| ВелутаПа стане душыНе так проста адказаць на, здавалася б, не надта складанае пытанне: чаму адзін чалавек абыякавы да зямлі, на якой жыве, да сваіх каранёў, а для другога прырода і гісторыя роднага краю служаць невычэрпнай крыніцай ведаў, пастаянна натхняюць на новыя пошукі, прымушаюць асэнсоўваць нашу сучаснасць і прагназаваць будучыню праз мінулае? Відаць, адказ крыецца ў той няўлоўнай, “нематэрыяльнай” катэгорыі, якую звыкла называем “станам душы”. Лунінецкі раён — не радзіма Івана Аляксеевіча Панасюка. Дзяцінства яго прайшло ў іншых мясцінах, прыйшлося нямала павандраваць па прасторах былога Саюза і потым. Але лунінецкі край, з якім звязана не адно дзесяцігоддзе як педагагічнай (І. А. Панасюку давялося працаваць на разнастайных пасадах у шэрагу навучальных устаноў, пэўны час узначальваць гарадскі аддзел адукацыі), так і творчай біяграфіі гэтага неардынарнага чалавека, стаў менавіта тым асяроддзем, дзякуючы якому найбольш чуйна і яскрава раскрылася яго душа. Лунінеччына стала фактычна другой радзімай, і ёй прысвечаны практычна ўсе працы краязнаўца. А шлях да выдання кніг І. А. Панасюка быў не такім ўжо хуткім і простым. Падсумоўваючай літаратурнай дзейнасці папярэднічалі доўгія гады пошукавай работы разам з вучнямі (аб чым згадвае аўтар на старонках гэтай кнігі), кіраўніцтва школьнымі музеямі і краязнаўчымі гурткамі, пастаянныя вандроўкі з фотаапаратам па родным краі (дарэчы, некалькі фотавыстаў Івана Аляксеевіча карысталіся вялікім поспехам у лунінчан). І вось, нарэшце, аўтар вырашыў падагульніць вынікі сваёй працы. У 2001 годзе ў Лунінцы ўбачыла свет параўнаўча невялікая, але змястоўная брашура “Прырода і ахоўваемыя тэрыторыі Лунінецкага раёна”, праз год ў Мінску сумесна з Л. К. Панасюк выдадзена кніга “Лунінецкі раён: “Чырвоны сшытак”. Прырода і ахоўныя тэрыторыі”. Абодва выданні сталі сапраўдным падручнікам па роднай прыродзе для лунінецкіх школьнікаў. Нельга не назваць і даведачнае выданне аб Лунінеччыне на нямецкай мове, адрасаванае найперш грамадскім арганізацыям і проста жыхарам ФРГ, якія не першы год аказваюць вялікую дапамогу пацярпеламу ад чарнобыльскай навалы Лунінецкаму раёну. Гэтае выданне стала яшчэ адной цаглінкай ў падмурак “народнай дыпламатыі” паміж нашымі краінамі. Чарговая праца І.А. Панасюка прысвечана гісторыі адной са старажытных вёсак Лунінеччыны — Велуты. Аўтар шмат год адпрацаваў у мясцовай школе (і не дзіўна, што артыкул пра школу атрымаўся вельмі грунтоўным), добра зведаў жыццё велуцян, гісторыю іх паселішча. У кнізе скарыстаны таксама шматлікія звесткі аб Велуце з архіўных і літаратурных крыніц, газетныя публікацыі як самога І. А. Панасюка, так і мясцовых журналістаў (прычым аўтар добрасумленна спасылаецца на кожную крыніцу, шчыра дзякуе тым, хто дапамог ў працы над кнігай). На жаль, захавалася не надта шмат звестак аб гісторыі Велуты з глыбокай старажытнасці да канца XIX стагоддзя, але пераважная большасць з іх скарыстана аўтарам. Дастаткова шырока раскрыта і панарама жыцця вёскі з пачатку ХХ стагоддзя да нашых дзён, уплыў на яе грамадскіх узрушэнняў — войнаў і рэвалюцый, гаспадарчых змен — будаўніцтва чыгункі, меліярацыі і калектывізацыі. Цікавасць выклікаюць згаданыя ўжо матэрыялы па гісторыі школы, мясцовага калгаса, нарысы аб фальклоры і дыялектных асаблівасцях Велуты. Безумоўна, выклічуць інтарэс не толькі ў велуцян разнастайныя статыстычныя і даведачныя дадзеныя, змешчаныя ў дадатках. Аўтару гэтай прадмовы як гісторыку і журналісту давялося шмат працаваць разам з лунінецкімі краязнаўцамі, ладзіць штогадовыя раённыя краязнаўчыя чытанні з наступным выданнем зборнікаў дакладаў “Лунінецкія сшыткі”, быць адным з першых чытачоў даследванняў лунінецкіх аматараў даўніны, спрыяць выхаду ў свет шэрагу выданняў. Магу засведчыць: у кожнага даследчыка свой стыль. Шэраг параўнаўча невялікіх па аб’ёме, але вельмі змястоўных публікацый па гісторыі асобных лунінецкіх вёсак надрукаваў Сцяпан Нефідовіч. Васіль Туміловіч нядаўна падагуліў шматгадовую працу па гісторыі роднага мястэчка Кажан-Гарадок (гэтай кнізе папярэднічалі яго ж брашуры па тапаніміцы і фальклоры таго ж населенага пункта). Леў Коласаў — бадай што, найлепшы знаўца гісторыі горада Лунінца, аўтар соцень артыкулаў, а таксама кнігі аб знікнуўшых прафесіях лунінчан. Яўген Хвастоў дастаткова плённа даследваў гісторыю вёскі Чучавічы і мясцовай школы. І пералік гэты можна працягваць... Так што праца І. А. Панасюка з’явілася, зразумела ж, не ў вакууме, гэта частка агульнага творчага працэсу. Але асаблівасцю прац Івана Аляксеевіча можна назваць іх у добрым сэнсе слова публіцыстычную завостранасць. У кожнай сваёй кнізе аўтар вядзе гаворку з чытачамі, не хаваючы асабістых думак і заклікаючы астатніх, найперш моладзь, да “працы розуму і сэрца”. Выхаваць і выклікаць любоў да сваёй радзімы, яе прыроды і гісторыі — такую мэту заўжды ставіць перад сабой І.А. Панасюк. Хочацца верыць, што кожная яго новая кніга дасягае гэтага... Вадзім Жылко, гісторык, навуковы |
|