Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Да чытача

Шаноўны чытач! Калі вам трапіла ў рукі гэтая кніга, то вы, хутчэй за ўсё, маеце нейкае дачыненне да Лунінеччыны — жывяце тут, ці жылі раней, ці тут жывуць вашы родныя і блізкія... Лунінецкі раён, палеская старонка. Край гэты не заўжды быў навідавоку, і нярэдка зняважліва называлі яго "правінцыяй". Стагоддзямі жылі тут людзі цяжкай працай, без якой нічога не існавала б на нашай зямлі. Неаднойчы прыходзіў сюды замежны вораг з мячом і агнём, але не скараліся яму лунінчане. Хапала і ўнутраных сацыяльных катаклізмаў, у віхуры якіх гінулі людзі і калечыліся лёсы. Хапала слёз, жальбы і гора. Але хапала і веры ў лепшае, надзеі на шчаслівую будучыню. Ніхто не здолеў пагасіць агеньчык аптымізму ў душы палешука. Нягледзячы ні на што, людзі выстаялі, вывелі Лунінеччыну на дастойнае месца сярод іншых беларускіх мясцін. А лепшыя з лунінчан вядомы далёка за межамі раёна. Імі па праву ганарыцца дзяржава.

Не забыцца пра тое велічнае і трагічнае, што было ў нашым жыцці, аб тысячах і тысячах землякоў, што загінулі ў полымі войнаў і іншых сацыяльных узрушэнняў, патрасенняў, — такую мэту ставіў перад сабой калектыў стваральнікаў кнігі ў серыі гісторыка-дакументальныя Хронікі Памяці. Дакументы з архіваў, навуковыя даследаванні, кніжныя і газетныя публікацыі, мемуары ўдзельнікаў падзей — без усяго гэтага не было б прапанаванай вашай увазе кнігі. Гісторыкі і краязнаўцы, супрацоўнікі архіваў, музеяў і бібліятэк, журналісты, настаўнікі, супрацоўнікі ваенкаматаў, работнікі органаў улады — кожны ўнёс свой уклад у стварэнне летапісу нашага раёна. Кніга ніколі б не ўбачыла свету без дапамогі з боку грамадскасці. Нізкі паклон усім тым, хто не шкадаваў часу і намаганняў!

Наўрад ці можна ў адной кнізе ахапіць усе бакі жыцця Лунінеччыны на працягу многіх стагоддзяў. Час адкрывае ўсё новыя старонкі. Новыя імёны загшулых паўстаюць з нябыту... Хроніка Памяці Лунінецкага раёна — перад вамі. Галоўнае — каб не згасла памяць у сэрцах.

Лунінецкі раён

Размешчаны на ўсходзе Брэсцкай вобласці. Утвораны 15 студзеня 1940 г. Плошча — 2,7 тыс. км2. Населеных пунктаў 79 (1993 г.), у тым ліку горад Лунінец, рабочы пасёлак Мікашэвічы, пасёлак Палескі, 11 сельсаветаў: Бастынскі, Багданаўскі, Вулькаўскі, Гарадоцкі, Дварэцкі, Дзятлавіцкі, Лахвенскі, Лунінскі, Рэдзігераўскі, Сінкевіцкі, Чучавіцкі і адзін Мікашэвіцкі пасялковы Савет.

Тэрыторыя раёна размешчана ў зоне Беларускага Палесся.

Самае высокае месца сушы над узроўнем Балтыйскага мора 152 м., самае нізкае — 128 м. Карысныя выкапні: граніт, торф, пясок, гліна, сапрапель. Сярэдняя тэмпература студзеня — –3 градусы, ліпеня — +18 градусаў. Ападкаў 640 мм за год. Вегетацыйны перыяд 205 сутак. На тэрыторыі раёна цячэ рака Прыпяць з яе прытокамі Случ з прытокам Валхва, Сітніцкі канал з прытокам, канал Глухая Лань, Лань, Смердзь з прытокам, канал Валчанскі, Цна, канал Лунінецкі, Бобрык. Суднаходны канал Мікашэвічы. Найбольшыя азёры Белае, Чорнае і Вулькаўскае. Вадасховішчы: Велута і Собельскае.

Пад лесам 40 % тэрыторыі раёна, пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі 29 % (13,7 % ворных зямель, 15,3 % сенажацей і пашы). Асноўныя землекарыстальнікі — Лунінецкі лясгас, 19 калгасаў, саўгас, Палеская доследная меліярацыйная станцыя, якія спецыялізуюцца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, пашыраны пасевы збожжавых і бульбы.

Прадпрыемствы харчовай прамысловасці і па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, электрарухавікоў.

Раён размешчаны на скрыжаванні чыгуначных дарог Брэст — Гомель і Львоў — Рыга. Праходзяць аўтамабільныя дарогі Гомель — Брэст, Лунінец — Пінск, Лунінец — Ганцавічы, Мікашэвічы — Салігорск. Ёсць рачны порт Мікашэвічы. Выдаецца раённая газета "Лунінецкія навіны" і незалежная газета "Инфарм-прагулка".



карта


Вокладка

Форзац

Хронікі