцы Велута Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Беларуска. Член ВЛКСМ.

Скончыўшы ў 1973 годзе сярэднюю школу, засталася ў родным калгасе “Зара”. Спачатку працавала ў паляводстве, а з 1974 года — на малочнатаварнай ферме. Зарэкамендавала сябе стараннай і добрасумленнай даяркай. Увесь час папаўняе свае заатэхнічныя веды, цікавіцца дасягненнямі перадавога вопыту і ўсё гэта ўмела прымяняе на практыцы. Таму з году ў год дабіваецца высокіх надояў малака ад кароў сваёй групы, стопрацэнтнай захаванасці маладняку. Неаднаразова выходзіла Вера Касьянаўна пераможцай у сацыялістычным спаборніцтве жывёлаводаў калгаса. Абавязацельствы, узятыя на дзесятую пяцігодку, паспяхова выконвае.

Вера Касьянаўна выбрана дэпутатам сельскага Савета народных дэпутатаў і выконвае свае абавязкі з пачуццём вялікай адказнасці за даручаную справу.

Вера Касьянаўна Арэхва — дастойны кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР”.

З афіцыйнага паведамлення

P.S. Прайшло 32 гады з тых пор, як Вера Касьянаўна працуе на малочна-таварнай ферме СПК “Велута”. Будучы летам у в. Велута, наведаў Веру Касьянаўну дома. На абедзенны перапынак Вера прыйшла дамоў. Так, як і ў школьныя гады, засталася сціплай, нешматслоўнай дзяўчынай. Апошнія 20 гадоў працуе прымальшчыцай малака, сумяшчаючы з прафесіяй лабаранткі. Яна другой работы сабе не жадала і не жадае. Засталася вернай марам свайго дзяцінства. Ёй у вёсцы ўсё падабаецца. І прырода, і вясковы ўклад жыцця, і сяброўкі па рабоце, з якімі складваецца ўсё добра. Па рабоце мае толькі добрыя водгукі. У гэтым годзе адзначыць свой юбілей.

Асабіста мне хочацца пажадаць Веры добрага здароўя, асабістага шчасця, доўгіх гадоў жыцця. На такіх працаўніцах сельскай гаспадаркі і трымаецца наша беларуская зямля. Усяго табе, Вера, найлепшага зямнога.