Велута

Чалавек неспакойнага лёсу

Сяргей Андрэевіч Дземянчук нарадзіўся ў 1925 годзе ў вёсцы Лунін Лунінецкага павета. Было б вельмі несправядліва, аднак, не расказаць аб лёсе чалавека, які быў на працягу 30 гадоў звязаны з в. Велута. Сяргей Андрэевіч нарадзіўся ў небагатай сялянскай сям’і, у якой гадаваліся старэйшы брат Мікалай, які памёр ва ўзросце 17 гадоў, малодшыя — Васіль, Вера і Якаў. З самага дзяцінства Сярожа меў вялікую ахвоту да вучобы. І калі такая магчымасць з’явілася (у в. Лунін працавала ўсеагульная сямігадовая школа), Сяргей стаў наведваць школу. Вучыўся вельмі добра, аб чым сведчаць падзякі. Закончыў школу на выдатна, за што быў прэміраваны паездкаю ў Варшаву. Адбываліся гэтыя падзеі вясной 1939 года. Два даваенныя гады юнак дапамагаў сваім бацькам у хатніх справах. Як толькі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Сяргей вырашыў, што будзе змагацца з ворагамі, як толькі зможа. І сапаўды, сабраўшыся са сваімі вернымі сябрамі, вырашылі збіраць і хаваць зброю (у сяле ўжо ішлі чуткі аб партызанах).

У размове з сябрам Сяргея Андрэевіча Антонам Фёдаравічам Бондарам даведаўся, што юнакі дапамагалі партызанам. Ім было заданне лічыць колькасць эшалонаў, што ішлі на ўсход і з усходу, што за эшалоны (жывая сіла, тэхніка). Усё гэта юнакі выконвалі вельмі сур’ёзна. Звесткі перадавалі ў партызанскі атрад. Ад камандавання атрада “За Радзіму” неаднаразова атрымлівалі падзякі за карысныя звесткі аб ворагах.

Са студзеня 1944 па чэрвень 1944 Сяргей Андрэевіч становіцца сувязным партызанскага атрада “За Радзіму” брыгады імя Кірава. Усе заданні камандавання атрада выконваў заўсёды добрасумленна. А калі ў 1944 годзе ў ліпені месяцы вызвалілі ад немцаў, пайшоў з многімі аднавяскоўцамі на фронт. Аб гэтым перыядзе ў газеце “Лунінецкія навіны” за люты месяц 1998 года быў змешчаны наступны нарыс:

У бітве за Берлін

У час сустрэчы з дырэктарам Вялуцкага Дома культуры Галінай Зылевіч размова зайшла аб ветэранах. Яна расказала, якой увагай стараюцца вясковыя ўлады і работнікі культуры акружыць тых, хто прайшоў вайну, вядуць як бы летапіс баявой славы аднасяльчан, якія ваявалі за Радзіму. Сярод тых, з кім гутарыла Галіна, быў франтавік, кавалер баявых і працоўных ордэнаў і медаляў, былы старшыня праўлення мясцовага калгаса “Зара” С.А. Дземянчук. Мінулая вайна працягвае забіраць жыцці тых, хто ваяваў, падарваў здароўе. Не стала параўнальна нядаўна і Сяргея Андрэевіча.

— Ці не маглі б Вы напісаць у раённую газету аб ім? — папрасіла мая суразмоўца.

Нататкі, зробленыя нясмелай рукой культработніка незадоўга да канчыны ветэрана, пасля літаратурнай апрацоўкі прапануем як успаміны.

Малады артылерыст, камандзір гарматы, у саставе 247 стралковай дывізіі 69 арміі ўдзельнічаў у аперацыі, якая ўвайшла ў гісторыю як Вісла-Одэрская, і штурмаваў Берлін.

Ішоў 1945-ы — апошні год вайны. Савецкая Армія граміла ворага ўжо на нямецкай тэрыторыі. Гітлераўцы адчайна супраціўляліся, імкнуліся адцягнуць свой крах. Вораг ускладаў вялікія надзеі на раку Одэр як водную перашкоду для наступаючай Савецкай Арміі. Палонны нямецкі лётчык збітага тут знішчальніка паказаў, што іхняе камандаванне паставіла перад авіяцыяй задачу сарваць пераправу рускіх цераз Одэр.

— Фарсіравалі раку пад моцным агнём праціўніка, — успамінаў франтавік. — Па слабым лёдзе перапраўлялі мы сваю гармату на коннай цязе, прымайставаўшы пад колы самаробныя лыжы. Рака, здавалася, кіпела ад бомб і снарадаў. Адна бомба ўзарвалася зусім побач. Салдаты і коні аказаліся ў вадзе, а гармата затанула. Добра, што яшчэ тут месца было не вельмі глыбокім. Трымаючыся за лямкі, я стаяў на затопленай гармаце па пояс у вадзе. Стаяў гадзіны з дзве, чакаючы дапамогі. Настолькі змерз, што не мог варухнуцца. Нарэшце мне дапамаглі выбрацца. Я вельмі перажываў за гармату. Але дзякуй сапёрам, яны выцягнулі з яе вады і дапамаглі пераправіць на заходні бераг, на плацдарм.

Немцы ярасна абстрэльвалі пераправу. З дванаццаці нашых лодак з салдатамі, якія адчалілі ад берага, дайшлі цэлымі да супрацьлеглага берага толькі чатыры. Прыкладна такі ж лёс пасцігнуў і яшчэ адну партыю лодак нашага падраздзялення. І ўсё ж на плацдарм прыбывалі ўсё новыя і новыя байцы і адразу ўступалі ў бой. Мы акапаліся, помню, у пладовым садзе ля горада Лебус. Нічыйная паласа на ўчастку атрымалася вузкая, і фашысты спрабавалі закідаць нас гранатамі. На шчасце, гранаты чапляліся за вялікія кусты бэзу і адскоквалі, не далятаючы да нашых пазіцый. У той жа час вораг працягваў весці агонь з мінамётаў, гармат, кулямётаў. Адзін са снарадаў узарваўся зусім побач з нашай артылерыйскай пазіцыяй, і мяне кантузіла, заваліла пяском. Байцы адкапалі, а я амаль нічога не чую. Аглушыла. Гэта было 7 лютага. У санбат не пайшоў.

Нашы падраздзяленні працягвалі пашыраць плацдарм. Накопліваліся сілы і сродкі для рашаючага наступлення на Берлін.

Расказаў Сяргей Андрэевіч Дземянчук, з якім уздымам гераічна перайшлі войскі ў рашаючае наступленне. Да Берліна заставалася прыблізна 70 кіламетраў. Вораг ператварыў гэту тэрыторыю, як яму здавалася, у непрыступную крэпасць. На параўнаўча вузкім участку фронту праціўнік сканцэнтраваў вялікую колькасць войскаў і ўзбраення. Зямля была нашпігавана мінамі, парэзана ломанымі лініямі супрацьтанкавых равоў, траншэй. Было пабудавана безліч жалезабетонных дзотаў і г.д. Пераадолець гэтыя і іншыя перашкоды, вядома, справа няпростая. Патрабавалася перш за ўсё высокае ўменне камандавання. Яркім прыкладам такой ваеннай смякалкі з’явілася, у прыватнасці, прымяненне вялікай колькасці пражэктараў у берлінскай наступальнай аперацыі.

Шакіраваны і аслеплены магутнымі прамянямі пражэктараў, вораг спачатку не здолеў аказаць ніякага супраціўлення.

Франтавік расказаў далей, што кіламетры з два ішлі, не ўбачыўшы ніводнага гітлераўца, не сустракаючы супраціўлення. І раптам адзін з нашых салдат падарваўся на міне. Было ўстаноўлена, што наперадзе міннае поле. Пакуль чакалі мінёраў, убачылі ў канцы яго белы сцяг. Гэта ішоў да нас нямецкі салдат, і са словамі “Гітлер капут!” стары немец здаўся ў палон. Ваяка зразумеў, што далейшае супраціўленне не мае сэнсу. Пазней у гэтым пераконваліся новыя і новыя сотні і тысячы немцаў, якіх фашысцкая вярхушка ўвергла ў бяссэнсавую бойню.

А тым часам нашы часці крок за крокам ішлі наперад, да Берліна. Немцы з адчаем кідаліся ў контратакі, але іх намаганні ў большасці сваёй не мелі поспеху.

26 красавіка 1945 года паступіла папаўненне. Далі новага наводчыка гарматы.

— На наступны дзень, — успамінае С.А. Дземянчук, — мы зноў пайшлі ў наступленне. Разгарэўся жорсткі бой. Многа нашых байцоў загінула, у тым ліку наводчык гарматы. Яго абавязкі я ўзяў на сябе. Немцы кінулі супраць нас танкі. Мы адкрылі па іх агонь. Задыміў адзін танк, загарэўся другі, трэці паспешна пачаў адыходзіць назад. Гэты бой 27 красавіка, за некалькі дзён да капітуляцыі Берліна, быў для мяне апошнім. Атрымаў цяжкае раненне і кантузію, страціў прытомнасць. Як потым даведаўся, гэта было прамое пападанне снарада ў гармату…

Слаўную перамогу над гітлераўскай Германіяй франтавік сустрэў у шпіталі…
М. Юсціновіч

* * *
Скончылася вайна, Сяргей Андрэевіч працягваў ваенную службу ў ГДР у артылерыйскім механізаваным палку. Пасля дэмабілізацыі ў званні старшыны 3 месяцы працаваў на асабістай гаспадарцы.

Аднойчы ў 1952 г. у клубе г. Лунінца Сяргей Андрэевіч сустрэў маладую прыгожую дзяўчыну, якая прыехала ў госці да сваёй сястры з Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Звалі дзяўчыну Ніна Сяргееўна. Неўзабаве іх частыя сустрэчы скончыліся вяселлем. У сям’і нарадзілася дачка, якую яны назвалі Людмілай.

З 1950 года верасня месяца па 1959 працаваў на розных пасадах у Лунінецкім леспрамгасе. Пасля працы ў леспрамгасе Сяргей Андрэевіч працаваў намеснікам старшыні ў калгасе імя Калініна (в. Дзятлавічы). Ніна Сяргееўна ў гэты час працавала бібліятэкарам ў школьнай бібліятэцы. У 1966 годзе пасля раз’яднання калгаса “Шлях Леніна” у в. Велута быў утвораны калгас “Зара”. Вось сюды і быў накіраваны старшынёю калгаса “Зара” Сяргей Андрэевіч Дземянчук. Зямлі ў гэты час прыбавілася многа, закончылася асушка знакамітых Грычынскіх балот. Аднак цяжкасці толькі пачыналіся. Патрэбна было пачынаць будаўніцтва калгаснага жыцця з нуля. Тэхнікі было яшчэ мала. Шматлікія работы выконваліся коньмі альбо маламагутнай тэхнікай. Патрэбна было закупляць тэхніку, павялічваць статак кароў, будаваць жывёлагадоўчыя фермы ў в. Велута і Навасёлках; будаваць жыллё спецыялістам калгаса, механізатарам, дапамагаць мясцовай школе. Работы было шмат. Аднак год ад года гаспадарка багацела, калгаснікі сталі атрымліваць лепшы заробак, пачала паступаць тэхніка, з’явілася электрычнасць, потым вёску аснасцілі газавымі плітамі, пабудавалі дабротны магазін, зрабілі добрыя дарогі ў вёсцы. З дапамогай калгаса была пабудавана прыгожая сучасная школа. Дзеці з в. Велута пачалі паступаць у ВНУ. Калгас ніколі не меў недахопу ў рабочай сіле. На 90% і болей у калгасе працавалі і працуюць ураджэнцы Велуты. Гэта малы пералік пераўтварэнняў жыцця ў вёсцы. ( Аб гэтым чыталі раней). Канешне, ва ўсіх гэтых пераменах адчувалася моцная клапатлівая гаспадарчая рука. Такімі якасцямі валодаў Сяргей Андрэевіч Дземянчук. Гэта быў строгі, справядлівы чалавек, якога некаторыя людзі баяліся, але ж і паважалі. Дысцыпліна была ўсюды на патрэбным узроўні ніколі не адказваў у дапамозе, калі меліся такія магчымасці. Быў добрым сем’янінам. Аб’ядноўваў вакол сябе ўсіх ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны калгаса, праяўляў вялікі клопат аб інвалідах. У яго бытнасць быў пабудаваны помнік загінуўшым землякам. У часы ўсенародных святаў мог узяць гармонік альбо акардэон і зайграць, сам любіў спяваць. Людзі ўспамінаюць Сяргея Андрэевіча заўсёды добрым словам. Ён мог яшчэ жыць, аднак старыя раны вайны, незагойная рана смерці адзінай дачкі вельмі сказалася на здароўі. І сэрца чалавека беспакойнага лёсу не вытрымала.

Ніна Сяргееўна часта ўспамінае свайго мужа і дачку, перабіраючы мноства фотаздымкаў. Радуюць яе ўнукі Андрэй і Алёна. Андрэй працуе ў г. Лунінцы інспектарам ДАІ. Алёна жыве са сваёй сям’ёй у бабулі ў в. Велута, дзе працуе выхавацелькай ў дзіцячым садку.

Час ляціць імгненна. Мяняюцца пакаленні. Аднак памяць аб добрых людзях застаецца на доўгія гады.

Сяргей Андрэевіч Дземянчук — адзін з такіх людзей. Аб ім жыхары в. Велута будуць доўга памятаць.

На верх старонкі