Захарчук


Мемарыяльная дошка М. І. Захарчуку ў в. Чэрабасава

Памяць
Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна

Ад часоў першабытных — 1917. | 1917 — 1941. | 1941 — 1945. | 1945 — да нашых дзён.
Захарчук Мікалай Іванавіч. Нарадзіўся 14 снежня 1962 г. Загінуў 13 кастрычніка 1981 г.
Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (пасмяротна).
Пахаваны ў роднай вёсцы Чэрабасава.

Ведаеце, якім ён хлопцам быў!

Успамінае аднакласніца Наталля Ваўрук.

Так цяжка пачаць... Усяго трынаццаць вучняў было ў нашым класе, засталося — адзінаццаць.

А з Колем і жылі па-суседску, і ў школу пайшлі разам. Пачыналі вучыцца ў нашай вясковай васьмігодцы. Першая настаўніца Людміла Іпалітаўна Бабіч часта ўспамінае: такі спакойны хлапчук быў, такі ўважлівы.

А я памятаю Колю вельмі вясёлым. У яго і мянушка была — Нікулін. Не за тое, што быў падобны на вядомага коміка, а таму, што заўсёды смяшыў нас. Дзе ў кампаніі выбухі рогату — там Коля. Зразумела, на перапынках. На ўроках яго сапраўды не заўважыш — пэўна, асэнсоўваў дысцыпліну. Я нават не ўспомню, за якой партай ён сядзеў.

Праўда, у вучобе ён быў, як кажуць, моцным серадняком. Звычайна "ціхія троечнікі" ўпаўне задаволены сваім становішчам. Але не Коля. Калі ён адчуваў, што можа ведаць прадмет на "добра", займаўся дадаткова. Нават да настаўнікаў дадому хадзіў, каб дапамаглі яму.

I што здзіўляла — яго працавітасць. Каго з нас можна было ў той час назваць гультаямі! Толькі на ўроках і адпачывалі, бо дома, як вавёркі ў коле, завіхаліся па гаспадарцы. Коля ўражваў уменнем працаваць. Наш "немец" — выкладчык нямецкай мовы Мікалай Рыгоравіч Свібовіч — да гэтага часу не забывае, як прыгожа Коля касіў — не кожны дарослы мог зрабіць такі шырокі, дакладны размах касою. А вучань ганарыста заяўляў, што гэтаму яго навучыў бацька.

Так, у яго цудоўная сям'я. Коля быў старэйшым сынам. Можна сказаць, што яшчэ чатырох— дзвюх сястрычак і двух братоў — ён выхоўваў сам. Маці на работу — Коля за ўсімі глядзіць. Хіба пройдзе такі клопат непрыкметна! Малодшы, Алёша, тады зусім дзіцём быў, а памятае брата. Вольга Аркадзьеўна Ярашэвіч — настаўніца, якая раней і нас вучыла, — нядаўна расказвала ў чацвёртым класе пра воінаў-інтэрнацыяналістаў, глядзіць: а ў Алёшкі слёзы цякуць. А ўжо што ён на пахаванні выплакаў...

Маці ён ва ўсім дапамагаў. Дзялянкі буракоў і тады былі — палоў, збіраў. А са мною кароў заўсёды пасвіў. Цікава ўдваіх — час пралятаў імгненна. I тут жа жарты, песні. Так, песні — гэта яго другое "я". Наогул, у іх уся сям'я пявучая. Праўда, цяпер маці не спявае, толькі дзеці...

У нас у класе чатыры дзяўчыны былі, астатнія — хлопцы. Калі пайшлі ў дзевяты клас у Рэдзігераўскую школу, Коля ўсе нашы партфелі забіраў на свой веласіпед. Едзе і спявае.

Дзіўна, такі вясёлы, кампанейскі, а вось на прычыны, як у нас кажуць,— вяселлі, провады ці проста гулянкі — не любіў хадзіць. Можа, саромеўся. Чула, як хтосьці гаварыў: "Коля такі таварыскі быў, так кідаўся ўсім на дапамогу, так стараўся ўсё прыгожа рабіць, быццам адчуваў, што нядоўга яму гэтым жыццём адпушчана". Я так не думаю. У яго нават дзяўчыны да арміі не было, значыць, спадзяваўся вярнуцца...

Пра яго гібель я даведалася ў вучылішчы. Прараўла ўвесь дзень... Кажуць, што на пахаванні быццам апошні падарунак яму зрабіла прырода — сапраўды дзень залатой восені. Былі аддадзены воінскія ўшанаванні, уся вёска прыйшла на могілкі. Маці закамянелая яшчэ пасля атрымання пахаванкі"... I ледзь не ўпершыню за столькі год заплакала толькі цяпер, калі праводзілі ў армію наступнага сына — Сярожу.

Я баюся наведваць магілу — там на фотаздымку Коля такі юны, быццам толькі ўчора мы разам рашалі задачкі... Часта бачу яго ў сне, таму і не хочацца сустракацца з былымі аднакласнікамі: кожны аб ім, Колю, напамінае...