Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.

Сельская гаспадарка

Даныя да 1990 г.

Пасля вайны першыя калектыўныя гаспадаркі былі ўтвораны ў 1947 г. У пачатку 50-ых гг. быў узяты курс на ўзбуйненне калгасаў, аб'яднанне дробных у вялікія.

Калгас "Перамога". Створаны з 17 сялянскіх гаспадарак в. Лахва. У 1949 г. у гэтай жа вёсцы быў створаны другі калгас — імя Варашылава. Тады ж арганізавалі і ў в. Обруб калгас "Маладая Гвардыя".

У 1950 г. адбылося аб'яднанне гэгых калгасаў пад назвай "Перамога".

Агульная плошча гаспадаркі складае 6160 га, з іх сельгасугоддзяў — 2348, у тым ліку 1579 ворыва.

Калгас "Шлях Леніна". Утвораны ў красавіку 1947 г. з 20 сялянскіх гаспадарак в. Бастынь. Агульная плошча складае 4757 га, з іх сельгасугоддзяў — 3080, у тым ліку ворыва — 1406.

Калгас імя Леніна. Першая калектыўная гаспадарка "Чырвоны партызан" на тэрыторыі цяперашняга калгаса была створана ў в. Малыя Чучавічы.

Праз пару гадоў калгасы арганізаваліся ў в. Лугі — імя Кагановіча і ў в. Баравікі — імя Малянкова, якія ў 1955 г. аб'ядналіся пад назвай апошняга.

У 1949 г. калгас імя Леніна стварылі ў в. Вялікія Чучавічы. У 1955 г. гаспадарка мела ўсяго 400 га ворыва, пачала асвойваць новыя землі. Брыгадзір Іван Фёдаравіч Гаргун праславіўся на ўсю вобласць тым, што размеркаваў участкі паміж калгаснікамі. Людзі сем'ямі выйшлі на ўборку жыта і ў рэкордна кароткія тэрміны — 4 дні — якасна і без затрат завяршылі яе. Калгаснікі ўпершыню атрымалі на працадзень 10 капеек і 200 г. зерня.

У 1959 г. адбылося аб'яднанне трох гаспадарак у калгас імя Леніна. У 1963 г. пачалося асушэнне балот, электрыфікацыя вёсак. З 1969 г. па 1991 г. калгас быў пераўтвораны ў саўгас. Пачалося вялікае гаспадарчае і жыллёвае будаўніцтва.

Агульная плошча калгаса — 7871 га, з іх сельгасугоддзяў — 4975, у тым ліку ворыва — 3071.

На працягу 1948 г. было створана яшчэ 11 калгасаў.

Аграфірма-калгас "Маяк". На тэрыторыі цяперашняй гаспадаркі былі адноўлены два калгасы, якія ўтварыліся яшчэ ў даваенны час: у в. Цна "Іскра" і в. Дрэбск — "Чырвоны баец". Праз год адбылося іх аб'яднанне ў калгас пад назвай "Чырвоны баец".

У 1954 г. калгас атрымаў машыну ЗІЛ першага выпуску. Вадзіць яе стаў Міхаіл Паўлавіч Каратышэўскі. Ён набыў спецыяльнасць шафёра яшчэ ў арміі і працаваў за рулём да выхаду на пенсію.

З успамінаў былога старшыні гаспадаркі Рыгора Данілавіча Даўгавечнага:

— У Кажан-Гарадку — адной з самых вялікіх вёсак раёна ў снежні 1948 г. былі створаны 2 калгасы: "Новае жыццё" і імя Чкалава.

Няпроста складваўся тут сацыялістычны тып гаспадарання. У 1950 г., калі калгасы аб'ядналіся, скептыкаў хапала: спрыяльных умоў для вядзення калектыўнай гаспадаркі не назіралася. Да таго ж калгасныя плошчы знаходзіліся ўнутры палёў асобнага сектара, былі распаўсюджаны крадзяжы. Вось некаторыя калгаснікі і працавалі нядбайна і няякасна, без веры ў будучае калгаснай вытворчасці. Змены да лепшага адбыліся пасля вераснёўскага (1953 г.) Пленума ЦК КПСС. Была прынята пастанова аб накіраванні 30 тысяч камуністаў з гарадоў на кіруючыя пасады ў калгасы. Вось і ў нас выбралі старшынёю "трыццацітысячніка" Івана Рыгоравіча Канатопава, а я быў зацверджаны аграномам, займаўся вырошчваннем ільну і гародніны. Ужо ў 1955 г. на працадзень, акрамя натуральнай аплаты, выдавалі па 3 рублі, праз пару гадоў — па 5. У 1959 г. калгасы аб'ядналіся ў адну гаспадарку — "Маяк камунізму". У 1990 г. калгас першым у раёне дасягнуў ураджайнасці збожжа ў 50 ц/га.

Агульная плошча гаспадаркі складае 9982 га, з іх сельгасугоддзяў — 4062, у тым ліку ворыва — 2357.

Калгас "Расія". У лютым 1948 г. у в. Язвінкі. быў арганізаваны калгас імя Сталіна. У канцы 1949 г. калгасныя гаспадаркі ўзніклі яшчэ ў некалькіх вёсках: "Рэкорд" у в. Яжаўкі, "Праўда" ў в. Сасноўка, у в. Ракітна быў адноўлены даваенны калгас імя Крупскай. У жніўні 1950 г. адбылося аб'яднанне ўсіх гэтых гаспадарак у адзін калгас імя Сталіна, які ў 1961 г. атрымаў назву "Расія". Эканамічнае становішча гаспадаркі ўзмацнілася з пачаткам правядзення меліярацыі. Менш чым за 10 гадоў было пракладзена 1031 км дрэнажу, пабудавана 20 км дамб, пракапана 184 км каналаў, узведзены 3 помпавыя станцыі.

У канцы лістапада 1948 г. у в. Вічын былі створаны калгасы імя Калініна і "Савецкая Беларусь", а ў в. Дварэц — калгас імя Жданава. Праз год гаспадаркі аб'ядналіся ў калгас імя Жданава. У 1980 г. гэты калгас аб'яднаўся з калгасам "Расія", пакінуўшы ўтворанай гаспадарцы назву апошняга.

Агульная плошча калгаса складае 11665 га, з іх сельгасугоддзяў — 7 190, у тым ліку ворыва — 3 808.

Калгас "40 год Кастрычніка". У 1950 г. адбылося аб'яднанне калгасаў вёсак Сінкевічы ("1 Мая"), Мокрава ("Шлях да камунізму") і Сітніцкі Двор (імя Малянкова) у калгас імя Малянкова. У 1957 г. гаспадарка атрымала назву "40 год Кастрычніка".

З успамінаў былога бухгалтара калгаса Валянціны Мікалаеўны Саўчук:

— Пачатак 50-ых гг. выдаўся вельмі цяжкім для калгаса. Асабліва вялікімі былі страты жывёлы. На працадні выдзялялася крыху жыта. Грошы па выніках года не выплачваліся, на рахунку гаспадаркі не было ні капейкі. Усе сродкі пералічваліся МТС за паслугі транспарту і механізацыю. Сярод брыгадзіраў пераважалі п'яніцы. Усё змянілася, калі гаспадарку ўзначаліў А.І. Таранаў. Ён вылучаўся цвёрдасцю характару, асабліва ў адносінах да кадраў. Пачалося будаўніцтва тыпавога свінарніка, сталі сеяць тэхнічныя культуры, атрымалі пазыкі на набыццё тэхнікі, з'явіліся аўтамашыны. На сваю рызыку старшыня паслаў на Украіну баржу з бульбай, якую прадалі на рынку. Упершыню на рахунку калгаса з'явіліся грошы, якія сталі выплачваць і на працадні. Хутка сталі атрымліваць прыбыткі ад высокіх ураджаяў ільну і канапель, дасягаць высокіх паказчыкаў у жывёлагадоўлі.

Потым пачаліся меліярацыйныя работы, якія значна паспрыялі эканамічнаму ўмацаванню гаспадаркі. Агульная плошча калгаса складае 7931 га, у тым ліку сельгасугоддзяў — 3475, з іх ворыва — 1534.

У 1949 г. былі створаны ці адноўлены яшчэ 10 калгасаў.

Калгас ім. Калініна. На тэрыторыі цяперашняй гаспадаркі былі створаны 4 калгасы: у в. Дзятлавічы — імя Молатава, у в. Бараўцы — "Камсамолец", на ст. Дзятлавічы — "Шлях да камунізму", у в. Купаўцы — імя Фрунзе.

З успамінаў былога старшыні калгаса імя Молатава Васіля Рыгоравіча Канановіча, жыхара в. Дзятлавічы:

— Пакуль краіна залечвала раны, нанесеныя вайной, пытанне аб калектывізацыі не паўставала. Аднак ужо ў канцы 40-ых гг. пайшлі чуткі аб масавым абагульненні маёмасці людзей. Напалоханыя мужыкі, не так даўно перажыўшыя фашысцкую напасць, не ведалі (у літаральным сэнсе), куды хавацца ад новай: беглі ў лес, шукалі патаемныя куточкі ў хатах, пазбягалі сустрэч з прадстаўнікамі ўлады.

На той час я быў старшынёй Дзятлавіцкага сельсавета. Камуніст з 1945 г., меў 4 класы польскай школы, што ў параўнанні з асноўнай масай непісьменных жыхароў лічылася добрай адукацыяй. На мяне і было ўскладзен правядзенне калектывізацыі.

Паклікаў я народ на сход. Сабраліся ўсе. Я слова не паспеў сказаць, як нехта папярэдзіў падзеі, крыкнуў, што пачнуць у калгас запісваць. Разбегліся людзі ў момант, хто куды. Справа ў тым, што па вёсках хадзілі бежанцы з усходніх абласцей і ўвялі народ у непаразуменне: адны на прамілы бог адгаворвалі ад калгасаў, іншыя казалі: згаджайцеся, усё роўна прымусяць. Разгубленыя людзі не ведалі, каму верыць.

Давялося паказаць прыклад самому, ды жонцы — Настассі Гаўрылаўне, якая працавала сакратаром сельсавета. Уступілі ў калгас бацька, потым дзядзька, астатнія родзічы. Хадзілі па хатах — вывалакуць гаспадара за лапці з-пад прыпечка і запішўць. Хто на крадзяжы ці яшчэ на якой правіннасці пападзецца, таксама ў калгасны спіс заносяць — арцель выправіць!

I лёд крануўся. Паступова ўсвядомілі, што іх жаданні палітыку ўрада не зменяць. Вёска параўнальна бедная была, вельмі ж на зямлю нам не пашанцавала, але сем'і хлебам былі забяспечаны. Асабліва, як прыйшоў Васіль Лявонавіч Канапацкі. Добрая ў яго гаспадарка была, малацілку нават меў. Прыціскае каравай да грудзей: "Цяжка хлеб дастаецца цяпер, але ж з голаду не паміраем. А ў калгасе як будзем?" А яму ў адказ: "Дзівак-чалавек, такую вайну вытрымалі, горш ужо не будзе". За ім і іншыя мужыкі ў калгас падаліся.

Дакументы тых часоў, якія захоўваюцца ў калгасе, набылі сапраўдную каштоўнасць. Вось стос заяў, напісаных па падобнаму ўзору, толькі прозвішчы розныя ды колькасць маёмасці мяняюцца. "Прашу залічыць мяне ў калгас сумесна з маёй сям'ёй. Буду чэсна і добрасумленна выконваць статут сельгасарцелі. Абавязваюся абагуліцца: каня, жарабя, плуг, барану, воз, сані, збрую, насенне, згодна са сваёю зямлёю".

У асобнай папцы — пратаколы. I самы першы, датаваны 30 сакавіка 1949 г.: "Пратакол № 1 агульнага сходу грамадзян вёскі Дзятлавічы... выказаўшых жаданне аб'яднацца ў сельскагаспадарчую арцель..."

З успамінаў аднаго з першых калгаснікаў калгаса "Камсамолец" Івана Лукашавіча Шведа, жыхара в. Бараўцы:

— У Бараўцах агітацыю за калгас вялі камсамольцы, адкуль і першапачатковая назва гаспадаркі. I так натхнёна правяла моладзь кампанію, што запісаліся амаль усе жыхары вёскі. Ужо ў жніўні 1949 г. калгасам выйшлі араць.

Шчыра скажу: з пачатку стварэння калгаса працавалі за нішто. Калі б у тыя гады столькі ўвагі ўдзялілі сельскай гаспадарцы, як цяпер, не пасадзілі б краіну на галодны паёк. У пасляваенным часе тояцца прычыны цяперашняга крызісу у эканоміцы. Хто тады лічыў калгасніка чалавекам? Хто лічыўся з яго патрэбамі, інтарэсамі? Цялер спахапіліся: ды час упушчаны.

У 1950 г. адбылося аб'яднанне 4 калгасаў папарна. У 1954 г. абодва калгасы зноў аб'ядналіся пад назвай імя Молатава, якую змянілі на імя Калініна пасля вядомых палітычных падзей 1957 г. Ужо ў канцы 50-ых гадоў на працадзень атрымлівалі па 1,5 кг хлеба, дасягалі прыбыткаў у сотні тысяч рублёў.
З успамінаў першага старшыні аб'яднанага калгаса імя Молатава Браніслава Аляксандравіча Гулевіча:

— Ураджэнец Гомельшчыны, у 30-ыя гг. атрымаў спецыяльнасць ветэрынарнага ўрача. У час вайны змагаўся з ворагам у партызанскім атрадзе "За Радзіму", а пасля вызвалення так і застаўся на Лунінеччыне. Толькі-толькі прынялі кандыдатам у члены ВКП(б), і вось адразу такая адказная прапанова. Нейкі час "апрацоўвалі" райкомаўскія работнікі. Але не так угаворы ці прымус падзейнічалі, як падпарадкаванне ўнутранай самадысцыпліне, я патрэбен — значыць, я павінен. I з 15 верасня 1950 г. узяўся за справу.

Гэта можна назваць цудам: з нічога зрабіць многае! I цуду гэтаму ёсць назва — людзі. Маладыя, энергічныя, усё аддавалі дзяржаве, нічога не пакідаючы сабе.

У першы ж дзень агледзеў гаспадарку і зразумеў: створана яна пакуль толькі на паперы. З усёй калектыўнай маёмасці толькі 7 жарабят ды 3 цяляці. Уздыхнуў, надзеў торбу на плячо і пайшоў збіраць насенне па хатах. Стварылі насенны фонд, абагулілі і коней, размясціўшы іх пакуль у клунях калгаснікаў. Пабудоў жа ніякіх не было, дзяржава ні лесу, ні сродкаў не давала.

Замест угнаенняў попел збіралі па хатах, нават кралі, калі хто на свой участак вынес. I працавалі так, што цяпер нават не ўяўляюць. У час жніва днём убіралі, ноччу касілі. Бераглі літаральна кожнае зярнятка, каласкі ў полі збіралі. I гэта не адзінкі, а ўвесь калектыў. Гультаёў не трымалі. У першы ж год выключылі з калгаса двух членаў за невыхад на працу. Затое і агульны працоўны вынік быў адчувальны. Хоць па 300 г на працадзень атрымлівалі, але ж розных відаў прадукцыі: і грэчку, і проса, і мёд, і бульбу, і г.д.

З кожным годам на рахунку гаспадаркі з'яўлялася ўсё больш грошай. Але ці мелі да іх дачыненне калгаснікі, якія іх зараблялі? Толькі ўскосна. Сродкі накіроўваліся на паляпшэнне калгаснай вытворчасці. Першымі пабудавалі склады. Дарэчы, дагэтуль выкарыстоўваюцца гэтыя памяшканні, што будаваў мясцовы майстар на ўсе рукі Рыгор Андрэевіч Насковіч. Цяпер справу бацькі працягвае сын — Рыгор Рыгоравіч, паўнапраўны гаспадар сталярнай майстэрні. Потым даводзілі да ладу жывёлагадоўчыя пабудовы, адрэгулявалі калгасную пілараму і нават купілі рухавік-паравік для ўласнай электрастанцыі.

Ніколі не адчуваў ніякага прымусу, калі араць і калі сеяць. Канешне, планы даводзілі, але, улічваючы іх, калгас зыходзіў і з мясцовых асаблівасцей. Далі план па 15 ц збожжавых сабраць, а хто перашкаджае па 20 вырасціць ураджай? I так па астатніх галінах. А вось вырошчваць садавіну ды агародніну ніхто нам не планаваў, а мы пасадзілі і сад, і агарод. I птушнік быў, і гусей разводзілі. Карацей кажучы, займаліся ўсім, чым выгадна было.

Праўда, аднойчы ўсё ж "укацілі" мне вымову. Была прынята пастанова ЦК аб выкарыстанні жыта на зялёны корм. А навошта мне было касіць, калі многа бульбы, не маглі нідзе прадаць і ёю кармілі жывёлу? Тлумачэнняў тады не слухалі, пакаралі за невыкананне.

Агульная плошча калгаса — 8672 га, з іх сельгасугоддзяў — 4417, у тым ліку ворыва — 2088.

Калгас "Новае Палессе". На тэрыторыі гаспадаркі былі створаны калгасы ў вёсках Барсукова — імя Дзяржынскага, Перунова — імя Чкалава, Лахаўка — "Сцяг камунізму", Бродкі — "Чырвоная зорка". У в. Любань былі створаны 2 калгасы: імя Панамарэнкі і імя Някрасава.

У 1950 г. калгасы ў вёсках Барсукова і Перунова аб'ядналіся ў адзін імя Дзяржынскага. Астатнія гаспадаркі таксама аб'ядналіся ў калгас "Сцяг камунізму". У верасні 1959 г. усе гэтыя калгасы склалі адну гаспадарку, якая ў 1964 г. атрымала назву "Новае Палессе".

"Новае Палессе" — эканамічна моцная гаспадарка. Мае 5151 га зямлі, у тым ліку 1864 — ворыва. Спецыялізацыя — мяса-малочны напрамак з развітой зерневай гаспадаркай, бульбаводствам і буракаводствам.

Калгас "Рассвет". З 18 сялянскіх гаспадарак в. Бродніца быў арганізаваны калгас імя Кірава. У 1958 г. гаспадарку далучылі да калгаса імя Жданава, а ў 1970-ым — зноў раздзялілі і далучылі да калгаса "Рассвет" у якасці 3-яй брыгады і 2-ой — у в. Галы Бор. Створаны ў в. Вулька 2 калгас спачатку насіў імя Чапаева, з 1965 г. — "Рассвет", у які і ўвайшлі вышэйпералічаныя гаспадаркі.

Агульная плошча калгаса — 8889 га, у тым ліку сельгасугоддзяў — 4272, з іх ворыва — 2434.

Калгас "Зара". Створаны ў вёсках Велута і Навасёлкі.

Агульная плошча калгаса — 6059 га, з іх сельгасугоддзяў — 3475, у тым ліку ворыва — 1687.

Калгас "Лунінскі". У в. Лунін былі створаны 2 калгасы: "30 год БССР" і "За Радзіму". У 1953 г. яны аб'ядналіся ў адну гаспадарку, куды ў 1959 г. далучылі калгас "Чырвоны араты" (вёскі Лобча і Дубаўка). Новая назва аб'яднанай гаспадаркі — "Шлях да камунізму". У 1977 г. гаспадарка раз'ядноўваецца на 2 калгасы імя Фрунзе (вёскі Лобча і Дубаўка) і "Шлях да камунізму" (в. Лунін), куды далучаюць міжкалгаснае прадпрыемства па адкорму буйной рагатай жывёлы, меліяраваны комплекс "Хваецкае". У 1992 г. калгас перайменаваны ў "Лунінскі".

Спецыялізацыя гаспадаркі — мяса-малочны напрамак з развітым раслінаводствам.

У сярэдзіне 80-ых гг. значна палепшылася сацыяльна-культурнае аблічча вёскі. У Луніне пабудавана вытворчая база, узведзены больш за 60 кватэр, амбулаторыя, дзіцячы садок, школа, заасфальтаваны ўсе вуліцы. А спартыўна-тэхнічны комплекс лічыцца лепшым у сельскай мясцовасці рэспублікі.

Агульная плошча калгаса складае 6271 га, у тым ліку сельгасугоддзяў — 3929, з іх ворыва — 2677.

Калгас "Чырвоны Кастрычнік". Пад такой назвай у в. Красная Воля аб'ядналіся 48 сялянскіх гаспадарак. Прыкладна ў гэты час былі створаны калгасы ў в. Засценак — імя Талбухіна, у в. Язвінкі — імя Сталіна, на х. Андрушкова адноўлены калгас "17 Верасня".

З успамінаў старэйшага калгасніка Данілы Данілавіча Раўковіча:

— Навокал раскінуліся балоты. Палі — у 2 — 3 га, а калі ўжо сустракаўся кавалак у 7 га — гэта было занадта добра.

Усе работы коньмі ды быкамі выконвалі. Часткова МТС трактарамі дапамагала. На працадні людзі ніякіх грошай не атрымлівалі. А працавалі — дык залюбуешся. Запрагуць мужыкі плугоў 15 — і зранку ў поле. Тут і жанкі. У абед, падсілкаваўшыся, завядзе хто-небудзь песню, а астатнія падхопяць.

У 1951 г. адбылося аб'яднанне ўсіх калгасаў у адну гаспадарку "Чырвоны Кастрычнік" на чале з Карпам Іосіфавічам Цельпуком. Былы член КПЗБ, партызан, загартаваны ў барацьбе з ворагам, ён здолеў паставіць калгас, як кажуць, "на ногі". З 1962 г. па 1971 г. старшынёй быў Міхаіл Міхайлавіч Гімбатаў, пра яго захавалі вяскоўцы ўдзячную памяць. Разам з вялікай працай па раскарчоўцы, асваенню новых земляў ён не забываўся пра сацыяльны клопат аб людзях: пасля правядзення вялікіх сельскагаспадарчых кампаній, напрыклад пасяўной ці ўборкі, усім калгасам выязджалі ў лес на маёўку, праводзіліся святы працы і песні. А напярэдадні Новага года сам старшыня, пераапрануўшыся ў касцюм Дзеда Мароза, на тройцы ездзіў па хатах і ўручаў падарункі дарослым і дзецям, якія дапамагалі бацькам.

Агульная плошча гаспадаркі складае 5813 га, у тым ліку сельгасугоддзяў — 4305, з іх ворыва — 1787.

Калгас імя Фрунзе. У вёсках Дубаўка і Лобча першы калгас называўся "Чырвоны араты". У 1950-ым яго далучылі да калгаса "30 год БССР" (в. Лунін) у якасці брыгады.

З 1977 г. калгас зноў набыў самастойнасць пад назвай імя Фрунзе.

Спецыялізаваныя гаспадаркі — мяса-малочны напрамак, з развітым зерне- і бульбаводствам, вырошчваннем кармавых культур.

Агульная плошча калгаса складае 5685 га, у тым ліку сельгасугоддзяў — 3826, з іх ворыва — 2677.

Калгас "Сацыялізм". У в. Азярніца быў адноўлены даваенны калгас "Зара". У в. Любачын створаны калгас "Сацыялізм". Пад гэтай назвай у 1950 г. яны аб'ядналіся ў адну гаспадарку.

Агульная плошча калгаса — 7373 га, з іх сельгасугоддзяў — 3631, у тым ліку ворыва — 1974.

Калгас "Авангард". Бліжэйшая да горада гаспадарка раёна. У апошнія гады частка зямель перадаецца лунінчанам для садова-агародных участкаў.

На тэрыторыі Ленінскага раёна калектывізацыя пачалася крыху раней, а пасля яго ліквідацыі ў 1959 г. на Лунінеччыне на 3 калгасы стала больш.

Калгас "Гігант". У сувязі з адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі змяненнямі толькі з 1962 г. знаходзіцца ў складзе раёна. Найбольш аддаленая гаспадарка.

Калгас "Дружба". У сакавіку 1945 г. у п. Мікашэвічы быў арганізаваны калгас імя Сталіна, куды ўвайшлі вёскі Вільча, Моршчынавічы, Пясчанікі. У 1951 г. да яго далучыўся калгас "Сцяг Перамогі" (в. Запроссе), а ў 1960 г. — калгас "Перамога", створаны ў в. Сітніца і на х. Града ў 1949 г. Аб'яднаная гаспадарка атрымала назву "Дружба".

Спецыялізацыя гаспадаркі — мяса-малочная.

Агульная плошча калгаса — 7449 га, з іх сельгасугоддзяў — 2090, у тым ліку ворыва — 1084.

Калгас "Запаветы Ільіча". У 1945 г. гаспадарка з такой назвай арганізавана ў в. Рэдзігерава. Жыхары размешчанага побач х. Крукін адмовіліся ад калектывізацыі. Насялялі яго вельмі зажытачныя гаспадары. Мяркуючы па мянушцы "Алтайскі край", яны з'яўляліся выхадцамі з далёкага кутка Расіі.

У 1949 г. былі створаны калгасы ў в. Чэрабасава — "Чырвоны партызан", у в. Флярова — імя Суворава, у в. Манасеева — "За Радзіму". У 1953 г. адбылося аб'яднанне гэтых гаспадарак пад назвай "Запаветы Ільіча".

Агульная плошча гаспадаркі складае 5983 га, з іх сельгасугоддзяў 4619, у тым ліку ворыва — 2830.

У раёне існавала свая цаліна — праводзілася расчыстка зямель ад хмызняку на сотнях га, сіламі калгаснікаў праводзілася асушэнне асобных участкаў. Гэта дало магчымасць у 1950 — 54 гг. павялічыць плошчу ворных земляў на чвэрць. У 1954 г. упершыню на сілас 130 га былі засеяны кукурузай і 24 — сланечнікам. Увогуле ў 1953 — 54 гг. плошча зямель пад тэхніч'ныя культуры узрасла на 11 працэнтаў, пад агародніну — на 83. У 1953 г. калгасы атрымалі ад рэалізацыі льнопрадукцыі 10,5 млн. руб., а ў наступным — 27 млн. руб. На палі больш стала закладвацца торфу, гною і мінугнаенняў.

За 1950 — 54 гг. пагалоўе буйной рагатай жывёлы павялічылася ў 2,7 раза (у тым ліку кароў — у 3,4, свіней — у 7, авечак — у 6 разоў). Колькасць птушкі на фермах узрасла ў 5 разоў. Інкубатарная станцыя ў в. Кажан-Гарадок забяспечвала маладняком некалькі раёнаў. Падвоіліся надоі малака.

Створаная ў 1955 г. Лунінецкая машынна-меліярацыйная станцыя (цяпер перасоўная механізаваная калона № 59 (ПМК-59) за 4 гады асушыла ў некалькіх раёнах каля 6000 га (у Лунінецкім — 1190 га). У 1959 г. яна мела 13 экскаватараў, 5 бульдозераў, трактары, аўтамашыны, скрэперы і канавакапальнікі. У 1960 г. машынна-меліярацыйная і рамонтна-тэхнічная станцыі аб'ядналіся ў рамонтна-тэхнічную меліярацыйную станцыю (РМТС).

У 1957 г. лунінецкія меліяратары пачалі буйныя работы пад райцэнтрам. Нічога дзіўнага ў гэтым не было — вакол хапала вады і балот, у 1958 г. паводка дасягнула будынка міліцыі ў горадзе. Было пракладзена 21,2 км Дрэнажу, у тым ліку нават па агародах і дварах, 9 км адкрытай сеткі каналаў.

У раёне ў 1955 г. налічвалася ўсяго 20 тысяч га ворыва, прычым невялічкімі кавалкамі ад 0,5 да 7 — 8 га. Іх акружалі лес, хмызнякі, балаты. Вяліся работы па асушэнню ў калгасах "Перамога","Маяк камунізму". У 1958 г. была пачата распрацоўка Чэрабасаўскай сістэмы, праводзіліся даследаванні ў Грычыне, на Валчанскай сістэме.

Ужо першыя гады меліярацыі прынеслі вялікую карысць сельскай гаспадарцы раёна.

Калі ў 1953 г. ураджайнасць збожжавых была ўсяго 5,4 ц/га, абульбы — каля 40, то ў 1958 г. яна складала адпаведна 7,7 і 57 ц/га. Аднак план па ўраджайнасці збожжавых не быў выкананы. За тыя ж гады ў 5 разоў узрасла вытворчасць мяса (свініны — у 4), але ўсё ж жывёлагадоўля (асабліва птушкагадоўля) вельмі адставалі. Значную долю прыбыткаў калгасы мелі закошт ільну і канапель. За 1956 г. пасевы гэтых культур узраслі на 227 га (збожжа — на 219, бульбы — на 38), а здача льнасемя склала 400 працэнтаў ад плана. У 1953 г. даходы калгасаў складалі ўсяго 3 млн. руб., а ў 1958 г. — 24,5 млн. Адпаведна мянялася вага працадня. Калі ў 1954 г. не было яшчэ ніводнага калгаса-мільянера, то ў 1959 г. імі сталі амаль усе гаспадаркі, а калгасы імя Сталіна, "Маяк камунізму" і "Перамога" атрымалі даходы звыш 2 млн. руб. У 1957 г. былі ўстаноўлены пенсіі для калгаснікаў (з 65 гадоў для мужчын, з 60 — для жанчын). Мянялася аблічча вёсак, за 1956 г. калгасы пабудавалі 55 новых памяшканкяў (у тым ліку 19 тыпавых — для жывёлагадоўлі). Да 1953 г. калгасы не мелі сваіх электрастанцый, а ў 1958 г. былі электрыфікаваны 13 калгасаў. Аўтапарк гаспадарак узрос з 9 машын у 1953 г. да 58 у 1956 г. За 1957 г. на сяле былі пабудаваны 150 жылых дамоў, 20 жывёлагадоўчых, 40 гаспадарчых пабудоў, 2 — культурна-бытавога прызначэння. Па гэтаму паказчыку раён быў прызнаны другім у вобласці.

У другой палове 50-ых пачалася ліквідацыя хутарскіх гаспадарак. Напрыклад, за 1957 г. у в. Лахву былі сселены з хутароў 22 сям'і. У вёсках з'яўляліся новыя вуліцы, дзе сяліліся былыя хутаране. Рост будаўніцтва выклікаў большую неабходнасць у будматэрыялах. Сваю цэглу пачалі вырабляць некалькі калгасаў, у тым ліку "30 год БССР". У 1960 г. каля в. Азярніца быў пабудаваны цагельны завод міжкалгасбуду. Нават аддаленыя вёскі набывалі новае аблічча. Не перабольшваючы тыя змены, трэба адзначыць, што людзі ў калгасах сталі жыць заможней.

Была ліквідавана Лунінецкая МТС, а замест яе створана рамонтна-тэхнічная станцыя. Калгасы мелі ў гэты час 20 грузавых і 4 легкавыя аўтамашыны, 5 электрастанцый, 5 рухавікоў і лакамабіляў. Цяпер яны атрымалі магчымасць паступова выкупіць ва ўласнасць у РТС і сельскагаспадарчыя машыны, стварыць свае трактарныя і іншыя механізаваныя брыгады. У выніку калгасы атрымалі, трактароў, камбайнаў, малатарань на 2,8 млн. руб. РТС забяспечвала гаспадаркі гаруча-змазачнымі матэрыяламі і запчасткамі. Для РТС будаўнічым участкам УНР-35 будтрэста № 8 была ўзведзена новая сядзіба каля Лунінца, куды станцыя і пераехалаў 1961 г.

За 1954 — 58 гг. вытворчасць малака ў раёне ўзраслаў 4,3 раза, мяса — у 4,5, даходы калгасаў павялічыліся ў 7,2 раза. Прагрэс быў несумненны. Але праходзілі ўсё ж ва ўмовах, калі гадавы план вытворчасці мяса і малака не быў выкананы. Надоі на фуражную карову склалі толькі 1170 кг. Значная частка даходаў калгасаў была атрымана за кошт тэхнічных культур, а не вытворчасці харчавання. Абвешчаная праграма будаўніцтва камунізму прадугледжвала велічныя крокі наперад. Як вядома, два апошнія гады 6-ай пяцігодкі (1956 — 1960) былі аб'яднаны з наступнай у сямігодку. Актыўна прапагандаваўся так званы "разанскі вопыт" (Разанская вобласць абяцала за 1959 г. павялічыць вытворчасць мяса ў 3,8 раза, што, як пазней выявілася, было ашуканствам). Укаранялася "каралева палёў". У 1959 г. ураджай кукурузы склаў па 600 ц зялёнай масы з пачаткамі з га, а пасяўныя плошчы — 1400 га. Між тым у некаторых галінах сельскай гаспадаркі адбываўся нават рух назад. У 1958 — 59 гг. пагалоўе авечак зменшылася з 6561 да 5338, скарацілася вытворчасць воўны.

Сельская гаспадарка ўсёй краіны (у тым ліку Лунінеччыны) развівалася са складанасцямі. I ўсё ж крок за крокам павялічвалася вытворчасць прадукцыі.

Райаграпрамтэхніка. У сярэдзіне 1961 г. на базе РТМС было створана Лунінецкае аддзяленне аб'яднання "Сельгастэхніка", якое мела і гандлёвую базу. Меліярацыя была перададзена будаўніча-мантажнаму ўпраўленню (БМУ).

Сельская гаспадарка па-ранейшаму заставалася асновай эканомікі раёна. У раслінаводстве пашырыліся пасяўныя плошчы кукурузы (у 1961 г. яны склалі 3300 га), укараняліся цукровыя буракі (у 1962 г. пад гэтую культуру было аддадзена 250 га). У 1961 г. у раёне ўпершыню быў выяўлены "каларадскі жук". Напачатку 1962 г. у раёне вёсак Вулькі 1 і Лунін шкоднікамі былі заражаны ўжо 2000 га. Калгасы пачалі заключаць дамоўленасці з Мінскім аэрапортам на апрацоўку палёў з самалётаў.

У красавіку 1962 г. у выніку адной са шматлікіх рэарганізацый было створана Лунінецкае тэрытарыяльнае вытворчае калгаснае ўпраўленне, у якое апрача Лунінецкага ўвайшоў і Столінскі раён, 46 калгасаў якога мелі 163483 га зямельных угоддзяў (у тым ліку 56828 га ворыва), 70427 галоў буйной рагатай жывёлы (з іх 21407 кароў), 31796 свіней, 25500 птушак. Аднак у далейшым пагалоўе жывёлы скарацілася. У 1963 г. планы вытворчасці і дзяржзакупак мяса і малака выкананы не былі.

У лютым 1963 г. пачаліся меліярацыйныя работы ў Грычынскіх балотах. У мясцовых калгасах ("Шлях Леніна", імя Леніна, імя Калініна, імя Жданава, "Сацыялізм") было ўсяго па 0,9 га ворнай зямлі на працаздольнага. Нізоўе сістэмы знаходзілася каля Любачына, адкуль было пачата будаўніцтва 45-кіламетровага галоўнага канала. Планавалася пракапаць 1017 км асушальных каналаў, выняць 5342 кубаметры грунту, узвесці 14 жалезабетонных мастоў, 19 шлюзаў, 88 труб, пабудаваць 45 пешаходных мосцікаў і 43 км дарог. БМУ планавалі асушыць 22173 га, з якіх 15000 перадаць пад ворыва, павялічыўшы яго плошчу ў 1,5 раза — да 30 тыс. га. У 1963 г. БМУ перадало калгасам 2911 га (пры плане 2840), у наступным каля 7300. Усяго за 1954 — 64 гг. у калгасах пасяўныя плошчы ўзраслі на 10 тыс. га. Раней тэрміну была здадзена Чэрабасаўская сістэма (17000 га). Аб асваенні Грычынскіх балот знялі дакументальны фільм.

Інтэнсіўнае асушэнне ў Лунінецкім раёне вялося з 1960 да 1966 гг. Меліярацыя ахапіла 19682 га (з іх 14200 ворыва, 3530 сенажацей і 1940 пашы). За гады 8-ай пяцігодкі (1966 — 1970) асушана 23 тыс. га.

У другой палове 60-ых гг. у раёне існавалі 18 калгасаў, саўгас, Палеская доследная балотная станцыя. За 1967 г. пасяўныя плошчы павялічыліся на 4677 га і склалі 37661 га. Штогод уносілася каля 170 — 180 тыс. арганічных угнаенняў. Значна ўзраслі ўраджаі бульбы, цукровых буракоў, кармавых караняплодаў. Надой на фуражную карову з 1845 кг праз год вырас да 2087 кг. Матэрыяльная база калгасаў уключала 468 трактароў, 246 аўтамашын, 173 збожжаўборачныя камбайны. На сяле ў 1968 г. працавалі 1039 механізатараў, 185 спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

Калі ў 1954 г. валавая вытворчасць збожжа і іншых культур складала 8406 т, то ў 1968 г. — 31453, вытворчасць бульбы павялічылася з 28057 да 62380 т. У 1946 г. было 12000 галоў буйной рагатай жывёлы (8353 каровы), а ў 1968 — 55494 (25287 кароў). У 1967 г. атрымалі 19087 т малака (у 1958 — 6465 т), 2851 т мяса (у 1958 — 1393 т), 1,5 мільёна яек (у 1958 — 82 тысячы).

За гады 8-ай пяцігодкі вытворчасць збожжа і бульбы ўзрасла ўдвая, цукровых буракоў — у 2,7 раза. Калгасы атрымалі трактароў удвая больш, чым за папярэднія 5 гадоў; камбайнаў — утрая, і ў 1970 г. мелі 561 трактар, 222 збожжаўборачныя камбайны, каля 300 аўтамашын. За 1970 г. былі комплексна механізаваны 11 памяшканняў для буйной рагатай жывёлы (за папярэднія гады — 8). Калі ў 1965 г. калгасы прадалі дзяржаве 10 000 т буракоў і 6300 т бульбы, то ў 1970 г. — па 20 000 і 7900 т адпаведна. У паляводстве перадавыя пазіцыі займалі калгасы "Новае Палессе", "Маяк камунізму", у жывёлагадоўлі — "Чырвоны Кастрычнік". У пачатку 70-ых рабочыя БМУ працавалі на аб'ектах у Хваецкім, Бастыні, Багданаўцы. У 1972 г. упраўленне адзначылі юбілейнай ганаровай граматай ЦК КПБ, Прэзідыума ВС БССР, СМ БССР і Белсаўпрофа. У той год пачалося асушэнне Ракітнянскай сістэмы (6500 га), спрамленне ракі Лань. За 1973 г. здалі 1265 га меліяраваных земляў, за 1974-ы — 1727 га.

У першай палове 70-ых былі створаны новыя сельскагаспадарчыя аб'екты.

Калгас-камбінат "Крыніца". Спачатку называўся Кажан-Гарадоцкай міжкалгаснай цяпліцай. Галоўны напрамак — вырошчванне гародніны.

Свінагадоўчы комплекс калгаса "Расія". Пабудаваныя яшчэ ў пачатку 70-ых гг. 6 памяшканняў выкарыстоўвалі для рознай жывёлы. Потым вырашылі спыніцца на свінагадоўлі. У 1979 г. здалі 120 т. мяса, страты склалі 150 тыс. руб. Але ўжо праз год вытворчасць прадукцыі ўзрасла да 600 т, атрымалі прыбытак у 150 тыс. руб. З 1980 г. па 1990 г. калектыў штогод з'яўляўся пераможцам Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва, пастаянным удзельнікам ВДНГ СССР, многія працаўнікі атрымалі дыпломы і імянныя падарункі. Начальнік комплексу У.І. Урбан, адзіны чалавек у раёне, хто быў удастоены звання "Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР". (гл. нарыс "Дзяржава Урбана").

На пачатак 90-ых гг. комплекс не згубіў стабільнасці: пагалоўе складае 13,5 — 14 тыс. свіней, вытворчасць і рэалізацыя прадукцыі — каля 2400 т мяса, штогодняе атрыманне парсюкоў — 24 — 26 тыс. Прадуктыўнасць матачнага пагалоўя складае не менш 2 апаросаў на свінаматку і 10 парсюкоў на адзін апарос. Прывагі маладняку дасягаюць 500 г. на адкорме — ад 650 да 700. Рэнтабельнасць перавышае 100%. Затраты кармоў трымаюцца на ўзроўні пяць кармавых адзінак на 1 кг мяса.

У 9-ай пяцігодцы (1971 — 1975) узрасла ўраджайнасць: па збожжавых яна ў 1972 г. склала 19,5 ц/га, бульбы — 120, цукровых буракоў — 208, а ў 1974 г. адпаведна — 22,7, 140 і 226 ц/га. У 1975 г. збожжа атрымалі па 28 ц/га, а 2 брыгады калгаса "Новае Палессе" — па 41 ц/га. У тым жа годзе калгасы прадалі дзяржаве 26887 т. малака.

За 1970 — 71 гг. было наладжана аўтапаенне для 7000 галоў жывёлы, механічная раздача кармоў для 24000 і механічнае даенне 3500 кароў (што складала 32 працэнты ўсяго дойнага статка). Толькі за 1973 г. калгасы набылі 85 трактароў, 22 збожжаўборачныя камбайны, 199 аўтамашын. У 1975 г. яны мелі ўжо 700 трактароў, 259 камбайнаў, 320 аўтамашын, у гаспадарках працавалі 1235 трактарыстаў, 430 шафёраў, 518 спецыялістаў.

Побач з асноўнымі галінамі сельскай гаспадаркі існавалі і дапаможныя. У 1974 г. раён у шосты раз выйшаў пераможцам у рэспубліканскім сацыялістычным спаборніцтве па пчалярству. Традыцыйнымі сталі выставы-продажы нутрый і трусоў.

Пасяўныя плошчы за 1960 — 77 гг. павялічыліся з 25616 га да 441286, а ўраджайнасць збожжа — з 9,1 ц/га да 28,3. У 1977 г. дзяржаве было прададзена 9460 т. мяса (утрая больш, чым у 1960 г.). Цяпліцы ў Кажан-Гарадку за 1978 г. вырасцілі 3700 т гародніны.

БМУ у 1976 — 77 гг. перадало калгасам 5819 га, большасць з якіх была асушана закрытым дрэнажом. У 1977 г. дзейнічалі 29 дажджавальных установак, якія ахоплівалі 1886 га. У 1978 г. агульная плошча меліяраваных зямель склала ў раёне 60 тыс. га, якія давалі да 75 працэнтаў валавой вытворчасці збожжа. Праводзіліся культурна-тэхнічныя мерапрыемствы на ўжо асушаных землях, вапнаванне глебы. У 11-ай пяцігодцы (1981 — 1985) быў здадзены саўгасу імя Леніна аб'ект "Лясное" (729 га), працягваліся меліярацыйныя работы на іншых аб'ектах. Даводзілася займацца рамонтам створанай у 60-ыя гг. сеткі падводзячых і рэгулюючых каналаў.

Саўгас "Міжлескі". Створаны ў 1984 г. пад назвай "XXV з'езд КПСС" на асушаных землях Андрушкоўскіх хутароў, якія ў 1981 г. былі перайменаваны ў в. Міжлессе. Цяперашнюю назву атрымаў у 1991 г. Агульная плошча гаспадаркі — 6807 га, у тым ліку сельгасугоддзяў — 5648, з іх ворыва — 2288.

У 1985 г. сярэднераённая ўраджайнасць збожжавых склала 26,9 ц/га: У ПДМС — 45,1, у калгасе "Новае Палессе" — 32,3; бульбы — 227 ц/га, у калгасе "Шлях да камунізму" — 514, у "Маяку камунізму" — 337, цукровых буракоў — 286 ц/га (у калгасе імя Фрунзе — 380). Валавы збор зерня склаў 56212 ц, бульбы — 76664 ц, цукровых буракоў — 50999 ц.

Пагалоўе буйной рагатай жывёлы вырасла да 59636. Вытворчасць малака дасягнула 44430 т. сярэдні надой на адну карову — 2624 кг (у калгасе "Расія" — 3142 кг), вытворчасць мяса — 11316 т.

Грашовыя прыбыткі ў многіх калгасах складалі мільёны рублёу (калгас "Расія" — 10950 тыс. руб.). Калгасы "Маяк камунізму" (прыбытак 5874 тыс. руб.) і "Шлях да камунізму" (прыбытак 1376 тыс. руб.) першымі з гаспадарак на гэты год разлічыліся з доўгатэрміновымі пазыкамі Дзяржбанку і больш іх не мелі.

Эксперыментальная база Палескай доследна-меліярацыйнай станцыі. 15.09.1945 г. выйшла пастанова Саўнаркома СССР аб арганізацыі Палескай доследнай меліярацыйнай станцыі і перадачы ёй сядзібы з усімі ўгоддзямі і пабудовамі былога маёнтка Крэстунова. Фактычна ж работа станцыі пачалася праз 2 гады, калі пад базу ПДМС адвялі 70 га зямлі, выдзелілі аўтамашыну, 4 кані і 4 каровы. Гэта гаспадарка стала называцца дапаможна-эксперыментальнай.

Агульная плошча эксперыментальнай базы ПДМС складае 5258 га, з іх 2900 — сельгасугоддзяў, у тым ліку 1454 — ворыва. Асноўны напрамак дзейнасці — вытворчасць элітнага насення траў і бульбы (для дасягнення гэтай мэты ў 70-ыя гг. быў пабудаваны завод па ачыстцы насення), дапаможны — вытворчасць малака і мяса.

У першыя гады існавання гаспадарка яшчэ мела страты, але з сярэдзіны 60-ых пачалося выроўніванне, а апошнія 2 дзесяцігоддзі прыносіць прыбытак у 1,5 мільёна рублёў. Усе галіны рэнтабельныя.

У 60-ыя гг. з пачаткам шырокага меліяравання ў ПДМС разгарнулася асноўная навукова-вытворчая дзейнасць. Менавіта тады быў закладзены стацыянар севазвароту на дробназалежных тарфяніках, адкрыта лабараторыя сельскагаспадарчага выкарыстання меліяраваных глеб. У яе задачы ўваходзіць дабіцца з найменшымі стратамі знікнення тарфянікаў, якія пасля ўсеагульнай меліярацыі паступова гінуць. Утварылася зусім новая глеба з іншымі фізічнымі ўласцівасцямі. Каб не страціць, а нават павялічыць яе ўраджайнасць, на так званых тарфяніках вырошчваюць культуры, якія пакідаюць арганічныя рэшткі — шматгадовыя травы. Новая глеба па фізічных якасцях бліжэй да мінеральнай, насычанай азотам. Таму ўносяць фосфар і калій, змянілі таксама ўмовы воднага рэжыму: за кошт грунтовых вод глеба атрымлівае ўдвая менш вільгаці. У выніку за 12 год сярэдні ўраджай ячменю павялічыўся на 10 ц, бульбы — на 5 ц, кукурузы — на 100 ц.

У пачатку 60-ых гг. была створана лабараторыя меліярацыі. Гаспадарцы станцыі перадалі першыя 600 га асушаных зямель у пойме ракі Бобрык. Адначасова з будаўніцтвам вяліся шырокія навукова-тэхнічныя работы па прымяненню ганчарнага дрэнажу адкрытай сеткі, рэгуляванню водапрыёмнікаў, сельскагаспадарчаму асваенню меліяраваных плошчаў. Другі этап у развіцці станцыі пачаўся ў 70-ых гг. з увядзення другой чаргі асушаных зямель у 1600 га. Паралельна праводзілася якаснае ўдасканаленне меліярацыйных сістэм.

Упершынюў краіне быў пабудаваны доследна-вытворчы ўчастак вертыкальнага дрэнажу, упраўленне якім вялося з дыспетчарскага пункта. Меліярацыйная сістэма ПДМС стала асушальна-ўвільгатняльнай, а водаразмеркаванне было таксама аўтаматызавана. На трэцім этапе меліярацыі, які пачаўся ў сярэдзіне 80-ых гг., асушана 700 га зямель вертыкальным дрэнажом, астатнія 160 га зямельнага фонду ПДМС захаваны ў якасці гідролага-ландшафтнага заказніка.

Сёння лабараторыя распрацоўвае і ўкараняе метады рэгулявання воднага рэжыму меліяраваных зямель, праектуе і ажыццяўляе тэхнічны кантроль за будаўніцтвам асушальных сістэм, распрацоўвае мерапрыемствы па барацьбе з вымачкамі на дробназалежных тарфяніках з развітым мікрарэльефам, на радыяцыйна забруджаных меліярацыйных сістэмах вывучае міграцыю радыенуклідаў у паверхневых і грунтовых сцёках.

Асноўнымі напрамкамі даследаванняў лабараторыі тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур з'яўляюцца комплексныя эколага-абарончыя і рэсурсазберагаючыя тэхналогіі, выкарыстанне бяспечных сродкаў абароны раслін, павышэнне прадуктыўнасці меліяраваных глеб, якасці кармоў.

У тэхналогіі апрацоўкі насення хімічныя пратручвальнікі замянілі прымяненнем экалагічна чыстага прэпарата "Рызаплан" сумесна з фітарэгулятарамі і мікраэлементамі, што без дадатковых затрат павялічыла ўраджайнасць збожжа на 5 — 7 працэнтаў. Да таго ж забяспечана ахова здароўя людзей у зоне, дзе таксічнасць узмоцнена радыяцыяй. Вядуцца доследы з вырошчваннем бабовых культур: казлятніка ўсходняга і амаранту, якія ўтрымліваюць шмат пратэіну і могуць забяспечыць збалансаванасць кармоў для жывёлагадоўлі. Укараненне гэтых культур дазволіць атрымліваць сто і больш кармавых адзінак з га.

У лабараторыі комплекснага рэгулявання фактараў ураджаю навукоўцы займаюцца вывучэннем уплыву аграмеліярацыйных мерапрыемстваў на паступленне радыенуклідаў у глебу, грунтавыя воды, расліны, вядуць назіранні за "паводзінамі" радыенуклідаў у тарфяніках. Набылі абсталяванне і стварылі радыеметрычную лабараторыю. Займаючыся навукай — вывучэннем уздзеяння радыяцыі на глыбінныя працэсы, не адмаўляюць у праверцы прадуктаў харчавання насельніцтву.

На верх старонкі




Агульны від пасекі калгаса "Новае Палессе". 1970 г.


Ворыва глебы пад азімыя ва ўрочышчы "Грычын" у калгасе "Новае Палессе". 1971 г.


Міжкалгасны комплекс па адкорму буйной рагатай жывёлы "Хваецкае". 1978 г.


Жылыя дамы ў калгасе "Чырвоны Кастрычнік". 1985 г.


Раскарчоўка кустоўя на Валчанскім балоце


Абмалот ільну ў калгасе "Маяк Камунізму". 1967 г.