| ВелутаСветлай памяці нашай дарагой дачкі Марыны прысвячаюАд аўтараУступаючы ў сталыя гады, востра адчуваю шкадаванне аб легкадумнасці маладосці, якая не надавала значэння мець зносіны са сталымі людзьмі, старэйшымі за нас. Яны пайшлі ад нас назаўжды і панеслі з сабою незваротны пласт культуры, звычаяў і абрадаў сваіх бацькоў і сучаснікаў.Не маючы высокай адукацыі, яны праяўлялі, аднак, цудоўную жыццёвую мудрасць і высакароднасць, перадавалі яе ў сваю чаргу тым, хто павінен быў гэтыя якасці перадаць будучым пакаленням, нашчадкам. Усё цячэ, усё змяняецца — так і сам час не стаіць на месцы. 25 год таму назад наша дзяржава насіла назву БССР (Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка), якая ўваходзіла ў склад “вялікага, магутнага” Савецкага Саюза (СССР). Сёння няма СССР, няма БССР. Ёсць самастойная дзяржава, якая завецца Рэспубліка Беларусь. У 1979 годзе да 40-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР мною быў змешчаны ў пяці нумарах раённай газеты “Ленінскі шлях” нарыс “Велута”. Азіраючыся на гэтыя 25 пройдзеных гадоў, па-новаму ацэньваеш гістарычныя падзеі. За гэты час вырасла новае пакаленне, якое выхоўвае ўжо сваіх дзяцей. Моладзь сёння больш адукаваная, упэўненая ў лепшай будучыні нашай дзяржавы, у паляпшэнні дабрабыту кожнай беларускай сям’і, а значыць, што і іх асабістае жыццё стане лепшым. Не прыходзяць сёння дзеці ў школу басанож. У цёмны час сутак школьнікі вучацца у добра асветленых электрычным святлом класах, а не пад тусклае святло керасінавай лямпы, якая стаяла праз 2 парты. Сёння моладзь мае другія праблемы: як бы набыць самы сучасны камп’ютэр або аўтамабіль. Усё гэта — патрабаванні часу. Мінула 60 гадоў з таго дня, калі скончылася самая страшэнная вайна ў гісторыі чалавецтва, у жыцці нашага беларускага народа, тая вайна, у якой загінуў кожны трэці беларус. Насельніцтва нашай дзяржавы яшчэ і сёння не дасягнула даваеннай колькасці. За гэтыя гады былі ўведзены савецкія войскі ў Афганістан і выведзены адтуль. Колькі нявінных маладых жыццяў забрала гэтая бессэнсоўная, нікому не патрэбная вайна, колькі інвалідаў засталося?.. Не стала сёння калгасаў. Але і цяпер яшчэ многія ўспамінаюць пра калгаснае жыццё, пра тое, што амаль у кожнай хаце велуцян у 1968 годзе запалілася электрычная лямпачка, што з тых часоў з’явіліся тэлевізары, пральныя машыны і халадзільнікі ў хатах, што ў 1970-я гады былі пастаўлены першыя газавыя пліты. Многае ўспамінаецца станоўча. Аднак час не стаіць на месцы... Моладзь купляе сёння самую сучасную і дасканалую музычную апаратуру. Ад простых лічыльнікаў і арыфмометраў перайшлі да калькулятараў і складаных ЭВМ. Ужо не навінка сёння ў школе і ў многіх хатах камп’ютэр, які дае магчымасць мець і атрымліваць самую апошнюю інфармацыю. Гэта ўжо не прадмет раскошы, як і асабісты легкавы транспарт. Аб зменах апошніх 10–12 год можна гаварыць без канца. Само наша сённяшняе пакаленне стала больш адукаваным. З’явіліся новыя навучальныя ўстановы. Тэхнічны прагрэс шырокімі крокамі прыйшоў і ў вёску. Сёння для таго, каб працаваць на сучасных сельгасмашынах, трактарах, камбайнах, трэба абавязкова валодаць камп’ютэрнымі навыкамі. Карацей кажучы, сёння кожнаму жыхару вёскі, асабліва працаздольнага ўзросту, патрэбна ісці ў нагу з тэхнічным і навуковым прагрэсам. Аднак, ня гледзячы ні на што, кожны жыхар як горада, так і вёскі павінен ведаць гісторыю, у першую чаргу, сваёй “малой Радзімы” — свае карані, дзе ён нарадзіўся, вырас, атрымаў адукацыю, дзе жылі яго продкі, жывуць яго бацькі і сучаснікі. Чалавек ніколі не павінен забываць аб гэтым. Таму я паспрабую весці з вамі, паважаныя чытачы, размову аб вёсцы Велута, аб яе людзях, якія тут жылі, жывуць і будуць жыць. Я працаваў у Вялуцкай школе ў 1965/66, 1968–1972, 1973–1981 гадах, амаль што 15 гадоў настаўнікам фізічнай культуры і чарчэння, пачатковай ваеннай падрыхтоўкі і нямецкай мовы. Заўсёды ў мяне складваліся добрыя ўзаемаадносіны як з дзецьмі, так і з іх бацькамі, а таксама і з усімі жыхарамі вёскі. Я і сёння не забываю вас, мае паважаныя велуцяне. У добры шлях! |
|