Велута

Доктар Гірэнка

У сваім нарысе аб в. Велута не магу абысці бокам чалавека, лёс якога быў непасрэдна звязаны на працягу амаль 30 гадоў з яе жыхарамі. Сёння, відавочна, многім не вядома яго прозвішча. Затое старэйшае пакаленне памятае гэтага чалавека вельмі добра. Мясцовыя жыхары звалі яго Доктар Гірэнка. У гэтых словах выказвалася падзяка і ўдзячнасць доктару. Дык хто ж ён такі, “Доктар Гірэнка”?

Мне пашчасціла ведаць гэтага чалавека асабіста. Чалавека, для якога не было ні дня, ні ночы. Ён прыходзіў да ўсіх, хто ў ім меў патрэбу. А часы былі не такія лёгкія і простыя. Ішоў першы пасляваенны 1946 год.

На выгляд гэта быў сухапары, невысокага росту, падцягнуты, немнагаслоўны мужчына. Яму дастаткова было ўважліва выслухаць хворага, абгледзець, каб правільна вызначыць дыягназ захворвання і назначыць курс лячэння. Не хачу паўтарацца аб тым становішчы, у якім апынулася наша рэспубліка пасля Айчыннай вайны. Не хапала медыцынскіх работнікаў у гарадах, не гаворачы ўжо аб вёсках. Аднак в. Велута ў гэтым сэнсе пашанцавала. У іх з’явіўся Доктар Гірэнка, ды яшчэ з ваенна-медыцынскай адукацыяй. Не ўсе жыхары ведалі, як і адкуль ён прыехаў у вёску. Я ж яго ведаў ужо ў 1965 годзе, паколькі сябраваў з яго сынам Васілём, маім аднагодкам. Мы былі нават прызваны ў адзін месяц — верасень — ва ўзброеныя сілы СССР. Вяртаючыся да тых часоў, хачу аддаць даніну павагі чалавеку, які выратаваў не адзін дзесятак жыхароў вёскі ад розных хвароб, а многім з іх нават выратаваў жыцці.

Ітак:
Гірэнка Васіль Мікалаевіч нарадзіўся 23 лютага 1915 года ў вёсцы Поціева Жытомірскай вобласці былой Украінскай ССР. Маці пасля яго нараджэння памерла. Акрамя яго, у сям’і былі яшчэ старэйшыя брат і сястра. Лёсу лёгкага ў хлочыка быць не магло. З дзяцінства быў хлопчыкам-падпаскам. Калі з’явілася магчымасць — наведваў школу. З маленства марыў стаць ваенным, і не проста, а ваенным доктарам. У 1935 годзе ён паступіў у Ленінградскае (па другіх звестках у — Адэскае) ваенна-медыцынскае вучылішча. Перад самай вайной закончыў. Як і ўсе другія афіцэры, быў накіраваны медыкам у адну з воінскіх часцей. На жаль, перыяд 1941 – 1942 гадоў вядомы быў толькі яму аднаму, аб чым ён не любіў успамінаць. Вядома, што ў адным з баёў ён апынуўся ў фашысцкім палоне. Немцы эшалонам везлі іх праз нашу тэрыторыю ў канцэнтрацыйны лагер, аднак у вагоне знайшліся смельчакі, якія прабілі дах вагона і ўначы выскачылі з яго. Адбылося гэта ўсё ў раёне Бастынь-Люшча. У гэты час на тэрыторыі нашага раёна дзейнічалі некалькі партызанскіх атрадаў. Самым шматлікім і ваяўнічым атрадам быў атрад “Камарова” — мянуша Васіля Захаравіча Каржа, партызанскага генерала, у будучым Героя Савецкага Саюза. На базе гэтага атрада ў хуткім часе была сфарміравана партызанская брыгада імя С.М. Кірава. У яе складзе было тры атрады: “За Радзіму”, “Імя Калініна”, “Імя Сталіна”. Васіль Мікалаевіч і яго сябры сталі партызанамі атрада “Імя Сталіна”. Гірэнка стаў не проста партызанам, а начальнікам медыцынскай службы, аб чым сведчыць яго пасведчанне. У 1943 год — год, калі інтэнсіўна ішла падрыхтоўка да ваеннай аперацыі па вызваленню нашай Беларусі “Баграціён” ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Калі чытаеш успаміны былых партызан, то адчуваеш, што ў той, 1943 год, партызанскі рух на тэрыторыі нашага раёна набыў самы вялікі размах. Ішла “рэйкавая вайна”. Былі вялікія страты ў жывой сіле, патрабавалася шмат медыкаментаў для лячэння раненых. Вось тут і спатрэбілася спецыяльнасць ваеннага доктара Гірэнка. Аперацыі праводзіліся без наркоза, шляхам “выпіцця шклянкі гарэлкі” — са слоў Васіля Мікалаевіча. Становішча з медыкаментамі, перавязачнымі матэрыяламі было катастрафічным. На перавязку ішло ўсё: ільняная тканіна, палатно, кашулі. Вось так гартаваўся вопыт доктара Гірэнка, які вельмі спатрэбіўся ў пасляваенны перыяд.

У ліпені 1944 года партызаны сустрэліся з наступаючымі часцямі Чырвонай Арміі. Гэта былі незабыўныя дні. Многія партызаны былі адразу мабілізаваны і разам з рэгулярнымі войскамі пайшлі на Захад — дабіць “звера ў яго логаве”. Аднак некаторыя партызаны былі астаўлены для аднаўлення разбуранай народнай гаспадаркі. У ліку такіх быў і доктар Гірэнка.

У 1946 годзе працаваў у в. Вялікія Чучавічы. Пазнаёміўся з Верай Фёдараўнай, у якой былі дзве дачкі, Ядзвіга і Марыя, ажаніўся. У 1947г. у іх нарадзіўся сын Васіль, на жаль, які пайшоў ужо з жыцця. З 1947 па 1953 працаваў у вялуцкім ФАПе. З 1953 па 1957 працаваў у Столінскім раёне. Працаваў і ў Лунінцы. Аднак з 1959 года працаваў да канца сваіх дзён у вялуцкім ФАПе.

Вось ужо амаль 30 гадоў, як доктара Гірэнка няма сярод жывых. Гэты кароткі нарыс не можа даць поўнага ўяўлення аб чалавеку, для якога слова “патрэбна” было дэвізам жыцця. Як чалавек, ён быў жыццярадасны, з гумарам. Любіў прыроду, акаляючую в. Велута, яе жыхароў. І сёння жыхары больш сталага ўзросту з вялікай удзячнасцю і павагай успамінаюць доктара Гірэнка. У свой апошні шлях яго праводзілі амаль што ўсе жыхары вёскі. Памяць аб ім захавалася ў тых людзей, якія жывуць яшчэ і сёння.